07 Фев Рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій у 1950-я гады. Частка 1
Як адбывалася рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій ў СССР у артыкуле гісторыка, кандыдата гістарычных навук, прафесара Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Ірыны Раманавай.
Колькасць ахвяр палітычных рэпрэсій, што адбываліся ў 1920-я – 1940-я гг. у Савецкім Саюзе, была значнай як у абсалютных лічбах, так і па іх відах: ахвяры масавых кампаній высяленняў (сяляне, прадстаўнікі шэрагу нацыянальнасцяў[1]), “ворагі”, “шпіёны”, “антысаветчыкі”, іх родныя і блізкія, тыя, хто трапіў у нямецкі палон у гады Вялікай Айчыннай вайны, быў вывезены на працы ў Германію і г.д. Рэабілітацыя прадстаўнікоў кожнай з гэтых катэгорый патрабавала распрацаванага заканадаўчага механізму. У 1950-я гг. савецкія ўлады не пайшлі на аўтаматычную рэабілітацыю ўсіх ахвяр рэпрэсій. Больш за тое, – па кожнай канкрэтнай справе праводзілася дадатковае расследаванне, паколькі органы, якія займаліся рэабілітацыяй, зыходзілі, фактычна, з прэзумцыі вінаватасці. Сітуацыя пачала мяняцца толькі на мяжы 1980-1990-х гг., калі аўтаматычнай рэабілітацыі сталі падлягаць усе рэпрэсаваныя пазасудовымі органамі (“двойкамі”, “тройкамі” НКУС), а таксама раскулачаныя і сасланыя асобы[1].
Паняцце рэабілітацыя азначае поўнае аднаўленне правоў і рэпутацыі чалавека з прычыны ілжывага абвінавачвання. У якасці асноўных яе складнікаў можна выдзеліць юрыдычную (зняцце абвінавачванняў крымінальнага характару і спыненне крымінальнай справы), палітычную (аднаўленне дзеяча ў партыі і зняцце забароны на ўзгадванне яго імя ў друку і навуковай літаратуры) і публічную (абнародаванне фактаў юрыдычнай і палітычнай рэабілітацыі пэўнай асобы) рэабілітацыі. Працэс рэабілітацыі (найперш публічнай) тычыўся і тых дзеячоў, якія памерлі сваёй смерцю, але пазней былі абвешчаныя “ворагамі народа” ці проста выкраслены з савецкай гісторыі[2]. Аднак выпрацоўка такога падыходу да ахвяр палітычных рэпрэсій запатрабавала значнага часу* і праходзіла ў некалькі этапаў, кожны з якіх меў свае асаблівасці.
- Асобныя рашэнні аб амністыі, памілаванні, спыненні пераследу і зняцці абвінавачванняў, якія прымаліся ў 1920-1930-я гг., нельга разглядаць у адным шэрагу з працэсам рэабілітацыі, што пачаўся пасля смерці І. Сталіна.
Ад амністыі да “нягласнай” рэабілітацыі (1953–1956 гг.)[2].
Першыя рэабілітацыйныя акты былі ініцыяваны адразу пасля смерці І. Сталіна чалавекам, чыё імя цесна звязана з рэпрэсіямі – міністрам унутраных спраў СССР Л.Берыя. У сакавіку – чэрвені 1953 г. ён паспрабаваў разыграць гэтую карту з мэтай умацавання ўласнага становішча і адмежавання ад ранейшага ўдзелу ў правядзенні рэпрэсій. У Прэзідыум ЦК КПСС вясной 1953 г. былі накіраваны запіскі аб рэабілітацыі шэрагу дзеячаў, праўда тычыліся яны толькі некаторых вышэйшых партыйных чыноўнікаў, іх сваякоў, а таксама шэрагу асоб, асуджаных на зняволенне тэрмінам не больш за пяць гадоў. Для асуджаных па контррэвалюцыйных абвінавачваннях тэрмін зняволення, як вядома, быў значна большым. Прадугледжвалася таксама перагледзець справы другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг.[3]. Праводзіліся ўсе гэтыя дзеянні фактычна тайна.
Найбольш гучным актам стала рэалізацыя пастановы Прэзідыума ЦК КПСС ад 27 сакавіка 1953 г. “Аб амністыі”. Згодна з гэтай пастановай з лагераў і калоній СССР была вызвалена велізарная колькасць людзей – 1 201 738 чалавек, што складала 53,8% ад агульнай колькасці зняволеных. Таксама было ліквідавана 104 лагеры і 1567 калоній і лагерных падраздзяленняў[4]. Размова аб рэабілітацыі шырокага кола асоб пакуль не вялася, а амністыя не распаўсюджвалася на асуджаных пазасудовымі Асобымі нарадамі і “тройкамі”, на так званых палітычных зачынцаў (тых, хто быў асуджаны на тэрмін звыш пяці гадоў)[5]. Затое па амністыі на волю выйшла вялікая колькасць крымінальных элементаў, што прывяло да ўскладнення крымінагеннай сітуацыі ў краіне[6].
У снежні 1953 г. Л.Берыя быў расстраляны па абвінавачванні ў шпіянажы і змове з мэтай захопу ўлады. Справу рэабілітацыі перахапіў М.Хрушчоў і скарыстаў яе ў сваім супрацьстаянні з фактычным кіраўніком дзяржавы таго часо старшынёй СНК СССР Г.Малянковым і іншымі партыйнымі дзеячамі. Пры гэтым рэабілітацыя з’яўлялася адной са складовых частак агульнай лібералізацыі рэжыму і ёй былі ўласцівы ўсе хібы таго часу, што ўвайшоў у гісторыю як “адліга”.
Актывізацыя працэсу рэабілітацыі ў цэлым па краіне пачалася ў 1954 г. са стварэннем спецыяльных камісій (Цэнтральнай[3] і мясцовых у рэспубліках, краях, абласцях) па перагляду спраў асуджаных за “контррэвалюцыйныя злачынствы”, тых, хто ўтрымліваўся ў лагерах, калоніях, турмах і знаходзіўся ў ссылцы на пасяленні. Гэтым камісіям належала вывучаць справы аб незаконным асуджэнні, няправільнай кваліфікацыі складу злачынства, неабгрунтаваным накіраванні людзей у ссылку, і па выніках разгляду спраў прымаць рашэнні аб перакваліфікацыі складу злачынства, скарачэнні тэрміну пакарання, прымяненні указа “Аб амністыі”, адмене рашэння па справе і поўнай рэабілітацыі асуджанага. У адносінах асоб, асуджэнне якіх прызнавалася правільным, выносілася пастанова аб адмове ў пераглядзе справы[7]. З мэтай больш хуткага правядзення рэабілітацыі былі створаны спецыяльныя выяздныя камісіі, якія на месцах маглі прымаць рашэнні аб вызваленні заключаных.
