14 Авг “Хочацца ўсіх назваць пайменна”. Актывісты стварылі сайт пра расстрэлы ў Кабыляках
Ініцыятыва “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы”, якая займаецца дасьледаваньнем сталінскіх рэпрэсіяў і пошукам зьвестак пра закатаваных камуністамі людзей, заснавала свой сайт.
Цэнтральнае месца на сайце займае сьпіс расстраляных, а таксама – усе вядомыя зьвесткі пра гэтых людзей.
“Шмат інфармацыі мы назапасілі, і яна крыху ў сацыяльных сетках прысутнічае, але людзі, напрыклад, у нашыя стужкі дадаюць свае навіны, а нашая інфармацыя губляецца”, – распавядае, як ствараўся сайт, кіраўнік ініцыятывы, дасьледчык Ігар Станкевіч.
“Сам сайт нам дапамаглі зрабіць праз праект “Вэб-Акадэмія” бясплатна, а на дамэн і хостынг мы ўжо зьбіралі грошы. Прычым я быў прыемна зьдзіўлены, таму што нам трэба было дзесьці 380 рублёў сабраць, але мы сабралі ледзьве не ў два разы болей і зрабілі гэта вельмі хутка. У зборы сродкаў удзельнічала больш як 10 чалавек”, – удакладняе ініцыятар стварэньня сайту.
Сайт kobylaki.by мае разьдзелы “Сьпіс рэпрэсаваных”, “Дакумэнты”, “Мапа месцаў”, а таксама будзе ўтрымліваць артыкулы пра сталінскія рэпрэсіі на Аршаншчыне.