
01 Май Амністыя ў царскія і савецкія часы
Амністыя (з грэчаскай — забыццё, прабачэнне) — гэта форма праяўлення гуманізму ў дачыненні да зняволеных, распаўсюджаная ў розных краінах. Звычайна яе абвяшчаюць з нагоды розных святаў або важных падзей. У адрозненне ад памілавання, якое скіравана на канкрэтную асобу, амністыя мае значна шырэйшы ахоп і датычыцца пэўных катэгорый вязняў. Амністыя таксама адрозніваецца ад рэабілітацыі. Апошняя падразумевае не толькі вызваленне і зняцце судзімасці, яна таксама падкрэслівае неправамернасць прынятага рашэння аб наказанні і часта прадугледжвае кампенсацыю.
Амністыя вырашае практычныя задачы — разгрузіць перапоўненыя турмы, садзейнічаць палітычнай стабілізацыі ў грамадстве або пераследуе прапагандысцкія мэты: умацаванне лаяльнасці да дзяржавы, стварэнне вобразу кіраўніцтва як гуманістычнага і прагрэсіўнага. Такі вобраз асабліва яскравы, калі амністыю абвяшчаюць у дачыненні да былых палітычных ворагаў і апанентаў. У такім выпадку аднаўляецца справядлівасць, бо палітычныя зняволеныя часта траплялі пад рэпрэсіі не за злачынствы, а за свае погляды, крытыку ўлады або дзейнасць, якая разыходзілася з афіцыйнай ідэалогіяй. Вызваляючы палітзняволеных, улады фактычна прызнаюць, што рэпрэсіі былі неабгрунтаванымі і незаконнымі, а грамадзяне пачынаюць больш давяраць уладзе. Усё гэта дапамагае загаіць грамадскі раскол, выкліканы падчас рэпрэсій.
Амністыі для палітычных у Расейскай імперыі
Амністыі ў дачыненні да палітычных апанентаў былі распаўсюджаныя ў Расейскай імперыі. Так, у снежні 1812 года, у гонар перамогі над Напалеонам, цар Аляксандр I абвясціў «агульнае і прыватнае прабачэнне» для жыхароў заходніх губерняў (г.зн. беларускіх), якія дапамагалі французам. Нагадаем, што частка беларускай шляхты тады падтрымала Вялікую французскую армію Напалеона.
У 1856 годзе Аляксандр II амніставаў дзекабрыстаў і ўдзельнікаў паўстання 1830–31 гадоў, а яшчэ праз 10 гадоў, у 1866 годзе, замяніў удзельнікам паўстання 1863–64 гадоў бестэрміновую катаргу на 10-гадовую.
У 1878 годзе, у сувязі з перамогай у Расійска-турэцкай вайне, расійскі імператар памілаваў дробных злачынцаў, а некаторым палітычным вязням замяніў турэмнае зняволенне або катаргу высылкай.
У жніўні 1904 года, з нагоды нараджэння цэсарэвіча Аляксея, цар Мікалай II абвясціў маніфест, якім прабачаў многіх палітычных ссыльных і эмігрантаў: вызваляліся непаўнагадовыя і тыя, каму заставалася адбываць менш за год. Астатнім тэрмін высылкі скарачаўся на траціну.
Пасля рэвалюцыі 1905 года, у лістападзе таго ж года, расійскі самадзержац абвясціў амністыю за палітычныя злачынствы. Паводле высачэйшага ўказу, вызваляліся асобы, якія адбывалі пакаранні за злачынствы дзесяцігадовай даўніны. Па некаторых артыкулах тэрмін пакарання скарачаўся напалову, а бестэрміновая катарга або смяротнае пакаранне замяняліся 15 гадамі катаржных прац. Удзельнікі страйкаў і асуджаныя за пераход з праваслаўя ў іншыя рэлігіі былі цалкам амніставаныя.
У 1913 годзе, з нагоды 300-годдзя дынастыі Раманавых, Мікалай II дараваў дробныя крымінальныя і адміністрацыйныя злачынствы і дазволіў палітычным эмігрантам, што пакінулі краіну да 1 студзеня 1909 года, вяртацца ў імперыю.
