Палякі Беларусі ў антысавецкім паўстанцкім руху 1920-х гадоў: мяцежная Ігуменшчына

У пасля рэвалюцыйныя 1918 -ты, 1919-ты і  ў пачатку 1920-х гадоў моцныя хвалі антысавецкіх выступленняў – ад арганізаваных паўстанняў да стыхіўных выступаў  у асобных вёсках – ахапілі амаль ўсе беларускія землі, дзе пачаў ўсталёўвацца камуністычны рэжым. Выразную ідэйную антысавецкую скіраванасць, ўпартасць і бескампраміснасць, нацыянальную салідарнасць ў барацьбе з савецкай уладай прадэманстравала  польскае насельніцтваў час, калі  бальшавікі  з усходу пачалі захоп Беларусі праз насаджэнне надзвычайных карных ворганаў (рэвалюцыйных камітэтаў,ЧК-ДПУ), выкарыстання рэгулярнай арміі для падаўлення паўстанцкага руху.

Ігуменшчына, бадай, ці не самы выразны и пераканаўчы прыклад моцы руху супраціву на Міншчыне ў межваенны час. На гэтых землях трывала замацавалася традыцыя непадпарадкавання ўладам, якую заклала мясцовая шляхта . Пасля паўстання 1863 года з Ігуменскага павета па загаду Мінскага губернатара былі высланы з родных мясцінаў 148 сем’яў, у большасці  шляхты з ваколіц і засценкаў Ігуменшчыны: з Валаваты, Суціна, Гіжгайла (Кіжгайла), Французскай Грэблі, Падкосся, Ганутава, Рэпішча, Снусціка, Гайдуковай Сладабады і ншых.[1]

Гэты спіс амаль цалкам супадае са спісам мяцежных вёсак у 1920-е гады.  Большасць   жыхароў  з іх апынулася ў паўстанцкіх аддзелах  улетку  1921года. Замежныя апазіцыйныя Савецкай Расіі цэнтры  — “Народны саюз абароны Радзімы і свабоды”  пад кіраўніцтвам вядомага расійскага палітыка і тэрарыста Барыса Савінкава, беларуская мілітарная арганізацыя “Зялёны Дуб”, генерал С. Булак-Балаховіч  спрабавалі выкарыстаць існуючыя ўзброеныя групоўкі на Ігуменшчыне для распальвання маштабнай сялянскай вайны і ажыццяўлення агульнага паўстання, запланаванага на канец жніўня 1921 года.  Сяргей Паўлоўскі, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі “Народнага саюза”, выконваючы план пахода на Маскву праз Ігуменшчыну,  з’явіўся ў гэтых мясцінах у чэрвені з невялічкім атрадам, большасць партызан якога паходзіла з Ігуменшчыны. Савінкавец, аб’яднаў мясцовыя партызанскія атрады з вёсак Зафранцузская і Французская Грэбля, Рэпішча, Высокая Старына, Снусцік, Дубрава, Ганутава і інш. С. Паўлоўкага падтрымалі  мясцовыя лідары партызанкі  Віктар Замбржыцкі, Браты Іван (Ясь) і Мікалай Яськевічы, Іван Ждановіч, браты Бранавіцкія, Павел і Міленці[2]. Відавочна, што антырасійскія настроі па-ранейшаму панавалі сярод насельніцтва, людзі  паверыла ў перспектыву перамогі над бальшавікамі.

Уяўленне аб вялікай колькасці праціўнікаў савецкай улады  ўзнікае  ўжо с першага прагляду крыніц. Не дарэмна столькі гадоў іх трымали за грыфам “сакрэтна”.  Яшче ў савецкія часы гісторык А. Г. Хахлоў, які пісаў пра крах антысавецкага бандытызма ў Беларусі, у роспачы ад таго, што нельга нават дакладна падлічыць “бандытаў” дазволищ сабе библейскага выказванне з Ветхага Завета: “и несть же им числа”,

Міліцейскія зборы дакументаў за 1921-1922 гады падаюць дзесяткі прозвішчаў ігуменцаў. Не меньшымі выглядаюць  спісы і  напрыканцы дзесяцігоддзя. Так, у адной з груп —  братоў  Бранавіцкіх у 1928 годзе  (варта пералічыць тых ацалеў і хто ўжо падрос да гэтага часу для свядомага ўдзелу ў вайне супраць камуністаў) —   І. Алешкевіч, А. Алешкевіч, Т. Алешкевіч, А. Матусевіч, А. Пракаповіч, А. Канстанціновіч, А. Канстанціновіч – усе з Французскай Грэблі[3], А. Паўловіч, В. Мількевіч – з вёскі Падкоссе. Група, якая стваралася на выпадак вайны Польшчы з СССР, налічвала 24 чалавекі.

У 1923 годзе мінскія ўлады па загаду Масквы павинны были скласці спісы польскага насельніцтва Ігуменскага павета, як патэнцыйна варожага элемента. Згодна гэтай інфармацыі, якую падавалі  мясцовыя савецкія органы ў Пагарэльскай воласці на кастрычнік 1923 года пражывала 1447 палякаў (зразумела, што дарослых разам з дзецьмі)[4]. Кіраўніцтва Белічанскай воласці склалі спісы на 1751 чалавек, з іх у Белічанах – 82, Брыялёве – 143[5]. У Гайдуковай Слабадзе той жа воласці саветчыкі выявілі 222 паляка, што складало цалкам насельніцтва вёскі[6]. Аднак сучасныя краязнаўцы, рупліўцы гісторыі малой радзімы. лічаць, што Гайдукова Слабодка – беларуская каталіцкая вёска, якая па нейкіх прычынах апынулася сярод праваслаўных паселішчаў. “Слабада праводзіла вечарыны са шляхетнымі балямі, кавалер запрашаў паненку з хустачкай у руцэ, з рэверансамі і культурнымі прамовамі”. Ці не за гэта,  задае пытанне аўтар эмацыйнай публікацыі,  у страшным 1937-м з трох дзесяткаў двароў “чорны воран” вывез практычна ўсіх мужчын. І калі перад Другой сусветнай вайной жанчын Слабады пыталіся, чаму яны адны працуюць у полі, дзе вашы мужыкі, яны казалі:” Хапун пабраў!”[7].

