20 Май У катавальнях НКУС
З успамiнаў былога жыхара в. Icaкaвa Юхавiцкага сельсавета Iвана Аляксеевiча Карцеля
Сям’я ў майго бацькi Аляксея Адамавiча была вялiкая: 6 сыноў i 2 дачкi, а калi сям’я вялiкая, то i бедная, бо ад прыбаўлення душ зямельны надзел не павялiчваўся. Свайго хлеба не хапала, i таму старэйшыя браты наймалiся на лесанарыхтоўкi да купцоў Янкеля i Тэвеля Гурэвiчаў з Юхавiч, але ўсё ж два малодшыя браты вучылiся ў Юхавiцкiм народным вучылiшчы.
У кастрычнiку 1917 г. жыццё змянiлася. Памятаю, як скарачаючы шлях у Польшчу i Германiю, пацягнулiся бежанцы з Петраграда. Ехаць чыгункай было небяспечна, таму яны за вялiкiя грошы наймалi сялян i працягвалi рух далей на вазках.
Аднойчы да нашай вёскi дайшла вестка, што ў Юхавiчах дзеляць гаспадарку пана JIемяшэўскага. Задарма разбiраюць жывёлу, сельгаспрылады i зямлю. Старэйшыя казалi, што ў Юхавiчы прыехаў бальшавiк Красiкаў i ўстанаўлiвае ў воласцi савецкую ўладу. Нашага суседа Карпа Iванавiча Хвастова, былога петраградскага муляра, якi прыязджаў дадому толькi на сяўбу i збор ураджаю, ён назначыў на пасаду старшынi рэўкома воласцi.
У час грамадзянскай вайны мой старэйшы брат служыў у apмii, а бацьку назначылi, а можа абралi краскомам. Работа бацькi была такая: з ранiцы запрагаў каня i адпраўляўся ў раз’езды па сем’ях чырвонаармейцаў Юхавiцкай воласцi. Для беднякоў здабываў у заможных сялян насенне, угаворваў суседзяў дапамагчы чырвонаармейскай сям’i ўзараць зямельны надзел. А калi з угавораў нiчога не атрымлiвалася, то ўпрагаў у плуг свайго каня. Мы тыднямi не бачылi бацьку дома. Усе клопаты па гаспадарцы неслi мацi i старэйшыя браты. Нiякай зарплаты бацька не атрымлiваў, як i старшыня рэўкома, наш вясковец Карп Iванавiч Хвастоў. Ды i грошы ў той час не былi чаго-небудзь вартыя. Разлiк iшоў натурай. Юхавiцкiя гандляры бралi, напрыклад, за фунт солi 4 фунты масла, за пачак запалак фунт масла. Газавую лямпу запальвалi толькi па вялiкiх святах. Ад голаду ратавалiся ягадамi, грыбамi, рыбай, якой было багата ў рэчцы Нiшчы i лясных азёрах.
Нягледзячы на ўсе цяжкасцi, працягваў навучанне ў школе мой старэйшы брат Iван. Мне таксама вельмi хацелася вучыцца, i аднойчы мацi, назбiраўшы 10 фунтаў ячменю на плату настаўнікам, адпусціла разам з братам i мяне. Чытаць i пісаць я ўжо ўмеў i таму трапіў адразу ў другі клас. У 1925 г. я паступіў у першую на Расоншчыне, сямігадовую школу. На ўсё жыццё запомніўся мне прыезд старшыні саўнаркома Белорусі Язэпа Адамовіча i народнага паэта Янкі Купалы. Здавалася, усе жыхары раёна прыйшлі сустракаць ix на станцыю. Янка Купала завітаў на ўрок у нашу школу.
У той час пачалося адраджэнне беларускай культуры, мовы i нацыянальнай годнасці. Вялікай папулярнасцю ў моладзі карысталіся розныя мастацкія гурткі i асабліва літаратурны. Яго арганізаваў паэт i празаік Янка Скрыган, які заведваў у Расонах народным домам. Самымі актыўнымі ў гуртку былі Міхась Лісоўскі, Сцяпан Клопаў, Гуця Рабіновіч.
