
11 Июн РЭПРЭСІІ Ў ОРШЫ НЕ НАБЫЛІ МАСАВАГА ХАРАКТАРУ. ЦІ ХЛУСІЦЬ КНІГА «ПАМЯЦЬ»?
Не абышлі палітычныя рэпрэсіі горад Оршу і Аршанскі раён. Дакладных звестак аб ахвярах няма. Начальнік падраздзялення УКДБ па Віцебскай вобласці паведамляе: «Абагульненых даных аб рэпрэсіях па гораду Оршы і раёну ва Упраўленні КДБ па Віцебскай вобласці не маецца, таму што сістэматызацыя іх па раёнах і абласцях не праводзілася». (5.1.93 г., 10/4-Р-6318).
Трэба адзначыць, што ў адрозненне ад іншых рэгіёнаў рэпрэсіі ў Оршы не набылі масавага характару. Па паказаннях сведак, смяротныя прыгаворы прыводзіліся ў здзяйсненне ў раёне Кабыляцкай гары і па Магілёўскай шашы. Расстрэлы ў раёне Кабыляцкай гары былі ў 1936-39 гадах. У памяць ахвяр палітычных рэпрэсій 1920-50-х гадоў на Кабыляцкай гары збудаваны абеліск з надпісам:
Хотелось бы всех поимённо назвать,
Да отняли список, и негде узнать.
А.Ахматова.
Старшыня камісіі па аказанні садзейнічання ў забеспячэнні праў і інтарэсаў рэабілітаваных і ўвекавечанні памяці ахвяр рэпрэсій у 1920-50-х гадах А.Г.Рабушаў.
(Крыніца: «Памяць. Орша і Аршанскі раён». У 2-х кнігах. Кніга 1. Стр. 223. Мінск, Беларуская энцыклапедыя. 1999. г.)
Гэты артыкул апублікаваны ў кнізе «Памяць. Орша і Аршанскі раён», выдадзенай у 1999 годзе ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя». Таварыш Рабушаў, які быў прызначаны камуністычнымі ўладамі на старшыню камісіі, што мусіла займацца рэабілітацыяй рэпрэсаваных і ўшанаваннем памяці аб рэпрэсіях, сцвярджае: рэпрэсіі ў Воршы не небылі такі масавы характар, як у іншых раёнах Беларусі. Ці можна верыць гэтым словам?
За апошнія 7 гадоў нам удалася сабраць па розных крыніцах і апублікаваць больш за 3600 імёнаў рэпрэсаваных па Воршы і Аршанскім раёне. Перакананы, гэта толькі частка. У спісах амаль няма тых, каго высылалі ў пачатку 1930-х пад час калектывізацыі. Апроч таго 2200 чалавек з нашага спісу рэпрэсаваных камуністы расстралялі. Дакладна ведаем, толькі ў Воршы яны пазбавілі жыцця больш за 1800. Ці можна лічыць гэта масавымі рэпрэсіямі? Без сумневу, так. Ці ведаў Рабушаў у 1999 годзе аб такіх маштабах?
Ён спасылаецца на адказ кіраўніка Віцебскага УКДБ, маўляў, абагуленых дадзеных аб рэпрэсіях у Воршы і Аршанскім раёне няма, а іх сістэматызацыя не праводзілася. Я перакананы, што камуніст Рабушаў мог не мець дакладных лічбаў, але ўмоўна аб’ектыўную карціну рэпрэсій мусіў ведаць. У КДБ дакладна ведалі і ведаюць. Інакш чаму па сённяшні дзень яны хаваюць справы рэпрэсаваных? Нашчадкі, якія не могуць пацвердзіць сваяцтва: не маюць ніякіх шанцаў атрымаць такія дакументы. А тыя, хто маюць дакументы, не могуць атрымаць поўны камплект дакументаў з акрытымі імёнамі так званых трэціх асобаў і катаў з НКВД.
Тады, напрыканцы 1980-1990 гадах у камісію Рабушава звярталіся рэпрэсаваныя і іхныя сваякі. Яны дасылалі дакументы, патрабавалі рэабілітацыі і кампенсацый. Не сумняюся, гэта былі масавыя звароты. Дарэчы, а дзе архіў гэтай камісіі са зваротамі і дакументамі?
Другі аргумент вынікае з прынцыпаў падбору імёнаў рэпрэсаваных у рубрыку «Вернутыя імёны» кнігі «Памяць». З амаль 1500 запісаў у кнігу траплялі з большага высланыя і рэпрэсаваныя з тэрмінамі зняволення ад некалькіх месяцаў да 5, радзей да 8-10 гадоў. У кнізе вельмі мала імёнаў расстраляных – каля 350 – гэта прыкладна ў 6 разоў меней, чым вядома нам сёння. Перакананы, гэта была зроблена адмыслова, каб знізіць маштаб і жорсткасць рэпрэсій, а таксама для таго, каб нашчадкі не імкнуліся ўшаноўваць месцы, дзе НКВД масава расстрэльваў грамадзян СССР.
Вельмі важная дэталь, што Рабушаў называе другое месца расстрэлаў пад Воршай – ляс на Магілёўскай шашы. Гэтае месца было ўпершыню названа ў акце абследавання брацкай магілы на Кабыляцкай гары ў 1982 годзе. У 1990-я аршанскія ўлады шматкроць абяцалі ўшанаваць гэтае месца, але па сённяшні дзень тут няма ніякага памятнага знаку. У 2018 годзе аршанскія актывісты ўсталявалі тут драўляны крыж, які праз некаторы час зламалі вандалы.