ВАСІЛЕЎСКІ Даніла Мінавіч кандыдатам Аршанскай філіі «Маладняка»

ВАСІЛЕЎСКІ Даніла Мінавіч

http://pridvinie.vlib.by/index.php?option=com_mtree&task=att_download&link_id=7273&cf_id=36

Даніла Мінавіч Васілеўскі нарадзіўся 17 снежня 1889 года ў вёсцы Новае Сяло Віцебскай губерні ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацька яго, Міна Рыгоравіч, слыў чалавекам паважаным, шмат чаго ведаў і ўмеў рабіць, маці — Мініха — была жанчынай набожнай, усё жыццё клапацілася пра дзяцей і малілася за іх.

Пасля заканчэння школы малады Васілеўскі працягваў вучобу ў Полацкай настаўніцкай семінарыі, дзе ўпершыню пазнаёміўся з беларускай літаратурай і нацыянальна-культурным рухам. Там Васілеўскі ўвайшоў у гурток «Вястун ведаў», што знаходзіўся пад уплывам народніцкіх і сацыял-дэмакратычных ідэй. З 1910 пачаў збіраць фальклор на Полаччыне. Працягваў адукацыю ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце. Ужо ў час вучобы пачаў супрацоўнічаць з віцебскімі выданнямі. Па заканчэнні інстытута Васілеўскі працаваў школьным настаўнікам у розных мясцінах губерні, распаўсюджваў беларускую мову і знаёміў моладзь з беларускай літаратурай. Дасылаў свае допісы ў часопіс «Школа и жизнь» (псеўданім М. Доброведовский) і ў газету «Наша ніва» (псеўданімы Шчыры і Вітэнь Д.). З 1919 быў інструктарам школ на Віцебшчыне. На гэты час прыпадае і яго праца ў Полацкім таварыстве па вывучэнні мясцовага краю. У 1921 годзе Даніла Мінавіч пераехаў ў Оршу і займаў тут адказную пасаду інспектара народнай асветы горада. У 1920-я г. актыўна далучыўся да краязнаўчага руху: у 1923 арганізоўвае Віцебскае губернскае бюро краязнаўства, з 1924 — намеснік старшыні Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства. У 1925 стаў кандыдатам Аршанскага філіяла «Маладняка». Публікаваўся ў газетах «Савецкая Беларусь» і «Придвинский край». З 1930 у Магілёве, выкладчык і першы дэкан геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. Удзельнік раскопак верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж.

У 1931 годзе Васілеўскага выключылі з партыі. Разам з групай іншых выкладчыкаў і навукоўцаў ён быў абвінавачаны ў прыналежнасці «к контрреволюционной нацдемовской контрабанде в процессе преподавания». Арыштаваны 9.12.1936, высланы ў Котлас. Потым працаваў буравіком у Варкуце. Пасля вызвалення з 1945 — тэхнік-геолаг у Варкуце. Рэабілітаваны ў 1956. Апошнія гады жыў у Феадосіі.

Творчая і даследчыцкая дзейнасць

Перыяд творчай актыўнасці Д. Васілеўскага прыпаў на эпоху культурна-нацыянальнага адраджэння рэспублікі ў 20-я гады. Ён стаў актыўным прыхільнікам палітыкі беларусізацыі, якая з’явілася спробай ва ўмовах Савецкай улады ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне, і распаўсюджваў яе ідэі на Аршаншчыне. На фоне значных змен, якія адбываліся ў агульнаадукацыйных і вышэйшых школах у напрамку беларусізацыі, артыкулы Данілы Васілеўскага па надзённых пытаннях развіцця школьніцтва, падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў часта з’яўляліся ў мясцовым і рэспубліканскім друку.

25 красавіка 1926 года ў «Доме Саюзу Працаўнікоў Асветы імя Т. Ігнатоўскага» праходзіла 2-я Аршанская Акруговая Краязнаўчая канферэнцыя, на якой гаварылася пра адкрыццё музея, знойдзеныя скарбы і выданне першага выпуска зборніка «Аршаншчына». Рэдактарам і асноўным аўтарам зборніка стаў Даніла Васілеўскі. Першы выпуск убачыў свет у 1926 годзе.

Другая палова 20-х гадоў адзначана творчым накалам у жыцці Данілы Васілеўскага. Свае артыкулы ён друкаваў у часопісах «Маладняк» і «Наш край», зборніку «Працы навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі», газеце «Советская Белоруссия».

У прыватнасці, 14 сакавіка 1926 года ў газеце «Советская Белоруссия» з’явілася нататка Васілеўскага пра краязнаўчую працу ў акрузе – «Новыя знаходкі ў Аршаншчыне». На старонках часопіса «Наш край» (№2 за 1927 год і № 6-7 за 1926 год) ён распавядаў пра археалагічную карту Аршанскай акругі і «Помнікі старасьвеччыны на Аршаншчыне».

У гэтыя ж гады Даніла Мінавіч публікуе літаратурныя замалёўкі «Ворша зімой» і «Глуш на пераломе», займаецца пытаннямі экскурсійнай справы. Ім былі распрацаваны экскурсіі па ўсёй Аршанскай акрузе, вызначаны культурна-гістарычныя і прамыслова-эканамічныя аб’екты.

Даследаваў гісторыю рэвалюцыйнага руху, беларускай літаратуры XIX ст., беларускага кнігадрукавання, развіцця мясцовай прэсы, краязнаўчыя, гістарычныя, этнаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы.