12 Авг САВЕЦКІ КАМБІНАТ СЬМЕРЦІ: У 1930-я НКВД у Воршы забіваў да 150 чалавек на дзень
Ворша — трэці па колькасьці расстраляных у сталінскія часы горад Беларусі. Яшчэ ў 1982 годзе савецкія ўлады прызналі, што ў двух месцах НКВД зьдзяйсьняла тут масавыя расстрэлы. Гэта адбылося за 6 год да таго, як пракуратура БССР распачала «курапацкую» справу. Афіцыйна вядомыя імёны прынамсі 2 тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Воршы. Аднак гарадзкія ўлады паведамілі , што зьвесткі пра рэпрэсіі ў горадзе могуць быць чуткамі. Мы зьезьдзілі ў Воршу і склалі першую мапу рэпрэсій у горадзе і ваколіцах.
«Уся Ворша пра гэта месца ведала. Прымаўка такая хадзіла: „Будзеш многа балбатаць — завязуць на Кабыляцкую гару“», — кажа Юрка Копцік, краязнаўца і дасьледчык сталінскіх рэпрэсій у Воршы.
Кабыляцкая гара сёньня — гэта лес у раёне «Цагельны». Прамысловая зона вырасла вакол Аршанскага заводу жалезабэтонных вырабаў і канструкцый. У 1982 годзе да заводу пракладалі чыгунку, і экскаватар разам зь пяском выкапаў парэшткі 50 чалавек. Выканкам прыпыніў будаўніцтва і сабраў камісію. Ініцыятарам стала Галіна Ўрублеўская — загадчыца аддзелу культуры гарвыканкаму.
«Яна хоць была і камуністкай, але сумленнай, — кажа Копцік. — Узьняла вэрхал. Яны напісалі заключэньне, што гэта ахвяры масавых рэпрэсій органаў НКВД».
У камісію ўвайшлі пракурор, лекар-судмэдэкспэрт, прадстаўнікі міліцыі, вайсковага камісарыяту і Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
«Усе жыхары пацьвярджаюць, што расстрэлы савецкіх людзей праводзіліся ў 1937–1939 гадах органамі НКВД, — напісана ў акце. — У гэты пэрыяд лес на так званай „Кабыляцкай гары“ быў месцам масавых расстрэлаў ні ў чым не вінаватых людзей».
Час расстрэлаў вызначылі па абутку. На савецкіх ботах ставілі штамп з датай і месцам вырабу. Амаль усе боты былі датаваныя 1937–1938 гадамі. Датычнасьць НКВД вызначылі па стрэлах у патыліцу: немцы звычайна стралялі ў цела.
«Тое, што камісія была створаная ў 1982 годзе, — гэта нейкая анамалія. Андропаў яшчэ быў пры ўладзе», — кажа Ігар Казьмярчак, старшыня грамадзкай арганізацыі «Зьвяз» і адзін з удзельнікаў ініцыятывы «Рэпрэсаваныя ў Воршы».
З акту 1982 году стала вядома яшчэ пра адно месца масавых расстрэлаў — Харкаўскі лес на поўдні Воршы. Раней там была вёска Паддубцы.
«Лес на так званай „Кабыляцкай гары“ быў месцам масавых расстрэлаў […] гэтаксама як лясны масіў уздоўж Магілёўскай шашы ў вёсцы Паддубцы», — напісана ў акце.
Хто і калі праводзіў раскопкі ў Харкаўскім лесе, невядома. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х Юрка Копцік зьбіраў матэрыялы пра рэпрэсіі ў Воршы. Ён знайшоў многіх сьведак расстрэлаў, якія адбываліся ў 1920-я і 1930-я. У 1990-м у «ЛіМе» выйшаў ягоны артыкул «Крумкачы на Кабыляцкай гары».
«Магу засьведчыць, што ў лесе, які пачынаецца за цяперашнім лясгасам, ужо ў 1930 годзе пачалі расстрэльваць людзей, — прыводзіць Копцік цытату Георгія Пішчалава, які жыў у суседняй вёсцы Бабінічы. — Расстрэльвалі па абодва бакі ад дарогі. Па правым баку (калі ехаць з Воршы) расстрэльвалі сьвятароў і, як іх тады звалі, кулакоў. Сваякі ўсё ж нейкім чынам даведваліся, дзе ляжаць іх родныя, і ставілі на магілы сьвечкі. Побач вёска Паддубцы, дык там ледзь ня кожны вечар а 23-й гадзіне зь лесу чуліся стрэлы».
