Бацьку расстралялі за невыкананне паставак ільну

Успаміны сына І.А. Кавалёва – сына адзінаасобніка Кавалёва Андрэя Мацвеевіча, 1896 г.н.: «Бацька нарадзіўся і вырас у вёсцы Каралёўка. Да рэвалюцыі служыў у царскай арміі. Пасля грамадзянскай вайны вярнуўся дамоў і пачаў працаваць у гаспадарцы.

Сям’я была вялікая – 20 чалавек. Пабудавалі вялікую хату, набылі дзве каровы, два кані, розную дробную хатнюю жыўнасць. Пабудавалі нават ветраны млын. Бацька вельмі добра зарабляў, бо быў майстрам – сталяром. Калі абвясцілі калектывізацыю, нас абклалі падаткам. Памятаю, што толькі льновалакна мы павінны былі здаць 3 цэнтнеры. А ў 1934 г. бацька быў вызваны ў раённую пракуратуру і там яго арыштавалі. Неўзабаве суд, і яго прыгаварылі да расстрэлу. У той жа дзень да нашай хаты была прыстаўлена ахова. Усю маёмасць нашу забралі і з хаты выгналі. Спачатку мы жылі ў лазні дзеда. Але потым і яе забралі, а нас прытуліла дальняя сваячка.

Доўгі час маці, як жонку ворага народа, не бралі на работу, і толькі пазней уладкавалася яна ў Горках на сенную базу. Звольнілі з працы і старэйшую сястру. Праз некаторы час дазволілі нам вярнуцца ў родную вёску, і мы купілі старэнькую хату, дзе жылі да пачатку вайны».

Рэбілітавалі Андрэя Кавалёва толькі з 1993 годзе. Іншых звестах аб ім няма.

Кніга «Памяць» Горацкі раён, ст.190