Магіляўчане аддалі даніну памяці расстраляным у Воршы

У межах грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя» актывісты з Магілёва 1 сакавіка пабывалі ў Воршы, каля іезуіцкага калегіюма, дзе некалі месцілася турма НКУС, а таксама наведалі адно з месцаў пахаванняў ахвяр дзяржаўнага тэрору — Кабыляцкую гару.

Журналіст і даследчык Юрка Копцік распавёў пра гісторыю іезуіцкага калегіюма, дзе калісьці месцілася турма НКУС, і пра гісторыю узнікнення мемарыяла на Кабылякая гары. Ігар Станкевіч расказаў пра ініцыятыву «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», якая яднае сваякоў, чые продкі былі рэпрэсаваны ў Воршы.

Сярод гасцей было некалькі нашчадкаў расстраляных у Воршы ў гады Вялікага Тэрору. Яны ўпершыню пабывалі ў гэтых сумных мясцінах. На Кабыляцкай гары яны ўзгадалі сваіх продкаў і пакінулі шыльды з іх імёнамі. Пазней мы распавядзем гэтыя гісторыі.

Потым магілёўская група сустрэлася з аршанскімі актывістамі. Краязнаўца Віктар Міхасёў расказаў, як грамадскія актывісты ўплывалі на генплан Оршы і змагаліся супраць будаўніцтва новай дарогі праз Кабыляцкую гару. Актывісты абмяняліся ідэямі для сумесных дзеянняў па ўшанаванні памяці аб сталінскіх рэпрэсіях. Ўжо ёсць папярэднія дамовы аб узаемных візітах актывістаў з Віцебска, Магілёва, Гомеля, Оршы. Магчыма,  да сумеснай працы далучацца зацікаўленыя з Полацка, Барысава, Бабруйска ды іншых гарадоў Беларусі.