Амністыя Часовага ўраду
6 сакаківа 1917 года Часовы ўрад абвесціў «поўную і неадкладную амністыю па ўсіх палітычных і рэлігійных справах, у тым ліку тэрарыстычным замахам, ваенным паўстанням і аграрным беспарадкам». Пад яе траплялі ўсе палітычныя зняволеныя і ссыльныя, якія пацярпелі за ўдзел у рэвалюцыйным руху і барацьбу супраць царскага рэжыму: удзельнікі рэвалюцый 1905–1907 і 1917 гг., чальцы сацыялістычных партый (бальшавікі, меншавікі, эсэры і інш.); асобы, асуджаныя за ўдзел у стачках, мітынгах, распаўсюджванне пракламацый; асуджаныя за антыўрадавую агітацыю; ссыльныя і зняволеныя па палітычных справах, у тым ліку тых, хто знаходзіўся ў адміністрацыйнай спасылцы. Адначасова ліквідаваліся палітычныя справы ў архівах корпуса жандараў і паліцыі. Амністыя мела масавы характар і стала адным з сімвалаў падзення старога рэжыму і пачатку новай палітычнай эпохі. Сярод вядомых асоб, якія вярнуліся з эміграцыі або вызваленых з-за кратаў, былі будучыя кіраўнікі савецкай дзяржавы Уладзімір Ленін, Леў Троцкі, Іосіф Сталін, Фелікс Дзяржынскі ды іншыя. Яны створаць адну з наймагутнейшых рэпрэсіўных сістэм ХХ стагоддзя і да сваіх апанентаў не будуць такімі лістасцівымі.
Другая амністыя Часовага ўраду тычылася выключна крымінальнікаў.
Савецкія амністыі і палітвязні
Да сваіх палітычных апанентаў савецкая ўлада заўсёды ставілася з асаблівай нянавісцю і жорсткасцю. У адрозненне ад крымінальнікаў, якіх камуністы лічылі «сацыяльна блізкім класам», што прыгнятаўся пры царызме і таму, нібыта, патрабаваў больш прыязнага стаўлення, рэальныя ці ўяўныя ворагі савецкай улады, або як іх называлі — «ворагі народу», амаль не заслугоўвалі літасці.
Пасля грамадзянскай вайны на досвітку свайго панавання маладая і яшчэ не акрэплая камністычна ўлада практыкавала амністыі для сваіх апанентаў. Аднак гэта не азначала сапраўднага даравання. Пазней, асабліва падчас Вялікага тэрору, саветы ўзгадаюць былым ворагам (і не толькі ім) усе іх сапраўдныя і несапраўдныя правіны і жорстка пакараюць іх.
Звычайна амністыі былі прымеркаваныя да значных дат. Так, з нагоды 2-й гадавіны рэвалюцыі, 5 лістапада 1919 г., УЦВК абвясціў шырокае датэрміновае вызваленне асуджаных рэвалюцыйнымі трыбуналамі і народнымі судамі, Усерасійскай і мясцовымі надзвычайнымі камісіямі, выканаўчымі камітэтамі і адміністрацыйнымі аддзеламі. Амністыя распаўсюджвалася на ўсіх зняволеных, следства па справе якіх не было скончана, але якім не прад’яўлена абвінавачанне ў палітычных злачынствах. Выключэнне складалі асуджаныя за ўдзел у змове супраць савецкай улады або за садзейнічанне партыям і групам, што ставілі сабе за мэту ўзброеную барацьбу супраць яе.
УНК было загадана неадкладна перагледзець спісы ўсіх закладнікаў і вызваліць тых, чыя прысутнасць пад вартай не была крайняй неабходнасцю. Рэвалюцыйным трыбуналам і народным судам было даручана тэрмінова перагледзець спісы асуджаных і вызваліць «у самых шырокіх памерах» тых, чые дзеянні не ўяўлялі небяспекі для Рэспублікі. Пад амністыю трапілі дэзерціры і тыя, хто ўхіляўся ад службы ў Чырвонай арміі. Дарэчы, тых, хто не хацеў служыць чырвоным, на тэрыторыі Беларусі было багата.
