05 Мар «Расстраляныя ў Воршы». Выйшла кніга пра ахвяраў сталінізму, напісаная іх нашчадкамі
Аршанскія актывісты выдалі кнігу пра «расстрэльныя» мясціны, адно з якіх, урочышча Кабыляцкая гара, было афіцыйна прызнана месцам пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій яшчэ раней за менскія Курапаты. І пра лёс рэпрэсаваных, звесткі пра якіх сабралі нашчадкі.
Кніга была прэзентаваная падчас круглага стала, прысвечанага мэмарыялізацыі месцаў масавых расстрэлаў, які прайшоў у Воршы. Гэта пакуль толькі брашура, якая мае «дарасці» да вялікай сур’ёзнай кнігі. Але ўнікальная яна ўжо цяпер, бо ў ёй сабраныя факты, якія доўгі час утойваліся ад шырокай грамадскасці.
Выданне мае адмысловую структуру, якая дазволіць напаўняць яго новым зместам па меры таго, як будуць з’яўляцца новыя даследаванні, лічыць журналістка і пісьменніца Паліна Сцепаненка.
«Кніга мае некалькі раздзелаў. У ёй ёсць і храналогія, датычная ўсталявання ў Беларусі смяротнага пакарання – а палітычныя рэпрэсіі непарыўна завязаныя менавіта з гэтай зʼявай, бо гэта было свядомае знішчэнне насельніцтва. І звесткі пра «расстрэльныя лясы« пад Воршай, якія даследаваў гісторык Юрый Копцік. І галоўнае – досвед пошукаў звестак пра сваіх рэпрэсаваных сваякоў. Аршанцы ўсё часцей цікавяцца сваім радаводам, шукаюць звестак, у тым ліку пра рэпрэсаваных сваякоў. Таму матэрыялаў для папаўнення кнігі будзе багата», – кажа Паліна Сцепаненка, якая дапамагала ў складанні кнігі.
«Расстрэльныя месцы» чакаюць помнікаў і мэмарыялаў
«Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» — так называецца і грамадская ініцыятыва, удзельнікі якой займаюцца мэмарыялізацыяй месцаў загубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, якое было афіцыйна прызнаным месцам расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій яшчэ на пачатку 1980-х, ёсць самаробны мэмарыял. Тут на Дзяды збіраюцца людзі — і актывісты, і тыя, чые сваякі загінулі ў аршанскай турме НКУС.
Яшчэ адно «расстрэльнае месца» – так званы Харкаўскі лес пад Воршай – пакуль не адзначанае належным чынам і вымагае клопату неабыякавых мясцовых жыхароў. Менавіта гэтым варта заняцца ў найбліжэйшай перспектыве, мяркуюць удзельнікі «круглага стала». Таксама варта даследаваць гісторыю гэтых мясцін, ініцыяваць працу навукоўцаў-археолагаў і фіксаваць усё, што выявіцца падчас даследаванняў аматараў і адмыслоўцаў, лічыць Ігар Казмярчак, старшыня моладзевага аб’яднання «Звяз».
«Менавіта «Звяз» яшчэ ў 2012 годзе выступіў з прапановай дзяліцца ўспамінамі пра рэпрэсаваных сваякоў. Але найбольш актыўна людзі пачалі звяртацца да нас апошнім часам, калі на сайце orsha.eu пабольшала матэрыялаў пра сталінскія рэпрэсіі, пасля грамадскай дыскусіі «Масавыя рэпрэсіі і смяротнае пакаранне», – адзначыў Ігар Казмярчак.
Прыватныя пошукі — альтэрнатыва замоўчванню сталінскіх рэпрэсій
На думку Віктара Трацякова, рэжысёра дакументальнага фільму «Чацвёрты аргумент супраць смяротнага пакарання – забойствы палітычных апанентаў, масавыя расстрэлы», менавіта сваякі расстраляных могуць зрабіць значны ўнёсак у асвятленне гэтай праблемы. Яны маюць маральнае права паставіць крыж на месцы згубы сваіх продкаў, пакуль мясцовыя ўлады ігнаруюць наяўнасць такіх мясцін. Сваякі могуць падаваць запыты ў КДБ і абнародаваць атрыманыя звесткі.
Любы досвед прыватных пошукаў, што да лёсу расстраляных сваякоў, абавязкова мусіць распаўсюджвацца, лічыць даследчык Ігар Станкевіч, якому ўдалося вярнуць з нябыту імёны ўласных родзічаў, рэпрэсаваных у 1930-я. Ён кажа, што пасля апублікавання звестак пра ахвяраў рэпрэсій у суполцы «Кабыляцкая гара – месца масавых расстрэлаў» да яго пачалі звяртацца людзі, якія знайшлі сярод імёнаў расстраляных сваіх сваякоў. Таму падчас круглага стала было вырашана аб’яднаць неабыякавых нашчадкаў у суполку накшталт клубу, каб людзі маглі дзяліцца ўласным досведам пошукаў. І каб для іх можна было арганізаваць семінары або майстар-класы па працы ў архівах або апытаннях на мясцовасці.
Новыя звесткі пра вернутыя імёны гатовы размясціць мясцовы незалежны інтэрнэт-рэсурс orsha.eu. Там створаць адмысловы раздзел, дзе будуць апублікаваныя краязнаўчыя матэрыялы Юрыя Копціка, даўняга даследчыка «расстрэльных» месцаў пад Воршай. І вынікі пошукавай працы нашчадкаў тых, чый лёс абарваўся ў тых мясцінах. А з часам яны папоўняць новае выданне кнігі «Расстраляныя ў Воршы».