30 Авг
https://www.lib-krugloe.mogilev.by/memorybook/6.html#dak
Кніга память круглянскага раёна
«ЗМОВА» Ў ПАЎЛАВІЦКІМ СЕЛЬСАВЕЦЕ
Пасля таго, як у 1929 г. быў узяты на узбраенне лозунг «суцэльнай калектывізацыі», калгасы пачалі расці хутка, як грыбы пасля дажджу. Але, створаныя ў прымусовым парадку, яны, праіснаваўшы нейкі час, распадаліся. Так здарылася і з калгасам у вёсцы Зелянькова. Не прайшоў і год, як большасць яго членаў, разабраўшы сваю маёмасць, выйшлі з калгаса. Засталося ў ім не болей як 10 гаспадарак. Каб паправіць справы, у вёску быў накіраваны прадстаўнік ЦК Кампартыі Беларусі Сямёнаў К.Н. Быў ён яшчэ зусім малады, і, відаць, вельмі хацелася яму праявіць сябе, а разабрацца ва ўсім не хапала жыццёвага вопыту. Сумнымі аказаліся вынікі яго дзейнасці: 6 снежня 1932 г. 17 жыхароў вёсак Зелянькова і Паўлавічы Паўлавіцкага сельскага савета былі арыштаваны. А ўжо 18 лютага 1933 г. 14 з іх (Цясленку К.А., Патапаву А.К., Трусаву М.Д., Абложкіну П.Т., Філімонаву М.С., Філімонаву Д.А., Філімонаву РА., Гваздзёву Я.С., Мініну Т.Д., Баравікову Д.С., Дзерунову Я.Е., Гапонаву Ф.К., Завадскаму П.Р., Нямыцька М.А.) было прад’яўлена абвінаваўчае заключэнне:
«Бывшие кулаки: полицейские, жандармы, церковники и руководители секты евангелистов… деревни Зеленькова и Павловичи… объединившись под непосредственное руководство прибывшего из Украины попа Тесленко, ожесточенно повели борьбу по срыву мероприятий партии и Советской власти, в частности, по развалу колхозов и в особенности по организации саботажа и срыва хлебозаготовительной компании. Невзирая на противоположность своих религиозных убеждений… собирали нелегальные собрания с целью создания новых контрреволюционных кадров и обсуждали вопросы дальнейшего своего действия.
В результате чего, взяв под свое влияние большую часть отсталого населения Павловичского сельского Совета, окончательно сорвали выполнение плана заготовок по данному сельсовету…
Кулацко-антисоветские элементы своей проводимой работой по разложению колхоза им. Ворошилова сумели вытеснить бедноту из колхозов и натолкнуть ее на разграбление колхозного имущества, сами же, якобы являясь активистами, создавали из вышесказанных лиц кулацкое ядро в колхозе, грабя и зажимая оставшуюся бедноту в колхозе, проводили уравниловку и расхищение колхозного имущества, чем старались доказать, что колхозы не жизненны и не осуществимы.
Присланным для практической работы в данном колхозе студентом Московского института нацменьшинства т.Семеновым вся контрреволюционная работа данной группы была вскрыта и вынесена на массы.
В силу чего они, чувствуя под собой в колхозе не твердую почву, на одном из своих нелегальных собраний с участием попа Тесленко решили уничтожить стоящего на их пути Семенова и провели над ним в ночь на 20-е ноября 1932 г. не удавшийся теракт.
Произведенным по делу предварительным следствием путем допроса целого ряда свидетелей все вышеизложенное подтвердилось.
…Обвиняются в преступлениях, предусмотренных 70, 75, 72 и 76 ст. ст. УК БССР».
Такім чынам, «злачынствы», у якіх абвінавачвалася група сялян з Паўлавіцкага сельсавета, падпадалі пад артыкулы 70, 72, 75, 76 Крымінальнага кодэкса БССР. Што ж гэта за артыкулы? Згодна з Крымінальным кодэксам Беларускай ССР, які быў зацверджаны ЦБК БССР на 3-й сесіі 8-га склікання 23 верасня 1928 г. і ўведзены ў дзеянне з 15 лістапада таго ж года, артыкул 70 абазначаў здзяйсненне тэрарыстычных актаў, накіраваных супраць прадстаўнікоў савецкай улады або дзейнасці рэвалюцыйных рабочых і сялянскіх арганізацый і ўдзел у выкананні такіх актаў, хаця б і асобамі, якія не ўдзельнічаюць у контррэвалюцыйнай арганізацыі. Артыкул 72 складаўся з 2 пунктаў, якія прадугледжвалі прапаганду або агітацыю да звяржэння, падрыву ці аслаблення савецкай улады і такія ж дзеянні пры масавых хваляваннях. Артыкул 75 прадугледжваў контррэвалюцыйны сабатаж, накіраваны на аслабленне ўлады. Што ж датычылася артыкула 76, дык ён быў як бы абагульняючы і ўключаў у сябе «всякого рода организационную деятельность».
Як бачым, абвінавачванні вельмі сур’ёзныя. I вынікі былі адпаведныя. Філімонаў Даніла Андрэевіч, Патапаў Аляксей Кірылавіч, Мінін Трафім Дзямідавіч, Трусаў Мітрафан Дзямідавіч былі прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Іх сем’і высылаліся з родных мясцін тэрмінам на 3 гады «с прикреплением к определенному месту жительства». Да расстрэлу быў прыгавораны таксама і святар Цясленка Кузьма Антонавіч.
Філімонаў Мартын Сямёнавіч, Філімонаў Раман Андрэевіч, Гваздзёў Ягор Савельевіч, Дзеруноў Яфім Ермалаевіч, Гапонаў Фёдар Кірылавіч атрымалі па 10 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.
Абложкін Пётр Тарасавіч, Баравікоў Дарафей Сідаравіч, Завадскі Пётр Фёдаравіч, Нямыцька Мікалай Андрэевіч былі засуджаны на 5 гадоў зняволення.