Механізм перагляду спраў быў даволі складаным, патрабаваў значных матэрыяльных і часавых затрат. Дзейнасць камісій былі неэфектыўнай па прычыне нязначнай колькасці членаў у іх, а таксама ўдзелу толькі кіраўнікоў ведамстваў, для якіх гэтая задача не была першачарговай. За гэтымі прычынамі хавалася галоўная – дзяржава не была гатовая да кардынальных пераменаў у справе вырашэння лёсу “ворагаў народа”. Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што, здымаючы абвінавачванні па шэрагу пунктаў артыкула 58 Крымінальнага кодэкса (далей — КК), абвінавачванні па пункце 58-10 (“Антысавецкая агітацыя і прапаганда”) пакідалі ў сіле амаль заўсёды[8]. Неабходна ўлічваць і тое, што рашэнні па справах нярэдка прымалі людзі, якія незадоўга да гэтага самі ў масавым парадку адпраўлялі “ворагаў народа” ў лагеры. Аб негатоўнасці дзяржавы да арганізуемай кампаніі рэабілітацыі сведчыў і сакрэтны характар дзейнасці камісій. Уся перапіска, звязаная з іх працай, мела грыф “зусім сакрэтна”. Зняволеным не паведамлялі аб тым, што справа разглядалася Цэнтральнай ці мясцовай камісіяй, выпіскі рашэнняў аб’яўляліся ад імя Пракуратуры, МУС і КДБ СССР, ад іх жа імя выдаваліся даведкі аб вызваленні[9].
Адначасова (у адпаведнасці з пастановай ЦК КПСС ад 12 сакавіка 1954 г.) органы КДБ пачалі рабіць перагляд аператыўных архіваў з мэтай выняцця і знішчэння так званых “кампраметуючых” матэрыялаў на сумленных савецкіх людзей, што былі здабыты шляхам фальсіфікацыі і прымянення незаконных метадаў вядзення следства. Толькі па тэрыторыі БССР перагляду падлягалі 200 815 спраў агентурнай распрацоўкі, 189 370 архіўна-следчых спраў, 255 252 асабістых і рабочых спраў агентуры, матэрыялаў на рэпатрыянтаў і ваеннапалонных (на 704 тыс.) чалавек і іншыя віды спраў[10]. Перагляд аператыўных архіваў быў пачаты толькі ў кастрычніку 1954 і за пяць месяцаў з уліку было знята ўсяго 36 тыс. чалавек[11].
Органы пракуратуры атрымалі права запатрабаваць архіўна-следчыя справы з КДБ, Вярхоўны суд СССР – права перагляду па пратэсце генпракурора СССР рашэнняў калегіі АДПУ, Асобай нарады, двоек і троек. Лагеры і калоніі перадаваліся з кампетэнцыі МУС СССР у кампетэнцыю Міністэрства юстыцыі СССР. Прэзідыум Вярхоўнага суда заняўся пераглядам спраў па абвінавачванні ў контррэвалюцыйных злачынствах.
У Беларусі Прэзідыум Вярхоўнага суда пачаў разгляд спраў па рэабілітацыі ў верасні 1954 г. і да канца года перагледзеў 726 спраў у адносінах да 806 асуджаных[12]. Аднак па выніках гэтага перагляду спынена было толькі 30 спраў[13]. Сярод іх – справа ад 5 кастрычніка 1937 г., па якой 13 беларускіх пісьменнікаў (Б.Мікуліч, Д.Астапенка і інш.) былі асуджаныя на працяглыя тэрміны пазбаўлення волі за “актыўны ўдзел у контррэвалюцыйнай дзейнасці”. У рашэнні Прэзідыума Вярхоўнага суда БССР указвалася: “як бачна з матэрыялаў справы, папярэдняе і судовае следства праведзена неаб’ектыўна, павярхоўна, без пераправеркі эпізодаў. Прысуд па справе вынесены на падставе неканкрэтных, супярэчлівых паказанняў сведак”[14]. Была спынена і справа на грамадзянку М.Мароз, асуджаную ў 1948 г. да 10 гадоў пазбаўлення волі за тое, што “ў 1944 годзе ўзводзіла паклёп на эканамічнае становішча працоўных у СССР і нанесла абразу па адрасе аднаго з кіраўнікоў камуністычнай партыі і ўрада”. У матэрыялах Прэзідыума адзначалася, што “з матэрыялаў справы бачна, што Мароз адмаўляла інкрымінуемыя ёй абвінавачванні і сцвярджала, што сведкі ўзвялі на яе паклёп, паколькі ў яе з імі былі непрыязныя адносіны з-за спрэчкі аб кватэры”[15] і інш. У адносінах 538 чалавек, асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы, пакаранне было зменшана да пяці гадоў пазбаўлення волі. У выкананне ўказа “Аб амністыі” яны падлягалі вызваленню ад далейшага адбыцця пакарання[16].
У 1950-я гг. рэабілітацыя пераважна праходзіла паводле прыведзенага вышэй сцэнара: справа перакваліфікоўвалася, тэрмін адбыцця пакарання змяншаўся, чалавек атрымліваў свабоду, аднак адносна ўжо адбытага пакарання не рабілася ніякіх каментараў. Пры гэтым працэдура рэабілітацыі заставалася даволі складанай. Пракуроры, следчыя, ваенныя юрысты павінны былі праводзіць так званую праверку справы, падчас якой збіралася розная інфармацыя аб рэпрэсаваным, запрошваліся архіўныя даведкі, выклікаліся сведкі. Пасля гэтага рабілася заключэнне, на падставе якога генеральны пракурор СССР, яго намеснікі, ці галоўны ваенны пракурор уносілі на Пленум, Калегію па крымінальных справах ці Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР пратэст па справе. Суд выносіў заключэнне аб рэабілітацыі, перакваліфікацыі справы ці захоўванні ў сіле ранейшага прысуду[17]. Так, напрыклад, віна грамадзяніна К.Ізраільскага, асуджанага ў 1952 г. за “антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць”, “паклёп на нацыянальную палітыку савецкага ўрада” і г.д. да 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўча-працоўным лагеры (ППЛ) з канфіскацыяй усёй маёмасці, пры пераглядзе судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 16 снежня 1953 г. была падцверджана, аднак злачынства было перакваліфікавана на менш цяжкае, а мера пакарання адпаведна зменшана да пяці гадоў ППЛ. На падставе ўказа ад 27 мая 1953 г. ад далейшага адбыцця пакарання К.Ізраільскі быў вызвалены. Аднак 4 лютага 1955 г. па пратэсту Генеральнага пракурора СССР справа разглядалася Пленумам Вярхоўнага Суда СССР. Пленум адзначыў, што “паказанні сведак па шэрагу прычын выклікаюць сумненні, а калі яны і адпавядаюць рэчаіснасці, то няправільныя суджэнні Ізраільскага маюць характар абывацельскіх размоў і не ўтвараюць складу контррэвалюцыйнага злачынства”. Як вынік, прысуд судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР ад 15 сакавіка 1952 г. і вызначэнне судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда СССР ад 16 снежня 1953 г. былі адменены, а крымінальная справа Ізраільскага спынена “за адсутнасцю складу злачынства”[18].