Трагічны пералом
… 1936 год здаваўся мне самым шчаслівым у жыцці. У свае дваццаць з невялікім гадоў я ўжо шмат чаго паспеў. Пасля сканчэння сярэдняй школы працаваў ва ўшацкай раённай газеце «Прымежны калгаснік”. Потым скончыў вышэйшы педінстытут у Miнcкy. Вучобу сумяшчаў з работай у рэдакцыях рэспубліканскіх газет “Рабселькор» i “Рабочий”.
Пасля сканчэння інстытута некалькі месяцаў паспеў папрацаваць выкладчыкам у Полацкім педагагічным тэхнікуме, адкуль быў прызваны ў армію ў якасці курсанта. Праз год з “кубарам” у пятліцах вярнуўся ў Полацк i амаль адразу пачуў, што пачаліся незразумелыя арышты. Ноччу пахапалі выкладчыкаў ляснога тэхнікума. Дайшлі i да педтэхнікума, забралі яго дырэктара Мендзялевіча i лепшага выкладчыка-метадыста І. С. Шчаснага. «Разбяруцца, выпусцяць”, – супакойваў я сам сябе. Аб небяспецы для сябе i не думаў. Лічыў, што мяне гэта ніякім чынам не датычыць. Я камсамалец. Бацька калгаснік, ён быў одным з першых старшынь Юхавіцкага валвыканкома. Старэйшыя браты, за выключэннем аднаго, камуністы. Жывуць i працуюць у Ленінградзе. Яшчэ адзін брат калгаснік. Я першы ў сваім сельсавеце атрымаў дыплом вышэйшай навучальнай установы, на “выдатна” здаў экзамен на званне лейтэнанта запасу. Я – патрэбны чалавек у мірны i ваенны час. Не, арышты мяне не датычаць. Гэта наогул нейкая недарэчнасць, а можа справа шкоднікаў. Бо не ў фашысцкай жа Германіі мы жывём.
Але вечарам 19 кастрычніка 1936 г. пастукалі i ў мае дзверы. Я жыў тады ў доме па вуліцы Пралетарскай (цяпер Скарыны). Да мяне з’явіўся няголены, відаць, ужо выматаны арыштамі мужчына ў мундзіры з малінавымі пятліцамі. Выклікаў у якасці панятой старую суседку, прад’явіў мне ордэр на вобыск i загадаў не падымацца з крэсла i нi з кім не ўступаць у размову. Перагледзеў усе слоікі i каструлі, зазірнуў у печку, пашукаў пад ложкам. Потым прыняўся за маю бібліятэку. Пералістваў кнігі ўсю ноч, часам праглядваючы сторонкі нават на святло. Я не вытрымаў, пажартаваў: “Разрэжце вокладку, там знойдзеце тое, што шукаеце”. “НКВД ніколі не памыляецца”,- адказаў няголены госць i пад занавес прад’явіў ордэр на арышт. Мяне запіхнулі ў “клапоўнік” НКУС. Праз нейкі час мяне па ўсіх правілах – рукі назад – вялі праз чыгуначны вокзал. Канваір, маленькі сухенькі чалавек у скуранцы,- карыкатура на камісараў грамадзянскай вайны – выгінаў свае запалыя грудзі як толькі мог, паказваючы сваю ўладу. Пасля Оршы стала зразумела, што цягнік рушыць у Мінск. Везлі мяне аднаго ў вагоне, з дзесятак іншых пасажыраў канваір запіхаў у одно купэ. Напэўна, i тут хацеў паказаць, як многа ў яго ўлады i які небяспечны я злачынца. Як аказалася, не адзін я ехаў пад канвоем, па дарозе ў Віцебску, Оршы, Барысаве ў вагоны ўводзілі такіх, як я.
Раніцай “чорны варанок”, лязгаючы жалезным нутром, адвёз нас нейкімі завулкамі ў рэзідэнцыю НКУС, што размяшчалася на вуліцы Савецкай. Тут прапусцілі праз “санапрацоўку”, пазразалі ўсе металічныя гyзiкi i аплікі. Потым – адна рука за спінай, другая для падтрымкі штаноў – пашыбавалі прама на допыт.
