Становішча арыштных дамоў і спосабы да палепшаньня ў іх

Даклад т. Хацкевіча (1) 17 кастрычніка 1925 г.

СБ No 254 ад 10.11.1925

Становішча, таварышы, арыштных дамоў у рэспубліцы якое: мы маем 10 арыштных дамоў, які часткай утрымліваюцца на сродкі дзяржавы і часткай на сродкі мясцовага бюджэту, 10 сельскагаспадарчых ісправіцельна-працоўных калёній, якія існуюць на гаспадарчым разрахунку. У апошніх адбываюць кару 541 чалавек.

Першае, што кідаецца ў вочы — гэта перагружанасьць нашых арыштных дамоў. Усе дамы разьлічаны на 2115 чалавек. Зьняволеных жа ў дамох налічваецца 5435 чалавек і 541 у калёніях, а ўсяго 5976 чалавек.

Перагружанасьць тлумачыцца, па-першае, тым, што мы 12 астрогаў, якія існавалі на абшарах Беларусі ў царскія часы, ліквідавалі. Яны часткаю займаюцца складамі ваеннага ведамства, бальніцамі, дзіцячымі прытулкамі і іншымі ўстановамі. Мы пакінулі толькі 10 арыштных дамоў, якія цяпер існуюць. 

Я хацеў бы давесьці да ведама Савету Народных Камісараў аб тым, якая розьніца між становішчам, якое было да рэвалюцыі, але, нажаль, у нас няма пэўных вестак. Мы ліквідавалі 12 самых вялікіх астрогаў. У Полацку быў астрог палітычных ссыльных, дзе адбываў ссылку наш паважаны таварыш Луначарскі, у Рагачове быў вялікі катаржны астрог, а калі прыняць пад увагу, колькі высылалася з Беларусі ў Сібір і іншыя мейсцы, дык можна сьмела сказаць, што зьняволеных сярод беларускага жыхарства было ў 4-5 разоў больш, чым у цяперашні час знаходзяцца ў арыштных дамох і ісправіцельных калёніях, больш за 25 процантаў даводзіцца нанебеларускіх ураджэнцаў. Гэта тлумачыцца, як я казаў, асаблівасьцямі становішча Беларускае рэспублікі як пагранічнай паласы. Розны элемент з РСФСР, які спадзяецца прабрацца за граніцу, як бандыты-контрабандысты, з боку Польшы контррэвалюцыянеры, шпіёны, наведваецца да нас і нам даводзіцца яго лавіць і судзіць. Вось чым, галоўным чынам, тлумачыцца перагружанасьць нашых арыштных дамоў. 

Я хачу падаць лічбавыя весткі, якія ахарактарызуюць становішча ў кожнай акрузе і вызначаць сацыяльны стан, стан злачынстваў, нацыянальнасьць, узрост і г. д. зьняволеных. Так, у менскім арыштным доме знаходзіцца 1284 чалавекі, у Віцебску — 1120, у Барысаве 344, у Слуцку 252, у Магілёве — 674, у Полацку — 375, у Мазыры — 193, у Бабруйску — 306, у Оршы — 501 і ў Чэрыкаве — 282.

Я хацеў зьвярнуць увагу на лічбы, якія характарызуюць дынаміку зьняволеных. За год перабывала ва ўсіх арыштных дамох 19828 чалавек, выбыла 14293, засталося 5435.

Сярод іх асабліва многа такіх, якія адбываюць следства. Да сённяшнега дню такіх мы маем 1600 чалавек, прычым да аканьчаньня следства лічыцца за народнымі судамі 295 чалавек, за Вышэйшым судом 355 чалавек, за палітычнай управай 130 чалавек і за іншымі ўстановамі — 820 чалавек. Такім чынам, складаецца вялікая лічба тых, якія адбываюць адсідку не па суду, а да суда і справы якіх разбіраюцца следавацелямі.

Адбываючых кару па суду ёсьць 3760 чалавек. Я хачу паведаміць на падставе некаторых лічбаў, за якую злачыннасьць зьняволеныя адбываюць кару: за забойства 255 чалавек, за злачыннасьць у галіне палавых дачыненьняў 92 чалавекі, за злачынствы супроць асобы — 640 чалавек, за розныя грабяжы і кваліфікаваныя пакражы — 1362 чалавекі, за пакражы простыя — 194 і за іншыя маёмасныя злачынствы — 126 чалавек, за злачыннасьці службовыя — 152, за падрабленьне дзяржаўных грашовых знакаў — 6 чалавек, дзяржаўных злачынцаў — 53 чалавекі і іншых злачынцаў — 880 чалавек.