Як тады ўдалося высьветліць Юрку Копціку, менавіта Кабыляцкая гара і Харкаўскі лес былі месцамі найбольш масавых рэпрэсій. Сюды прывозілі асуджаных на расстрэл з Аршанскай турмы, за якую служыў былы езуіцкі калегіюм у цэнтры Воршы.
«Расстрэльвалі ў лясах каля гораду, бо гэта дзёшава і сярдзіта. Мець крэматорый было дорага. Да таго ж яны думалі, што савецкая ўлада — назаўсёды», — лічыць Юрка Копцік.
Харкаўскі лес пасьля вайны перадалі НКВД. Рабіць там парадак ніхто ня меў права. Па словах Копціка, лесьнікамі ў расстрэльныя лясы прызначалі былых супрацоўнікаў НКВД.
«Яны кантралявалі, каб тут нічога не капалі, каб ня ставілі крыжоў», — кажа Копцік.
І цяпер у лесе шмат ямаў. Ігар Казьмярчак кажа, што гэта найбольш верагодныя месцы, дзе хавалі расстраляных. Сьвежыя магілы хутка закопвалі, а потым там прасядала зямля.
Сёньня Харкаўскі лес зьбіраюцца высякаць. Празь яго мае прайсьці дарога да новага мікрараёну.
Пра многія месцы расстрэлаў Юрка Копцік даведаўся ў свой час ад аршанскага краязнаўцы Вячаслава Касьперскага . Ягоны бацька Адам Касьперскі, быў першым начальнікам аршанскай ЧК. Ён сам забіваў асуджаных да сьмерці. Першым месцам масавых расстрэлаў яшчэ ў 1918 годзе стаў суседні з Кабыляцкай гарой лес, які захаваўся па сёньня.
«Яны не чапаюць лясы, бо гэта сьляды злачынстваў савецкай улады. Каб былі нямецкія акупанты, даўно б адкапалі», — лічыць Копцік.
Вячаслаў Касьперскі распавёў Копціку пра нязьменны атрыбут расстрэлаў свайго бацькі. Гэта мяшэчак з насеньнем травы. Штораз, калі закопвалі яму з забітымі людзьмі, Адам Касьперскі раскідваў па сьвежай зямлі насеньне. Каб магіла хутчэй зарастала.
«Як пачалі страляць людзей у 1918 годзе, так і стралялі да самага пачатку вайны, — кажа Копцік. — Тут усё месца масавых расстрэлаў».
У 1820-я гады царскія ўлады зрабілі ў былым езуіцкім калегіюме ў цэнтры Воршы турму. У 1989 годзе яе зачынілі. У 2008-м Ворша рыхтавалася да Дажынак, і пачалася рэканструкцыя калегіюму. За сто мэтраў ад галоўнага корпусу будаўнікі знайшлі пахаваньне. Археолягі з Акадэміі навук датавалі яго 17–18 стагодзьдзем.
«Але там захаваліся прастрочаныя машынкай швы. Якое гэта 17 стагодзьдзе? — кажа Копцік. — Гэта 1930-я гады».
У другой палове 1930-х у Аршанскую турму адпраўлялі тых, хто быў прыгавораны да расстрэлу. Але ў самой турме не стралялі — людзей вывозілі ў лясы на Кабыляцкай гары і на Магілёўскай шашы.
«Я запісаў дзясяткі ўспамінаў, нават з наглядчыкамі. Фактаў, што расстрэльвалі ў турме, — няма. Аднак мне вядома, што людзі мерлі там як мухі».
Асуджаных, якія не зьмяшчаліся ў турме-калегіюме, пераводзілі побач — у былы касьцёл трынітарыяў. Гэта была яшчэ адна часовая турма, як і дом культуры імя Кірава.
«А падчас вайны пры немцах сабор быў адчынены. Тады ўсе асуджаныя зьмяшчаліся ў адной цэнтральнай турме. А пры саветах асуджаных утрымлівалі ў пяці месцах, і яны былі перапоўненыя. Уявіце сабе, які маштаб меў гэты тэрор», — кажа Копцік.