У Вярхменскай воласці на 7 верасня 1923 года знайшлося 849 палякаў[8]. у Навасёлкаўскай — 252[9], Далжанскай – 929[10], Шацкай — 834[11]. У Хутарской воласці выявілі  1355 палякаў[12], Перажырскай – 2043, пры гэтым у Каралішчавічах, дзе быў касцёл,  770,  у Сінілах[13]. Найбольш “польскімі” вызначыліся вёскі і мястэчкі ў Пухавіцкай воласці: Рэпішча – 158 чалавек, Зафранцузскай Грэблі – 187, Навінках-108. Усяго па Пухавіцкай воласці ўлады налічылі 2302 палякі, мужчын, жанчын, дзяцей[14]. Трэба падкрэсліць, што гэта дадзеныя з менш, чым паловы  валасцей павета. Да таго ж ужо прайшла першая моцная хваля высылкі за межы Беларусі..  “Суцінскі і Балоцкі сельскія саветы, паведамляла  міліцэйская крыніца з’яўляюцца шляхецкімі”. Высланыя ў 1921 годзе 80 сем’яў мелі  ад 30 да 300 га зямлі. Праз 5 год па Балоцкаму сельсавету засталося 631 гаспадарка, з якіх 305 належаць шляхце вёсак Рэпішча, Высокая Старына, Зафранцузская і Французская Грэблі і інш[15]. Пытанні статыстыкі і яе аналіза не з’яўляюцца задачай артыкула, дадзеныя  маюць ілюстратыўны характар для тэмы.

Аднак, бачна, што лічбы 1923 года разыходзяцца з афіцыйнай (сакрэтнай чамусці) статыстыкай прыкладна таго ж часу. Згодна яе дадзеным па нацыянальным складзе: 78% насельніцтва павета складалі беларусы, 13% польска-шляхецкае насельніцтва, 1% татары, 8% яўрэі[16]. Складваецца ўражанне, што маркіравалі не столькі палякаў, колькі людзей іншай не савецкай культуры, і прыналежнасць да касцёлу была нагодай трапіць у спісы. Цікава, што  некаторыя вёскі дзялілася на дзве часткі – польскую и беларускую (рускую, праваслаўную). Напрыклад, вёска Прыцерпа, раней Прыцерпа Вялікая і Малая. Знаходзіліся нават у асобных валасцях: Вялікая ў Пагарэльскай, Малая – у Якшыцкай. Вялікая Прыцерпа была спачатку хутарам, пазней польскім засценкам. Малая – часткай гаспадарства шляхціцаў Ваньковічаў.

Пытанне колькасці польскага насельніцтва цяжка вырашальнае яшче і таму, што людзі з прычыны небяспекі ўтоўвалі сваю нацыянальную прыналежнасць, а гэта былі часы, калі палякі часцяком вымушаны былі адмаўляцца ад сваёй ідэнтычнасці. Трапіўшы пад ціск карных ворганаў, вызнавалі сябе  беларусамі-католікамі.   Так, адзін з баевікоў знакамітага атамана Барысаўшчыны Г. Моніча, Антон Скакоўскі, які ачольваў асабны аддзел,  на першым допыце ён прызнаўся, што паляк, на другой сустрэчы са следчым сказаў, што  беларус, а падчас наступных допытаў зрабіўся рускім Магчыма гэта следчы дазволіў сабе змяніць нацыянальнасць  атамана. Але аднавяскоўцы паказалі, што Скакоўскія палякі, а сам Антон выступаў “За Ойчызну”[17].

Можна меркаваць з вялікай долей верагоднасці, што  савецкія службоўцы ў спісы занеслі і беларусаў-католікаў, усіх наведвальнікаў касцёлаў.  Касцёлы станавіліся асяродкамі самаарганізацыі грамадства, духоўным апірышчам для вернікаў у небяспечны непрадказальны час. Рэлігійны чыннік моцна матываваў да антысавецкай актыўнасці. Пагроза касцёлу парафіянамі ўспрымалася як асабістая небяспека.

У гісторыі антысавецкага супраціву у Беларусі прадстаўнікі духавенства пакінулі заўважны след. Варта ўзгадаць лідарства кс. Міхала Буклярэвіча пад час антысавецкага паўстання ў Дзісненскім і Дзвінскім паветаў у 1919 г. Святар і яго сястра   загінулі пад час карнай аперацыі чырвонай арміі. Zamordowani za milość do ludzi i Ojczyzny, — сведчыць надпіс на магіле ксяндза М.Буклярэвіча і яго сястры Аліцыі на падворку Іказненскага касцёла[18].

На жаль мала вядома з прычыны недахопу крыніц гісторыя буйной паўстанцкай акцыі на Ігуменшчыне ў  кастрычніку — лістападзе 1920 года, якую ўзначальваў кс. Варановіч. (пытанне лідарства ў паўстанні таксама паьрабуе даследавання, спісы арыштаваных і забітых пакуль не знойдзены).  Выглядае, што ўзброенае выступленне ў Пагарэльскай, Якшыцкай, Белічанскай і іншых валасцях павета з заклікамі да незалежнасці Беларусі і вітаннямі Беларускай Рады, як паўнамоцнай улады, было адным са звёнаў у ланцугу тагачасных антысавецкіх узброеных выступленняў, і што цікава, за месяц раней, чым выбухнуў знакаміты Слуцкі збройны чын. У выніку вайсковай карнай аперацыі супраць паўстанцаў было затрымана 560 чалавек, расстраляна 56, разбурана некалькі лакальных  штабоў, ў палон трапілі 150 паўстанцаў. Колькасць ахвяр, як і задзейнічанне регулярных чырвонаармейскіх частак на чале з вядомым чырвонаармейскім карнікам Якавам Кутафіным (паходзіў з Курскай губерні), сведчаць аб маштабах і пэўнай ступені арганізаванасці збройнага выступу на Ігуменшчыне[19].