Па сацыяльнаму становішчу: сялян — 2522 чалавекі, рабочых — 643, служачых — 235, інтэлігентаў — 20 і іншых — 340 чалавек.

Па сямейнаму становішчу: жанатых — 1790 чалавек, нежанатых — 1970. Па нацыянальнасьці: беларусаў 2905, велікарусаў — 337, яўрэяў — 325, украінцаў — 45, палякаў — 60 і іншых — 88.

Мужчын, як засуджаных, гэтак падсьледственных і перасыльных, знаходзіцца 5177, а кабет — 258, процант, як бычыце, кабет абсалютна меншы.

Рэцыдывістаў, адбываючых кару — 377 чалавек. Тэрміны зьняволяння асуджаных вось такія: да 6 месяцаў — 607 чалавек, ад 6 месяцаў да году  — 852, ад году да 2 — 845, ад 2 да 3 — 538, ад 3 да 5 — 499, ад 5 да 10 — 419.

Галоўнаю працаю нашай пасьля суда, якая зьяўляецца зброяй пераконаньня і выхаваньня, лічыцца тое, каб зрабіць з злачынцаў сумленных грамадзян. Гэтая праца вядзецца ў двух кірунках: у кірунку працоўных прафесій і ў кірунку асьветным. Раней для адбыцьця кары пасылалі толькі на цяжкую і трудную працу, незалежна ад прафесіі зняволеннага, і мы лічым, што нашы зьняволенныя не павінны адрывацца ад працэсаў прафесійнае працы; яны павінны нараўне з працоўнымі мець гэту магчымасьць. Мы імкнёмся пры ўсіх арыштных дамох і калёніях утварыць спрыяючыя варункі для скарыстаньня вытворчых сіл зьняволенымі. Праўда, гэта нам цалкам яшчэ не ўдаецца, але ўсё ткі посьпехі ёсьць: пры ўсіх арыштных дамох ёсьць розныя майстэрні, у які працуюць 450-500 чалавек штодня. А сялянства, якое адбывае кару у клёніях, выконвае гаспадарчую працу і, такім чынам, яго час не марнуецца дарма і яно добра харчуецца, бо атрымлівае некаторую дапамогу за выкананьне працы. 

У будучыне патрэбна, каб нашыя майстэрні пры арыштных дамох ўсё больш пашыраліся з тым, каб усе зьняволеныя здолелі выкарыстоўваць сваю працаздольнасьць. Нашы сельскагаспадарчыя калёніі сваёй наладжанасьцю ня ўступаюць нашым савецкім гаспадаркам. 

Апроч фізічнае працы, вядзецца культурна-асьветная праца. У наш цэнтральны арыштны дом наведалася дэлегацыя Чэхаславаччыны. Яна вельмі добра ахарактарызавала варункі, пры якіх жывуць і працуюць зьняволеныя. У некаторых арыштных дамох ёсьць здольныя сілы, там добра наладжана асьветная справа і клюбы некаторых арыштных дамоў ня ўступаюць клюбам фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. Па ўсіх галінах ведаў заснованы гурткі, у якіх прымае ўдзел 9589 чалавек.

У мяне ёсьць лічбы, з якіх відно, колькі перабывала ў арыштных дамох зьняволеных, колькі прайшло іх праз розныя гурткі за 1 студзеня да 1 кастрычніка гэтага году, а іменна: ахоплена культурна-асьветнай працай было 15 212 чалавек, з іх у школе па ліквідацыі непісьменнасьці 4108, у школе для малапісьменных 1515 чалавек, прымала ўдзел у гурткох 9589 чалавек. Вельмі неялікі лік зьняволеных не праходзіў праз тыя гурткі, няпрыхільна да іх адносіўся, не наведваўся ў клюбы і не займаўся ў школе. Сярод большасьці ж заўважана вялікая прагавітасьць да ведаў.