Старшыня КДБ СССР І.Сяроў у сваёй запісцы генеральнаму пракурору СССР Р.Рудэнку адносна перагляду спраў 1920–1930-х гг. адзначаў, што па большасці гэтых спраў немагчыма прыняць правільныя рашэнні з-за даўнасці падлягаючых праверцы фактаў, паколькі нярэдка проста немагчыма знайсці неабходныя архіўныя дакументы і сведак. Спасылаючыся на канкрэтныя справы, ён падкрэсліваў, што “па архіўна-следчых справах, узбуджаных у 20-30-х гадах, цяжка правільна вырашыць пытанне аб вінаватасці ці невінаватасці раней асуджаных асобаў. Калі зыходзіць з фармальных абставін (адсутнасць неабходных доказаў, не сабраных у перыяд следства), то пры вырашэні пытання па гэтых справах можна зрабіць грубую памылку, рэабілітуючы сапраўдных злачынцаў”[19]. Такім чынам, улады ў працэсе рэабілітацыі фактычна зыходзілі з прэзумцыі вінаватасці.
Заўважым, што, нягледзячы на існаванне Цэнтральнай камісіі па рэабілітацыі, ключавыя прынцыповыя пытанні (асабліва калі яна тычылася вядомых у краіне людзей) папярэдне выносіліся на разгляд Прэзідыума ЦК КПСС. Без яго згоды органы пракуратуры не маглі прадстаўляць прапановы па пераглядзе спраў у суды, а суды – выносіць рашэнні аб рэабілітацыі. Па-другое, не падлягалі рэабілітацыі трацкісты, апартуністы, эсэры, меншавікі, прадстаўнікі іншых сацыялістычных партый. Па-трэцяе, захоўваліся ў тайне статыстычныя даныя аб арыштаваных органамі ВЧК–АДПУ–НКУС–МДБ за перыяд 1921–1953 гг. А з мэтай утойвання маштабаў і ходу рэпрэсій родным расстраляных і загінулых у лагерах людзей выдавалі даведкі, дзе пазначаліся несапраўдныя абставіны і дата смерці[20].
Да 29 красавіка 1955 г. Цэнтральнай і рэспубліканскімі камісіямі па пераглядзе спраў на асоб, асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы, якія ўтрымліваліся ў лагерах і турмах, было перагледжана 237 412 спраў па СССР. З іх па Беларускай ССР было 19 136 спраў. Вынікі перагляду апошніх былі наступныя: па 265 справах рашэнні адменены, а самі справы спынены; па 263 справах перакваліфікаваны склад злачынства; па 5915 – зменшаны тэрмін пакарання; па 2086 – прыменены ўказ “Аб амністыі” з вызваленнем з-пад варты; па 120 – адменена ссылка і высылка на пасяленне; па 10410 – адмоўлена ў пераглядзе; па 77 – прыняты іншыя рашэнні[21].
Асобную катэгорыю асуджаных складалі асобы, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з акупантамі (у самых розных формах) у гады Вялікай Айчыннай вайны. У адпаведнасці з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб амністыі савецкіх грамадзян, якія супрацоўнічалі з акупантамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны” ад 17 верасня 1955 г. з месцаў зняволення і ад іншых мер пакарання вызваляліся асобы, асуджаныя на тэрмін да дзесяці гадоў за пасобніцтва ворагу і іншыя злачынствы; напалову скарачаўся тэрмін пакарання для асуджаных на тэрмін больш за дзесяць гадоў паводле артыкула 58 КК. Падлягалі вызваленню са зняццем судзімасці асобы, асуджаныя за службу ў нямецкай арміі, паліцыі і спецыяльных нямецкіх фарміраваннях[22]. Пры гэтым амністыя не прымянялася ў адносінах да асуджаных за забойствы і здзекі над савецкімі грамадзянамі. Таксама дзеянне ўказа не распаўсюджвалася на ваеннаслужачых, асуджаных за здачу ў палон. Пры гэтым любое трапленне ў палон разглядалася як добраахвотная здача, наяўнасць “незалежных ад ваеннаслужачага абставін, выкліканых баявой абстаноўкай”[23] не ўлічвалася, а ўцёкі з палону не адносіліся да змякчаючых абставінаў.
Пытанне аб несправядлівых адносінах у дачыненні да былых ваеннапалонных было ўзнята міністрам абароны СССР Г. Жукавым. У дакладной запісцы ЦК КПСС ён адзначаў, што многія былыя ваеннапалонныя былі рэпрэсаваныя Асобай нарадай НКУС, былыя ваеннапалонныя афіцэры падчас вайны накіроўваліся на фарміраванне штурмавых батальёнаў, а пачынаючы з 1945 г. усе вызваленыя і рэпатрыяваныя ваеннапалонныя (нават калі на іх не мелася ніякіх кампраметуючых звестак) зводзіліся ў батальёны і ў парадку пакарання накіроўваліся на пастаянную працу на прадпрыемствы вугальнай і лясной прамысловасці ў аддаленныя раёны[24]. Акрамя таго, шмат ваеннапалонных былі асуджаны як здраднікі Радзімы за тое, што ў палоне выконвалі абавязкі ўрачоў, санітараў, старшых па бараку, повараў, кладаўшчыкоў і розныя працы, звязаныя з абслугоўваннем саміх ваеннапалонных*[25].
- Камісія ЦК КПСС пад старшынствам Г.Жукава запатрабавала ў ЦК КПСС не толькі правядзення амністыі і рэабілітацыі былых ваеннапалонных, але і арганізацыі пэўнай працы па стварэнні станоўчага іміджу савецкіх салдат, якія апынуліся ў палоне – падрыхтоўцы кніг, п’ес, артыкулаў, фільмаў аб іх геройскіх паводзінах у фашысцкім палоне.
Урэшце Пастановай Прэзідыума ЦК КПСС ад 29 чэрвеня 1956 г. “Аб ліквідацыі наступстваў грубых парушэнняў законнасці ў адносінах былых ваеннапалонных і членаў іх сем’яў” была асуджана практыка агульнага палітычнага недаверу да савецкіх ваеннаслужачых, якія знаходзіліся ў палоне ці акружэнні праціўніка[26], а 18 верасня 1956 г. на іх было распаўсюджана дзеянне ўказа ад 17 верасня 1955 г. аб амністыі савецкіх грамадзян, якія супрацоўнічалі з акупантамі ў перыяд вайны[27].
Усяго за тры першыя гады рэабілітацыі (1953–1956 гг.) з месцаў пазбаўлення волі ў БССР вярнулася прыкладна 17 тыс. чалавек раней асуджаных за антысавецкую дзейнасць, сярод іх 127 чалавек, якія былі асуджаны як агенты замежных разведак, 60 – як удзельнікі антысавецкіх арганізацый, 704 – як нацыяналісты, 11 – як тэрарысты, 6304 – як здраднікі і памагатыя, якія служылі ў нямецкіх карных атрадах, 1147 – як бандыты і іх памагатыя, 60 былі ксяндзамі[28].
