З зямлі на Кабыляках зрабілі магілку бацьку ў роднай весцы

 

Штогод у першыя дні лістапада на “Дзяды” ў Беларусі ўзгадваюць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Традыцыя павялася з канца 90-х гадоў, калі пад Мінскам было раскрытае ўрочышча Курапаты. Гэта – лясны масіў, дзе ў 1937-1941 гадах бальшавікі расстралялі ад 30 000 да 100 000 (па ацэнках некаторых даследчыкаў, да 250 000) чалавек. Пра тое, што Курапаты – не адзінае месца масавых забойстваў яшчэ раз давялося даведацца ад жыхаркі Горак Марыі Арлоўскай. Бабуля, якой зараз 83 гады, расказала пра тыя змрочныя часы, а таксама пра арышт і расстрэл свайго бацькі.

“Памятаю, як зараз”

Жылі мы ў Цяплухах. Няма гэтай вёскі цяпер. Стаяла яна ў чатырох кіламетрах ад сённяшняга Леніна. Ну, не ведаю, як распавесці, дзе дакладна яна месцілася. Побач Красуліна, у Дуброўна мы вішні вазілі прадаваць. Памятаю дакладна, што сяло наша адносілася да Макараўскага сельскага савету Горацкага раёну.

Сям’я была вялікая. У той час шмат было такіх сем’яў. Нас усіх было трынаццаць душаў: адзінаццаць дзяцей, маці і бацька. Жылі ўсе разам у адной хаце. Як зараз памятаю яе памер – дзевяць на дзевяць метраў.

Тата трымаў добрую гаспадарку. Тады казалі, што быў “серадняком”. Можа цяпер такое ўжо слова забылі людзі. Былі чатыры рабочыя кані, яшчэ два маладыя, 10 дзесяцінаў зямлі, 50 сотак саду, свая малацілка, сянніца і гумно. Як пачалі гнаць у калгасы, дык усё дабро мы добраахвотна туды перадалі. Бацька адным з першых у вёсцы ўступіў у калектыўную гаспадарку, бо вельмі баяўся за нас і не хацеў спрачацца з савецкай уладай.

Пухлі ад голаду

Праца ў калгасе была амаль дарэмная. Нам не плацілі грошай. Толькі давалі на працадзень пэўную колькасць ад калгаснага дабра – зерне ці нешта яшчэ, таксама ўжо забылася. Але дакладна памятаю, што праз голад уся бяда і пачалася. Страшэнна не хапала ежы. Пухлі мы на вачах. Малыя ж яшчэ былі. Гэта дарослы неяк можа трываць, а малы ж расце, есці хоча заўсягды. Бацька раззлаваўся моцна і пайшоў да калгаснага рахункаводу. Прасіў, каб даў хлеба. Сварыўся. Але нічога не атрымаў. А мы ж выпрацавалі тысячу працадзён!

Скажу праўду, пра тое, што тут я расказваю, у сям’і гаварыць было нельга. Моцна былі мы спалоханыя пасля таго, як бацьку забралі. І толькі пазней што сама памятала, а што маці мне гаварыла. Вельмі яна мяне любіла, як на сябе малую глядзела, таму ўсё і расказала падрабязна. Дык вось маці казала, што пасварыўся той рахункавод з бацькам і прыгразіў яму моцна. Напісаў на яго данос куды трэба. Умеў пісаць і ведаў, што напісаць, каб пасадзілі і забілі.

Начны хапун

Па бацьку прыехалі ноччу. Нас усіх паднялі. Моцна крычалі. Былі людзі тыя нам незнаёмыя, з Горак прыехалі на машыне. Маці нічога не зразумела, таму адразу паказала, дзе бацька. А яго ў хаце не было. Ён у тую ноч сад ахоўваў. Як зараз падумаю, дык мог бы і збегчы. Але ж ад чаго яму было хавацца, калі невінаваты ён быў ні ў чым такім страшным? Таму і не бег, таму і маці адразу паказала дзе ён знаходзіцца. Не зразумела нічога было. Восень, холадна. Мы стаім усе пасярод хаты, калоцімся ці то ад страху, ці то ад слоты. А гэтыя людзі нешта крычаць, рукамі махаюць, пагражаюць. Тлум, такі во тлум мне запомніўся.