Трэба адзначыць, што царскі ўрад сродкаў на культурна-асьветную працу зусім нічога не даваў, а, наадварот, тыя кніжкі, якія якім-колечы чынам пападалі да зьняволеных, ён іх адбіраў. Мы ж імкнемся да таго, каб нашы зьняволеныя не былі адарванымі ад вытворчае працы, каб яны працавалі на сельскай гаспадарцы і ў майстэрнях арыштных дамоў, і, калі яны непісьменныя і малапісьменныя, дык каб яны сталі пісьменнымі і больш пісьменнымі. Праца нашае адміністрацыі ў гэтым накірунку вельмі адпаведная. Варункі працы вельмі цяжкія, бо штаты назірачоў скарочаныя. Пэнсію яны атрымлівалі да пастановы Саўнаркаму вельмі малую — 17-19 рублёў на месяц. Цяжкасьць іх працы вызначаецца, па-першае, тым, што яны заняты вартаю, а па-другое — вядуць культурна-асьветніцкую працу сярод зьняволеных. Ім даводзіцца часта зносіць знявагу з боку рэцэдывістаў і бандытаў. 

Трэба зьвярнуць увагу на тое, што амбуляторыяў і бальніц, якія ёсьць пры арыштных дамох, мала для таго, каб цалкам абслужыць зьняволеных. Трэба сказаць, што зьняволеныя вельмі любяць хадзіць лячыцца ў амбулаторыю: кожную раніцу можна спаткаць у вялікіх арыштных дамох дзясяткі зьняволенных, якія ідуць да доктара, каб легчы ў бальніцу або атрымаць некаторыя прывілеі на палепшаньне харчу і г. д. На лячэбную справу грошай вылучаецца мала. Вядома, мы ня можам і не павінны даць зьняволеным такія варункі, каб не пагаршаць іх здароўя і каб яны маглі перахоўвацца.

Майстэрні граюць вялікую ролю ў справе паляпшэння становішча зьняволеных. Сродкі, якія набываюцца ад апрацаваньня прадукцыі ў майстэрнях, ідуць часткаю на палепшаньне становішча зьняволеных, мала вылучаецца сродкаў на задаволеньне адзеньнем. Цяпер у асеннюю і зімовую пару можна было б зьняволеных пасылаць на грамадзкую працу: загатоўка апалу, чыстка вуліц і г. д., але шмат у каго няма цёплага адзеньня: кажухоў, валёнак, рукавіц і г. д. Патрэбна на гэтае зьвярнуць увагу і выдаць належнае адзеньне.

Пытанне перагружанасьці месц зьняволеньня вымагае хуткага ўмеркаваньня. Патрэбна зрабіць захады для разгрузкі іх. Казаць цяпер аб тым, што трэба папраўляць стары астрогі, я лічу непатрэбным, бо ў нас хапае мейсц для таго, каб спраўляць і выхоўваць зьняволеных, а таксама няма патрэбы будаваць новыя арыштныя дамы, за выключэннем, як пастанавіў Саўнаркам, патрэбна будзе паправіць у Полацкай акрузе адзін ізалятар для крыміальных злачынцаў. Мы хацелі перавесьці некалькі сот зьняволеных у мейсцы зняволеньня РСФСР, але нам прапанавалі надзвычайна цяжкія умовы, як напрыклад, у нас утрыманьне аднаго зьняволенага абыходзіцца ў 100 руб. у год, а з нас запрашалі 208 руб. Вядома, мы на такія ўмовы згадзіцца ня можам. Я лічу, што нам трэба будзе прыняць пастанову Саўнаркама аб узьняцьці хадайніцтва перад саюзным СНК аб пераводзе часткі зьняволеных у іншыя месцы за кошт ураду СССР. 

У нас ёсьць у арыштных дамох несправімыя рэцыдывісты, бандыты, контррэвалюцыянеры, якія сядзяць разам з сялянамі, што пайшлі на злачыннасьць па сваёй некультурнасьці ці па эканамічнай незабясьпечанасьці. Гэтае ненармальнае становішча нас прымушае думаць аб пабудаваньні спецыяльнага ізалятары для змяшчэння несправімых рэцыдывістаў і іншых злачынцаў. Таксама патрэбна мець дзіцячыя працоўныя дамы. Нам даводзіцца размяшчаць дзяцей разам з рэцыдывістамі і контррэвалюцыянерамі, дзе яны распушчаюцца і не могуць выпраўляцца. У РСФСР існує справіцельна-працоўны кодэкс, які рэгулюе жыцьцё зьняволеных, іх становішча, абхаджэньне зняволеных з адміністрацыяй і г. д. 