Самай маштабнай катэгорыяй ахвяр рэпрэсій у СССР з’яўляліся сасланыя, якія ўключалі так званых “кулакоў” з сем’ямі, “высланыя народы”*[29], тых асобаў, хто адбыў тэрмін пакарання і быў сасланы на пасяленне (т.зв. шпіёнаў, трацкістаў, меншавікоў, нацыяналістаў), людзей, выселеных з памежных раёнаў БССР і УССР, “оунаўцаў” з Заходняй Украіны, былых памешчыкаў, фабрыкантаў, гандляроў, супрацоўнікоў карных органаў былых буржуазных урадаў Польшчы, Прыбылтыйскіх краін, Румыніі, аднесеных да кулакоў сялян (з сем’ямі) з заходніх абласцей Украіны і Беларусі, басмачоў і інш.[30].
- Асноўную групу – каля 2 млн чалавек – складалі немцы, карачаеўцы, чачэнцы, інгушы, балкарцы, калмыкі, крымскія татары, выселеныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Працэс вяртання спецпасяленцаў дадому пачаўся яшчэ да працэсаў рэабілітацыі, аднак не быў сістэматычным. Так, напрыклад, мабілізаваныя падчас вайны спецпасяленцы маглі разам са сваімі сем’ямі вярнуцца з месца высылкі на радзіму. Старшыня Асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій З.А.Тарасевіч у 2004 г. узгадвала, што паколькі яе бацька “змыў сваёй крывёю сваё злачынства” – атрымаў тры раненні і падчас службы ў штрафбаце страціў руку, – то пасля вайны ён мог жыць не ў месцы ссылкі ў Охтаме (Архангельская вобласць), а вярнуцца ў Беларусь. Аднак па дазвол забраць сям’ю ён вымушаны быў звярнуцца да старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М.І.Калініна. І нават атрыманне такога дазволу не гарантавала спакойнага вяртання. Нягледзячы на станоўчы адказ з Масквы, яго жонцы і дачцэ фактычна давялося ўцякаць з месца высылкі без дакументаў. У 1947 г. у Мінск па амністыі з нагоды перамогі вярнулася і сям’я Лабатых, у свой час сасланых як кулакі. “Кулацкія” дзеці з сям’і Шацілаў – 23-гадовая Марыя і 17-гадовы Антон у тым жа 1947 г. уцяклі з месца высылкі, але іх ужо не вярталі назад. Пасля вайны палякам, якія паходзілі з Заходняй Беларусі, незалежна ад таго, дзе яны знаходзіліся, было дазволена выехаць у Польшчу. Некаторыя з іх пад выглядам выезду за мяжу пакінулі месца ссылкі і вярнуліся дадому[31].
Паводле даных МУС СССР, толькі на спецпасяленні ў 1954 г. знаходзілася 2 819 776 чалавек (у тым ліку 884 057 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў)*[32]. Пастановай Прэзідыума ЦК КПСС “Аб зняцці абмежаванняў па спецпасяленні з былых кулакоў і іншых асоб” ад 13 жніўня 1954 г. абмежаванні здымаліся з кулакоў, выселеных у 1929–1933 гг. з раёнаў суцэльнай калектывізацыі, а таксама з немцаў, выселеных з тых раёнаў, адкуль высяленне не праводзілася[33].
- У сумеснай дырэктыве МУС СССР і пракурора СССР ад 16 мая 1949 г. гаварылася, што ўсе дзеці спецпасяленцаў, якія пражываюць у спецпасяленні разам з высланымі бацькамі, па дасягненні 16-гадовага ўзросту падлягаюць залічэнню на вечнае пасяленне. Паводле ўказа Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 26 лістапада 1948 г. устанаўліваецца крымінальная адказнасць за самавольны выезд (уцёкі) з месцаў абавязковага пасялення.
Гэтай пастановай фактычна быў пакладзены афіцыйны канец высылцы кулакоў. Аднак на той час у Савецкім Саюзе заставалася 17 348 былых кулакоў, якія мелі статус спецпасяленцаў. Пастанова была ні чым іншым, як прызнаннем існуючага становішча — тыя спецпасяленцы, якія заставаліся, у большасці сваёй былі людзьмі сталага ўзросту, многія з іх – адзінокія жанчыны, якія жылі ў беднасці.
Амаль 59 тыс. чалавек знаходзіліся па стане на 1956 г. у бестэрміновай ссылцы, прычым большую палову (каля 31 тыс.) складалі сасланыя за “нацыяналістычную дзейнасць” у Латвійскай, Літоўскай, Эстонскай ССР і ў заходніх абласцях Беларусі і Украіны. У адпаведнасці з указам ад 10 сакавіка 1956 г. яны накіроўваліся пад нагляд органаў МУС да сваіх сем’яў, якія былі ў гэты час на спецпасяленні[34]. Размова аб вяртанні гэтых асобаў ці членаў іх сем’яў на ранейшыя месцы жыхарства ўсё яшчэ не вялася.
Улады дакладна ўсведамлялі, што вызваленне са спецпасялення асобных катэгорый пасяленцаў прывядзе да масавага выезду людзей і выкліча вялікі адток працоўнай сілы з маланаселеных раёнаў*, у той час як “у пазначаных раёнах намячаецца правядзенне вялікіх мерапрыемстваў па асваенні абложных і цалінных зямель”[35]. Да таго ж, вяртанне людзей у месцы ранейшага пражывання цягнула за сабой праблемы, звязаныя з прадастаўленнем ім жылля, працы і г.д. Таму зняцце некаторых абмежаванняў са спецпасяленцаў суправаджалася забаронай іх ад’езду з месца ссылкі**[36].
- Асноўная маса спецпасяленцаў была расселена ў раёнах, дзе адчуваўся вялікі недахоп у працоўнай сіле (Казахская, Узбекская, Кіргізская ССР, Краснаярскі і Алтайскі краі, шэраг абласцей Сібіры і Урала).
- ** Згодна з пастановай Савета Міністраў СССР “Аб зняцці некаторых абмежаванняў у прававым становішчы спецпасяленцаў” ад 5 ліпеня 1954 г. з уліку ў органах Міністэрства ўнутраных спраў СССР здымаліся дзеці спецпасялянцаў да 16-гадовага ўзросту, на іх не распаўсюджваўся рэжым абмежаванняў, устаноўлены для спецпасяленцаў; таксама з уліку здымаліся дзеці, старэйшыя за 16 гадоў, накіраваныя ў навучальныя установы.