У дадатак да агульнай амністыі Усерасійскі ЦВК прадпісаў усім мясцовым органам вызваліць з месцаў зняволення і канцэнтрацыйных лагераў усіх чальцоў палітычных груп і партый, якія абвясцілі мабілізацыю сваіх сябраў на абарону Савецкай Рэспублікі. Сярод іх былі інтэрнацыяналісты, рэвалюцыйныя камуністы, чальцы Расійскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі (меншавікі) і бундаўцы. Выключэнне складалі тыя, каму было прад’яўлена канкрэтнае абвінавачанне ва ўдзеле ў контррэвалюцыйных арганізацыях.
З нагоды 1 траўня 1920 года УЦВК правёў чарговую амністыю, аднак асобна падкрэсліў, што яна не распаўсюджваецца на актыўных контррэвалюцыянераў, бандытаў і дэзерціраў. Пад амністыю не траплялі таксама тыя, хто дыскрэдытаваў савецкую ўладу, а таксама палякі як падданыя дзяржавы, якая падняла ўзброеную барацьбу супраць Савецкай Расіі.
У лістападзе таго ж года, з нагоды трэцяй гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, бальшавікі зноў абвясцілі шырокую амністыю. Яна таксама мела палітычны складнік. Так, адпаведным установам было загадана перагледзець спісы прысуджаных да канца грамадзянскай вайны і вызваліць іх з заключэння, або ўсталяваць ім тэрмін зняволення не больш за 5 гадоў з моманту арышту. Расстрэльныя прысуды, не выкананыя да 7 лістапада 1920 года, замяняліся больш мяккімі мерамі. УНК мусіў перагледзець у месячны тэрмін спісы ўсіх закладнікаў і ваеннапалонных грамадзянскай вайны і вызваліць тых, чыя прысутнасць пад вартай не была неабходнасцю.
Таксама змякчаліся як асабістыя, так і маёмасныя пакаранні, у тым ліку за дэзерцірства і дапамогу ў ім. Адмяняліся не выкананыя да 7 лістапада маёмасныя спагнанні, накладзеныя на сельскія абшчыны за ўтойванне дэзерціраў.
У лістападзе 1921 года Усерасійскі ЦВК вызваліў ад пакарання ўсіх асуджаных за невыкананне прадразвёрсткі, а таксама рабочых і сялян — удзельнікаў антыбальшавіцкага Кранштадцкага паўстання 1921 года, «уцягнутых у рух шляхам падману і гвалту або па сваёй маласвядомасці», а таксама ўсіх без выключэння дэзерціраў грамадзянскай вайны. Усерасійская Надзвычайная Камісія ў месячны тэрмін мусіла перагледзець спісы адміністрацыйна высланых і вызваліць ад пакарання ўсіх, чые вяртанне не ўяўляла небяспекі для РСФСР. Зняволеныя маглі таксама падаваць скаргі на прымяненне або няправільнае прымяненне амністыі, а мясцовыя ўлады — хадайнічаць аб непрымяненні амністыі да асоб, небяспечных для Рэспублікі.
Таксама УЦВК 3 лістапада абвясціў амністыю для шараговых жаўнераў белагвардзейскіх вайсковых арганізацый: Калчака, Дзянікіна, Врангеля, Савінкава, Булак-Булаховіча, якіх “падманам уцягнулі ў барацьбу супраць савецкай улады” і якія знаходзіліся ў Польшчы, Румыніі, Эстоніі, Латвіі і Літве. Ім дазволілі вярнуцца на радзіму ў якасці ваеннапалонных. Тэкст дэкрэта быў вельмі пранікнёны: савецкая ўлада нібыта клапацілася пра сваіх суайчыннікаў, кінутых і тых, хто церпіць цяжкасці за мяжой:
“Советская Россия свыше трех лет боролась с вооруженными врагами рабочих и крестьян и неисчислимыми жертвами и лишениями трудящихся победила их в открытом бою. Во время тяжелой и упорной борьбы Советское правительство знало, что тысячи русских трудящихся путем обмана и насилия втянуты в борьбу с рабоче -крестьянской властью на стороне царских генералов, помещиков и фабрикантов. Этих обманутых людей вводили в бой за чуждое им дело, и когда им пришлось очутиться на чужбине, их бросили на произвол судьбы. Они оказались сейчас выброшенными из родных сел, деревень и станиц. Жестокая судьба разбросала их по различным уголкам мира. Постоянные лишения, систематическое издевательство русских и заграничных белогвардейцев, каторжный труд, болезни и смерть на чужбине — вот удел тех, кто поддался провокации врагов рабочих и крестьян.