Мера пакарання для Гваздзёва Я.С. у далейшым была зніжана да 5 гадоў зняволення.
3 чалавекі – Нікіцін Васіль Піліпавіч, Цітоў Пётр Цімафеевіч, Цітоў Архіп Цімафеевіч – былі вызвалены «за адсутнасцю ўлік».
Калі пасля XX з’езда Камуністычнай партыі пачаўся масавы перагляд спраў рэпрэсіраваных, была перагледжана (у 1961 г.) і справа аб контррэвалюцыйнай рэлігійнай групоўцы ў Паўлавіцкім сельсавеце. Вось тады і высветлілася, што справа гэтая была цалкам надуманая і, як кажуць, белымі ніткамі шытая. Абвінавачванне ў контррэвалюцыйнай дзейнасці было зроблена на падставе паказанняў сведкаў, якія з’яўляліся хутчэй чуткамі, чым дакладнымі звесткамі. Ды і подпісаў сведак аб тым, што іх папярэдзілі аб адказнасці за дачу лжывых паказанняў, на пратаколах не было. I хаця ніхто з асуджаных не прызнаў сябе вінаватым, вочныя стаўкі паміж імі і сведкамі не праводзіліся. Не было і канкрэтных улік па справе аб пакушэнні на жыццё Сямёнава. Больш таго, некаторыя паказанні зусім не ўпісваліся ў патрэбную схему і сцвярджалі хутчэй адваротнае.
У архіўна-следчай справе захаваліся паказанні жыхароў вёсак Зелянькова і Паўлавічы, якія яны давалі ў 1961 г., калі справа гэтая пераглядалася. Вось як выглядала тое, што здарылася (паказанні сведак даюцца на мове арыгінала).
Расказвае Нямыцька Цімафей Мікалаевіч, жыхар в.Зелянькова:
«…В период начала коллективизации в нашей деревне был создан колхоз. Но вскоре многие колхозники вышли из колхоза, и колхоз почти распался, в нем осталось несколько хозяйств. Тогда из Минска или из другого центра (точно не знаю) в нашу деревню был прислан представитель Семенов… Проживал он на квартире у бывшего председателя колхоза Филимонова Даниила Андреевича. Филимонов Д.А. в то время являлся активным колхозником, одним из инициаторов создания колхоза и первым его руководителем. Когда большинство колхозников вышли из колхоза, хозяйство Филимонова Д.А. осталось в колхозе, и он проводил работу по возвращению крестьян в колхоз. Активным колхозником являлся также его брат Филимонов Роман Андреевич и их двоюродный брат Филимонов Мартын Семенович. С представителем Семеновым они жили дружно. Особенно дружил с Семеновым Мартын. Они тогда были молодыми людьми и вместе ходили на вечеринки.
В один из вечеров Семенов был избит у дома Филимонова Д., где он проживал. В последствии имел место разговор среди местных жителей, что Семенова якобы избили братья Филимоновы… Я со своей стороны считаю, что такие разговоры не обоснованы…
Потапов Алексей Кириллович в первые годы существования Советской власти якобы являлся коммунистом, но затем из партии выбыл. В период организации колхоза он являлся одним из активистов колхозного строительства и за ним до того времени сохранилась кличка «коммунист».
Обложкина Петра Тарасовича… называли судьей, т.к. он якобы до революции работал на судейской должности…»
Асіпенка Васіль Ягоравіч, жыхар в.Паўлавічы:
«… Как только в нашей местности стали организовываться колхозы, я вместе с другими жителями села Павловичи вступил в колхоз. Организация проходила медленно, многие жители вступать в колхоз не решались. При организации колхозов со стороны жителей противодействия не наблюдалось. Агитации против заготовительной кампании я ни от кого не слышал. О существовании в Павловичском сельском совете контрреволюционной группы, которая проводила бы работу, направленную на срыв колхозного строительства и других мероприятий Советской власти на селе, мне ничего не известно…»
Тарасаў Кузьма Антонавіч, жыхар в.Паўлавічы: «…Я полагаю, что ни до организации в нашей местности колхозов, ни в последующее время из местных жителей никаких контрреволюционных группировок не создавалось.
Из названных мне лиц я знал бывших жителей села Павловичи Трусова Митрофана Демидовича, Дерунова Ефима Ермолаевича, Боровикова Дорофея Сидоровича, Гапонова Федора Кирилловича, Завадского Петра Федоровича, а также Минина Трофима Демидовича.
… Таких фактов, чтобы указанные лица проводили агитацию, направленную на срыв хлебозаготовок, не знаю. Устраивались ли нелегальные собрания в доме Дерунова, мне не известно. По моему мнению, в доме Дерунова не могло проводиться собраний, так как его дом состоял из одной маленькой комнаты, в которой могло собраться не более 5 человек».
На дапрос у следчыя органы быў выкліканы і Нікіцін В.Ф., які таксама праходзіў па справе аб контррэвалюцыйнай рэлігійнай групоўцы ў Паўлавіцкім сельсавеце, але быў вызвалены «за недостаточностью улик». Праўда, на гэтым непаразуменні з уладамі ў яго не скончыліся. Звернемся зноў да дакументаў.
3 пратакола дапроса Нікіціна В.Ф. 12 красавіка 1961 г.:
Пытанне : «Вы подвергались аресту в 1932 г.?»
Адказ: «Да, осенью 1932 г. я был арестован органами ОГПУ и находился под арестом до весны 1933 г.».
Пытанне: «За что вас арестовали в 1932 г. и какое вам предъявили обвинение?»
Адказ: «За что я был арестован, я сам не знаю. Находясь под арестом в течение около шести месяцев, я ни разу не был допрошен и никакого обвинения мне не предъявлялось. Весной 1933 г. я был освобожден, но тогда же до меня было доведено непосильное задание по сдаче семян для посева. Это задание я не мог выполнить, так как у меня просто не имелось такого количества семян. Поэтому вскоре я судом при Павловичском сельском совете был осужден на 6 лет тюремного заключения, за невыполнение задания по сдаче семян. Но, отбыв три месяца, я был освобожден.
