Толькі лес чуў наш плач, бачыў нашыя слёзы

Стэльмах (Цяліца) Еўфрасіння Карлаўна: “Бацька наш (Цяліца Карл Францавіч) працаваў у калгасе на розных работах. Чацвёра нас, дзяўчынак, было: Адэля, я, Анюта і Ядзя. Дружная і добрая сям’я была.

Прыехалі за бацькам каля чатырох гадзін раніцы. Ён ужо на працу сабраўся. Зайшлі ў хату двое энкэвэдыстаў, двое засталіся пад вокнамі. Бацька зразумеў усё, бо братоў ужо забралі, але ж куды было дзецца. Сказаў толькі:

– Хто ж за вас, дачушкі, заступіцца? Хто вас накорміць?

Зрабілі вобшук, забралі бацькавы фотаздымкі, больш нічога не знайшлі. Маці накінула на плечы бацьку кажушок. Так і пасадзілі ў машыну. Беглі за “чорным крумкачом”, плакалі, крычалі, але ж толькі лес чуў наш плач, бачыў нашыя слёзы.

Насілі бацьку перадачу, дык старэйшая сястра яго бачыла. Сядзеў маўклівы, не паказваў твар. Кажуць, яго дужа білі, але ён адмовіўся падпісваць пратакол. Дзе яго забілі, не ведаю.

Без бацькі цяжка жылося. Дома нічога не было, а ў калгасе варылі суп, але хлеб свой трэба было мець. Мы сароміліся без хлеба есці, так і хадзілі галодныя, карміліся травой: увесну шчаўем, улетку асакой, ягадамі, грыбамі.

У школе добра вучыліся, але далей працягваць вучобу нельга было марыць дзецям ворага народу, шлях да адукацыі быў зачынены. Нават сваякі з іншай вёскі не дужа жадалі нас бачыць, дзверы перад намі зачынялі. У малодшай сястры Ядзі здольнасці былі да музыкі, добра іграла і на гітары, і на балалайцы, спявала. Але ж прымножыць гэты талент магчымасці не было.

Час прайшоў немалы, але і сёння нешта ў грудзях сядзіць, так і чакаеш нечага невядомага. Можа страх у сэрцы, а можа вялікая крыўда за дачасныя смерці бацькоў ды свае пакалечаныя лёсы. І сны да гэтага часу сняцца пра тыя страшныя гады.

Рэабілітавалі бацьку толькі ў 1989 годзе апасля таго, як напісалі заяву”.

Паводле звестак “Мемарыялу”, Цяліца Юльян Францавіч, верагодна, брат Цяліцы Карла Францавіча, быў арыштаваны яшчэ ў снежні 1936 годза, абвінавачаны ў супрацы з польскай выведкай, а 27 верасня 1937 года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Дзе і калі яго расстралялі невядома.

Таксама быў арыштаваны, прычым, двойчы і другі верагодны брат Цяліца Іосіф Францавіч. Ён трапіў у засценкі НКУС яшчэ ў 1932 годзе і быў асуджаны за антысавецкую агітацыю на 3 гады папраўчых прац. У жніўні 1937 года яго зноў арыштавалі і абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Польшы да ў антысавецкай агітацыі. “Тройка” асудзіла яго да вышэйшай меры пакарання. Як і Карла Іосіфа Цяліцу расстралялі ў Воршы. Гэта адбылося 16 студзеня 1938 года. 

Усе браты былі рэабілітаваныя.

http://blukach.lepel.by/post/797