Много таких обманутых в настоящее время оказалось заточенными в лагерях в качестве интернированных, многие работают на принудительных работах. Они томятся там уже свыше года. Часть из них была насильственно или путем обмана вновь завербована в Белую армию разными авантюристами, не потерявшими еще надежды свергнуть рабоче-крестьянскую власть и восстановить господство помещиков и фабрикантов.
Советская власть не может равнодушно относиться к судьбе этих рабочих и крестьян, которые, поняв свои заблуждения, стремятся вернуться на родину, чтобы здесь своим трудом искупить свои ошибки и помочь восстановлению народного хозяйства”.
Пазней дэкрэт распаўсюдзілі і на шэрагоўцаў белай арміі, якія ваявалі супраць саветаў у Архангельскай губерні, Манголіі, на Далёкім Усходзе і ў Кітаі.
Праз год, у лістападзе 1922-га, Прэзідыум ЦВК абвясціў “поўную амністыю ўсім шараговым удзельнікам (Кранштадцкага) паўстання, незалежна ад таго, ці знаходзіліся яны на ваеннай службе”. Як адзначалася ў пастанове Прэзідыума, гэтыя людзі “маглі б прынесці карысць справе аднаўлення народнай гаспадаркі”. Выключэнне складалі кіраўнікі і камандзіры паўстанцаў. Амніставаным дазвалялася вярнуцца ў савецкую Расею на агульных падставах з ваеннапалоннымі. Апошнім днём падачы заяў на выкарыстанне амністыі было вызначана 1 траўня 1923 года.
30 красавіка 1923 года УЦВК ухваліў адразу дзве амністыі. Адна датычыла жыхароў Карэліі, якія ўцяклі ад бальшавікоў у Фінляндыю “у сувязі з карэльскай авантурай 1921–1922 гадоў”. Выключэнне складалі кіраўнікі і тыя, хто знаходзіўся за межамі Карэльскай Працоўнай Камуны і “працягваў сваю актыўна варожую дзейнасць супраць РСФСР”.
Другая амністыя распаўсюджвалася на неплацельшчыкаў адзінага натуральнага падатку. Ад адказнасці вызваляліся грамадзяне, якія індывідуальна або групамі адмаўляліся плаціць саветам грашовыя або натуральныя падаткі, скажалі дадзеныя пра абкладзеныя падаткамі пасяўныя і лугавыя плошчы, колькасць жывёлы. Умова была адна: каб неплацяжы не насілі злосны характар.
У тым жа годзе, да 8 сакавіка, УЦВК зацвердзіў дэкрэт аб датэрміновым вызваленні жанчын. Вызваляліся толькі тыя, хто не ўяўляў небяспекі для дзяржаўнага ладу і грамадскага парадку.
Амністыяй з палітычным складнікам 1920-х гадоў можна ўмовна лічыць пастанову Прэзідыума ЦВК СССР ад 14 лістапада 1924 года «Аб амністыі асобам, якія здзейснілі ўцёкі з Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі і Флота». Можна меркаваць, што сярод дэзерціраў былі і тыя, хто не жадаў служыць у чырвоным войску з палітычных матываў.
У другой палове 1920-х — 1930-х гадоў амністыі абвяшчаліся з розных нагод: пяцігоддзя Аўтаномнай Бурата-Мангольскай ССР, дзесяцігоддзя Адыгейскай аўтаномнай вобласці, 15-годдзя з дня ўтварэння Башкірскай АССР і г.д. У шэрагу з іх палітычны складнік прасочваўся па рашэннях пазасудовых органаў — вайсковых трыбуналаў, Асобых нарадаў пры НКВД. Але вызваляліся пераважна тыя, хто быў асуджаны на малыя тэрміны — да трох гадоў пазбаўлення волі.
Тым часам у краіне набіраў сілу дзяржаўны палітычны тэрор. Свайго апагея ён дасягнуў у 1937–1938 гадах. У жорны сталінскіх рэпрэсій трапілі ўсе пласты насельніцтва — ад шэраговых калгаснікаў і рабочых да кіраўнікоў краіны.