… Я никогда не слышал, чтобы в Павловичском сельском совете существовала контрреволюционная группа».
Былі выкліканы на дапрос і тыя людзі, якія ў 1932 г. давалі паказанні супраць сваіх землякоў. Яны адмовіліся ад тых паказанняў, сцвярджаючы, што не падпісвалі пратакол. Так гэта ці не – няхай застанецца на іх сумленні. Мы ж не станем называць гэтыя прозвішчы, бо зараз ужо добра вядома, што падобныя паказанні выбіваліся рознымі спосабамі.
З чэрвеня 1961 г. прэзідыум Магілёўскага абласнога суда вынес наступную пастанову:
«Постановление Тройки при ПП ОГПУ по БССР от 7 марта 1933 г. в отношении Тесленко Кузьмы Антоновича, Потапова Алексея Кирилловича, Трусова Митрофана Демидовича, Филимонова Даниила Андреевича, Минина Трофима Демидовича, Филимонова Мартына Семеновича, Филимонова Романа Андреевича, Дерунова Ефима Ермолаевича, Гапонова Федора Кирилловича, Обложкина Петра Тарасовича, Боровикова Дорофея Сидоровича, Завадского Петра Федоровича, Немытько Николая Андреевича, а также в отношении Гвоздева Егора Савельевича и постановление Тройки при ПП ОГПУ по БССР от 19 февраля 1934 г. отменить, а дело в отношении указанных лиц дальнейшим производством прекратить за недоказанностью их вины».
Г.А.Грыгор’еў, В.В.Грыгор’ева.
ДАКУМЕНТЫ СВЕДЧАЦЬ…
ЗАЯВА ГРАМАДЗЯН ВЁСКІ ШАЎКАВІННЕ ПАЎЛАВІЦКАГА СЕЛЬСАВЕТА КРУГЛЯНСКАГА РАЁНА Ў ПРЭЗІДЫУМ ЦЭНТРАЛЬНАЙ КАНТРОЛЬНАЙ КАМІСІІ КП(б)Б
Пасля 28 кастрычніка 1929 г.
Мы, вышэй упамянутыя гр-не, просім прэзідыум ЦКК КП(б)Б дапамагчы нам, беднякам, таму што 28 кастрычніка г.г. (1929) у в. Шаўкавінне быў сход аб нарыхтоўцы хлеба, сыравінных прадуктаў і ў кошт групы беднаты (засядала да агульнага сходу і вызначыла камісію садзейнічання) былі ўведзены заможныя сяляне, якія плацілі с/г падатак і да т.п. Гэтыя заможныя грамадзяне падгаварылі некалькі беднякоў, каб на тых не наклалі (?) хлеба і бульбы і зрабілі няправільнае развярстанне, якое ўдарыла па бедняках і маламаёмасных серадняках, што будзе відаць з наступнага:
1. Мне, Сырцову Мікалаю Данілавічу, належыць 15 пудоў хлеба і 150 пудоў бульбы, у той час як я маю 5 дзес. зямлі, атрыманай у час землеўпарадкавання, 5 душ сям’і, 1 каня, 1 кар., с/г падатку на 1929/30 гг. – 9 руб.
2. Сырцоў Мікіта: прызначана здаць 150 п. бульбы, у той час калі гаспадарка складаецца: з 1 каня, 1 кар.,.5 душ сям’і, надзел зямлі 5 дзес, падатак плачу 9 руб. 95 кап.
3. Зайкоў Міхаіл – хлеба 30 пудоў, бульбы 350 пудоў, зямлі 6 дзес, 1 конь, 1 жарабя, 1,2 гады, 1 карова, сям’я 5 душ, с/г падатак 15 руб.
4. Зайкоў Іван, 10 пудоў хлеба, зямлі 4,5 дзес., 2 дзес. арэнднай, 1 конь, 2 кар., 9 душ сям’і, с/г падатак 4 руб. і бульбы 150 пудоў.
5. Сырцоў Марцін – хлеба 20 пудоў, бульбы 300 пудоў, зямлі 4,5 дзесяцін, 1 конь, жарабя, 2 кар., 6 душ сям’і, с/г падатак 6 руб.
6. Пехцераў Сазон, хлеба 25 пудоў, бульбы 150 пудоў, зямлі – 1,4 дзес, 1 жарабя, 1 кар., 4 душы сям’і, с/г падатак 6 руб.
7. Пехцераў Сідар – хлеба 30 пудоў, бульбы 250 пудоў, зямлі – 3,06 дзес, 1 конь, 1 кар., 5 душ сям’і, с/г падатак 9 руб.
8. Пехцераў Іван Іпалітаў – 75 п. бульбы, у той час як плачу с/г падатак 6 руб. 85 кап. (скідка з гэтай сумы 1 руб. 44 кап.), зямлі 4,03 дзес, 1 конь, 1 кар., сям’і 6 душ.
9. Зайкоў Ягор – хлеба 30 пудоў, бульбы 350 пудоў, 2 кані, 1 кар., 6 душ сям’і, с/г падатак 13 руб.
Гэтыя вышэй названыя гр-не беднякі і маламагутныя сераднякі, з якіх частка ў мінулыя гады вызвалялася ад с/г падатку, дзякуючы няправільнай развёрстцы хлеба і бульбы падвяргаліся непасільнаму ўзносу прадуктаў. Гр-не больш заможныя за нас, якія маглі здаць лішкі хлеба і бульбы, неабкладзены, таму што яны падгаварылі некаторых беднякоў і выступілі супраць нас – беднякоў. Значыць, тыя гр-не, якія выступілі супраць нас, самі заможныя: Раманаў Павел Аляксееў, зямлі мае 6 дзес., 1 каня, 1 кар., сям’і 4 душы, с/г падатак 22 руб. Таксама неабкладзены Фратавіцкі Васіль Фёдараў. Мае 4 дзес. зямлі і арэнднай 6 дзес, што 10 дзесяцін, 1 каня, 1 кар., 5 душ сям’і, с/г падатак 10 руб. Немыцькоў Пётр. Зямлі 8 дзес, 2 кані, 2 кар., с/г падатак 13 руб. Гэтыя гр-не указаны для прыкладу, а таксама астатнія неабкладзены 8 чал. як зямлёй, так жывёлай, і ў іх меней.