Даўжэзныя калідоры, а на дзвярах лічбы. Днём, як я даведаўся, тут цішыня, самая “малацьба” пачынаецца глыбокай ноччу. З-за кожных дзвярэй чуюцца крыкi, стогны. Гэта машына НКУС па адладжанай тэхналогіі прапускае праз жорны свае чарговыя ахвяры. Чалавек адтуль павінен выйсці ўжо «апрацаваным”, пазбаўленым усякай кемлівасці i здольнасці разважаць, магчымасці сабрацца з думкамі, паставіўшы свой подпіс пад злачынствам, прыдуманым следчымі. Мяне ўжо чакалі двое следчых: Цэйтлін i Шліфенсон. Пасадзілі на высокое крэсла, ногі не даставалі да подлогі, каб чалавек быў у пастаянным напружанні, трымаўся на нервах – як бы не хіснуцца i не зваліцца.
Не паспеў я абурыцца i спытаць, на якай падставе арыштаваны, як у одно вуха закрычаў Шліфенсон: “Дзе і калі вы завербаваны ў контррэвалюцыйную нацыяналiстычную арганiзацыю?”, а ў другое вуха – тое ж самае Цэйтлiн. Не паспее выкрыкнуць сваё пытанне Шлiфенсон, як тым жа пытаннем аглушае Цэйтлiн. Я адчуваў сябе як на кавадле, па якiм лупяць два малаткi. Дзяўбуць дзень, потым ноч, потым зноў дзень. Зморыцца ад дзяўбання Цэйтлiн – iдзе на адпачынак, дзяўбню пачынае Шлiфенсон. А калi i ён стомiцца, яго замяняе хто-небудзь iншы са следчых. На ўсе мае патрабаваннi адзiн адказ: “Падпiшыце пратакол – усё дадзiм».
Мне тыкаюць у твар падпiсаныя пратаколы: “Глядзiце, уся ваша банда прызналася ў сваiх злачынствах”. “Бандай” аказалася большая i прытым лепшая частка выпускнiкоў нашага курса, у ix лiку вядомы цяпер паэт Беларусi Сяргей Грахоўскi. Кiраўнiком “банды” лiчыўся драматург Васiль Шаталевiч, якога нiхто з нас не ведаў. Я здагадваўся, што следчыя яшчэ да нашага арышту ўсё прадумалi загадзя, прыдумалi нам злачынствы, размеркавалi ролi, i заставалася толькi падпiсаць гатовыя пратаколы. Па задуме сталiнскiх чэкiстаў наша група была толькi адной з сотнi ячэек вялiкай контррэвалюцыйнай арганiзацыi, якая ўжо захапiла ўладу ў рэспублiцы. У мяне ўжо тады склалася меркаванне, што быў пачаты глабальны разгром беларускай культуры, якая дала прыкметныя парасткi ў першыя гады савецкай улады. Дастаткова было толькi размаўляць па-беларуску або насiць вышытую кашулю, каб цябе залiчылi ў нацыяналiсты. Спачатку такiх называлi нацдэмамi, потым, вiдаць, вырашылi назваць больш страшна – нацыяналфашыстамi.
Канвеерныя допыты на працягу некалькix сутак – гата былi яшча толькi кветачкi. Упартых, якiх нiчым нельга было прымусiць падпiсаць пратакол, ставiлi ў так званую стаячую труну, дзе чалавек трацiў прытомнасць ужо праз некалькi гадзiн. Яшчэ заганялi ў карцэр з халоднай вадой на цэментнай падлозе, вада прасочвалася праз сцены. У дзень давалi па 300 грамаў хлеба i кварту вады.
Гавару пра гэта з веданнем дэталяў, бо сам прасядзеў у лiпенi 1937 г. два тыднi ў карцары старой мiнскай турмы, адкуль выйшаў, трымаючыся за сцены.
