Перадаў польскай разведцы звесткі аб Аршанскім вінзаводзе. Расстраляць

Іван Цімафеевіч Карпаў нарадзіўся ў вёсцы Сласцёны Дрыбінскага раёну. Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут (завочна), з 1929 г. працаваў настаўнікам, у 1934 – 36 гг. дырэктарам Зубаўскай школы, у 1936 – 37 гг. дырэктарам Паўлавіцкай школы Круглянскага раёна.

Яшчэ і цяпер у в.Паўлавічы старыя людзі памятаюць дырэктара мясцовай школы, які працаваў тут у 1936 – 37 гг. Тады ніхто і не думаў, што Паўлавіцкая школа стане апошнім месцам працы маладога дырэктара, што ў 1937 г. ён будзе арыштаваны і атрымае такое абвінаваўчае заключэнне: «Карпаў Іван Цімафеевіч з’яўляецца агентам польскай разведкі. Завербаваны ў 1933 г. польскім агентам Транчэўскім (Петр Іванавіч Транчэўскі працаваў настаўнікам Узлянскай школы былога Смілавіцкага р-на. Арыштаваны 9.12.1937 г. і расстраляны ў Менску 2.03.1938), праз якога ад польскіх разведорганаў атрымаў заданне для шпіёнска-дыверсійнай работы на тэрыторыі СССР на карысць Польшчы. У 1937 г. перадаў польскай разведцы шпіёнскія звесткі аб наяўнасці рабочых і магутнасці Аршанскага вінзавода. Таксама перадаваў шпіёнскія звесткі аб рашэннях партыйных сходаў Круглянскага раёна і аб закрытым пісьме ЦК ВКП(б) ад 1935 г. Падрыхтаваў для шпіёнска-дыверсійнай работы на карысць Польшчы аднаго чалавека. Вінаватым сябе ў шпіёнскай дзейнасці прызнаў…».

Відаць, не хапіла фізічных і душэўных сіл у маладога камуніста, таму і прызнаў сябе вінаватым у страшэнным злачынстве – здрадзе Радзіме. Але ў яго хапіла мужнасці, каб на пытанне следчага: «Хто быў завербаваны Вамі для правядзення шпіёнскай работы на карысць Польшчы?» адказаць: «Мной ніхто не быў завербаваны».

Абвінаваўчае заключэнне, якое грунтавалася толькі на прызнанні самога І.Ц. Карпава ды па паказаннях аднаго з настаўнікаў (быў расстраляны раней) Круглянскага раёна, класіфікавала «злачынства» Івана Цімафеевіча па арт. 68 КК БССР (шпіянаж, выкраданне, збор і перадача эканамічных звестак, якія складаюць дзяржаўную тайну і г.д.).

Цяжка сказаць, якія пытанні, «па свайму зместу спецыяльна ахоўваемыя дзяржаўнай тайнай», магла вырашаць на сходах Круглянская партыйная арганізацыя і чаму звесткі аб тым, што выраблялася на Аршанскім вінным заводзе, «не падлягалі абвяшчэнню». Смехатворнасць абвінавачвання відавочна. Але І.Ц. Карпаву ўсё гэта каштавала жыцця. 19.11.1937 г. камісія НКУС СССР і Пракурор СССР прыгаварылі яго да расстрэлу. 17.12.1937 г. ён быў расстраляны ў г.Орша.

У 1958 г. жонка Івана Цімафеевіча, якая жыла ў той час у в.Міхейкава Круглянскага раёна, паслала ліст на імя Генеральнага пракурора СССР з надзеяй атрымаць звесткі аб лёсе свайго мужа, з просьбай яго рэабілітаваць. 13.11.1958 г. ваенны трыбунал БВА адмяніў пастанову Камісіі НКВД СССР і Пракурора СССР у адносінах да І.Ц. Карпава. Справа была спынена за адсутнасцю складу злачынства.

В.В.Грыгор’ева, Г.А.Грыгор’еў

Кніга “Памяць” Круглянскага раёну