У 1930-я гады Ворша быў адным з найбуйнейшых цэнтраў сталінскіх рэпрэсій. Гэта вялікі чыгуначны вузел, празь які на ўсход ішлі эшалёны з рэпрэсаванымі. Людзей прывозілі з усіх суседніх раёнаў — Сеньненскага, Талачынскага, Багушэўскага, Шклоўскага. Тых, каго прысуджалі да расстрэлаў, звычайна трымалі ў турме ў былым калегіюме. А тых, каго меліся адправіць у сталінскія лягеры на ўсходзе і поўначы Расеі, — у перасыльнай турме. Яе пабудавалі ў 1930-я гады, калі рэпрэсаваных стала нашмат больш.
«Турма ў Воршы ўжо была перапоўненая, і спатрэбілася асобнае памяшканьне для асуджаных, — кажа Юрка Копцік. — Яны там часова ўтрымліваліся, у некаторых выпадках — па некалькі месяцаў».
У перасыльнай турме не расстрэльвалі. Людзі тут гінулі празь цяжкія ўмовы. Юрка Копцік упэўнены, што памерлых закопвалі каля турмы, як гэта рабілі ў езуіцкім калегіюме. Але археалягічных дасьледаваньняў дагэтуль ніхто не праводзіў.
Такая самая гісторыя — з домам культуры імя Кірава, што каля чыгуначнага вакзалу. На пачатку 1930-х гадоў недабудаваны дом культуры выкарыстоўвалі замест перасыльнай турмы.
«Калі разгарнулася калектывізацыя — першая хваля масавага тэрору, — пайшлі такія аб’ёмы арыштаваных і асуджаных на высылку, што спатрэбілася перасыльная турма паблізу чыгуначнай станцыі. Бальшавікі не прыдумалі нічога лепшага, як прыстасаваць пад перасыльны лягер недабудаваны корпус вось гэтага дому культуры», — кажа Копцік.
«Я думаю, у Воршы каля 6 тысяч імёнаў павінна быць стабільна. Гэты тыя, каго мы з часам зможам назваць пайменна, — кажа Свабодзе гісторык Зьміцер Дрозд. Сьпіс з 2 тысячамі вядомых імёнаў расстраляных у Воршы ён зьбіраецца выдаць асобнай кнігай.
Па словах Дразда, Ворша — трэці ў Беларусі горад па колькасьці расстраляных пасьля Менску і Віцебску. Гісторык стварыў графік рэпрэсій у Воршы ў 1937 годзе. У некаторыя дні тут расстрэльвалі больш за 100 чалавек. 10 лістапада 1937 году ў Воршы расстралялі 147 чалавек.
«Па колькасьці расстрэлаў Ворша апярэджвала Гомель і Магілёў. Праўда, гэта няпоўныя дадзеныя, бо ў базе мала зьвестак пра Гомель і Магілёў», — кажа гісторык.
«НКВД рабіў улік. Натуральна, для пахаваньня патрэбна было ўчастак аформіць. Але такіх дакумэнтаў НКВД ніхто ня бачыў. У даведках КДБ толькі ўказана, што вырак прыведзены ў выкананьне. Дакумэнты пра месцы расстрэлаў па Беларусі ці зьніклі, ці былі зьнішчаныя адмыслова, ці трапілі ў Маскву. Гэта невядома», — кажа Дрозд.
Таму пра месцы расстрэлаў пакуль даведваюцца або ад краязнаўцаў, якія апытвалі ў свой час сьведак рэпрэсій, або з рэдкіх дакумэнтаў — такіх, як акт 1982 году ў Воршы.
Яго завераную копію захоўвае Юрка Копцік. Але гарадзкія ўлады дагэтуль адмаўляюць, што на Кабыляцкай гары і ў Харкаўскім лесе ёсьць масавыя пахаваньні. Ганна Сьвятлова, загадчыца аддзелу культуры Аршанскага райвыканкаму, сказала Свабодзе, што для ўсталяваньня помніка праводзяцца «гістарычныя дасьледаваньні».
Тым часам лес на Кабыляцкай гары ператвараецца ў народны мэмарыял. Нашчадкі рэпрэсаваных прыбіваюць да дрэваў шыльды з імёнамі сваякоў, што пацярпелі ад сталінскага тэрору.
«Гэтая ўлада сказала, што яны — пераемнікі савецкай улады. У такім разе бярыце на сябе адказнасьць за ўсе злачынствы савецкай улады, — кажа Копцік. — А яны ня ведаюць, як хаваць канцы ў ваду».
Крыніца RS