Найбольш любiлi сталiнскiя каты iмiтаваць расстрэлы. Ноччу садзiлi ў “чорны варанок”, кiдалi туды рыдлёўкi i везлi за горад. Там, яшчэ раз паздзекаваўшыся, зачытвалi фальшывы прыгавор, ставiлi ахвяру на край ямы i пачыналi шчоўкаць куркамi пiсталетаў. Чалавек, вядома, не ведаў, усур’ёз гэта цi не, i часта трацiў прытомнасць. Каты, удосталь нацешыўшыся i нарагатаўшыся, прывозiлi сваю ахвяру зноў на допыт i пыталi: “А цяпер падпiшаш?».
Праз гэта прайшлi паэты Сяргей Граxoўcкi i Анатоль Дзяркач.
З другой паловы 1937 г. следчым ужо не трэба было прыбягаць да “ускосных” мер уздзеяння. Як я даведаўся праз многа гадоў, Сталiн ад iмя ЦК ВКП(б) дазволiў катаванне на допытах. Што пачалося з гэтымi дазволамi! Каты, што ўпiвалiся сваёй бязмежнай уладай, ужо не заводзiлi ў двары маторы машын, каб заглушыць крыкi. Навошта, калi Сталiн, правадыр i настаўнiк, дазволiў ламаць косцi людзям, мучыць ix колькi хочаш. З допытаў ужо не прывозiлi, а прыносiлi, дакладней прыцягвалi. Збiтага, беспрытомнага чалавека проста перакiдвалi праз парог камеры, як мех з зернем. Чалавек дзён дзесяць прыходзiў у прытомнасць, нiчога не еў, прасiў толькi пiць, а мы, галодныя, дзялiлi яго паёк памiж сабой. Мы ведалi: ён падпiсаў сабе смяротны прыгавор на першым допыце i праз месяц-два яго ноччу паклiчуць з рэчамi, зачытаюць прыгавор “тройкi”, заб’юць кляп у рот, каб нiхто не чуў перадсмяротнага крыку, i павязуць за Мiнск, туды, дзе ўжо прыгатавана яма. Наколькi я магу меркаваць па начных гуках, якiя чуў у час сядзення ў карцэры, у турме таксама расстрэльвалi людзей. Але i тым, каго не выклiкалi на допыт, было вельмi цяжка. У камеру, дзе пры царызме змяшчалася 10-12 чалавек, напiхвалi па 50-60. Днём нельга прылегчы – iнакш карцэр. Нельга гучна размаўляць i спяваць. Нельга гуляць нi ў якiя гульнi. Не дазвалялiся сустрэчы са сваякамi, перадачы, кнiгi, газеты. За паперу, што трапiла ў камеру невядомым шляхам, можна было таксама трапiць у карцэр. I ўсё роўна мы з нiчога ўхiтралiся рабiць карты, а з хлеба, такога дарагога хлеба, якi бачылi нават у сне, paбiлi шахматныя фiгypкi. На цэментнай падлозе, дзе мы спалi, не хапала месца, таму ляжалi так шчыльна, што з боку на бок паварочвалiся па камандзе. Цяжкiм паветрам немагчыма было дыхаць. Ды яшчэ зменшылi плошчу прагулачнай пляцоўкi, дзе можна было толькi таптацца на месцы.
Хачу звярнуць увагу і на харчаванне. Амаль усе мае студэнцкія гады ў Мінску прайшлі на галодным пайку 30-х гадоў. А вось у турме ў 1937-1938 гадах, пасля таго, як была яшчэ тужэй закручана рэжымная гайка, на “казенных” харчах наогул немагчыма было пражыць больш за 6 месяцаў. Голад у спалучэнні з катаваннямі на допытах даводзілі людзей да вар’яцтва, штурхалi на самазабойства.
Можа паказацца дзiўным, што мы, седзячы за кратамi, усе навiны ведалi раней, чым свабодныя людзi. Па абрыўках газет, з расказаў толькi што прывезеных з маскоўскiх Бутырак, мы ведалi ўсе важнейшыя навiны. Так, мы раней за мiнчан даведалiся, што ў Маскве арыштаваны Тухачэўскi, Якiр, Убарэвiч. Пры дапамозе турэмнай азбукi навiну адстуквалi з камеры ў камеру.