Чаму гэта вось так атрымалася? Дзе тады нашы с/саветы, ячэйкі, чаму яны не бачаць, што бядняк абкладаецца хлебам і бульбаю, а тыя гр-не, якія могуць унесці лішкі, застаюцца ўбаку, а мы не маем сродкаў да існавання. Таму просім нашу вышэйшую ўладу ЦВК і КП(б)Б дапамагчы нам вызваліцца ад накладання хлеба і бульбы, бо мы не маем лішкаў і не можам аплаціць непасільныя для нас сумы, таму што ў мінулыя гады даводзілася самім купляць хлеб для харчавання.
У той час, калі ў гэтым годзе быў Чырвоны абоз, то мы, укараціўшы свой паёк, здалі па 3 – 4 – 5 пудоў хлеба, ідучы насустрач уладзе. Таксама мы не адмаўляліся ад падаткаў бульбы, але толькі як пасільна з нас кожнаму.
Пры гэтым прыкладаем нашы абкладныя лісты па с/г падатку на 1929/ 30 год. Прасіцелі: Сырцоў, Зайкоў і астатнія.
За непісьменных Пехцерава Сазона, Пехцерава Сідара і Зайкова Ягора па іх асабістай просьбе распісаўся гр-н в. Шаўкавінне Паўлавіцкага с/с – Сырцоў.
Вывады па абгляду скаргі в.Шаўкавінне Паўлавіцкага с/с Круглянскага р-на.
Па абгляду матэрыялаў, маючыхся ў Паўлавіцкім с/с, і спрэчак на адчыненым сходзе беднаты сумесна з сераднякамі высветлілася наступнае:
1. Што гр.гр. в. Шаўкавінне, падаўшыя скаргу, сапраўды з’яўляюцца сераднякамі, галоўным чынам маламоцнымі плацяшчымі сельхозпадатку ад 4 – 6 руб. да 13 – 15 руб.
2. Што ў адносінах да гэтай групы сераднякоў было вызначана цвёрдае задание па здачы збожжа і бульбы, якое было зацверджана на сходах беднаты і агульным пры няпоўным удзеле ўсіх сялян вёскі, якая наогул з’яўляецца бядняцка-серадняцкай (абкладзеных у індывідуальным парадку няма).
3. Што па думцы работнікаў с.с, а таксама прадстаўнікоў групы беднаты гр., падаўшыя скаргу, хаця і з’яўляюцца сераднякамі, але настрой іх не серадняцкі, і пагэтаму к ім неабходна было прыняць рашучыя меры, так як інач было бы здадзена зусім мала бульбы і збожжа. (На сходзе Зайкоў Міхаіл заявіў, што калі не будзе здадзена вызначаная колькасць збожжа і бульбы, было пагрожана яму, што ён будзе аштрафаван у 5 кратн. размеры).
4. Такім чынам, яскравыя дырэктывы АК ад 15/Х-1929 г. і АВК ад 25/Х і 26/ХІ – аб тым, што цвёрдыя задання неабходна рашуча праводзіць у адносінах кулацка заможнай часткі было скрыўлена і праводзілася ў адносінах вышэй названай групы слабых сераднякоў. Прычым трэба заўважыць, што вызначаная колькасць збожжа, асабліва бульбы, была зусім непасільна для гэтых гаспадароў. (Заява бедняка Макара Салаўёва, што столькі і не сеялі).
Увага: Адзначаная колькасць бульбы і збожжа гэтымі грамадзянамі была здана часткова, прычым нязначная колькасць да пастановы с.с. у Чырвоным абозе і астатнія пасля пастановы.
5. Што з боку с.с. і ячэйкі зусім мала было зроблена ў справе арганізацыі Чырвоных абозаў і растлумачэнню працы сярод сераднякоў аб неабходнасці здачы сваіх лішкаў, прычым растлумачальная праца была заменена мерамі адм. ўздзейнічання.
6. Нездавальняючым патрэбна лічыць таксама і склад камісіі садзейнічання.
7. З дырэктыў з боку РВК неабходна адзначыць, што 24 жніўня ў сваім лісту да с.с. ён гаворыць літаральна: «вызначаная колькасць для кожнай вёскі, селішча альбо пасёлка размяркоўваецца паасобным дваром дзеля правядзення гэтай працы, трэба пытанне абгаварыць на бядняцкіх сходах вёсак, вясковых актывах і г.д. ». Гэта дырэктыва гаворыць аб тым, што разьмеркаванне неабходна давесці да кожнага двара, хаця бы серадняцкага альбо бядняцкага, а не толькі кулацка-заможнага, што з’яўляецца несправядлівым і скрыўляе лінію партыі, хаця ў дырэктыве ад 25/Х падкрэсліваецца, што кулацкая частка дрэнна здае хлеб і што неабходна нажаць на гэтую частку.
Увага: Вышэй адзначаныя недарэчнасці мною былі растлумачаны як с.с, так і прадстаўніку яч., якія прызналіся ў сваёй памылцы, а таксама на адчыненым сходзе беднаты.
1. На падставе вышэй ізложанага лічыць неабходным зьвярнуць увагу акруговых устаноў на неабходнасць ізжыцця гэтакіх фактаў, падыходаў да серадняцкіх гаспадарак так, як трэба лічыць, што гэткія факты мелі месца не толькі ў в. Шаўкавінне.