Ачагі актыўнага супраціву новай уладзе паўсталі там, дзе польскае (каталіцкае) насельніцтва складала ад 60 да 80%. Як сведчыў жыхар вёскі Зафранцузская Грэбля пад час карнай аперацыі савецкіх спецслужбаў на Ігуменшсыне ў пачатку 1930-х гадоў Ісаак Герман, насельніцтва Балоцкага, Суцінскага, Грабянецкага, Лапіцкага сельсаветаў, дзе большасць насельніцтва складала шляхта, «стварылі пасля Кастрычніка ачаг бандытызму»[20]. Крыніцы польскага  Архіва актаў новых (AAN), фонд POLACY NA ZIEMIACH WSCHODNICH RP I NA TERENIE ZSRR W LATACH 1918-1939, архіўныя фонды рэпрэсіўных органаў Беларусі  — рэвалюцыйных трыбуналаў, судоў, міліцыі, турмы, савецкага канцлагеру, ЧК-ДПУ-НКУС, асобных (чекісцкіх) армейскіх аддзелаў і інш. — у зборах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці і іншых абласцей падаюць выразную карціну маштабаў супраціву на беларускіх землях. Важна, што матэрыялы  часцяком паведамляюць пра адныя і тыя ж факты, але пры гэтым дадаюць новыя падрабязнасці, дазваляюць адкрыць новыя аспекты тэмы, дапаўняюць спісы ўдзельнікаў паўстанцтва, пашыраюць геаграфію.  На жаль, галасы паўстанцаў амаль не захаваліся, наратывы створаны карнікамі, таму да фактаў з гэтых крыніц трэба адносіцца вельмі асцярожна, браць на веру толькі пасля верыфікацыі, калі гэта магчыма. Але, калі тая ці іншая гісторыя адлюстравалася ў шэрагу  дакументах, трэба думаць, што падзея адбылася на самой справе.

Архіў актаў новых – багатая крыніца, якая трымае сотні, калі не тысячы імёнаў, падае гісторыі супраціву і пакарання, аллюстроўвае пакручастыя лёсы людзей. У значнай ступені збор папаўняе скарбонку гісторый узброенага супраціву. З цемры забыцця ўзнікаюць гісторыі барацьбы паўстанцаў, напрыклад, атрада Казіміра Сляскага, район аперыравання яго аддзела ахопліваў вёскі Лагойшчыны Барысаўскага павета, хутароў  блізу Минска, аб’ядноўваў насельніцтва вёсак Пушчанка, Хацевічы, Гайна і др.  Усяго чекіст у 1921 годзе налічыў 19 чалавек. “Усе рімакатолікі, непрымірымыя нацыяналісты. Групаваліся вакол » вяльможнага пана Сляского, які  задумаў дапамагчы свой «Ойчизне» заклікаў маласвядомых суседзяў да барацьбы з бальшавікамі…  Глухое акружанае на шмат вёрстаў векавым лесам месца размяшчэння хутароў і вёсак да вялікіх дарог, па якіх адступалі нашы воінскія часці, і блізкасць мяжы Польшчы, арганізаванасць банды давала Сляскому і кампаніі працаваць доўгі час беспакарана»[21].  Следчая справа стракаціць імёнамі партызан, назвамі вёсак, жыхары якіх падтрымалі “пана Сляскага”. Хутар Сляскіх  — Антонаўка – быў штабам паўстанцаў, “дзе, як прыйшоў да высновы чекіст, распрацоўваліся планы налётаў на адступаючыя чырвонаармейскія часці, абозы…Арганізоўвалі банды з дэзерціраў, ўзбройвалі іх адабраный у чырвонаармейцаў зброяй, распаўсюджвалі правакацыйныя чуткі, антыкамуністычную і антысеміцкую літаратуру і г. д. Пан Сляскі асабіста ў суправаджэнні вельможнага панства  (трэба думаць палякаў і беларусаў- католікаў)  хадзіў па вёсках і хутарах збіраў зброю і агітаваў сярод моладзі за “Ойчызну”  ахвяраваць  сваім жыццём і маёмасцю”[22]. Адзін з даволі буйных аддзелаў молодзі  (да 200 чалавек) добра ўзброеная і абмундзіраваная,  пад кіраўніцтвам Уладзіслава Касперовіча (ён фігуруе ў спісе группоўкі Сляскага)  аперыраваў  у раёне Плешчаніц, аб чым паведамляла зводка ўпраўлення выведкі Чырвонай Арміі. Паўстанцы зрабілі напад на часткі 10-й брыгады, адбралі 50 пудоў хлеба і другіх прадуктаў, пакінулі балахоўскую літаратуру, газеты, пракламацыі ў вёсцы Хаценёва.[23]  У другіх зводках узгадваецца як кіраўнік аддзела, 70 партызан, ў Мінскім павеце М. Мішкініс, таксама са спісу аб’яднання  Казіміра Сляскага[24]. Польская крыніца сведчыць пра трагічны лёс самаго лідара, Казімір, сын Яна, Сляскі  быў расстраляны 26 траўня 1921 года ў Мінску без разгляду справы. Крыніцы  Архіва актаў новых адкрываюць і гісторыю змагання так званай Чабатарэвічскай шляхты[25],  яна заслугоўвае асабнага падрабязнага разгляду.  Іншыя справы фонда прадстаўляюць амаль невядомых  партызан з аддзелаў, якія дзейнічалі вакол Плешчаніц, Напалеона Кашэўскага, Собіка (апошняе прозвішча хутчэй мянушка, чым сапраўднае імя). Галоўная мэта гэтых арганізаваных груповак, у першую чаргу па нацыянальнай і рэлігійнай прыкмеце, дапамога Польскай арміі, падрыву чырвонаармейскага фронта. На  гісторыю супраціву ў Лагойскай волосці (як прыклад) і вогуле ў Беларусі  праліваюць святло цэлыя стосы дакументаў з розных архіўных сховішчаў Беларусі і Польшчы. Важна  сфармаваць сістэматызаваную калекцыю для аналіза з выкарыстаннем сучасных метадаў даследавання.