У разгар Вялікага тэрору, у студзені 1938 года, была абвешчана амністыя з нагоды 20-годдзя Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Яна распаўсюджвалася толькі на нязначныя правіны і на вайскоўцаў, асуджаных да трох гадоў пазбаўлення волі, але не закранала асуджаных за дзяржаўныя злачынствы.
Наступная маштабная, хоць і не аформленая як асобны дакумент, амністыя — так званая «берыеўская» — была ініцыяваная Лаўрэнціем Берыя, які заняў месца Мікалая Яжова, арганізатара Вялікага тэрору, пазней расстралянага. Адзін з першых крокаў новага кіраўніка НКВД стала стварэнне 1 студзеня 1939 года «Бюро па прыёме і разглядзе скаргаў». Асуджаныя, іх сваякі і блізкія атрымалі права падаваць скаргі, дамагацца адмены прысудаў або шукаць зніклых людзей. Раней, па загадзе пракурора БССР Новіка, скаргі нават не прымаліся. Цяпер іх мусілі разглядаць на працягу 20 дзён. Імі займалася спецыяльнае аддзяленне пры Сакратарыяце Асобай нарады. Пачаўся перагляд тысяч спраў, заведзеных пры Яжове.
Пры Берыі быў зменены і парадак вядзення судовых спраў. Па групавых справах суд абавязкова дапытваў усіх фігурантаў. Калі пры Яжове суддзі разглядалі па 200–300 спраў за дзень (фактычна зачытвалі прысуд без разбіральніцтва), то пры Берыі нормай стала не больш за 10 спраў на дзень. У 1939–1940 гадах з ГУЛАГа было вызвалена 270–290 тысяч чалавек, у тым ліку шмат хто з турмаў НКВД. Колькасць палітычных спраў і прысудаў да расстрэлу рэзка зменшылася.
Наступная палітычная амністыя была абвешчана 12 жніўня 1941 года — амаль праз два месяцы пасля нападу Германіі на СССР. Саўнаркам і ЦК ВКП(б) прынялі пастанову «Аб парадку вызвалення і накіравання польскіх грамадзян, якія амністуюцца згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР». Пад амністыю трапілі тыя, каго ў 1939–1941 гадах НКВД арыштаваў і дэпартаваў з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў аддаленыя куткі Саюзу.
7 ліпеня 1945 года, у сувязі з перамогай над нацысцкай Германіяй, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб скарачэнні тэрміну пакарання напалову для асуджаных на больш як тры гады. На тых, хто “матаў тэрмін” за контррэвалюцыйныя злачынствы, амністыя не распаўсюджвалася.
13 красавіка 1946 года была абвешчана новая, выключна палітычная амністыя — «Аб вяртанні на радзіму рэпатрыянтаў — латышоў, эстонцаў і літоўцаў». С ссылкак маглі вярнуцца грамадзяне Латвіі, Літвы і Эстоніі, дэпартаваныя НКВД.
Амністыі ў постсталінскі перыяд
Найбуйнейшая амністыя ў савецкі перыяд адбылася неўзабаве пасля смерці Сталіна. 27 сакавіка 1953 года на прапанову міністра ўнутраных спраў Лаўрэнція Берыі Прэзідыум ЦК КПСС зацвердзіў указ «Аб амністыі». Яе называлі “другой берыеўскай амністыяй”. На 1 студзеня 1953 года колькасць зняволеных у ГУЛАГу складала амаль 2,5 мільёны. З месцаў зняволення павінна была выйсці амаль палова з іх — больш за 1,2 мільёны, асуджаных на тэрмін да 5 гадоў за службовыя, гаспадарчыя і няцяжкія ваенныя злачынствы, а таксама непаўнагадовыя да 18 гадоў, людзі старэйшыя за 60 гадоў, цяжкахворыя, цяжарныя і жанчыны з дзецьмі да 10 гадоў. Паводле ўказу меліся быць спыненыя следчыя справы ў дачыненні да 401 тысячы чалавек.