2. Паставіць на від РВК і с.с. за дапушчанае скрыўленне, прапанаваць РВК і с.с. пасіліць сваю працу па ўсіх нарыхтоўках (збожжа, лён) пуцём прымянення мер грамадска-растлумачальных і арганізацый Чырвоных абозаў. Таксама больш стала растлумачыць беднаце яе ролю ў нарыхтоўках і палітыку нашай партыі і ўлады ў адносінах да серадняцтва.
Прадстаўнік РСІ Флеер.
Філіял ДА Магілёўскай вобл., ф. 51, воп. 1а, спр. 154, л. 55, 57.
ВЫНІКІ АПЕРАЦЫІ ПА ВЫСЯЛЕННЮ КУЛАКОЎ ПА КРУГЛЯНСКІМ С/С, ХУТ. АЛЬШАНІКІ
Падрыхтоўчая работа па высяленню была распачата ў 11 гадзін вечара 8 сакавіка 1930 г. шляхам склікання камсамольцаў 10 чал. і прыцягнення актывістаў-батракоў, беднякоў і сераднякоў-калгаснікаў 14 чалавек, у ліку якіх было 4 жанчыны. Праз члена сельсавета і выканаўцаў падрыхтаваны падводы і дамоўлена аб прыездзе іх к 9 гадзінам раніцы 9 сакавіка 1930 г. у прызначаныя месцы. Камсамольцы, батракі, бедната і сераднякі разам з упаўнаважанымі сабраліся ў школе і пасля кароткай нарады ў 9 гадзін раніцы 9 сакавіка 1930 г. разбіліся на пяць брыгад і накіраваліся да месцаў прызначэння і роўна ў 4 гадзіны ўжо былі адабраны распіскі ў кулакоў аб аб’яўленні або аб высяленні з межаў БССР, згодна з пастановай беднаты і калгаснікаў. Настрой брыгадзіраў быў выдатны, актыўна прымалі ўдзел па нагляду за кулакамі, сем’ямі і іх маёмасцю. Дапамагалі ім хутчэй укладвацца. Выносілі рэчы на падводы і ўсаджвалі кулацкія сем’і, сачылі за тым, каб не расцягвалася астатняя маёмасць. Навакольныя сяляне не збіраліся, а прыехаўшыя падводчыкі з асаблівым жаданнем стараліся хутчэй іх вывезці з межаў вёскі, кажучы: «Гэта трэба было даўно зрабіць». Шульц Аляксандр, калгаснік, былы батрак кулака Самковіча, быў самым актыўным арганізатэрам брыгад і ўдзельнікам высялення, замыкаў хаты і свірны выселеных, кажучы: «Досыць пасядзелі на нашай шыі, паэксплуатавалі, а цяпер хопіць. Характэрнымі момантамі трэба адзначыць наступнае:
1. Прыйшоўшы да кулака Самковіча В., апошні быў ужо амаль сабраўшыся. Упакавана ўся маёмасць, а адной дачкі не было, бо паехала кудысьці за цёплым адзеннем і прывезла яго ў 7 гадзін раніцы (лісовыя футры, кажухі і паліто). Гэта адбылося дзякуючы таму, што да іх спецыяльна прыехаў іх сваяк Замскі Міхаіл Фёдараў з в.Чубатава Капыскага р-на. Супраціўлення з боку Самковічаў не было, а калі выйшлі і аб’явілі, сказаў: «Так, так, гэта трэба было даўно зрабіць. Гэты хлам у памыйную яму. Ну што я буду рабіць там з гэтымі бабамі. Чорт іх бяры, хай едуць са мной. На чорта я братоў сваіх вызваліў ад зямелькі, скупліваючы, выплачваючы. Выплачваў, калі пуд жыта быў тысячамі і мільёнамі, варта за нашу сквапнасць». Пры пасадцы іх прыехаў да іх развітацца гр. х. Альшаньнікі, моцны серадняк Грушэцкі з жонкаю і дачкою (сваякі), развіталіся без усялякіх размоў і паехалі развітвацца да кулака Арлоўскага, а потым пасля развітвацца не прыходзілі. Пры ад’ездзе Самковіч сказаў: «Ну, бывайце, спажывайце, неяк будзе». Едучы выказаў думку, што хутка вернецца і ўступіць у калгас. «Думаю, хутка ўбачымся». (Змест сказанага дваякі ў сувязі з распаўсюджанымі чуткамі, што вясной будзе вайна).
2. У кулака Арлоўскага асабліва характэрных момантаў не было. Галава сямейства аб’явіў сябе хворым, але пасля непрацяглых угавораў, растлумачэнняў згадзіўся і пачалі збірацца… Праводзіць ніхто не прыходзіў, акрамя дачкі Грушэцкага і брыгадзіраў, якія праводзілі работу. Паводаль стаяла некалькі жанчын, а развітваліся з дзяўчатамі тры або чатыры сялянскія дзеўкі, іх сяброўкі. Сам Арлоўскі ўвесь час маўчаў і пры ад’ездзе ні з кім не развітваўся. На дарогу забраў з сабою дзве паўлітроўкі, а лякарства, якое падала яму дачка, паставіў на акно, гаворачы: «Не, гэта мне не трэба».
3. Пры высяленні сям’і кулака Шафранскага было наступнае. Шафранскай не было дома да 7 гадзін. Потым прыйшла і ўвесь час плакала, плакалі дзеці, кляла мужа. Не жадала збірацца. Брыгадзіры ўкладвалі рэчы, наварылі есці і пакармілі дзяцей. Пры пасадцы не хацела ехаць, плакала. Сабралася каля дваццаці баб і гаварылі, не трэба высяляць. Асабліва актыўна абаранялі яе наступныя:
Каласоўская, маці камсамольца Каласоўскага Івана, Іваноўская Наста, жонка члена с/с, серадняка і Бекешка Хаўроння – бяднячка. Крычалі – не трэба высяляць, пакіньце яе тут, бедната пастановы не выносіла. «Хай таго і абкладуць, хто іх індывідуальна абклаў». Бекешка Хаўроння нават спрабавала падысці да ўпаўнаважанага, фізічна хацела прымусіць пусціці назад у хату дзяцей і Шафранскую.