Некалькі дакументальных збораў з архіва КДБ РБ, ААN, Занальнага архіва горада Маладзечна ўтрымліваюць гісторыю супраціву На Ігуменшчыне напярэдадніі пад час калектывізацыі..Па сутнасці крыніцы амаль аднолькавыя, але ў польскім архіве значна больш дакументаў. Магчыма таму, што доступ да крыніцы КДБ быў даволі абмежаваны. Архіўная справа ў Маладзечна – гэта копія агентурнага данясення, верагодна польскага “крата” у спецорганах Мінска. Бачна, што рабіў копію паляк, агент падаў спісы ўдзельнікаў, захоўваючы польскае напісанне прозвішчаў. Пералік імёнаў выглядае крыху інакш, чым у згаданых папярэдне дакументах. Наяўнасць трох і больш крыніц па справе Ігуменскага антысавецкага падполля схіляе да думкі, што супраціў на самой справе меў месца. Па-першае, гэтыя мясцовасці традыцыйна выступалі супраць любой маскоўскай улады, у 1920-я гады павет зазнаў арганізаваны ўзброеныя выступы. Па-другое, зараз даследчыкі так званай “Трудовой крестьянской партии» (ТКП) не адмаўляюць пратэстныя рухі сялянства ў перыяду калектывізацыі, больш таго лічаць, што паўстанцы мелі сувязь з замежжам. Асобныя дакументы з фундаментальнай працы доктара І. Раманавай “Уладаі грамадства: БССР у 1929-1939 гады ў дакументах Сакрэтнага аддзела/Асобага сектара ЦК КА (б) Б” сведчаць, што рух супраціву працягваўся, набываў розныя формы.

Гісторыя мяцежнай Ігуменшчын, якая паўстае са старонак узгаданых крыніц архіваў спецслужбаў, склалася нступным чынам. З ліпеня 1931 года ў Пухавіцкім і Асіповіцкім раёнах сталі з’яўляцца ўлёткі антысавецкага контррэвалюцыйнага зместу. Улёткі заклікалі актыўна супрацьдзейнічаць арганізацыі калектыўных гаспадарак, у якіх аўтары звароту бачылі толькі фармальны сродак для ажыццяўлення галоўнай задумы ўладаў — пазбаўлення сялянства зямлі і ўсталявання новага прыгоннага права.

Адпаведныя дзяржаўныя органы адрэагавалі хутка. У небяспечнай мясцовасці з’явіўся следчы М.Лісоўскі, які доўгі час рабіў выгляд, што шукае золата. Пастанова па агентурнай справе “Грачи” аб арышце 150-ці членаў арганізацыі (27 чалавек толькі з Рэпішча) выйшла 5 мая 1932 года. Хваля арыштаў пракацілася па вёсках Ганутава, Высокая Старына, Зафранцузская і Французская Грэбля, Падкоссе, Суціна, Блужскі Бор, Малінаўка Пухавіцкага раёна, Турная Гара Чэрвеньскага раёна, у шмат якіх вёсках Асіповіцкага раёна, у мястэчку Пухавічы. Распачалося следства. Са слоў мясцовай калгасніцы Ганны Сакаловой следчы ГПУ, нехта Іваноў, ў 1931 годзе запісаў наступнае: “… в бытность бандитизма в нашей местности все лица молодого возраста из Репища, Подкосья, Ганутова, Усох, Французской и Зафранцузской Гребли поголовно были в бандитах. Дома оставались старики и малые, но и они бандитам помогали — носили в лес еду”. Ганна Сакалова, бацька якой, дарэчы, у той момант быў сасланы на Урал, як і большасць аднавяскоўцаў, мела на ўвазе, што падчас антыбальшавіцкай партызанкі ўся моладзь знаходзілася ў паўстанцкіх атрадах. Польскіе дакументы, аднак, уднакладняюць, што менавіта Ганна Сакалова, пляменіца аднаго з лідараў, Віктара Замбрыжцага, ахвотна і падрабязна распавяла гісторыю падполля. Як дачка “кулака” Яраслава Гаварко, прыхільніка Замбрыцкага яна была сваёй у коле праціўнікаў улады. Па сутнасці яе і мужа паказанні былі пакладзены ў аснову справы[26].

Спісы ўдзельнікаў антыбальшавіцкай партызанкі, што захаваліся ў архіве КДБ і ААN сведчаць аб яе выключна мясцовым паходжанні. У атрады прыходзілі целымі семьямі: з хутара Чаромуха да паручніка Вайніцкага далучыліся пяць братоў Яськевічаў. З вёскі Турная Гара прышлі браты Раманоўскія, з Дубравы — браты Пракаповічы і іх сваякі з Грабенца і Французскай Грэблі, тры браты Жывуцкія з хутара Аўгустава і г.д.

Баявік Павел Доўнар, затрыманы ў жніўні 1921 года, даў следчаму ГПУ адказ на пытанне аб персанальным складзе ўдзельнікаў: “Во всех бандах — местные люди, в основном крестьяне”. Крыніцай папаўнення паўстанцкіх атрадаў былі дэзерціры. З іх амаль цалкам складалася 63-я, так званая лесанарыхтоўчая дружына пад кіраўніцтвам Уладзіміра Гаркавенкі. Капітан царскай арміі і мясцовы па паходжанні (з вёскі Сёмкава Слабада), ён змог аб’яднаць вакол сябе 1600 уцекачоў з розных армій і нават узброіць з дапамогай Ігуменскага ваенкамата. Знешне захоўваючы лаяльныя адносіны да савецкай улады, Гаркавенка на самай справе быў адным  з арганізатараў і атаманаў зялёных атрадаў і груп. Міхась Жылінскі, якога арыштавалі ў ліпені 1923 года, засведчыў, што склад дружыны быў найбольш спрыяльным для камплектавання аддзелаў ужо згаданаг палкоўніка Паўлоўскага. Дружыннікі стаялі ў вёсках Лачыно, Снусцік, Высокая Старына, Гоманаўка. Яшчэ да пачатку 1918 года ў згаданым раёне ўзнік аддзел спачатку ў мэтах самаабароны ў той неспакойны час, а потым для самастойных партызанскіх дзеянняў. Ініцыятыву праявілі браты Паўлюкі з хутара Тысячная Града. Антось, у недалёкім мінулым афіцэр царскай арміі, аб’ехаў далёкіх і блізкіх суседзяў, сярод якіх таксама было шмат афіцэраў. Вырашылі аб’ядноўвацца і ўзбройвацца. У снежні 1917 года выступілі. Раззброілі полк рэвалюцыйных салдат каля вёсак Снусцік і Уборак і  полк казакаў, што стаяў у вёсцы Очыжы. У ваенную арганізацыю ўвайшлі жыхары Новай і Старой Дубраў Юркевічы, Радкевічы, Лапіцкія, Пракаповічы, Лукашэвічы. Да іх далучыліся Станішэйскія з Тысячнай Грады і шмат хто з Рэпішча. У тым часе падтрымалі мяцеж І.Доўбар-Мусніцкага.