Год пад следствам
Амаль год я быў пад следствам i прайшоў праз рукi i кулакi многiх следчых фальсiфiкатараў. Устаноўка ў ix была такая: катаваць да таго часу, пакуль чалавек не падпiшацца пад злачынствам, якое яму прыпiсвалася. Самым жорсткiм для мяне быў следчы Шлiфенсон, начальнiк аднаго з аддзелаў НКУС рэспублiкi. Ён не ведаў беларускай мовы, наўрад цi меў сярэднюю адукацыю, але спецыялiзаваўся на стварэннi спраў вучоных i пiсьменнiкаў. За кар’еру, за ўзнагароды ён, здавалася, гатоў быў стварыць iлжывую справу нават на роднага бацьку. “А-а, на маё месца цэлiш, Польшчы хацеў аддаць Беларусь”,- перарываў ён часам допыт, пераходзячы на “лiрыку”. “А вось табе, вось! ” – i тыцкаў у нос кулаком з фiгай. На руках гэтага маленькага чалавека з завiтушкамi на патылiцы засталася кроў многiх беларускiх iнтэлiгентаў.
Дзесьцi ў вераснi 1937 г. мяне выклiкаў новы следчы, сёмы або восьмы па лiку, i сказаў, што следства закончана i мне трэба падпiсаць пратакол, што я азнаёмлены са справай. “Як азнаёмлены, запярэчыў я,- калi вы не далi ў pyкi ўсёй справы, а зачыталi самi, нiбы я непiсьменны, усяго два лiсты з яе? Не буду падпiсваць”. Следчы ўдарыў мяне па твары, выклiкаў з суседняга кабiнета такога ж тыпа, як сам, i сказаў яму: “Зноў такi ж трапiўся. Адмаўляецца падпiсацца”. “Падпiшы, Ванюшка, пратакол вось тут”,- сказаў той. I я падпiсаўся, не чытаючы. Так следчая мана завяршылася следчым падлогам.
2 кастрычнiка 1937 г. усю групу былых студэнтаў выклiкалi з рэчамi i павезлi на закрыты суд спецкалегii. Па ipoнii лёсу суд, якi да таго часу пазбавiў свабоды тысячы людзей, размяшчаўся на плошчы Свабоды ў старажытным праваслаўным саборы.
У цеснай паўцёмнай зале сабора нас, 8 чалавек, пасадзiлi на лаўку i да кожнага прыставiлi канваiра. За судзейскiм сталом селi старшыня спецкалегii рэспублiкi, два засядацелi i побач з iмi наш следчы. На судзе мы расказалi аб фiзiчных метадах уздзеяння на допытах, аб тым, якiм шляхам выкачаны подпiсы пад пратаколамi. Але праз 15 хвiлiн старшыня спецкалегii зачытаў нам загадзя напiсаны прыгавор. У яго без усялякiх змяненняў было пepaпicaнa абвiнаваўчае заключэнне, з якога быў выключаны толькi пункт, што мы яшчэ на следстве адмовiлiся ад сваiх вымушаных паказанняў. Выйшла, што на судзе мы пацвердзiлi ранейшыя «паказаннi». Ад сябе ён дадаў, што мы на судзе iмкнулiся ачарнiць следства, але нам гэта не ўдалося. Мы ўсе атрымалi хто па 10, хто па 6 гадоў i звыш таго па 5 гадоў ушчамлення ў правах. «Шасцёрка» дасталася менш гаварлiвым, у тым лікy i мне, але адсядзець давялося больш.
Зiмой 1937 г. у Магiлёве нас па 40-60 чалавек запiхалi ў халодныя з кратамi вагоны-цялятнiкi i павезлi па бязмежных прасторах нашай радзiмы. Кожны двухвосны вагон, якiх ужо даўно няма, асобная камера: дзверы, цяжкi надворны замок, вузкае з кратамi акенца. Цемра – ледзь бачацца твары. У турэмных камерах было цёпла, нават душна. А тут пры такой цеснаце – холад. Схуднелыя да немагчымага, да шалушэння скуры, ледзь трымаемся на нагах. Сцены нашага каземата ўсе ў дзiрках, зусiм не трымаюць цяпла, а вартавыя «забываюць» падкiдаць вугаль у чыгунную печку. Маўляў, чорт з вамi, здохнеце, дык мы за “ворагаў народа” не адказваем. Пайку даюць нерэгулярна, толькi на вялiкiх прыпынках.