Дзяцей Шафранскай апранулі, сабраўшы вопратку ў іншых кулакоў, якія выехалі раней. З Шафранскай развітваліся і расцалаваліся некалькі баб. Група жанчын на чале з Навіцкай Васяй апраўдвалі дзеянні беднаты і абаранялі пастанову сходу калгаснікаў і беднаты аб высяленні. Абзывалі Каласоўскую, Іваноўскую і Бякешку падлючнікамі і выкрываючы, што яны самі на сходзе беднаты крычалі аб высяленні ўсіх кулакоў.
4. Пры высяленні Захаранка і Альшэўскіх нікога не было, прыйшлі развітвацца толькі сяброўкі дзяўчат высяляемых кулакоў. Размоў асаблівых не было. Захаранка старая нават пры ад’ездзе расказала, як даглядаць пчол, якія стаялі ў хаце ў цёмным калідоры.
Заўвага: Паводле паведамлення брыгадзіра Шульца Аляксандра, што Самковічу (?) прыехаў загадзя папярэдзіць Замскі – частка рэчаў, посуд і хлеб перададзены іх сваякам Грушэцкім (?) грам. х. Альшаннікі Круглянскага с/с.
Уся аперацыя закончана была к 11/12 гадзінам дня 9 сакавіка 30 года. Маёмасць перададзена члену с/с і старш. калхоза.
Подпіс неразборлівы.
Філіял ДА Магілёўскай вобл., ф. 51, воп. 1а, спр. 162, л. 23.
СТАЛІНСКІЯ РЭПРЭСІІ НА КРУГЛЯНШЧЫНЕ
З пачатку 1930-х гадоў жыццё савецкага грамадства стала нібы двайным: з аднаго боку – трагічны лёс несправядліва абвінавачаных людзей, з другога – упартая, самаадданая праца па пераўтварэнні краіны. Кожны з гэтых бакоў жыцця меў свой закон. Тыя, каго абмінулі і не закранулі жорсткія рэпрэсіі, пачалі жыццё са снежня 1936 года па новай Канстытуцыі СССР. Тады ў кожным кутку вялікай краіны, у тым ліку і на Кругляншчыне, прайшлі сходы па абмеркаванні праекта новай Канстытуцыі. У Круглянскім раёне прайшлі 133 сходы жыхароў (прысутнічала каля 15 тыс. чалавек). Да праекта Канстытуцыі было ўнесена 16 дапаўненняў, некаторыя з іх спрэчныя і супярэчлівыя. Так, калгаснік калгаса «Ільіч» Сіманаўскага сельсавета В.Руцай унёс дапаўненне аб тым, што не трэба ўстанаўліваць у правах галасы паноў, жандараў і тайных сышчыкаў. Ц. Руцай з калгаса «Молат» таго ж сельсавета прапанаваў, каб калгасы выдавалі пуцёўкі ў Дамы адпачынку бясплатна, адкрываць для дзяцей сады і яслі і больш надаваць увагі старым. Селянін А. Выгоўскі з калгаса «Другая пяцігодка» Мархлеўскага сельсавета прапанаваў даваць правы выхаду з Саюза ССР толькі пасля ўсенароднага пагаднення. Член калгаса «Камуністычны шлях» Комсеніцкага сельсавета Мядзведзеў прапанаваў прызываць на службу ў Чырвоную Армію дзяўчат, калі яны захочуць служыць. Было шмат і іншых прапаноў і дапаўненняў. Гэтыя дапаўненні датычылі ў асноўным правоў грамадзян.
Фальшывым спектаклем у жыцці нашай рэспублікі стала падпісанне пісьма правадыру і настаўніку ўсіх народаў Сталіну. 10 ліпеня 1936 г. закончылася абмеркаванне і падпісанне гэтага пісьма ў Круглянскім раёне. Было сабрана больш за 5 тыс. подпісаў, якія разам з пісьмом былі накіраваны ў ЦК КП(б)Б. З дакладной запіскі ў ЦК КП(6)Б, падпісанай 20.7.1936 г. сакратаром Круглянскага райкома партыі, відаць, што працоўныя Круглянскага раёна ад малых да старых з вялікім энтузіязмам падпісалі пісьмо Сталіну. Аднак архіўныя матэрыялы сведчаць, што ў гэтым раёне было нямала людзей, якія бачылі ў гэтым акце падман і ўгодніцтва. Так, каваль з калгаса «Навіна» Ляснянскага сельсавета сказаў, што ён не бачыў чарапіцы на дахах і каб па трубах цякла вада ў хату. Калгаснік Н. Іванькоў з калгаса «Каменка» Цяцерынскага сельсавета заявіў, што пісьмо напісана недакладна і што ў нас не хапае хлеба для сябе, не толькі для гасцей… У калгасе няма ніводнай хаты, пакрытай чарапіцай, а ўсе сялянскія хаты пакрыты саломай. Селянін М.Е. Балабуеў на адным са сходаў як бы падвёў вынік усёй камедыі наконт падпісання пісьма. Ён сказаў, што падпісваць пісьмо Сталіну не будзе, бо ўжо прымушалі падпісваць пісьмо ў грамадзянскую вайну і тады гаварылі, што сялянам будзе добра жыць, а потым сялян давялі да гібелі і ім цяпер няма магчымасці жыць. «Таму няхай падпісвае пісьмо Сталіну той, каму жывецца добра, а ён падпісваць адмаўляецца…» Адмовіліся падпісаць пісьмо правадыру ў калгасах «7-ы з’езд Саветаў» (Круглянскі сельсавет), «Чапаеў» (Паўлавіцкі сельсавет) і інш. Гэтыя выказванні простых людзей аб’яўляліся антысавецкімі і контррэвалюцыйнымі. Органы НКУС БССР адразу звярнулі на гэта ўвагу і ўзялі на заметку. Поспехі ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі і культуры стрымлівалі камандна-бюракратычныя метады кіравання, якія ўсё больш набіралі сілу. Вядомы лозунг аб абвастрэнні класавай барацьбы па меры руху да сацыялізму стварыў атмасферу падазронасці, неабгрунтаваных рэпрэсій. Пачалося паляванне на «ведзьмаў».
