Месца расстрэлаў на Магілёўскай шашы – забытае і занядбанае

У 20-30 гадах 20 стагоддзя ў межах тагачаснай Воршы на Магілёўскай шашы, цяпер мікрараён-3, адбываліся расстрэлы грамадзянаў. Вядома, што сярод расстраляных было шмат святароў – праваслаўных і каталіцкіх. На фота: тут пачынаецца лес, дзе расстрэльвалі людзей. Пра расстрэлы святароў карэспандэнту нашага Беларускага Радыё Рацыя распавядае даследчык з Воршы Юрась Копцік. Месца расстрэлаў ніяк не ўшанаванае, тут няма памятных знакаў. З’яўляецца месцам адпачынку жыхараў мікрараёну. Але некаторыя магілы ўскрытыя „чорнымі капацелямі”.

Адна з верагодных расстрэльных ямінаў

Юрась Копцік пераказвае сведчанне жыхаркі вёскі Паддубцы Соф’і Кандраценкі: „У дзве гадзіны ночы непадалёк ад горада сустрэлі машыну „крумкач” з двума ліхтарамі на будцы. Машына ішла насустрач і непадалёк ад нас звярнула ў лес на левы бок. Мы гэтае месца запомнілі. Недзе праз тыдзень ішлі з горада. Пайшлі, кажу, зойдзем, паглядзім, куды машына з’язджала — там яшчэ з’езд з шашы добры быў. Зайшлі мы ў лес. Бачым – сядзіць дзяўчынка маленькая, магілка свежая, сядзіць каля яе бабка старая. На магілцы стаіць стограмовая пляшачка гарэлкі, каша ячная ў місачцы, канун называецца. Павіталіся мы. Бабка кажа: – Сядайце, памяніце нябожчыка. – А хто тут пахаваны? — пытаемся. – Мой сынок, дзетачкі, святаром ён быў, расстралялі яго тут. А гэта мая ўнучка, – паказала яна на дзяўчынку. Паглядзела я навокал, а там не адна гэтая магілка. Навокал ўсюды зямля ўскапаная. Іншыя магілы нават добра не закапаныя, зямля на ніх правалілася”.

Мы прайшлі па прыгарадным лесе каля маладых маці з дзецьмі, якія адпачываюць на безыменных магілах, каля падлеткаў, якія п’юць піва з гарэлкай. Юры Копцік паказаў нам старую дарогу, па якіх “чорныя крумкачы” заязджалі ў лес.   Юры Копцік паказаў зламаныя крыжы (на фота). Калі не ведаць, што гэта крыж – пройдзеш побач і не заўважыш. Сваякі расстраляных яшчэ ў 30-ыя гады шукалі месцы расстрэлаў і ставілі тут крыжы. Юры Копіцк распавядае, што пасля ХХ-га з’езду палясоўшчыкамі ў расстрэльных лясах працавалі былыя кАты, удзельнікі расстрэльных каманд, яны нішчылі крыжы – памяць пра ахвяр. І наглядалі за расстрэльнымі ямамі. Паліна Сцепаненка.