У Ігумене, як і ў большасці валасцей Беларусі,  была створана моцная першасная арганізацыя Народнага Саюза абароны Радзімы і свабоды. Усе служачыя павятовага ваенкамата былі яе сябрамі. Афіцэры Аляксандр Ковель, Мікалай Калтовіч, Аляксандр Канапацкі запяспечвалі арганізацыю бланкамі са штампамі, пасведчаннямі, дадзенымі аб колькасці і стане чырвонаармейскіх атрадаў, шляхах іх перасоўвання.

Ролю сувязных выконвалі сакратар першага ўчастка народнага суда Кастусь Сямёнаў і следчы нарсуда Барыс Ярема. Садзейнічалі арганізацыі партызанкі служачыя ўстаноў горада Вольга Урбановіч, жонка М.Жылінскага, шляхтянка з вёскі Клінок, сакратар павятовага партыйнага камітэта Карэлін, начальнік турмы А.Пякарскі, тэхнік-будаўнік Віктар Замбржыцкі, які узначаліць контрвыведкуаб’яднання паўстанцаў. Гэтымі людзьмі да прыходу групы палкоўніка Сяргея Паўлоўскага была зроблена вялікая падрыхтоўчая праца.

Галоўны штаб партызанскага злучэння размесціўся паміж вёскамі Дубрава і Сёмкава Слабада (Пагарэльская воласць. Старшыня мясцовага сельскага савета Міськевіч адразу наладзіў забеспячэнне прадуктамі, скарыстаўшы прыхільнае стаўленне навакольных жыхароў да партызан. Да таго ж  асноўныя сілы партызанкі складала мясцовая моладзь. Медычную дапамогу аказваў фельчарскі пункт станцыі Гродзянка пад кіраўніцтвам Леона Голуба. Аб зброі паклапаціліся раней, яшчэ да прыходу атрада з-за мяжы. З аднаго толькі хутара Дубовы Лес, чый гаспадар  быў наўпрост связаны з атаманам Міхаілам Жылінскім, у штаб даставілі 18 цынак з патронамі і некалькі адзінак зброі. Везлі зброю і з другіх хутароў.

Па сведчанню ўдзельнікаў партызанка мела выразную арганізацыю. Тэрыторыя была падзелена на пяць раёнаў дзеяння: у першым аперыраваў аддзел пад кіраўніцтвам самаго палкоўніка Паўлоўскага. Колькасна атрад дасягаў 100 чалавек і кантраляваў тэрыторыю Пагарэльскай, Пухавіцкай і Якшыцкай валасцей. Другі раён —  Клінокская і Уздзенская воласці — “даглядаў” паручнік Вайніцкі з атрадам у 16 чалавек. Трэці раён, што ўключаў Лагойскую, Далжанскую, Гарадзецкую і Хутарскую воласці, быў пад наглядам капітана Тронава і 20-ці яго баявікоў. Раён пад Мінскам курыраваў паручнік Арлоў. Яго штаб знаходзіўся ў лясніцтве на рацэ Ольса. Яму падпарадкоўваліся 18 чалавек. Аддзел паручніка Міхайлава аперыраваў па ўсёй тэрыторыі дзеяння, выконваючы ролю арганізатара першасных камітэтаў Народнага “Саюза” і невялікіх мясцовых баявых груп.

Для зносінаў з галоўным штабам існавала добра адпрацаваная сістэма сувязі. Ролю сувязных выконвалі мясцовыя людзі, што добра ведалі наваколле. Так, Юркевіч Іван, жыхар вёскі Дубрава, трымаў сувязь паміж галоўным штабам і Ігуменам. Штаб у Рэпішчы звязваўся з камітэтам праз старшыню сельсавета Яровіча. Язвінскі штаб падтрымліваў сувязь са сваім чалавекам у Пагарэліцкім рэўкоме, сакратаром Лашкевічам, сябрам Польскай арганізацыі вайсковай. Хутар Іосіфа Зяньковіча Дубовы лес быў месцам сустрэч сяброў камітэта НСАРіС, дружыннікаў Гаркавенкі і кіраўніцтва партызанкі. Існавала і добра наладжаная сувязь з гарадамі. З магілёўскімі і гомельскімі арганізацыямі трымалі сувязь паручнікі Міхайлаў і Сікорскі, Барысава — паручнік Арлоў і Жылінскі. Былі свае людзі і ў чырвонаармейскіх падраздзяленнях і ў камітэце чыгункі. Сваю дзейнасць ігуменскія партызаны па магчымасці каардынавалі з атаманамі Кулеўскім (Ц.Хвядашчэня), Давыдавым, С.Драгунам, Катам, Жуком, Перакатавым. Сумесна з іншымі партызанскімі атрадамі захапілі станцыю Гродзянка. 800 пудоў солі, узятай у выніку аперацыі, раздалі сялянам навакольных вёсак.

Хутка вызначыліся атаманы з мясцовых людзей. Невялікія баявыя групы ўзначалілі Мікалай Яськевіч, Іван Ждановіч, Міхаіл Паўлоўскі, Іосіф Лісоўскі, Аўгусцін Крукоўскі. Колькасць баявых аддзелаў і груповак у розныя часы дасягала ад 18 да 80. Розніца ў лічбах тлумачыцца здольнасцю партызанскіх спалучэнняў у залежнасці ад абставінаў  аб’ядноўвацца і наадварот, драбіцца.

