Бацька вячэраў, калі ў хату увайшлі трое і абвесцілі, што ён арыштаваны

Беларус Сказецкі Павел Мікалаевіч нарадзіўся ў 1900 год ў весцы Мальжонкава Межаўскага сельсавета Аршанскага раёна.

Яго сын Пётр Сказецкі ў 1992 годзе скіраваў у “Аршанскую газету” ліст, дзе ўзгадваў пра бацьку: “Да 1924 года жыў з бацькамі і займаўся сельскай гаспадаркай. У 1924 годзе ажаніўся з Чарняўская Надзеяй Захараўнай і застаўся жыць з бацькамі жонкі ў вёсцы Чарняўскія Стайкаўскага сельсавета. Бацькі жонкі выдзелілі маладым зямлю, далі хату, у якой рыхтавалі корм жывёле. У 1930 бацька ўступіў у калгас вёскі Чарняўскія.

У 1932 годзе чацвёра мужыкоў, у тым ліку бацька, павезлі ў дзяржпастаўкі збожжа. Пры ўзважванні на прыёмным пункце вага яго аказалася на 40 кілаграмаў меншай за тую, што была ў калгаса. Усіх асудзілі на 5 гадоў кожнага.

Бацька адбываў свае пяць год у Находцы, будаваў порт. У сакавіку 1937 года бацька вярнуўся з месц зняволення і адразу пачаў працаваць у калгасе.

У жніўні 1937 года бацька, прыйшоўшы дадому з вячэрняй змены, малаціў збожжа, сеў есці. І ў гэты момант у хату зайшлі трое ў ваеннай форме, абвесцлі бацьку, што ён арыштаваны, і павялі. Павялі па заяве аднавяскоўцаў Рыжыкава Сяргея, Сталбунова Івана, Корзуна Мікіты.

У жніўні 1937 года бацька быў асуджаны на 10 год і сасланы ў горад Сыктыўкар, дзе працаваў цесляром, будаваў баржы на рацэ Вычагда.

Як запісана ў пасведчанні аб смерці, бацька памёр ад туберкулёзу лёгкіх 9 жніўня 1943 года. Іншых дазеных пра бацьку ў нас няма. Няма нават фатаздымку.

… Прашу рэдакцыю кнігі “Памяць”: хоць Вы адпусціце пару радкоў у сваёй кнізе нашаму бацьку”.

Апроч звароту Петр Паўлавіч Сказецкі даслаў у рэдакцыю газеты і даведку з пракуратуры. У ей было адзначана: “заява пракуратурай вобласці задаволена з праверкай архіўнай крымінальнай справы ў адносінаў Вашага бацькі Сказецкага Паўла Мікалаевіча. Устаноўлена, што па пастанове пазасудовага органа ад 29 жніўня 1937 года Сказецкі П.Н. заключаны ў выпраўленчапрацоўны лагер на 10 год. Далейшы лёс яго невядомы.

Пастановай прэзідыума Віцебскага абласнога суда ад 9 ліпеня 1960 года Сказецкі П.Н. рэабілітаваны… іншых звестак пракуратура не мае”.

“Аршанская газета”, 29.12.1992 г., рубрыка “З пошты кнігі “Памяць”