
31 Окт Расстраляны, бо ганарыўся рэвалюцыянерамі, што перад расстрэлам крычалі: «Жыве свабода!»
Калтанюк Мірон Кузьміч быў родам з Заходняй Беларусі, з 1918 г. жыў на тэрыторыі Савецкай Беларусі, спачатку працаваў у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці, з 1933 г. жыў у в.Азёры Круглянскага раёна, працаваў настаўнікам у Загаранскай школе. Яго маці жыла ў Польшчы.
У 1932 г. Мірон Кузьміч наведаў маці, якую не бачыў больш як 10 гадоў, а вярнуўшыся ад яе з Польшчы, быў арыштаваны па падазрэнні ў шпіянажы. Аднак, пратрымаўшы яго ў турме 2 месяцы, вымушаны былі адпусціць: не было ніякіх доказаў, каб пацвердзіць падазрэнні. Пазней следчым органам стала вядома, як, успамінаючы гэтыя жудасныя 2 месяцы, Мірон Кузьміч гаварыў: «Цяжка ўявіць сабе, як я мог перанесці гэты час у цэментным падвале. Тэмпература была да 50°, у выніку чаго прыходзілася зусім голаму сядзець. Колькасць ежы давалася, каб падтрымаць жыццёвы працэс пры адсутнасці руху. Пры гэтым ежа давалася выключна салёная для таго, каб пагоршыць стан пры высокай тэмпературы і адсутнасці вады. Гэты момант доўга буду помніць у сваім жыцці, і калі б цяпер мяне арыштавалі, пры самай нязначнай магчымасці зняць стрэльбу са сцяны, скончыў бы жыццё самагубствам, але жывым не здаўся».
Аднак калі ў другі раз 31 жніўня 1937 г. прыйшлі яго арыштоўваць, такой магчымасці ў яго не было. Праз месяц, на допыце 7 кастрычніка, ён «сазнаўся» ў тым, чаго ад яго дабіваліся: што з’яўляўся членам контррэвалюцыйнай шпіёнскай арганізацыі, створанай польскім консулам у Маскве, што канкрэтна зрабіў Мірон Кузьміч у якасці польскага шпіёна, следчыя так і не змаглі прыдумаць.
Сапраўды, што можа зрабіць вясковы настаўнік, які вучыў дзяцей роднай мове і літаратуры, на карысць іншай дзяржавы? Таму ў следчай справе М.К. Калтанюка з’явіўся такі запіс: 28 студзеня 1937 г. у канцылярыі школы ў размове з настаўнікамі ў сувязі з расстрэлам ворагаў народа Пятакова, Радэка і іншых Калтанюк адказаў наступнае: «Абвінавачаных па справе Пятакова, Радэка, Сакольнікава і іншых прыстойнымі людзьмі назваць не магу, бо яны перад судом не адстойвалі сваіх ідэй». I далей: «Вось рэвалюцыянеры былі моцныя тым, што яны ні пры якіх умовах не адступалі ад свайго і нават перад расстрэлам крычалі: «Няхай жыве свабода!».
З гэтых слоў следчымі органамі зроблена наступная выснова: «Дастаткова выкрываецца ў тым, што, будучы незадаволены мерапрыемствамі партыі і ўрада, займаўся антысавецкай і контррэвалюцыйнай дзейнасцю, распаўсюджваў контррэвалюцыйныя правакацыйныя чуткі, узносіў паклёп на правадыроў партыі і ўрада, усхваляў ворагаў народа».
Гэтага было дастаткова, каб чалавека пазбавіць жыцця. 20.10.1937 г. пастановай НКУС СССР і Пракурора СССР М.К. Калтанюк быў прыгавораны да расстрэлу. 10.11.1937 г. быў расстраляны ў Оршы. Прайшлі гады, выраслі і сталі дарослыя сыны Мірона Кузьміча, аднак яны не ведалі, які лес напаткаў іх бацьку. У 1961 г. яны даслалі ліст на імя Генеральнага пракурора СССР, у якім прасілі даць звесткі пра лес бацькі і паведаміць, ці быў ён сапраўды злачынца і што паслужыла падставай для яго арышту. У лютым – сакавіку 1962 г. Ваенны трыбунал БВА перагледзеў справу М.К. Калтанюка і 7.3.1962 г. пастанова НКУС СССР і Пракурора СССР ад 20.10.1937 г. у адносінах да М.К. Калтанюка адменена і справа спынена «за адсутнасцю складу злачынства».
Крыніца: кніга «Память. Круглянский район», г.Мінск, 1996 г.