Вось, нарэшце, радзей стукаюць колы, прыпынак. Вартавыя доўга возяцца з замком, якi замерз, а калi адкрываюць яго, не паддаюцца дзверы. Мы ўсе навальваемся на iх. 3 мяшка проста на падлогу, на якую вывальваўся вугаль, нам высыпалi пайкi хлеба. Услед за iмi выставiлi бачок баланды, мicкi, чарпак. Стараста камеры, узяўшы ў pyкi алюмiнiевы чарпак, скамандаваў: «Падыходзь!» Стараста абраны ў нас самым дэмакратычным шляхам – з тых, хто дакладна разлiвае баланду, хто да крайнасцi справядлiвы i каму, як правiла, дастаецца самая меншая пайка i няпоўны чарпак ванючай жыжкi. Баланда пад раўнiвым кантролем 50 або 40 пар вачэй раздадзена. «Зноў мне непадфарцiла, дасталося толькi паўчарпака,- з горыччу ўсмiхаецца стараста.- Але нiчога, хлопцы, хутка будзем у лагеры, а там, кажуць, толькi працуй, яды хопiць! »
Мы ведаем, што ён хлусiць, бо з намi едуць i тыя, хто пабываў ужо там. “Там” – непасiльная норма выпрацоўкi i таксама голад, а хлусiць ён ад жаласцi да нас.
Ужо чацвёрты месяц цягнiк вязе нас, асуджаных па 58 артыкуле КК РСФСР, усё далей на Усход. За гэты час можна было б дабрацца да месца прызначэння i пехатой па старым кайданным шляху.
Непадалёк ад мяне на голых негабляваных нарах ляжыць калгаснiк з Палтаўшчыны, якi “распаўсюджваць” трацкiзм прыехаў у Мiнск, да сястры. У гасцях за чаркай гapэлкi штосьцi неадабральнае сказаў аб парадках у сваiм калгасе. А даносчык, стукач, якiх напладзiлася ў тыя гады мноства, данёс на яго куды трэба i што трэба. Яго, неадукаванага, у латанай вопратцы прывезлi ў Мiнск, падсунулi паперу. “Я ўсё iм падпiсаў: i што я трацкiст, i што за развал калгасаў, няхай тольнi адчэпяцца. А то ж яны з шыi не злазiлі»,- расказваў ён.
Далей – двое братоў, калгаснiкаў з Гомельшчыны, Таратынавых. Аднаму з ix таксама не спадабалiся парадкi ў калгасе: не па-сялянску працуюць, зерне кiдаюць у халодную зямлю, аруць як папала. Па стандартах 1937 г. ён, зразумела, вораг калгаснага ладу. У падвале НКУС запыталi, хто яшчэ быў саўдзельнiкам? Хто адзiнадумца? З братам ён жыў дружна, вось i назваў яго. “Якаясь “тройка”, тлyмачыў адзiн з братоў,- нам i дала па восем гадоў”.
На нарах у нашым жа вагоне ляжыць чалавек другога складу – Аляксандр Iванавiч Яшневiч (Яшкевiчус), адказны работнiк друку. Настаўнiк па прафесii, ўдзельнiк кастрычнiцкiх падзей i грамадзянскай вайны, камунiст з 1917 года. Ён падыходзiць мне ў бацькi, але ў нас з iм узаемныя сiмпатыi i дружба, якая будзе доўга працягвацца ў лагерах. Закрыўшы галовы пiнжакамi – не выключана, што ў вагоне ёсць «стукач», мы дзелiмся сваiмi думкамi. Яго, лiтоўца па нацыянальнасцi, абвiнавацiлi ў беларускiм нацыяналiзме, прапусцiлi праз шматсутачны допытны канвеер, далi дзесяць гадоў.
