ЖУК Фёдар Кірылавіч, н. у 1889 у в.Цяплухі Асіповіцкага р-на, старшыня Круглянскага райвыканкома. Па пастанове камісіі НКУС і Пракурора СССР 27.9.1937 прыгавораны да расстрэлу. Загінуў 19.12.1937. Рэабілітаваны ВТ БВА 24.5 1961.

 


«… ПРАШУ ВЯРНУЦЬ ДОБРАЕ ІМЯ»


 

    Цікавы лёс гэтага чалавека. Больш за 10 гадоў пражыў ён у Амерыцы, з’яўляўся членам амерыканскай сацыялістычнай партыі. Патрапіла яму нават з Троцкім удзельнічаць у рабоце аднаго з кангрэсаў. У 1920 г. у якасці палітэмігранта легальна прыязджаў у СССР. Займаў многія адказныя пасады. Апошнія 13 гадоў працаваў старшынёй райвыканкомаў у розных раёнах БССР.

У верасні 1937 г. Ф.К. Жука арыштавалі. Гэта быў ужо сёмы арышт у яго жыцці (папярэднія шэсць працягваліся нядоўга, у цэлым ён правёў у турмах 8 месяцаў і кожны раз паспяхова вяртаўся дадому). Чым заслужыў загадчык млына такі «гонар»? Справа ў тым, што на гэтай сціплай пасадзе Фёдар Кірылавіч працаваў толькі ў апошні перад арыштам час, калі ўжо быў выключаны з партыі як трацкіст. Да гэтага ён працаваў старшынёй Круглянскага райвыканкома.

Зразумела, што ў 1937 г. чалавек, які сустракаўся з Троцкім ды яшчэ працяглы час жыў за мяжой, не мог заставацца на свабодзе. НКУС СССР прад’явіў Ф.К. Жуку наступнае абвінавачанне: «Жук Фёдар Кірылавіч з’яўляецца агентам разведвальных органаў Польшчы. Завербаваны ў 1931 г. польскім агентам Славінскім (Адам Сямёнавіч Славінскі, партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, расстраляны ў 1937 г.), праз якога ад разведвальных органаў Польшчы атрымліваў заданні для шпіёнска-дыверсійнай работы на тэрыторыі СССР на карысць Польшчы.

Па заданні польскіх разведвальных органаў для шпіёнска-дыверсійнай работы на тэрыторыі СССР на карысць Польшчы завербаваў 3 чалавекі.

У 1931 г. разведвальнымі органамі Польшчы праз польскага агента Славінскага перадаў шпіёнскія звесткі аб палітычным настроі сялян, аб становішчы сельскай гаспадаркі ў Уздзенскім раёне і аб стане шашэйных дарог. Па заданні польскіх разведорганаў у 1937 г. сярод членаў ВКП(б)Б Круглянскай партыйнай арганізацыі праводзіў разлагальную работу, займаўся п’янствам, развальваў апарат райвыканкома. Вінаватым сябе ў шпіёнска-дыверсійнай дзейнасці прызнаў…».

Рашэннем камісіі НКУС СССР і Пракурора СССР 22.11.1937 г. Ф.К. Жук асуджаны да расстрэлу і 19.12.1937 г. расстраляны.

Доўгі час сям’я Фёдара Кірылавіча нічога не ведала аб ім.

У 1961 г. жонка Фёдара Кірылавіча Антаніна Іванаўна Жук накіравала ліст у ваенную пракуратуру г.Масквы з просьбай паведаміць пра лес Ф.К. Жука, яго рэабілітацыю і вярнуць яе мужу добрае імя. У маі 1961 г. ваенны трыбунал БВА адмяніў пастанову НКУС СССР і Пракурора СССР ад 22.11.1937 г.

Тады ж высветлілася і тое, што ніякіх падстаў для арышту і тым больш для расстрэлу Ф.К. Жука ў судовых органаў не было. Абвінаваўчае заключэнне грунтавалася толькі на яго асабістых паказаннях, дадзеных ім усяго толькі на адзіным допыце. Чэснае імя Жука Фёдара Кірылавіча было вернута яму пасмяротна.

В.В.Грыгор’ева, Г.А.Грыгор’еў.