Дакумент цалкам абыйшоў палітычных зняволеных, асуджаных паводле артыкула 58 Крымінальнага кодэкса РСФСР ці адпаведных артыкулаў саюзных рэспублік. У Крымінальным кодэксе БССР 58-му адпавядаў раздзел II “Контррэвалюцыйныя злачынствы” з артыкуламі з 63 па 76 — антысавецкая агітацыя, шпіянаж, “шкодніцтва” і інш. Гэта выклікала шквал бунтаў сярод “палітычных” у лагерах ГУЛАГу.
17 верасня 1955 года абвешчана чарговая, цалкам палітычная, амністыя. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў указ “Аб амністыі савецкіх грамадзян, якія супрацоўнічалі з акупантамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг.” Савецкая ўлада вызваляла, скарачала тэрміны зняволення па “палітычных” артыкулах або спыняла следства па справах аб дапамозе ворагу, службе ў нямецкай арміі, паліцыі і спецыяльных фарміраваннях і іншых нямецкіх структурах, здаліся ў палон. Вызваляліся ад адказнасці і савецкія грамадзяне, што знаходзіліся за мяжой і ў перыяд 1941–1945 гг. Савецкая дзяржава даравала і тым, хто дзейнічаў у антысавецкіх арганізацыях у пасляваенны перыяд — пры ўмове, што яны “выкупілі” віну патрыятычнай дзейнасцю “на карысць Радзіме”. Савету Міністраў даручалася арганізаваць вяртанне амніставаных і іх сем’яў у СССР. Як змякчальная акалічнасць за злачынствы разглядалася яўка з пакаяннем. Суды павінны былі прызначаць ім не больш за пяць гадоў ссылкі. З тых, хто вызваляўся, здымалася судзімасць і паражэнне ў правах. Амністыя не распаўсюджвалася на асоб, асуджаных за забойствы і катаванні. Што было далей яскрава сведчаць лёсы жаўнераў, якія служылі ў арміі польскага генерала Андрэса: больш за 800 чалавек вярнуліся ў Беларусь, а праз некаторы час былі сысланыя.
24 сакавіка 1956 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў указ «Аб разглядзе спраў у дачыненні да асоб, якія адбываюць пакаранне за палітычныя, службовыя і гаспадарчыя злачынствы». Дакумент прадугледжваў стварэнне спецыяльных камісій, якія мелі правяраць абгрунтаванасць асуджэння і вызначаць, ці ўяўляе асоба небяспеку для дзяржавы. Камісіі мелі права самастойна вызваляць, скарачаць тэрміны пакарання або вызваляць пад паручальніцтва. З вызваленых здымалася судзімасць і ўсе прававыя абмежаванні.
Амністыі ў познесавецкі перыяд
Пры Брэжневе праводзіўся шэраг тыпавых амністый, прымеркаваных да гадавін: у 1967 і 1977 гадах — да 50-й і 60-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1979 годзе — да Міжнароднага дня дзіцяці, 1982-м — да 60-годдзя СССР. Асуджаныя за асабліва небяспечныя дзяржаўныя злачынствы — шпіянаж, тэракт, масавыя беспарадкі, стварэнне бандаў, і нават незаконны выезд або ўезд у СССР — выключаліся з амністый.
Падобная практыка захавалася і ў пачатку кіравання Міхаіла Гарбачова. Амністыі 1985 і 1987 гадоў (да 40-годдзя Перамогі і 70-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі адпаведна) не закранулі палітвязняў. Аднак ужо ў лютым 1987 года былі прыняты сакрэтныя ўказы (№ 6462-XI і № 6463-XI) аб памілаванні некалькіх сотняў дэсідэнтаў-палітвязняў. Некаторых адпусцілі з псіхіятрычных устаноў, дзе да іх ужывалі метады карацельнай псіхіатрыі. Паведамлялася, што некаторых вязняў прымушалі пісаць прашэнні аб памілаванні і падпісваць заявы з абяцаннем не аднаўляць “антысавецкую дзейнасць”. Некаторыя палітычныя патрабавалі не памілавання, а поўнай рэабілітацыі.
У 1989 годзе Гарбачоў абвясціў амністыю для ваеннаслужачых, асуджаных за злачынствы падчас службы ў Афганістане. і гэта была апошняя амністыя ў гісторыі СССР.