Нарэшце ноччу наш эшалон спынiўся надоўга. Прыбылi на месца ў Mapыiнcкi распрэд Сiблага. Высокiя платы, вышкi, наверсе – калючы дрот, унiзе – вартавыя caбaкi. Увесь састаў, мабыць каля тысячы чалавек, увагналi па зыбкай лесвiцы ў глыбокi катлаван недабудаванага шлакаблочнага будынка. Над галавой толькi дах. У вагоне мы спалi на роўных дашчаных нарах. А тут анiводнага роўнага месца на земляной падлозе. Усюды шлакаблокi, розны будаўнiчы хлам, недзе паставiць нагу, не працiснуцца сярод людзей, тым больш прысесцi цi прылегчы. Мы чакалi лепшых перамен, а трапiлi ў самае сапраўднае пекла.
Нам прыносiлi баланду ў брудных закапцелых кацялках, у якiх звычайна вараць гудрон. Баланду прыносiлi, а мiсак, лыжак не давалi. Чым жа есцi? Лезлi ў гудронавы посуд голымi рукамi, чэрпалi баланду шапкамi, хто чым мог. А нехта i зусiм не мог прабiцца да катлоў. Значыць, прападай з голаду. Спачатку пайкi хлеба проста кiдалi ў катлаван, як кiдаюць зерне галодным галубам; толькi пазней лагернае начальства дадумалася да спiсаў i выдзялення брыгадзiраў. Аб гiгieнe нават i не ўспамiналi, таму пачалася вашывасць. Калi нас выпускалi на прагулку, мы займалiся толькi адным – амяталi мяцёлкай з чарнобыля буйных чорных, як канапля, насякомых з адзення.
Хутка ранкамi ў катлаване пачалi знаходзiць мёртвых. На маiх вачах памёр 25-гадовы паэт i журналiст полацкай газеты Mixaiл Багун. Стаяў, ён, стаяў, задумаўшыся, раптам падкасiлiся ногi, упаў. Мабыць, адказала сэрца.
У студзенi 1938 г, прыбыло новае папаўненне. Яго ўжо некуды было ўпiхваць, а мы, людзi, якiя зведалi лагернае жыццё, з жахам думалi, што будзе вясной.
Нa шчасце нас, чалавек сто, у тым лiку i майго сябра А. I. Яшкэвiча, у самыя лютыя маразы выклiкалi па спiсе на этап. На мне асенняе палiто, на нагах летнiя туфлi – усё, што было пры арышце. Так i пагналi па ciбipcкiм марозе за некалькi дзесяткаў кiламетраў.
Першыя кiламетры наша рознаўзроставая калона пад дуламi вiнтовак яшчэ рухалася. А потым мы, змучаныя да крайняй ступенi, сталi падаць. Падалi, ў першую чаргу тыя, хто больш iншых прасядзеў на рацыёнах НКУС. А я ўжо другi год быў на турэмным харчаваннi. Ад холаду нямелi i падгiбалiся ногi. Упаду тварам у снег, паляжу, прыйду ў сябе i зноў падымаюся, але ненадоўга. Наша калона прайшла ўперад, а мы, чалавек 30 сярод поля, толькi падаем ды падымаемся. Канваiр i ўгаворваў нас, i пагражаў расстраляць, але, вiдаць, i куляй нельга падняць таго, каго пакiнулi сiлы. Толькi пад вечар прыйшлi тры лагерныя падводы i давезлi нас, задубелых, ледзь жывых, да лагернага пункта. На наступны дзень нас чакаў такi ж шлях.
Цяжкi, памятны быў той этап ад Марыiнска да майго першага лагера. Але, магчыма, менавiта ён збярог мяне ад смерцi. Хутка мы даведалiся, што вясной 1938 года ў Марыiнскiм распрэдзе ўспыхнула эпiдэмiя тыфу, якая панесла ў брацкую магiлу мноства жыццяў.
Апублікавана http://rossony.vitebsk-region.gov.by/ru/ukatav/?fbclid=IwAR0FTUdN9iHhp6-1E5wkO_IJG-9kN9WMg95ONP3fnRmi6JIClEIta8u-1-0