Ігуменскі камітэт “Саюза” праводзіў шырокую агітацыйную кампанію па распаўсюджванні праграмных дакументаў “НСАРіС”, “Зялёнага Дуба”. Улёткі, якія сабралі пад час следства чекісты,  тлумачылі мэты і задачы гэтых арганізацый, выкрывалі бальшавіцкую палітыку: “В 1917 году коммунисты кричали: пора, наконец, прекратить братоубийственную войну. Они дали России Брестский мир и войну гражданскую. Страшную, беспощадную, унёсшую жертв во много раз больше, чем Германская, войну поистине братоубийственную. Они сумели натравить русского рабочего на русского рабочего, крестьянина на крестьянина, казака на казака и всех против всех. Коммунисты лгут бессовестно и нагло. Нет мира и не будет, пока они существуют… Октябрьский переворот — преступный захват власти, уже вырванной у царя, но ещё не утвердившийся в руках народа. Октябрьский переворот — истинная контрреволюция… Вместо избранного Россией Учредительного Собрания, разогнанного штыками, возникло “Рабоче-крестьянское правительство… Кучка преступников и безумцев, утвердившихся насилием, удерживающих жестокостями и подлостями неслыханными, ведет Россию к нищете и гибели… Они обещали народу землю. Дали ли её ему? Нет. Народ получил право трудиться на земле, но не получил права пользоваться плодами трудов своих. Помещичьи имения превратились в “советские хозяйства”, эксплуатирующие крестьянский труд бессовестней и беспощадней помещиков… Кого, кроме самих себя, накормили коммунисты? Кого, кроме самих себя, сделали они богатым?..”.

Трэба адзначыць, што такая агітацыя знаходзіла разуменне ў шырокіх колах насельніцтва, бо сумная рэчаіснасць пацвярджала высновы, выкладзеныя ва ўлётках.

У ліпені правалы напаткалі Мінскую абласную арганізацыю “Народнага саюза”. Быў арыштаваны адзін з яе кіраўнікоў Іван Туміловіч. Аб гэтым факце  паведамілі  Ігуменскай арганізацыі,  сябрам камітэта было прапанавана схавацца ў партызан. Паспелі выйсці з гораду яшчэ да аблавы М.Жылінскі з жонкай, В.Замбржыцкі і А.Канапацкі. У выніку масавых арыштаў арганізацыя згубіла 30 членаў. Разгром аддзелаў Паўлоўскага – гэта, трэба зазначыць,  не ваенны поспех камандзіра карнага 12 палка Цітова, а вынік добра наладжанай агентурнай разведкі і аплочанай здрады. Пасля выкрадання са штабу дакументаў чырвонаармейскаму камандаванню сталі вядомы спісы ўдзельнікаў, адрасы, яўкі ў гарадах Беларусі і Расіі. Паўлоўскі палічыў за лепшае распусціць людзей, але выказаў спадзяванне, што ненадоўга, і з невялікім атрадам у жніўні 1921 года схаваўся ў Польшчы.

Але дзеянні мясцовых дыверсійных груповак працягваліся і далей. Не складалі зброі атаманы І.Ждановіч, І.Лісоўскі, С.Драгун. З-за мяжы перыядычна наведваліся Мікола і Іван Яськевічы, Віктар Замбржыцкі, Аўгусцін Крукоўскі і палкоўнік Паўлоўскі.

Трагічна склаўся лёс ігуменскіх партызан. Амаль усе яны былі расстраляны ці патрапілі з сем’ямі ў ссылку. У 1921 года, адразу пасля адыходу часткі партызан за мяжу, пачаліся рэпрэсіі. Аб некаторых падрабязнасцях стала вядома з паказанняў старшыні Балоцкага сельсавета Антося Матусевіча ў 1932 годзе.

У 1921 годзе ён быў абраны старшынёй сельсавету. Напрыканцы лета ў вёсцы Зафранцузская Грэбля стаяў атрад па барацьбе з бандытызмам. Аднойчы камандзір гэтага атрада патрабаваў ад усіх грамадзян вёскі даведкі аб тым, дзе знаходзяцца іх сыны мабілізацыйнага ўзросту. Шмат хто не змог даць адпаведны дакумент. Сыны знаходзіліся ў паўстанцкіх атрадах. Людзі звярталіся да старшыні, і ён даваў даведкі, што іх дзеці знаходзіліся ў Чырвонай арміі.

Трэба сказаць, што хутка падман выкрыўся. У 1921 годзе і наступным гадах выслалі жыхароў Рэпішча, Ганутава, Уборка, Сёмкавай Слабады. Гэтыя вёскі далі вядомых арганізатараў партызанкі. З Рэпішча паходзіў Віктар Замбржыцкі, начальнік контрвыведкі аддзела паручніка Вайніцкага. Ён вернецца ў родную вёску ў 1928 годзе, паспрабуе арганізаваць сялян для супраціву надыходзячай калектывізацыі.

Атаман Іван Ждановіч таксама з Рэпішча. З вёскі Ганутава паходзілі браты Аляксандр і Мікалай Старжынскія, актыўныя памочнікі атамана Міхася Жылінскага.

Жылінскі і іншыя кіраўнікі партызанскіх аддзелаў актыўна дзейнічалі ў 1921-22 гады. Зводка Выведупраўлення Заходняга фронту (кастрычнік 1921 года) засведчыла:

“В Минской губернии временное затишье. Небольшие отделы Жилинского, Жибуля, Броневицкого, Величко, Ходотова — осуществили набеги на мельницы, противостояли сбору налогов. В северной части Игуменского повета активно действует банда Жилинского, которая всосала в себя бандитов организации Ката и Павловского. Возвращение из-за границы в сентябре поветовых руководителей Зайцева, Павловского, Мартело (Іван Мацелі  — Н.С.)  не вызывает усиления движения. Изменения в тактике бандитов: они ведут скрытую подготовительную работу в этом (минском) направлении”[27].

Цікава, што гісторыя супраціву пачатку 1920-х гадоў на Ігуменшчыне мела актыўны працяг пад час так званага “вялікага пералома” у савецкай палітыцы, у пачатку калектывізацыі  адлюстроўваецца на старонках архіўна-следчых спраў згаданых архівах.