Паводле назіранняў начальніка Круглянскага раённага аддзела НКУС Яхно ў 1936 г. «выкладчыкі і нават школьнікі былі засмечаны чужымі элементамі». У чым і як гэта канкрэтна праяўлялася? Напрыклад, на сходзе ў калгасе «Маяк», які праводзіў інструктар райкома партыі Тузаў, пры абмеркаванні пытання «Прамова тав. Сталіна на першай нарадзе стаханаўцаў» з «антысавецкай» прамовай выступілі настаўніца Ваньковіч, якая заявіла, што ўсе гэтыя сходы – гэта пустая балбатня, надакучылі ўсім лозунгі: то тэхніка вырашае ўсё, то кадры вырашаюць усё, а лозунг Сталіна, што жыць стала лепей і весялей, у нас не адчуваецца. Трапіўшы на заметку НКУС, можна толькі меркаваць, што чакала за такія «крамольныя» прамовы сумленную настаўніцу ў 1937 г. Больш таго, антысавецкія настроі ў масы, аказваецца, неслі і школьнікі. Быццам бы з-за таго, што недастаткова праводзілася масава-растлумачальная работа сярод дзяцей, яны спявалі контррэвалюцыйныя прыпеўкі. Паводле паведамлення таго ж начальніка РА НКУС Яхно, вучаніца 6-га класа Шапялевіцкай НСШ Каця Макарава несла ў масы антысавецкія лозунгі, настроі, спяваючы прыпеўкі наступнага зместу: «Устань, Ленін, агляніся, як калгасы разышліся, сенцы, хата стаяць бокам, а кабыла з адным вокам». (Філіял ДА Магілёўскай вобл., ф. 51, воп. 1а, спр. 241, л. 61.) Усё часцей недахопы ў развіцці гаспадаркі тлумачыліся «сабатажам» і прамым «шкодніцтвам» ворагаў савецкай улады. У справаздачы аб дзейнасці Круглянскага РК КП(6)Б за 1936 г. падкрэслівалася, што магутнасці машын на льнозаводзе поўнасцю не выкарыстоўваюцца. Асноўнай прычынай гэтага былі шкодніцкія дзеянні з боку механіка Белашыстава (арыштаваны органамі НКУС), ад чаго мела месца псаванне машын і іх прастой. У гэтай справаздачы адзначаліся таксама прычыны адставання ў развіцці сельскай гаспадаркі. Органы НКУС адзначылі, што асноўнымі прычынамі дрэннага выканання планаў у сельскай гаспадарцы з’яўлялася прамое супраціўленне з боку спецыялістаў-аграномаў ажыццяўленню агранамічных мерапрыемстваў, выкарыстанню хімічных угнаенняў, правільнай арганізацыі працы. Адсюль няякасныя палявыя работы, недысцыплінаванасць у працы, што прыводзіла да нізкіх ураджаяў і страт у шэрагу калгасаў. Адразу старшыя аграномы райза і МТС былі арыштаваны органамі НКУС.
Найбольш вядомым судовым працэсам, які закрануў працаўнікоў Кругляншчыны, была сфабрыкаваная справа «Контррэвалюцыйнай паўстанцкай і дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі ў сістэме Наркамзема БССР і Белтрактарацэнтра». З абвінаваўчага заключэння па гэтай справе ад 8.5.1933 г. вынікала, што контррэвалюцыйная арганізацыя на Беларусі пачала афармляцца ў снежні 1931 г. і ставіла сваей канчатковай мэтай звяржэнне савецкай улады і ўстанаўленне буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі з ліквідацыяй сацыялістычных элементаў у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, аднаўленнем прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці і перадачай былых маёнткаў, фабрык і заводаў былым іх гаспадарам. Было прыцягнута да адказнасці больш як 600 чалавек, сярод якіх («эсэраў», «кулакоў», «бандытаў») былі і жыхары Круглянскага раёна Шупенеў Фёдар, Сазановіч Мацвей, Сазановіч Іван, Маркевіч Захар, Жудро Мікіта, Казлоў Філімон, Мяцеліца Пётр, Бондаpaў Аляксей і іншыя. Яны абвінавачваліся ў тым, што як члены контррэвалюцыйнай арганізацыі ўваходзілі ў контррэвалюцыйную ячэйку ў калгасе «Васількі», удзельнічалі ў пасяджэннях, нелегальных сходах, якія склікаў кіраўнік І.Г.Казырэўскі (старшы аграном Талачынскай МТС) і Н.Е.Крывіцкі (аграном Талачынскай МТС). Па іх заданні яны выводзілі са строю цяглавую сілу, зрывалі рамонт сельскагаспадарчага інвентару, разбазарвалі насенне і гэтым зрывалі падрыхтоўку да веснавой сяўбы. У працэсе следства (а больш дакладна – біцця і здзекаў) Ф. Шупенеў, М. Сазановіч, З. Маркевіч, П. Мяцеліца, І. Маркевіч, А. Бондараў вінаватымі сябе не прызналі. Усе яны былі асуджаны. Толькі ў ліпені 1958 г. яны былі рэабілітаваны. З вызначэння ваеннага трыбунала БВА ад 18.7.1958 г. відаць, што большасць з прыцягнутых па гэтай справе (383 чалавекі) вінаватымі сябе ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі не прызналі. 