Распачата кампанія па ўшанаванні ахвяраў палітычных рэпрэсій

«Забітыя, але незабытыя» – так называецца грамадская кампанія дзеля ўвекавечання ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі 1917 – 1950 гг.

Да яе далучыліся рэгіянальныя кампаніі з Гомля «Забітыя і забытыя», з Вітэбску « Хайсы – «Віцебскія Курапаты», з Воршы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», асобныя даследчыкі гісторыі рэпрэсій з Гародні, Магілева, Воршы і Менску – гісторыкі Ігар Кузняцоў, Ірына Раманава ды інш.

Агульнарэспубліканская кампанія «Забітыя, але не забытыя» паклікана каардынаваць дзейнасць рэгіянальных ініцыятыў, рэалізоўваць сумесныя праекты і ініцыятывы дзеля ўшанавання памяці ахвяраў камуністычнага тэрору.

У планах абмен досведам, сумеснае змаганне за адкрыццё архіваў з інфармацыяй па рэпрэсаваных (у тым ліку і праз суд), агульная праца па зборы інфармацыі па рэпрэсіях (персанальныя гісторыі, успаміны сваякоў, дакументы, фотаздымкі), акцыі, падтрымка рэгіянальных петыцый, выпрацоўка агульнанацыянальных петыцый, правядзенне супольных сустрэчаў, брыфінгаў, прэс – канферэнцый, актуалізацыя ў грамадскім дыскурсе масавай высылкі сялянаў «кулакоў» на пач. 30 – х гадоў, стварэнне інтэрактыўнай мапы расстрэльных месцаў, пахаванняў, турмаў.

«Страшны час бальшавіцкіх рэпрэсій сёння яшчэ мала асэнсаваны, – каментуе ўдзельніца грамадскай кампаніі «Забітыя і забытыя» з Гомля Вольга Афанасьева. – Страх развітацца са зручным станам абывацеля адчуваецца ў невіліраванні самой тэмы, у тым што, відавочнае прымаецца за неіснуючае, у тым, што мы адмаўляем у праве на памяць, а значыць і на аднаўленне чалавечай годнасці мільёнам ахвяраў камуністычнага рэжыму, сярод якіх кожны – унікальнае жыццё. І ўся надзея на тое, што праўда і ісціна паўстануць і паяднаюць людзей».

Аўтар Ларыса Шчыракова

Фота Наталля Хамутоўская

Крыніца: Гомельская вясна