15 Июн Бацькаў партрэт, або Аповед пра “польскага шпіёна”
У першую суботу лістапада адзначаюць Змітраўскія Дзяды. У гэты дзень гатуе традыцыйныя стравы і Марыя Каралёва з вёскі Замошша. На працягу ўсяго жыцця не здраджвае яна гэтай традыцыі. Нават тады, калі дзецям ці ўнукам не выпадае завітаць у госці да маці, на памінальны стол усё роўна стаўляе клёцкі з “душамі” і наварыстую поліўку — прама з печы. Марыя Фёдараўна верыць, што ў гэты вечар усё напоўнена нейкім сакральным сэнсам. Нават ціхенькае пастукванне аб шкло галіны старой яблыні нагадвае пра тое, што прыйшлі “дзяды”.
Адзін з “дзядоў” — мужчына, гадоў дваццаці пяці, сустракае кожнага, хто заходзіць у залу, добрым адкрытым позіркам з вялізнай фатаграфіі ў зашклёнай рамцы.
Седзячы ля цёплай грубкі, Марыя Фёдараўна ўспамінае ўсіх сваіх родзічаў, што адышлі ў лепшы свет. Сярод іх і бацька, якога не памятае, бо было ёй каля года, калі звёз яго назаўжды “чорны варанок”. Адзінае, што засталося пра яго ўспамінам, — партрэт на сцяне. Ашчадна зберагалі гэты партрэт у гады ваенных ліхалеццяў. Вось ужо на працягу многіх дзесяцігоддзяў займае ён у хаце пачэснае месца.
Фёдар Маліноўскі быў родам з Гадзіўлі. Працаваў на смалакурным заводзе, што размяшчаўся ў лясным масіве за Замошшам і Аношкамі. У пачатку трыццатых гадоў сям’я ўсталявалася на хутары недалёка ад смалакурні. У жонкі ўзяў Марыю Босую. Пераехалі жыць у інтэрнат, які размяшчаўся па месцы працы. Фёдар сярод іншых работнікаў нічым не вылучаўся. Як і большасць з іх, быў непісьменны, нават ніводнай літары не ведаў.
Ніколі не ведаеш, з якога боку бяда пагрукае ў дзверы. Было тое на кастрычніцкія святы 1937 года. Смалакуршчыкі вырашылі адзначыць чарговую гадавіну рэвалюцыі. Дзеля гэтага скінуліся на гарэлку і закуску. Мабыць, не ўсе грошы былі на тое затрачаны, частка з іх асела ў кішэнях майстра Жыгмана. Фёдар, незадаволены гэтым, меў смеласць выказаць сваю думку. Гэтага хапіла, каб трапіць у няміласць да начальніка, які, па словах Марыі Фёдараўны, і данёс на бацьку. У лістападзе 1937 года Фёдара Маліноўскага арыштавалі, абвінаваціўшы ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы. Ужо праз месяц яму быў вынесены смяротны прысуд. Кабыляцкая гара пад Оршай, дзе расстрэльвалі палітвязняў, стала яго апошнім прытулкам.
Пра тое, які лёс напаткаў бацьку і дзе ён знайшоў вечны спакой, сям’я даведалася толькі ў 1960 годзе, калі прыйшло паведамленне аб яго рэабілітацыі. Таму ў жніўні 1941-га, калі праз Замошша немцы гналі савецкіх ваеннапалонных, Марыя разам з маці сачыла за рухам калоны з надзеяй, што ў пыльным натоўпе прамільгне знаёмы твар. Аднак дарэмна. Так і жылі да апошняга з надзеяй на лепшае.
Хоць Фёдар і быў залічаны ў “ворагі народа”, але аднавяскоўцы ставіліся да сям’і добра. Усе шкадавалі Марыю Маліноўскую, якая засталася з дзвюма малымі дочкамі на руках. Малодшая Кацярына пабачыла свет праз некалькі месяцаў пасля арышту бацькі. А праз год цяжка захварэла. Адмерана ёй лёсам было кароткае жыццё. У дванаццацігадовым узросце дзяўчынка памерла.
Шмат каго яшчэ са сваіх блізкіх прыгадала Марыя Фёдараўна на “дзяды”. Кожны з іх жыве ў памяці.
Валерый ТУХТА.
На здымках: Марыя Каралёва ўзгадвае продкаў; рэпрэсаваны Фёдар Маліноўскі.
Фота аўтара і з сямейнага архіва М. Каралёвай.
Яшчэ пра Федара Маліноўскага можна прачытаць тут