У нас гэта да гэтае пары няма.

Нашы заходы вось якія: раней усяго нам трэба мець працоўна-справіцельны кодэкс, трэба нам разгрузіць сьледственных. Трэба даць заданьне нашаму Народнаму Камісарыяту Юстыцыі, каб ён зрабіў захады для зьменшаньня ліку сьледственных шляхам вызваленьня некаторых з іх пад паручыцельства, пад падпіску і інш., альбо як-кольвечы іншым парадкам. Але пры гэтым не трэба дапушчаць ненармальнасьцяў. Як прыклад ненармальнага зьявішча зазначу на вось які выпадак: адзін дазнаўца піша ў сваім заключэнні, што ён можа толькі тады вызваліць зьняволенага, калі хто-небудзь з яго радні паручыцца за яго сумай у 200 рублёў; але ў таго бедняка няма такое радні, якая б здолела даць 200 р. 

Трэба дазволіць нашым калёніям, нашым майстэрням крэдытавацца нараўне з іншымі нашымі гаспадарчымі арганізацыям Трэба пабудаваць паасобны ізалятар для тых злачынцаў-бандытаў,  якія робяць уплыў на распушчанасьць нашае моладзі. Далей нам трэба засваіваць працоўныя дзіцячыя прытулкі, каб вылучыць дзяцей з злачынных гушчаў арыштных дамоў. 

Самае важнае — гэта перадача арыштных дамоў на дзяржаўны бюджэт. Калі дзяржаўны бюджэт вылучае на кожнага зьняволенага 10,5 капейкі, дык па мясцоваму бюджэту лічбы хістаюцца: у некаторых мейсцах даходзіць да 7 капеек, а у некакторых і таго менш. Трэба ўсе спажыўныя справы зьняволеных рэгуляваць дзяржаўным шляхам.

Датычна падрыхтоўкі працаўнікоў мейсц зьняволеныя, на павіннасьці якіх ляжыць справа выхаваньня і спраўленьня зьняволеных, трэба, каб яны прайшлі праз належныя курсы. У нас іх ёсьць каля 400 чалавек. Сталых працаўнікоў каля 30, якія маюць заслугі не толькі за то, што ўціскалі, а за тое, што дапамаглі нашым таварышам адбываць кару або зусім не адбываць яе пры царскім ладзе.

Што тычыцца павялічэньня заробку, дык гэтае пытаньне умеркавана. Яно адпадае. 

Аб аказаньні дапамогі зьняволеным, калі яны выходзяць з мейсц зьняволеньня, важна мець, па прыкладу РСФСР, камітэты дапамогі.

Вызваленыя па адбыцьці кары, часта трапляецца, голыя, галодныя, ходзяць па некалькі дзён, а пасьля з прычыны адсутнасьці ўсякае матэрыяльнае дапамогі ізноў становяцца на шлях злачыннасьці.

Патрэбны яшчэ настаўнікі для вядзеньня культурна-асьветніцкае працы. 

Былі настаўнікі па штату, а ў гэтым годзе штатная камісія скараціла іх. Культурна-асьветная праца вядзецца за кошт інтэлігенцкіх сіл у мейсцах зьняволеньня, але і іх няма. 

Разгрузка павінна весьціся ў двух кірунках: у кірунку Саюзнага ўраду, каб мейсцы зьняволеньня РСФСР узялі значную частку зьняволеных, можа быць тысячу ці паўтары, гэта першае. По-другое — каб менш было сьледственных. У Мазыры тэрміновых зьняволеных 12 чалавек, а ўся рэшта — 124 чалавекі — знаходзіцца пад сьледствам. Гэтае становішча ненармальнае.

Далей, адносна амбулаторый — трэба іх пашырыць, а дзе няма — заснаваць. 

Што ж тычыцца асыгнаваньня сродкаў на рамонт будынку Полацкага астрогу — гэтае пытаньне вырашана і адпадае.

______

  1. Аляксандр Ісакавіч Хацкеевіч — у красавіку 1925 — лютым 1926 гадах Народны камісар унутраных спраў БССР.
  2. Ганна Севярынец  ”Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота”. выдавецтва Сhabor Publishing, 2024. с. 232-239