Можна меркаваць, што настроі і дзеянні людзей  супадаюць  з  наратывамі чекістаў-дпушнікаў  у крымінальнай справе мясцовага жыхара Франца Татура і іншых каля сотні чалавек. Дакумент з’явілася ў 1932 годзе намаганнямі спецслужбаў і мела назву “Грачи”. Польскія гісторыкі і архівісты зрабілі копіі ў 1990-я гады… Са справы развіццё падзей выглядае наступным чынам. Улетку 1928 годзе вярнуўся ў родную вёску Рэпішча, што ў Чэрвеньскім раёне, Віктар Замбржыцкі. Яму ўжо 36 гадоў, апошнія дзесяць — “перакананы вораг савецкай ўлады”, як заявіў аб сабе пад час арышту. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі яго бацька, стары Віктар Якаўлевіч Замбржыцкі, мясцовы праваслаўны шляхціц, меў 50 дзесяцін зямлі. Беднымі не былі і шматлікія сваякі, што жылі навакол. Уласную зямлю мелі не ўсе, шмат гаспадароў бралі арэнду. Віктар атрымаў адукацыю спачатку ў Ігуменскай вучэльні, потым засвойваў спецыяльнасць тэхніка-будаўніка ў Маскве. Ваяваў на франтах Першай сусветнай вайны, пазней на баку белага руху. У Грамадзянскую вайну разам з расчараваннем ідэямі белых прыйшла зацікаўленасць эсэраўскай праграмай. На роднай Ігуменшчыне Замбржыцкі быў адным з арганізатараў камітэта “Народнага саюза абароны Радзімы і свабоды”.

Арганізацыя, якая пазней атрымала назву “Сялянская партыя” ці “Народны саюз здаровай Радзімы”, як вынікае з матэрыялаў следства, пачала ўтварацца летам 1928 года, адразу пасля вяртання В.Замбржыцкага дамоў. Увесь час ён хаваўся ад уладаў ў лесе, але трымаў цесную сувязь з аднавяскоўцамі, карыстаўся іх дапамогаю.

Першы арганізацыйны сход сабраўся ў доме Іосіфа  Захарэвіча. Прысутнічалі браты Ждановічы і Раманоўскія з Рэпішча, Старжынскія і Яськевічы з Ганутава, прыйшлі людзі з Зафранцузскай Грэблі, хто вярнуўся да гэтага часу з расійскай Поўначы. Усяго 16 чалавек. Вырашылі пачаць працу па стварэнні арганізацыі з мэтай згуртаваць вакол сябе ўсіх незадаволеных, колькасць якіх з кожным днём узрастала. У вёску ішла новая навала — калектывізацыя, сэнс якой сяляне зразумелі па-свойму: у вяскоўцаў адбіраюць зямлю, ствараюць новую паншчыну. Улада курочыла жыццё вёскі, рэзала па-жывому, ламала лёсы і душы. Да ўзгаданага часу моцы на актыўны пратэст не ставала. Тым не менш  людзі рыхтаваліся да ўзброенага выступлення, разлічвалі на дапамогу Польшчы. Зброю амаль кожная сям’я хавала яшчэ з часоў барацьбы партызан з саветамі. Хто ў пуні, хто на могілках, хто ў лесе. Вёска жыла, чакаючы вайну. Тлумачэнне гэтаму простае: савецкая прапаганда трымала людзей ў пастаянным напружанні. Вакол  —  адны класавыя ворагі. Як сведчыла настаўніца Схаластыка Захарэвіч, у Чырвоную армію ў выпадку вайны ніхто не збіраўся, рыхтаваліся ісці ў лес, у партызаны для самастойнай барацьбы з камуністамі. “Мы добра рыхтаваліся, — распавядаў Міленці Бранавіцкі, — чакалі вайну на пасху, доўга чакалі і цярпелі ад савецкай улады, але спадзяваліся, што хутка ўсё скончыцца, людзі вернуцца з ссылкі і будуць жыць так, як жылі раней”…

У 1928 годзе арганізацыя мела да тысячы чалавек. Так падлічыў следчы М.Лісоўскі. У асноўным гэта былі людзі з вёсак Чэрвеньскага, Асіповіцкага, Пухавіцкага раёнаў. Людзі перадавалі адзін аднаму, што (цытата з матэрыялаў следства): “ёсць звёнзак ці партыя, у якім шмат палякаў і рускіх (дакладней, католікаў і праваслаўных — Н.С.), якія чакаюць хваляванняў ці вайны, адразу бальшавікоў павыганяюць”. «Варожы настрой да ўладаў панаваў не толькі сярод шляхты, але і “мужыкоў».

На працягу 1928-29 гадоў, пакуль ўлады не пачалі раскулачваць, чальцы  арганізацыі часцяком збіраліся на тайныя сходы: у млыне Фрыдлянда, у хаце Захарэвічаў, сваякоў В.Замбржыцкага, а то і проста ў лесе.

Партыйную праграму, па версіі следства, распрацаваў Франц Татур — 39-гадовы селянін з вёскі Рэпішча, беларус-католік, з сям’і арэндатараў. Сам арэндаваў зямлю ў дзядзькі Віктара Замбржыцкага. Ён быў адным з тых нямногіх, хто ў гэтых мясцінах адразу падтрымаў савецкую ўладу, нават дапамагаў мясцовым сельсаветам. Але хутка яго спасцігла расчараванне. На змену здзіўленню з безгаспадарчасці новых уладароў прыйшло абурэнне несупынным гвалтам. Раскулачванне, высылкі, арышты праследавалі яго сваякоў, аднавяскоўцаў, знаёмых з наваколля. Таму Франц Тамашавіч адразу даў згоду на прапанову Замбржыцкага ўступіць у Сялянскую партыю.

У матэрыялах следства захаваліся дзве невялікія кніжачкі з рукапісным тэкстам праграмы. Змест сведчыць, што пісаў чалавек адукаваны, з філасофскім складам мыслення, схільны да глыбокага аналізу і абгрунтавання. Бальшавізм — хвароба, да такой высновы прыйшоў Франц Фаміч. Яго праграма — пошукі шляхоў выздараўлення. Будаваць “здаровую радзіму”, на думку ўкладальніка праграмы, можна, прытрымліваючыся сямі асноўных лозунгаў-заклікаў:

  1. За дэмакратычны самастойны лад жыцця!
  2. За волю і справядлівасць, любоў і прастату!
  3. За гняздо роднае!
  4. За развіццё навукі і культуры!
  5. Супраць эксплуатацыі!
  6. За мірнае жыццё!
  7. Рабі дабро людзям!