Пашырэнне працэсу рэабілітацыі пасля ХХ з’езда КПСС
Канец перыяду “негалоснай рэабілітацыі”[37] быў пакладзены дакладам М.Хрушчова “Аб кульце асобы і яго наступствах”, агучаным 25 лютага 1956 г. падчас правядзення ХХ з’езда партыі. У ім было афіцыйна заяўлена аб наяўнасці ў СССР палітычных рэпрэсій і іх незаконнасці. Разам з тым, М.Хрушчоў агаварыў межы, у якіх магла весціся размова аб рэпрэсіях. Ён адзначыў, што паплечнікі Сталіна да самай яго смерці ў 1953 г. не ўяўлялі сабе сапраўдных маштабаў, метадаў і механізмаў рэпрэсій, і толькі спецыяльнае вывучэнне праблемы камісіяй пад кіраўніцтвам П.Паспелава “адкрыла ім вочы”[4]. Такі падыход дазваляў не ўзнімаць пытанне аб асабістай адказнасці партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва, а аб’явіць вінаватым ва ўсіх беззаконнях аднаго І.Сталіна.
Пасля абнародвання тэксту гэтага даклада аб рэпрэсіях і кульце Сталіна загаварылі адкрыта. Праца па рэабілітацыі выйшла на якасна новы ўзровень. 10 сакавіка 1956 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР адмяніў свой указ ад 21 лютага 1948 г. “Аб накіраванні асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў па адбыцці пакарання ў ссылку на пасяленне ў аддаленыя мясцовасці СССР”. Усе асобы, сасланыя паводле гэтага ўказа, аўтаматычна падлягалі вызваленню[38].
Адразу пасля з’езда былі створаны і спецыяльныя выяздныя камісіі Вярхоўнага Савета СССР па разглядзе спраў на асоб, якія адбывалі пакаранне за палітычныя, дзяржаўныя і гаспадарчыя злачынствы. Камісіі дзейнічалі пад наглядам Цэнтральнай камісіі[39], аднак мелі права на месцах (непасрэдна ў лагерах і зонах) прымаць канчатковыя рашэнні аб скарачэнні тэрміну пазбаўлення волі, вызваленні несправядліва асуджаных і асоб, “далейшае ўтрыманне якіх пад вартай не выклікана неабходнасцю”. З вызваляемых ад пакарання грамадзян здымаліся судзімасць і абмежаванні ў правах.
Усяго на тэрыторыі СССР было створана 97 камісій, у склад якіх увайшлі 375 чалавек – работнікі партыйных, савецкіх, судовых, пракурорскіх органаў, а таксама паўтара дзесятка былых палітзаняволеных з ліку рэабілітаваных камуністаў з вялікім партыйным стажам. Указ аб дзейнасці камісій прадугледжваў, што яны будуць вызваляць людзей ад далейшага адбывання пакарання, здымаць судзімасць і звязаныя з асуджэннем праваабмежаванні, аднак не праводзіць рэабілітацыю з юрыдычнага пункту гледжання. Да кастрычніка 1957 г. камісіі разгледзелі справы на больш чым 176 тыс. чалавек, вызвалілі з-пад варты каля 100 тыс. з іх, 42 тыс. чалавекам скарацілі тэрмін пакарання. У тым ліку былі разгледжаны справы на 81 027 чалавек, якія адбывалі пакаранне па абвінавачванні ў палітычных злачынствах. З іх з-пад варты былі вызвалены 50 944 чалавекі, цалкам рэабілітаваны 3271 чалавек, зменшана пакаранне 17 327 асуджаным[40].
У другой палове 1950-х гг. прадаўжалася зняцце з уліку некаторых катэгорый спецпасяленцаў, адмяняліся абмежаванні ў прававым становішчы шэрагу рэпрэсаваных народаў (калмыкі, грэкі, балгары, армяне, балкарцы і г.д.), пачалася распрацоўка пытання аб аднаўленні справядлівасці ў адносінах да былых савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян, якія ў гады вайны былі вывезеныя на працу ў Германію[41]. Адмянялася крымінальная адказнасць у адносінах да сваякоў асобаў, якія абвінавачваліся ў контррэвалюцыйных злачынствах (члены сем’яў ваеннаслужачых, якія ўцяклі за мяжу; члены сем’яў абвінавачаных у здрадзе Радзіме, трацкізме, шпіянажы і інш.). Разам яны складалі каля 200 тыс. чалавек[42].
У другой палове 1950-х гг. была прынята значная колькасць пастаноў Прэзідыума ЦК КПСС і ўказаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб рэабілітацыі і вызваленні з лагераў палітвязняў, пераглядзе спраў і пасмяротнай рэабілітацыі відных палітычных дзеячаў. Партыйная рэабілітацыя ахапіла былых кіраўнікоў партыйных і камсамольскіх арганізацый, кіруючых работнікаў савецкіх органаў, гаспадарчых работнікаў, камандуючы састаў арміі і палітычных работнікаў. Рэабілітаваныя асобы аднаўляліся ў партыі, прычым перапынак у партыйным стажы не пазначаўся[43]. Сярод рэабілітаваных у 1955–1957 гг. партыйных дзеячаў БССР былі такія вядомыя асобы, як сакратары ЦК КП(б)Б В.Г.Кнорын, Я.Б.Гамарнік, М.Ф.Гікала, В.Шаранговіч, М.М.Дзеніскевіч, старшыня СНК БССР М.Галадзед, шэраг савецкіх партыйных і дзяржаўных дзеячаў – В.А.Багуцкі, І.А.Васілевіч, Я.П.Каранеўскі, А.І.Крыніцкі, П.І.Амбражунас, А.В.Аўгустайціс і інш.
На працягу 1956–1957 гг. былі рэабілітаваныя і вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы: пісьменнік і крытык А.А.Бабарэка, педагог Г.В.Багдановіч, пісьменнік Платон Галавач, пісьменнік і тэатральны рэжысёр У. Галубок, пісьменнік і літаратуразнавец М.Гарэцкі, акцёр і рэжысёр Ф.Ждановіч, паэт Тодар Кляшторны, археолаг А.М.Ляўданскі, гісторыкі Ю.Майзаль і С.Ю.Матулайціс, краязнаўцы Р.П.Рак і М.В.Азбукін і інш.
У 1956 г. была перагледжана справа, сфабрыкаваная супраць дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, якія пераехалі ў БССР у 1930–1931 гг. АДПУ БССР яны былі аб’яднаныя ў контррэвалюцыйную паўстанцкую і шпіёнска-дыверсійную арганізацыю “Беларускі нацыянальны цэнтр”. Па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра” ў 1933–1934 гг. быў рэпрэсаваны 161 чалавек, некаторыя з іх былі паўторна прыцягнуты да адказнасці ў 1937–1939 гг. і расстраляны. Ваенные трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі 18 красавіка 1956 г. адмяніў рашэнне калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 г. у адносінах да ўсіх абвінавачваемых па матывах відавочнай непаўнаты расследвання і адсутнасці дастатковых доказаў. Справа была вернута на дадатковае расследаванне. Адначасова былі адменены рашэнні пазасудовых органаў за 1937–1939 гг. Камітэт дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў БССР правёў праверку і дадатковае расследаванне, у выніку якога існаванне “БНЦ” не пацвердзілася. У жніўні–верасні 1956 г. рашэннем ваеннага трыбунала БВА справа “БНЦ” у крымінальным парадку была спынена за адсутнасцю саставу злачынства[44]. Сярод пасмяротна рэабілітаваных былі вядомыя грамадскія дзеячы П.В.Мятла, С.А.Рак-Міхайлоўскі, П.П.Валошын, Ф.І.Валынец, Я.Е.Гаўрылік і іншыя асобы.