1937 год увайшоў у нашу гісторыю як год «вялікага тэрору». Менавіта ў 1937 – 38 гг. была знішчана наибольшая колькасць людзей. Вялікі размах набыла таксама кампанія па «чыстцы» партыйных радоў. У Круглянскім раёне пры праверцы і абмене партыйных дакументаў з партыі было выключана каля 50% агульнай колькасці камуністаў. Большасць з выключаных былі рэпрэсіраваны. Ў пярвічнай арганізацыі райвыканкома было выключана з партыі і арыштавана органамі НКУС 6 чалавек, у Круглянскай МТС 2 чалавекі, Цяцерынскай МТС – 2 чалавекі, а ўсяго выключана і арыштавана 13 чалавек. Органамі НКУС быў арыштаваны дырэктар Круглянскай МТС К.К. Станішэўскі, быццам бы завербаваны наркомам земляробства БССР Бенекам. У адной са справаздач Круглянскага РК КП(б)Б гаварылася, што мэтай шкодніцтва ў МТС было выводзіць са строю трактары і іншыя машыны, зрываць будаўніцтва ў МТС, займацца шкодніцтвам у калгасах, разлагаць працоўную дысцыпліну, рабіць дрэннае ворыва і інш. А каб арыштаваныя пацвярджалі гэтыя «абвінавачанні», запалохвалі, білі, учынялі пакутлівыя допыты. Прывядзем яшчэ адно «выкрыццё» шпіёна і дыверсанта І.П. Ігнатовіча, арыштаванага 9 лістапада 1937 г. Працаваў механікам у Круглянскай МТС. З архіва КДБ Рэспублікі Беларусь відаць, як у час допыту «пацвердзіў», што ён на тэрыторыі СССР праводзіў шпіёнскую работу на карысць Польшчы, атрымліваў заданні выводзіць са строю сельскагаспадарчыя машыны, трактары, падбіраць дрэнных работнікаў, збіраць звесткі аб настроях рабочых МТС, разлагаць працоўную дысцыпліну. Далей з паказанняў даведваемся, што І.П. Ігнатовіч рыхтаваў тэрарыстычны акт (хацеў падпаліць МТС), але перашкодзіў яго арышт. Ва ўсім прызнаў сябе вінаватым і 17 снежня 1937 г. расстраляны. Неверагодныя, дзікія, з пальца высмактаныя абвінавачанні, і гэта ў той час, калі добрыя механікі, трактарысты былі, як кажуць, на вагу золата.
Не абышлі рэпрэсіі і камсамольскія арганізацыі раёна. Органы НКУС БССР адзначылі, што ні РК КСМ, ні пярвічныя камсамольскія арганізацыі не здолелі своечасова выкрыць контррэвалюцыйную арганізацыю ў в.Філатава, Круглянскай МТС і інш. Улічваючы гэтыя недахопы, ЦК ЛКСМБ вынес рашэнне аб перавыбарах усяго складу райкома камсамола. Адначасова пачалася чыстка камсамольскай арганізацыі ад контррэвалюцыянераў, трацкістаў. Былі рэспрэсіраваны камсамольцы Кароткі, Кубачэўскі, Штылікаў і многія іншыя.
Сталін і яго бліжэйшае акружэнне, рэпрэсіўныя органы ўбачылі, што справа з рэпрэсіямі ў краіне зайшла занадта далека, таму, каб хоць неяк апраўдаць свае дзеянні, адвесці ад сябе ўчыненыя злачынствы, у студзені 1938 г. выйшла пастанова пленума ЦК ВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ўхіленні гэтых недахопаў». У справаздачах Круглянскага РК КП(6)Б за 1937 – 38 гг. адзначалася, што ворагі народа збівалі і выключалі з партыі чэсных камуністаў. Так, Ласюкова выключылі з партыі за страту класавай пільнасці і сувязь з кулацтвам, аднак праверка матэрыялу не ўстанавіла яго віны. Камуніста Віленчыка выключылі з партыі за незабеспячэнне работай у саўгасе «Маладая гвардыя», за перарасходванне грошай і іншае, аднак праверкай і дакументамі гэтыя факты абвергнуты. Камуніст Сырцоў працаваў народным суддзёй, яго выключылі з партыі за бяздзейнасць у рабоце і бюракратызм, а ворагі народа, якія сядзелі ў райвыканкоме, не стваралі ўмоў для работы, і яму даводзілася са справамі суда хадзіць ледзь не па хатах і прасіцца. 3 15 мая 1937 да 15 мая 1938 г. па Круглянскім раёне была перагледжана 21 заява і адноўлена ў партыі 13 чалавек (філіял ДА Магілёўскай вобл., ф. 9, воп. 7а, спр. 32, л. 57).
Як адзначалася ў той жа справаздачы, нягледзячы на тое, што праверка і абмен партыйных дакументаў праходзілі паспяхова, раённая партыйная арганізацыя і пасля гэтага была засмечана нявыкрытымі ворагамі. Аднак сталінскія рэпрэсіі на доўгія гады ўсялілі ў свядомасць людзей страх і недавер’е.
Г.А.Грыгор’еў.
ВЕРНУТЫЯ ІМЁНЫ
Сталінскія рэпрэсіі 1930 – 50 гадоў пракаціліся і па Кругляншчыне. Людзі вырошчвалі хлеб, гадавалі дзяцей, словам, займаліся мірнай стваральнай працай і раптам станавіліся «ворагамі народа», страчвалі свабоду, часта нават і жыццё. Якія толькі абвінавачванні не прыпісваліся ім: і прыналежнасць да нацыяналістычных арганізацый, антысавецкая прапаганда, агітацыя супраць калгасаў і інш. Многія з гэтых людзей былі рэабілітаваны яшчэ ў 1950 – 60-я гады, іншыя пазней. Людзям вяртаюцца іх чэсныя імёны. У працэсе работы над кнігай «Памяць» сталі вядомы прозвішчы рэабілітаваных людзей, якія прыводзяцца ніжэй.