Адчуваецца, што складаў гэты цікавы дакумент чалавек веруючы, з болем успрымаючы разбурэнне спрадвечнага ладу жыцця, шчыра жадаючы змен да лепшага. Цяжка паверыць, што гэты дакумент мог скласці малапісьменны Лісоўскі. Безумоўна, на некаторыя прапановы наклала адбітак савецкая рэчаіснасць. Гэта бачна ў той частцы праграмы, дзе выказаны погляды на дзяржаўнае будаўніцтва, але ў аснову клаўся галоўны прынцып: улада належыць не класу, а народу ў асобе выбраных прадстаўнікоў. Форма дзяржаўнай улады — савецкая, але без камуністаў. Лозунг паўстанцаў 20-х гадоў, як бачым, не згубіў сваёй актуальнасці. Вярхоўная ўлада —  народнаму з’езду; паміж з’ездамі —  выбранаму народам (не менш як 75% выбаршчыкаў) — Выканаўчаму камітэту. Кантрольныя функцы паводле праграмы належалі так званаму Цэнтральнаму камітэту, таксама выбарчаму органу, які павінен быў сачыць за адпаведнасцю жыцця галоўным сямі прынцыпам. Праграма адстойвала ўласнасць на зямлю — “Пляцы перадаваць ва ўласнасць сялянам, рабочым і служачым без выкупа…” Партыйныя дакументы дакляравалі бясплатнае навучанне дзяцей да 5-ці класаў, свабоду веравызнання. І яшчэ Франц Татур запісаў і падкрэсліў: “Ніхто не мае права пазбавіць чалавека радзімы. Ніхто, нават дзяржава”. Так адазваўся боль сасланых…

У 1930-м годзе зноў на расійскую поўнач, за Урал і шмат яшчэ куды паехалі ахвяры калектывізацыі. У лютым 1930 года далёка ад Ганутава апынуліся браты Аляксандр і Мікалай Старжынскія, выслалі некалькі сем’яў з Рэпішча, у тым ліку і Захарэвічаў. Напалову апусцелі вёскі Уборак і Тысячная Града.

22 мая 1932 года быў затрыманы Віктар Замбржыцкі. Ён ведаў, што яго як польскага шпіёна чакае расстрэл”. Ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам — не атрымалася. Шараговыя  сябры партыі былі асуджаны на дзесяць год папраўча-працоўных лагераў. Але амаль усё жыццё правялі ў няволі. Раманоўскі Аляксандр Міхайлавіч з Турнай Гары быў арыштаваны ў 1932 годзе, атрымаў тэрмін дзесяць год, апынуўся спачатку ў Марыінску, потым у Паўночна-ўсходнім лагеры ў Магадане. На волю выйшаў у 1947 годзе.  У студзені 1949 быў арыштаваны зноў па адноўленай справе сумнавядомай “Працоўнай сялянскай партыі” (“Трудовой крестьянской партии” — ТКП). І зноў этапам у Навасібірск…

У 1952 годзе ў пракуратуру са скаргай звярнуўся Антон Паскробка, былы селянін з вёскі Зацітава-Слабада Пухавіцкага раёна. “Уже 20 лет я несу незаслуженное наказание. Имею возраст 60 лет и очень плохое состояние здоровья. Прошу понять моё старческое положение, пересмотреть дело… Дайте возможность отвезти старые кости на родину, здесь в высылке некому досмотреть, а на родине три дочки”. У пераглядзе справы было адмоўлена, так і памёр стары ў пасёлку Рагаўскія Грывы Новасібірскай вобласці.

Жорстка былі пакараны гэтыя людзі за тое, што паспрабавалі супраціўляцца бязглуздай авантурнай палітыцы сацыялістычнай “перабудовы” вёсцы. Аналізуючы падзеі 1920-х гадоў на Ігуменшчыне, можна прыйсці да высновы, што ў гэты час пратэст меў арганізаваны і аформлены характар. Напрыканцы дзесяцігоддзя настроі мясцовых людзей кардынальна не змяніліся. Але стыхійнае абурэнне сялян маглі аформіць спецслужбы, якія, выкрываючы “новыя арганізацыі” у небяспечных мясцінах з баявым мінулым, выкаранялі любые праявы незадаволенасці саветамі. Новыя працы навукоўцаў сведчаць, што пратэст быў, і адмаўленне яго адбываецца па прычыне кепскага валодання архіўнымі матэрыяламі і адсутнасцю іх грунтоўнага даследавання[28].

Ганна Касінская

[1] С.М. Токть, А.А. Крих. Минская шляхта в Беларуси и Сибири // Вестник  Омского ун-та. 2012, № 2. C.317

[2]  Борис Савинков на Лубянке. Документы. Науч. Ред. А.Л. Литвин. Москва, РОССЭН, 2001, с. 307;  Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці (ДАМВ), ф. 403, воп.1, спр. 57, арк. 23

[3] ДАМВ, ф. 403, воп.1, спр. 57, арк. 11,13,23

[4] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) ,ф.4п, воп.1,спр.628,арк.51

[5] Там жа, арк. 59

[6]  Там жа, арк. 59б

[7]  Код доступа http://www.lawbelarus.com/repub/sub21/texe1870.htm Дата доступа 05 05.2025

[8] НАРБ ,ф.4п, воп.1,спр.628,арк. 63 б

[9] Там жа, арк.64

[10] Там жа, арк. 68

[11]  Там жа, арк. 75

[12] Там жа, арк.. 85

[13] Там жа, 63 б

[14] Там жа, арк.67

[15]  ДАМВ, ф. 403, воп.1, спр. 57, арк. 76

[16] НАРБ ,ф.4п, воп.1,спр.1000, арк.

[17]  НАРБ, ф. 750, воп.3, арк. 108

[18]  НАРБ, ф, 4п,воп.1, спр. 74, арк. 7адв.

[19] ДАМВ, ф.40п, воп.1, сп.64, арк.1.;  ф.40п, воп.1, сп.7, арк. 27; “Звезда” 1920, 9, 18 декабря

[20]  Центральны архіў Камітэта дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь (ЦА КДБ РБ), архіўна-следчая справа Ф. Татура, В. Замбржыцкага і др. Усяго 94 чалавекі.

[21]  ААN, sign.296, s. 90

[22]  Там жа

[23]  4п-1-659-85об.

[24]  НАРБ,  ф.4п, воп.1, спр. 671арк.137адв.

[25] ААN, sign.469

[26] ААN, sign.79

[27]  Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі,ф..6990, воп.1, спр.12, арк. 10

[28]  Борис Сидоров. Дело Трудовой крестьянской партии. Код доступа  https://proza.ru/2013/11/06/842. Дата доступа 10.04.2025