У 1958 г. былі пасмяротна рэабілітаваны і дзеячы навукі і культуры, якія ў 1930–1931 гг. былі асуджаныя па сфабрыкаванай супраць беларускай інтэлігенцыі справе “Саюза вызвалення Беларусі” і расстраляныя ў 1937–1941 гг.: Г.Гарэцкі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, А.Смоліч, В.Ластоўскі і інш. Аднак рэабілітаваныя яны былі толькі па прыгаворах 1937–1941 гг. Справа жа 1930–1931 гг. была перагледжана толькі ў 1988–1989 гг.[45].
Рэабілітацыя простых грамадзян ішла ў другой палове 1950-х гг. найперш па асабістых заявах і скаргах. Пры гэтым захоўваліся выпрацаваныя яшчэ да ХХ з’езда КПСС абмежаванні на рэабілітацыю трацкістаў, апартуністаў, эсэраў, меншавікоў, прадстаўнікоў іншых сацыялістычных партый[46].
Так, напрыклад, 22 сакавіка 1959 г. па заяве былога старшыні калгаса Яўхіма Калбеева на імя рэспублікі з просьбай перагледзець справу аб антысавецкай агітацыі (па якой у 1938 г. былі асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі ён сам і два яго суседы, да пяці гадоў пазбаўлення волі – яго сын Ягор) Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР знайшла, што: “Абвінавачванне асуджаных заснавана на іх прызнацельных паказаннях на папярэднім следстве, ад якіх яны затым адмовіліся, і на неканкрэтных і супярэчлівых паказаннях сведкаў […]. Пры гэтых абставінах дастатковых падстаў для прызнання асуджаных вінаватымі ў антысавецкай дзейнасці ў справе не маецца”. На падставе выкладзенага Судовая камісія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР пастанавіла адмяніць прыгавор спецкалегіі Магілёўскага абласнога суда ад 17 чэрвеня 1938 г. у адносінах Калбеева Яўхіма Калінавіча, Тапанава Нестара Максімавіча, Тапанава Тараса Максімавіча і Калбеева Ягора Яўхімавіча і спыніць справу. Праўда, Ягор Калбееў да перагляду справы не дажыў, ён памёр у 1958 г. у высылцы, куды быў адпраўлены пасля адбыцця тэрміну пакарання[47].
Выбарачна праводзілася і рэабілітацыя рэпрэсаваных народаў*. Пры гэтым у дзейнасці ўладаў прасочвалася відавочнае імкненне не падвяргаць крытыцы палітыку масавых дэпартацый, што мела месца раней. Ва ўказах аб адмене асобага рэжыму гаварылася, што людзі былі выселены “ў сувязі з абставінамі ваеннага часу”, а цяпер “іх знаходжанне на спецпасяленні не выклана неабходнасцю”. Такім чынам, палітычнай рэабілітацыі дэпартаваных народаў не адбылося, іх проста памілавалі. У нарматыўных актах канстатавалася, што зняцце людзей з уліку спецпасялення не цягне за сабой вяртання ім канфіскаванай пры высяленні маёмасці, што былыя спецпасяленцы не маюць права вяртацца на ранейшае месца жыхарства[48].
- У лістападзе 1956 г. была прынята Пастанова ЦК КПСС “Аб аднаўленні нацыянальнай аўтаноміі калмыцкага, карачаеўскага, балкарскага, чачэнскага і інгушскага народаў”. Як правіла, аднаўляліся іх нацыянальныя аўтаноміі ў ранейшых межах. У планавым парадку было арганізавана масавае перасяленне былых спецпасяленцаў на радзіму. Аднак крымскія татары, немцы, курды, туркі-месхецінцы здымаліся з уліку спецпасялення без вяртання ў месцы ранейшага жыхарства.
Перагляд спраў, ініцыяваны саюзнымі органамі, сустракаў сур’ёзны супраціў з боку мясцовых органаў улады і нізавых падраздзяленняў спецслужбаў. У свой час супрацоўнікі гэтых органаў непасрэдна ўдзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні рэпрэсій. Цяпер яны мусілі не толькі сустрэцца тварам да твара са сваімі ахвярамі, але і вырашаць іх жыццёвыя праблемы, звязаныя з працаўладкаваннем, забеспячэннем жыллём і г.д. Так, сакратар Гродзенскага абкама партыі КПБ Ф. Баранаў звяртаў у дакладной запісцы ад 24 мая 1955 г. увагу сакратара ЦК КПБ М.С.Патолічава на тое, што “няправільнае прымяненне органамі пракуратуры і судоў указанняў Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 27 сакавіка 1953 года “Аб амністыі” прывяло да сітуацыі, калі “некаторыя дзяржаўныя злачынцы неабгрунтавана вызвалены ад адбыцця пакарання”[49], “спрабуюць аднавіць антысавецкую дзейнасць, вядуць антыкамуністычную агітацыю, распаўсюджваюць паражэнчыя выдумкі”[50]. Сакратар ЦК КПБ К.Т.Мазураў пісаў 12 снежня 1956 г. у ЦК КПСС: “Многія працаўнікі партыйных, савецкіх і грамадскіх арганізацый, а таксама працоўныя рэспублікі выказваюць сваё незадавальненне тым, што асобы, якія здзейснілі злачынствы перад савецкай дзяржавай, не адбыўшы пакарання, датэрмінова вяртаюцца з месцаў заключэння і вяртаюцца на ранейшае месца жыхарства”[51]. Ад імя ЦК КПБ ён прасіў ЦК КПСС разгледзець пытанне аб мэтазгоднасці датэрміновага вызвалення асобаў, асуджаных за антысавецкую дзейнасць[52].
Наступным пасля ХХ з’езда КПСС крокам па дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў СССР стаў чэрвеньскі Пленум ЦК КПСС 1957 г., на якім было ўзнята пытанне аб асабістай адказнасці за рэпрэсіі В.Молатава, Л.Кагановіча, Г.Малянкова, К.Варашылава. Практычна адразу пасля гэтага пленума стала скарачацца колькасць разгледжаных спраў, звузілася кола разглядаемых пытанняў. Пасля адхілення ад улады вышэйпералічаных асоб М.Хрушчоў ужо не меў пільнай патрэбы выкарыстоўваць рэабілітацыйны працэс у барацьбе за аднаасобнае лідарства[53].
