09 Май Трох братоў Скарабагатых расстралялі ў Воршы. Сятру саслалі на 10 гадоў у лагер
Сям’я Скарабагатых тры браты – Юзік, Яська, Уладзя і сястра Гэля – паходзілі з мястэчка Койданава (зараз Дзяржынск). Пасля Рыжскага міра, па якім ў 1921 годзе Польшча і Савецкая Расея падзялілі Беларусь на усходнюю і заходнюю, мястэчка з усімі жыхарамі апынулася на савецкай тэрыторыі, але на самым памежжы з Польшчай.
У 1920-1930-х гадах бальшавіцкая ўлада спрабавала падлашчвацца да мясцовых палякаў, каб схіліць іх на свой бок, зацягнуць у калгасы і адвадзіць хадзіць у касцёл, а веру ў Бога імкнулася замяніць на веру ў камунізм. Адным словам, саветызаваць. Некаторы час бальшавіцкі ўрад нават праводзіў адмысловую нацыянальную палітыку, якая павінна была дапамагчы нацыяльным меншасцям ў СССР саветызавацца. Гэтая палітыка тычылася і палякаў. Варта ўзгадаць, што ў БССР у 1920-30-я гады былі нават чатыры дзяржаўныя мовы: беларуская, расейская, польская і ідыш.
15 сакавіка 1932 года згодна з пастановай ЦВК БССР быў створаны Дзяржынскі нацыянальны польскі раён – на той момант польскае насельніцтва на яго тэрыторыі складала 49,4%. Сталіцай раёна стала Койданава, у той жа год перайменаванае ў Дзяржынск (недалёка знаходзілася радзіма Фелікса Дзяржінскага – стваральніка Ўсерасейская надзвычайнай камісіі (ВЧК) папярэніцы карных органаў бальшавікоў ДПУ-НКУС-КДБ).
На тэрыторыі раёна дзейнічалі польскія школы і бібліятэкі, выдавліся польскамоўныя кнігі, газеты і часопісы, а польская мова была адной за афіцфыйных моваў раёна. Яна ўжывалася ва ўсіх партыйных і дзяржаўных установах, у тым ліку ў міліцыі і судах.
Аднак з цягам часу бальшавікі расчараваліся ў выніках уласнага эксперыменту. Нацыянальная палітыка правалілася і была згорнута, а Дзяржынскі польскі раён быў ліквідаваны пастановай ЦВК БССР ад 31 ліпеня 1937 года. Школы, бібліятэкі, ды іншыя польскія культурныя цэнтры былі зачынены. Тэрыторыя раёна была падзелена паміж Заслаўскім, Мінскі і Уздзенскім раёнамі. У 1938 частка польскага насельніцтва раёна была дэпартавана ў Казахстан ды Сібір.
30 ліпеня 1937 народны камісар унутраных спраў М.Яжоў выдаў сакрэтны загад НКУС № 00447 «Аб аперацыі па рэпрэсіраванню былых кулакоў, крымінальнікаў ды іншых антысавецкіх элементаў». Гэты загад распачаў у Савецкім Саюзе Вялікі тэрор, які праглынуў сотні тысяч бязвінных ахвяр. Шмат з іх было расстраляна без суда і следства.
Братоў Юзіка, Яську і Уладзю і сястру Алену арыштавалі амаль у адзін дзень – з 7 на 8 жніўня 1937 года. Разам іх скіравалі ў Воршу. У Юзіка было двое дзяцей. Маладая жонка чакала трэцяга. Дзіцятка нарадзілася ў верасні, ужо пасля арышту. Яно так ніколі і не пабачыла свайго тату. Савецкая ўлада пакінула адну маці з трымя дзяцьмі на руках.
