
18 Авг Рэпрэсіі супраць аршанскіх баптыстаў
У суполцы «Орша и оршанцы на рубеже 19-20 веков» ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» з’явіўся здымак групы баптыстаў Воршы 1929 году. У тым годзе аршанская баптысцкая грамада годзе налічвала 71 сябра (хрышчоных) і мела філіялы ў Аршанскай акрузе. Але ўжо ішлі часы ваяўнічага бязбожніцтва. З усімі праявамі веры ў Бога бальшавікі змагаліся няспынна. Дайшлі і да баптыстаў. Шмат хто з людзей на гэтым фота пазней зазналі рэпрэсій. А ў 1937 годзе рэлігійную грамаду зліквідавалі.
У спісе рэпрэсаваных на Аршаншчыне ёсць, напрыклад, адзін з вернікаў веры евангельскай Іван Кубрачкоў. Беларус, з сялянаў, паходзіў з Дуброўны. Пасля 1900 году ўваходзіў у баптысцкую рэлігійную грамаду, займаўся ў роднай Дуброўне саматужным промыслам і дробным гандлем. 5 ліпеня 1931 году яго арыштавалі ў Маскве пры спробе прайсці ў пасольства Турэччыны, каб там дамагчыся паломніцкай паездкі ў Ерусалім. Сядзеў у Бутырскай турме. Але праз месяц і дзень справу супраць яго спынілі.
Праблемы Кубрачкова, аднак, на тым не скончыліся. З 1932 году ён быў у грамадзе суботнікаў, а ў 1935-м яго арыштавалі. Асудзілі на год папраўчых работаў. Пасля гэтага арыштаваны ўжо ў 1937-м Дубровенскай міліцыяй і змешчаны ў Аршанскую турму. Кубрачкова абвінавацілі ў арганізацыі баптысцкай грамады і малітоўных сходах, а спадарожна — у антысавецкіх настроях. Мужчыну расстралялі 24 верасня 1937 году.
У савецкім прапагандысцкім кнігадруку баптыстаў, як і іншых вернікаў, называлі «сектантамі». Напрыклад, у выданні «Сэктанты Беларусі», аўтары Д. Хайтун, П.Капаевіч, якое выйшла ў 1929 годзе. У звестках на 1 студзеня 1929 году падаваліся лічбы па Аршанскай акрузе. У нас налічваліся 2 грамады евангельскіх хрысціянаў з 98 вернікамі і 1 грамада баптыстаў, у якую ўваходзіў 71 чалавек.