Згортванне рэабілітацыі
Пасля зняцця ў 1964 г. з пасады першага сакратара ЦК КПСС М.С.Хрушчова працэс рэабілітацыі фармальна працягваўся, аднак на справе выпадкі разгляду спраў сталі адзінкавымі. Паступова была згорнута праца па ўдасканаленні заканадаўчай базы рэабілітацыі. Больш за тое, у партыі былі адноўлены непасрэдныя ўдзельнікі шырокамаштабных рэпрэсій, чыя віна была даказана ў папярэдні перыяд. На доўгі час былі схаваныя матэрыялы камісіі Прэзідыума ЦК КПСС (старшыня М.С.Швернік), якая ў ходзе вывучэння ў час т.зв. “адлігі” адкрытых судовых працэсаў 1930-х гг. прыйшла да сенсацыйных па тых часах высноў: усе судовыя працэсы 1930-х гг. былі сфальсіфікаваныя, а іх удзельнікі падлягалі рэабілітацыі[54].
У наступныя гады працэс рэабілітацыі ішоў вельмі марудна, перагляд спраў быў выбарачны. Так, калі да 1962 г. было рэабілітавана 1 197 847 рэпрэсаваных, то за 20 гадоў з 1962 па 1983 г. – толькі 157 055 чалавек[55]. Існаванне так званых “цэнтраў” і “блокаў”, якія быццам кіравалі падрыўной, шпіёнскай, шкодніцкай дзейнасцю, пад сумненне не ставілася[56]. Толькі ў выніку новага расследавання падчас чарговага этапа рэабілітацыі, які пачаўся ў другой палове 1980-х гг. у межах агульнага курса на дэмакратызацыю і галоснасць, было прызнана, што ні арганізаваных фракцыйных груп, ні “блокаў”, ні “цэнтраў” фактычна не існавала, а абвінавачванні супраць іх удзельнікаў базіраваліся на матэрыялах сфальсіфікаваных у ходзе следства і судовага разбіральніцтва[57].
[1] У 1937-38 гг. НКУС быў праведзены шэраг аперацый супраць пэўных нацыянальнасцей (палякаў, немцаў, латышоў, літоўцаў, эстонцаў, фінаў, грэкаў, румын, балгар, кітайцаў, іранцаў, румын, афганцаў і інш.). Са жніўня 1937 г. па літапад 1938 г у рамках ўсіх нацыянальных аперацый было асуджана больш за 335 тыс. чалавек, з іх амаль 74% былі прысуджаны да растрэлу. Нягледзячы на тое, што сярод арыштаваных і асуджаных выразна праглядаецца этнічны аспект, ахвярамі рэпресій па «нацыянальных лініях» станавіліся таксама прадстаўнікі іншых нацый, у тым ліку “тытульных”: рускія, украінцы, беларусы.
Да ліку рэпрэсаваных адносяцца таксама немцы, карачаеўцы, чачэнцы, інгушы, балкарцы, калмыкі, крымскія татары, выселеныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
[2] Аўтар выказвае падзяку Сяргею Хомічу за прадстаўеныя ім копіі архіўных дакументаў.
[3] У склад Цэнтральнай камісіі ўвайшлі: Генеральны пракурор СССР Рудэнка (старшыня), міністр унутраных спраў Круглоў, старшыня КДБ Сяроў, міністр Юстыцыі СССР Гаршэнін, намеснік міністра юстыцыі СССР Данілаў, начальнік Упраўлення па надзору за месцамі заключэння Пракуратуры СССР Вавілаў, нам. начальніка аддзелу па спецсправах Пракуратуры СССР Сучкоў і інш. (Реабилитация: как это было. Т. 1, с.116).
[4] Камісія П.Паспелава была створана на пасяджэнні Прэзідыума ЦК КПСС 31 снежня 1955 г. з мэтай вывучэння дакументаў, звязаных з рэпрэсіямі. У яе склад уваходзілі Паспелаў, Камароў, Арыстаў, Швернік і нш. Шматстаронкавы даклад па выніках дзейнасці быў прадстаўлены напярэдадні ХХ з’езда КПСС. У зусім сакрэтнай справаздачы паведамляліся звесткі аб маштабах рэпрэсій у краіне ў 1935-1940 гг. Даклад камісіі Паспелава, хоць і асноўваўся на відавочна няпоўнай статыстыцы, сведчыў, што толькі за 2 гады – 1937-1938 гг. – было арыштавана па абвінавачванні ў антысавецкай дзейнасці больш за 1,5 млн чалавек, з іх было растраляна больш за 681 тыс. чалавек.
[1] Рэабілітацыя на Беларусі не стала прадметам асобнага навуковага даследавання. Асобныя аспекты праблемы закранаюцца літаральна ў некалькіх працах. Гл.: Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 1920–1950-х гг. на Беларусі. Мн., 1994; Хоміч С. Амнісціраванне і рэабілітацыі рэпрэсаваных у Беларускай ССР (сакавік 1953–люты 1956 гг.) // Репрессивная политика советской власти в Беларуси: сб. науч. работ / Сост. И. Кузнецов, Я. Басин; науч. ред. В.П.Андреев. Вып. 1. Мн., 2007. С. 254–269; Романова И., Хомич С. Адаптация репрессированных к жизни в обществе после возвращения из мест заключения и ссылки (по материалам интервью) // Устная история в Карелии. Вып. IV. Карелия и Беларусь: повседневная жизнь и культурные практики населения в 1930–50-е гг. / Сост. и научн. ред. И.Р. Такала, А.В. Голубев, И.Н. Романова, И.С. Маховская. Петрозаводск, 2008. С. 31—52; Раманава І., Хоміч С. Адаптацыя былых рэпрэсаваных да вольнага жыцця // Homo historicus. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. Вільня, 2008. С. 105–128.
[2] Борисов Ю.С., Голубев А.В. Политическая реабилитация в СССР (1950—1960-е гг.) в освещении западной историографии // Рэжым доступу: http://www.fedy-diary.ru/?page_id=5757
[3] Артизов, А.Н., Сигачев, Ю.В. Введение / / Реабилитация: как это было. Документы Президиума ЦК КПСС и другие материалы. В 3-х томах. Т. 1. Март 1953 – февраль 1956. — М., 2000. С. 8.
[4] Докладная записка С.Н. Круглова в ЦК КПСС о состоянии дел в исправительно-трудовых лагерях и колониях. 26 мая 1954 г. // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 148.
На 1 красавіка 1954 г. з ліку заключаных, вызваленых па амністыі, да крымінальнай адказнасці зноў было прыцягнута 84 225 чалавек. Гл.: Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 150.
[5] Хоміч С. Там сама, с. 256.
[6] Докладная записка С.Н. Круглова в ЦК КПСС о состоянии дел в исправительно-трудовых лагерях и колониях. 26 мая 1954 г. // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 148.
