06 Июл Гэта было ў 37-м. Клюкаўка – яшчэ адно месца расстрэлаў пад Оршай
Гэта было ў трыццаць сёмым, летам. Працаваў я тады на Багушэўскім спіртзаводзе ў Янове і за мной былі замацаваны дзве машыны – грузавая і легкавая. Аднойчы выклікае мяне дырэктар спіртзавода ды кажа: паедзеш у Багушэўскае НКВД, начальнік НКВД выклікае машыну.
Праехаўшы туды, я даведаўся, што справа наступнага парадку. Нейкі палясоўшчык заўважыў у лесе след аўтамашыны і, думаючы, што мела месца нейкае лесапарушэнне, пайшоў на па ім. Хутка ён убачыў раскіданую зямлю і капец, закрыты мохам і ламаччам. Ён адгарнуў мох і ламачча і ўбачыў трупы людзей. Відавочна, у турме расстралялі, прывезлі ў лес ды захавалі.
Палясоўшчык далажыў пра гэта старшаму ляснічаму, а той патэлефанаваў у Багушэўскае НКВД. І вось мы паехалі ў Клюкаўку (тады Клюкаўка была Багушэўскага раёну) і прыязджаем на месца. Там было шмат трупаў. Гэты начальнік НКВД сказаў: закрыйце і аб гэтым нікому не гаварыце ні слова. Хацеў узяць распіску, але не ўзяў. Аднак папярэдзіў, што панясем адказнасць за выдаванне дзяржаўнае тайны.
Гэтая магіла знаходзіцца непадалёк ад шашы Орша-Віцебск, усходней Клюкаўскага лясніцтва, у раёне пажарнае вышкі лясніцтва. Гэтую магілу ведаюць многія палясоўшчыкі гэтага лясніцтва.
Ягораў Аляксандра Уладзіміравіч, ветэран вайны і працы, п. Высокае
“Аршанская газета”, 1991 год