На здымку крыйні справа Юзік Скарабагаты – дзед Марыны Шыбко, побач яго брат Янка
Доўга родныя не ведалі пра лёс братоў. Толькі ў 1943-м жонцы Юзіка прыйшла даведка, што Іосіф Генрыхавіч Скарабагаты памер у зняволенні ад цэрозу печані. Але даведка была ліпавая. Насамрэч, яшчэ 19 лістапада 1937 г. Камісія НКУС СССР і Прокурора СССР абвінаваціла братоў у шпіянажы на карысць Польшчы і прысудзіла да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Братоў расстралялі ў Воршы ў адзін дзень – 17 снежня 1937 года. У адзін дзень арыштавалі, у адзін дзень вынеслі прысыд, у адзін день пусцілі кулю ў патыліцу. Але аб гэтым нашчадкі даведаліся толькі ў 2015 годзе. У той жа дзень, 17 снежня 1937 года, камуністы забілі яшчэ звыш сотні чалавек.
Распавядае ўнучка Юзіка Скарабагатага Марына Шыбко: “Братоў забралі ў адзін дзень. Гэта былі яшчэ маладыя людзі. Бачыце, шосты год нараджэення, восьмы і адзінаццаты. Мой дзед – гэта Юзік Генрыхавіч Скарабагаты і двое яго братоў. Дзед Юзік працаваў на памежнай базе. Койднава, Негарэлае. Другі брат – Уладзя – на механічным заводзе. Іван Генрыхавіч, Яська як яго звалі, вазіў першага сакратара Койданаўскага райкома партыі. Усе расстраляныя. Мы даведаліся яшчэ ў 15-м годзе. Таццяна Процья скінула тады звесткі. І я з маім мужам дазналіся, што не ў 43-м годзе, як прыйшло бабцэ Гэле, што ён загінуў… цэроз печані … у 43-м. І мы ўсё дзяцінства, я добра памятаю бабу Лену … доўга пражыла… у 92-м годзе толькі яе пахавалі… памерла… Нарадзілася трэцяе дзіця ў 37-м годзе, а дзеда ўжо забралі. Яна была цяжарная яшчэ. І у верасні нарадзілася трэцяе дзіця. Ведалі толькі, што на перасылцы ў Воршы, у Аршанскай турме. Следам за імі забралі і іх сястру, якая працавала стаматолагам у Негарэлым. Ёй далі 10 гадоў без права перапіскі за тое, што яна сястра. А гэтыя былі абвінавачаны ў злачынстве – шпіянаж у пользу Польшчы. Бо яны былі палякі…”
Сястру Алену Скарабагатую Асобая нарада асудзіна на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў і саслала ў Свярдлоўскую вобласць Іўдельлаг, дзе вялося будаўніцтва чыгункі Сяроў — Поўночнае. 25 кастрычніка 1955 года Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі рэабілітаваў яе. Але вызвалілася Алена Генрыхаўна толькі ў снежні 1955 года.
Братоў Іосіфа і Ўладзіміра Скарабагатых рэабілітавалі ў 1958 годзе, а Івана Генрыхавіча толькі ў 1989 годзе.
У кастрычніку 2019 года Марына Шыбко ўпершыню наведала адно з месцаў масавых пахаванняў у Воршы – Кабыляцкую гару. Адбылося гэта пад час адкрыцця помніка рэпрэсаваным палякам СССР. Марына пакінула тут тры заламінаваныя аркушы паперы з прозвішчамі расстраляных братоў. Архіўныя справы Скарабагатых захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі.
Усяго ў Воршы было расстраляна мінімум 76 жыхароў Дзяржынскага раёна, у тым ліку мінімум 17 чалавек з самаго Дзяржынска – палякі, беларусы, рускія, гарбрэі, немцы. Сярод іх шмат сваякоў, напрыклад, браты Зміцер і Гаўрыла Русіны, 72-гадовы Дамінік Варатніцкі з сынам Антонам і дачкой Вікторыяй, немцы Герман Фёдар з жонкай Канстанцыяй, браты Іван і Вікенці Севасцюкі, браты Станіслаў і Ўладзімір Філіповічы. Усе яны скончылі сваё жыццё ад рук катаў з НКУС ў невядомых магілах у лясах пад Воршай.