На 1 красавіка 1954 г. з ліку заключаных, вызваленых па амністыі, да крымінальнай адказнасці зноў было прыцягнута 84 225 чалавек. Гл.: Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 150.
[7] Постановление Президиума ЦК КПСС о создании Центральной Комиссии и местных комиссий по пересмотру дел осужденных за “контрреволюционные преступления”, содержащихся в лагерях, колониях, тюрьмах и находящихся в ссылке на поселении. 4 мая 1954 г. // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 116–117.
[8] Уйманов В.Н. Кампания массовой реабилитации жертв политических репрессий в западной Сибири в середине 1950-х – 1980-е годы // Вестник Томского государственного университета. 2012, №2. С. 95.
[9] Там жа.
[10] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ). Ф. 4, воп. 62, спр. 428, арк. 147.
[11] Там жа. Арк. 149.
[12] Там жа. Ф. 99, воп. 6, спр. 232, арк. 2.
[13] Там жа. Арк. 5.
[14] Там жа. Арк. 6.
[15] Там жа. Арк. 8–9.
[16] Там жа. Арк. 25.
[17] Артизов, А.Н., Сигачев, Ю.В. Введение // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 9.
[18] НАРБ. Ф. 99, воп. 6, спр. 240, арк. 134–137.
[19] Записка И.А. Серова Р.А. Руденко о порядке реабилитации лиц, осужденных до 1935 г. 1 апреля 1957 г. // Реабилитация: как это было. Документы Президиума ЦК КПСС и другие материалы. В 3-х томах. Т. 2. Февраль 1956 – начало 80-х годов. — М., 2003. С. 244–245.
[20] Артизов, А.Н., Сигачев, Ю.В. Введение // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 10–11.
[21] Докладная записка Р.А. Руденко в ЦК КПСС о результатах работы Центральной комиссии по пересмотру дел осужденных за «контрреволюционные преступления», содержащихся в лагерях, колониях, тюрьмах и находящихся в ссылке на поселении. 25 апреля 1955 г. // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 213.
[22] Указ Президиума Верховного совета СССР «Об амнистии советских граждан, сотрудничавших с оккупантами в период Великой Отечественной войны 1941-1945 гг.» // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 259.
[23] Докладная записка комиссии ЦК КПСС под председательством Г.К.Жукова в ЦК КПСС о положении бывших военнопленных. 4 июня 1956 г. // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 115.
[24] Там жа. С. 115–116.
[25] Там жа. С. 118.
[26] Постановление Президиума ЦК КПСС «Об устранении последствий грубых нарушений законности в отношении бывших военнопленных и членов их семей». 29 июня 1956 г. // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 129–132.
[27] Постановление Президиума ЦК КПСС «О применении амнистии к бывшим военнослужащим советской армии и флота, осужденным за сдачу в плен противнику». 18 сентября 1956 г. // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 185.
[28] НАРБ. Ф. 4, воп. 62, спр. 444, арк. 512.
[29] Записка К.Е. Ворошилова в Президиум ЦК КПСС о категориях и количестве спецпоселенцев в СССР / / Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 97.
[30] Там жа. С. 98.
[31] Раманава І., Хоміч С. Адаптацыя былых рэпрэсаваных да вольнага жыцця // Homo historicus. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. С. 105 – 107.
[32] Записка К.Е. Ворошилова в Президиум ЦК КПСС о категориях и количестве спецпоселенцев в СССР / / Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 98.
[33] Постановление Президиума ЦК КПСС “О снятии ограничений по спецпоселению с бывших кулаков и других лиц”. 13 августа 1954 г. // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 170.
[34] Записка Комиссии ЦК КПСС в ЦК КПСС об отмене указа Президиума Верховного Совета СССР от 21 февраля 1948 г. “О направлении особо опасных преступников по отбытии ими наказания в ссылку на поселение в отдаленные местности СССР”. 6 февраля 1956 г. // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 314.
[35] Записка Комиссии ЦК КПСС под председательством К.Е.Ворошилова Г.М.Маленкову и Н.С.Хрущеву о снятии ограничений в правовом положении спецпоселенцев. 24 февраля 1954 г. // Реабилитация: как это было. Т. 1. С. 96.
[36] Там жа.
[37] Oppenheim S.A. Rehabilitation in the Post-Stalinist Soviet Union // The Western Political Quarterly. 1967. Vol. 20, № 1.
[38] Уйманов В.Н. Кампания массовой реабилитации жертв политических репрессий в западной Сибири в середине 1950-х – 1980-е годы. С. 96.
[39] Докладная записка А.Б.Аристова в ЦК КПСС об итогах работы комиссий президиума Верховного Совета СССР по рассмотрению дел на лиц, осужденных за политические, должностные и хозяйственные преступления. 17 октября 1956 г. // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 193.
[40] Там жа.
[41] Артизов, А.Н., Сигачев, Ю.В. Введение // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 6.
[42] Записка Комиссии ЦК КПСС под председательством Л.И.Брежнева в ЦК КПСС об отмене уголовной ответственности граждан за преступления, совершенные их родственниками. 17 сентября 1956 г.; Постановление Президиума ЦК КПСС “Об отмене уголовной ответственности граждан за контрреволюционные преступления, совершенные их родственниками”. 4 октября 1956 г. // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 184, 186–187.
[43] Постановление Президиума ЦК КПСС “О партстаже при восстановлении в КПСС исключенных из членов партии”. 9 мая 1956 г. // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 86.
[44] Міхнюк, У. “Беларускі нацыянальны Цэнтр” / / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 1. Мн., 1993. С. 450–451.
[45] Міхнюк, У. “Саюз вызвалення Беларусі” / / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 6. Кн.1. Мн., 2001. С. 249.
[46] Артизов, А.Н., Сигачев. Ю.В. Введение // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 9.
[47] Раманава І. “Песня мужыка” або аповяд пра лёс і трагедыю паэта-пачаткоўца і яго твораў // Звязда. 2005, 24 верасня. С. 12.
[48] Артизов, А.Н., Сигачев. Введение // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 10.
[49] НАРБ. Ф. 4, воп. 62, спр. 427, арк. 265.
[50] Там жа. Арк. 255.
[51] Там жа. Воп. 62, спр. 444, арк. 514.
[52] Там жа.
[53] Артизов, А.Н., Сигачев. Введение // Реабилитация: как это было. Т. 2. С. 9.
[54] Там жа. С. 11.
[55] Записка Чебрикова в ЦК КПСС “Об использовании архивов органов госбезопасности”. 3 июня 1988 г. // Реабилитация: как это было. Документы Президиума ЦК КПСС и другие материалы. В 3-х томах. Т.3. Середина 80-х годов – 1991. – М., 2004. С. 77.
[56] Беседа М.С.Соломенцева с корреспондентами “Правды” по вопросам реабилитации. 19 августа 1988 г. // Реабилитация: как это было. Т. 3. С. 107.
[57] Там жа.