Смяротнае пакаранне і палітычныя рэпрэсіі

Пад Оршай прайшло мерапрыемства якое аб’яднала праблему смяротнага пакаранне і палітычных рэпрэсій.

У гэты дзень у Оршу з’ехаліся праваабаронцы і журналісты з Мінску і Віцебску. Амаль ніхто з іх раней не бываў у аршанскіх месцах масавых растрэлаў часоў сталінскіх рэпрэсій. Таму адмыслова для гасцей была наладжана экскурсія на Кабыляцкую гару. Правёў экскурсію даследчык гэтых мясцінаў Юрка Копцік, які распавёў і пра іншыя вядомыя вакол Оршы месцы растрэлаў – а іх нямала. Па аб’яве на нашым сайце прыйшлі ў гэты дзень на Кабылякі і аршанцы родзічы якіх, магчыма, пахаваныя тут. Так, Ларыса Арэшына не толькі прыйшла на Кабыляцкую гару, але і прынесла з сабой дакуманты на сваіх рэпрэсаваных родзічаў.

Унучка расстралянага ў Воршы Івана Гіля Ларыса Арэшына і даследчык рэпрэсій Юрка Копцік

А 6 вечара на аграсядзібе Пуцяціна ў Стаўрах распачалася арганізаваная дыскусія. Сярод выступоўцаў: адзін з адкрывальнікаў месца растрэлаў пад Віцебскам Хайсы, пісьменніца і сцэнарыстка Паліна Сцепаненка (Качаткова) і каардынатар кампаніі за адмену смяротнага пакарання Андрэй Палуда. Ужо пасля выступу запрошаных экспертаў, слова далі былому дэпутату вярхоўнага савета СССР Мікалаю Петрушэнку, які меў адрознае меркаванне на тэму і рэпрэсій і смяротнага пакарання. У выніку, дыскусія атрымалася не горш чым на сучасных замежных палітычных ток-шоў: былі і выкрыкі і размахванні рукамі, і апладысменты, і абсвістанне публікай.

Пасля дыскусіі адбылася і прэзентацыя новага дакументальнага фільма аршанца Віктара Траццякова “Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі”.