26 Фев Зламаны крыж на Магілёўскай шашы і генплан Оршы
“Нейкія вар’яты зламалі крыж у Харкаўскім лесе, на месцы масавых забойстваў каля Магілеўскай шашы. Верхнюю частку з мемарыяльнай шыльдай нават знайсці не ўдалося. Каб ім рукі паадламала. Хаця мае праклёны нішто супраць Боскае кары, а Ён усё бачыць!” – напісала ў фэйсбуку журналістка Алена Сцяпанава.
Фота Алены Сцяпанавай
Крыж у лесе на Маглёўскай шашы усталявалі аршанскія актывісты восенню 2018 года. Ён прастаяў там крыху больш за год. Нашчадкі расстраляных, якія прыязджаюць у Воршы, каб пакланіцца сваім продкам, наведваюць не толькі мемарыял на Кабыляцкай гары, але і гэты крыж на Магілёўцы.
Вядома, што яшчэ ў 1930-40-х гадах у гэтым лесе людзі ставілі крыжы ў памяць аб сваіх забітых НКУС родных. Аднак савецкая ўлада дбала, каб гэтых крыжоў не было. Іх знішчалі. Зараз у лесе застаўся толькі скручаны металічны прут – частка былога крыжа, якую саветы чамусьці не здолелі выцягнуць з зямлі.
Калісьці, напрыканцы 80-х ў пачатку 90-х, камісія, якая займалася рэабілітацыяй рэпрэсіраваных, даручыла Аршанскаму выканкаму ўсталяваць тут памятны знак. Рашэнне не выканана па сённяшні дзень.
Кастрычнік 2018 года. Нашчадкі рэпрэсаваных на Магілёўскай шашы
“Сёння была на Кабыляках. Там усё па-ранейшаму. Неабходны суботнік. А вось у лесе на Магілёўскай шашы ад крыжа, усталяванага актывістамі, засталася толькі ніжняя частка з метр высатой. Пастараліся вандалы. Яшчэ была ў выканкаме і бачыла генеральны план Оршы да 2035 года. Там пазначаныя Кабылякі і Харкаўскі лес як ўчасткі меркаваных месцаў пахавання репрэсаваных. На пытанне, чаму меркаваных, бо ёсць акт ад 1982, адказу не атрымала. Вось такія навіны”, – паведаміла унучка расстралянага ў Воршы Івана Гіля Ларыса Арэшына.
Згодна з актам 1982 года камісіі савецкіх і адміністратыўных органаў у складзе сакратара Аршанскага раённага аддзялення Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Пішчалава Г.Х., пракурора Андрэйкава Г.М., лекара судова-медычнай экспертызы Лосева В.А., старшага лейтэнанта Аршанскага ваенкамата тав. Рызатава В.Д., старшага лейтэнанта міліцыі Лучыны Н.С., на Кабыляцкай гары пры будаўніцтве пад’язной чыгуначнай галінкі да заводу ЖБВ Межкалгасбуд праз лясны масіў на поўдзень ад вёскі Андрэеўшчына былі знойдзеныя парэшткі 50 чалавек з кулявымі адтулінамі ў чарапах. Камісія прыйшла да заключэння, што пахаванне зроблена ў 1937-1940 г.г. У акце гаварылася: “Усе жыхары пацвярджаюць, што расстрэлы савецкіх людзей рабіліся ў 1937-39 г.г. органамі НКУС. У гэты перыяд лес так званай “Кабыляцкай гары” быў месцам масавых расстрэлаў ні ў чым не вінаватых людзей, гэтак жа, як лясны масіў па Магілёўскай шашы ля дэр. Поддубцы “.
Нядаўна стала вядома, што Аршанскі выканкам распрацаваў генеральны план Оршы. На картах генплана ўчасткі ў раёне Кабыляцкай гары і Магілёўскай шашы пазначаныя, як “тэрыторыя меркаваных месцаў масавых пахаванняў ахвяр рэпрэсій 1930-х гадоў”.
Фота Віктара Міхасёва
“Дзякуючы дзеянням актывістаў партый БСДП, АГП і іншых рухаў, якія падалі свае прапановы падчас грамадских абмяркаванняў, улады ўнеслі змяненні ў новы Генеральны план Оршы. На новым Генплане пазначаны месцы масавых забойстваў і пахаванняў нявінных ахвяраў сталінскага тэрору 1930 -1940-х гадоў – Кабыляцкае урочышча і лес каля Магілеўскай шашы. З плану прыбралі правядзенне дарогі, якая раней была запланавана праз Кабыляцкі лес і пахаванні ахвяраў, і супраць якой выступілі актывісты. Дарогу катэгорыі А, якую запраектавалі па ўскраіне лесу каля Магілеўскай шашы, нажаль, ўлады ў плане пакінулі”, – напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбук аршанскі актывіст Віктар Міхасёў. Зараз змены ў Генплан праходзяць этап грамадскага абмеркавання.