Тая ноч была ўвогуле жудаснай. Як потым мне казала маці, у Піліпаве таксама людзей хапалі. Во тады іх у тыя машыны пабралі і на Оршу павезлі. Там была турма. Здаецца, адразу не расстрэльвалі людзей. Яшчэ нейкі час яны сядзелі ў той турме ў Оршы, але перадачы ім былі забаронены, і сустракацца было з арыштаванымі нельга. А потым павезлі ўсіх на вёску Андрэеўшчына на Кабыляцкую гару. Гэта як на Віцебск ехаць ад Оршы. Там усіх чыста і расстралялі. Такі “хапун” быў людзей – ніякага суда.

Пра тое месца я пачула яшчэ раз пазней, калі ўжо сама працавала ў Оршы на будоўлі. Адзін дзед, які там таксама быў, прызнаўся неяк, што сваімі рукамі закопваў трупы расстраляных – такі яму быў загад. Тады мы з сястрою пайшлі ў тое месца. Гэта невялікі гай за горадам. Туды нават жалезная дарога вядзе. Прыйшлі, паглядзелі як усё там. Накапалі зямлі ў хусткі і перахавалі гэтую зямлю ў нашых Цяплухах. Гэтак зрабілі, каб была магіла ў бацькі.

Людзей хацелі застрашыць

Зараз во чую, кажуць некаторыя: трэба нам Сталін, каб парадак быў. Гэтак кажуць тыя, хто пры Сталіне і дня не пражыў. Не ведаюць, што кажуць. Гэта быў не парадак. Гэта нейкае зло было. Мала таго, што бацьку расстралялі, дык пасля яшчэ двух старэйшых братоў з працы пагналі. Лёньку – з лётчыкаў, а Андрэя – з аховы. Бо ж і яны – “ворагі народу”.

Але ж і гэта не ўсё. Сястру маю Ганну такі ж лёс напаткаў. На яе калгасная даглядчыца жывёлы данос напісала. Маўляў, Ганна на Сталіна кепскае гаварыла. А сястра мая ў полі працавала. І як тая даглядчыца жывёлы магла пачуць, што Ганна гаварыла? Але ж ніхто не разбіраўся. Ніякага суду, ніякіх законаў. Людзей хацелі застрашыць, каб былі паслухмяныя, каб маўчалі, каб нічога не прасілі. Тады Ганна засталася жывая. Яе саслалі ў Комі АССР на дзевяць гадоў.

Памерлі ўжо зараз усе. І даносчыкі ж таксама памерлі. Зараз Бог усіх судзіць, як яны тут людзей судзілі.

Памяць пра ахвяраў

Алесь Шутаў, аршанскі краязнаўца, расказаў, як выглядае зараз месца масавых расстрэлаў – Кабыляцкая гара.

– У цэлым пад Оршай у часы сталінскіх рэпрэсіяў было расстраляна каля пяці тысяч чалавек. Сюды прывозілі людзей і з Горацкага раёну. Вёска Андрэеўшчына – не адзінае месца, дзе людзей пазбаўлялі жыцця, але, трэба меркаваць, найбольшае з тых, што ёсць каля Оршы. Яшчэ дакладна вядома адно месца расстрэлаў – на магілёўскім кірунку ад горада. Звяртае ўвагу тая акалічнасць, што каб выканаць свой загад, карныя органы не ехалі некуды далёка. Усё адбывалася ў бліжэйшых да Оршы лясах.

Зараз на Кабыляцкую гару штогод прыходзяць людзі, каб памянуць ахвяраў сталінізму. Напрыканцы 90-х улады горада Оршы ўсталявалі тут памятны знак і дошку з выбітымі на ёй словамі Ганны Ахматавай. Сваякі расстраляных усталявалі драўляныя крыжы.

Чытаючы хроніку

У кнізе “Памяць” Горацкага раёну цэлы раздзел “Вернутыя імёны”прысвечаны рэпрэсаваным землякам. На 30 старонках змясціліся хіба што не ўсе асуджаныя, сасланыя і расстраляныя. Сярод іх – Герасім Арлоўскі, бацька Марыі Арлоўскай, гераіні гэтага матэрыялу. Пра яго напісаны адзін толькі сказ. У гэтым кароткім радку – цэлае жыццё і характарыстыка той жудаснай эпохі, сведкаў якой амаль не засталося ў жывых. “Арлоўскі Герасім Фядосавіч, нарадзіўся ў 1872 годзе, 27 верасня 1937 года прагавораны да расстрэлу, рэабілітаваны ў 1989 годзе”.

Ілля Заранок

http://old.horki.info/content/view/788/40/