15 Фев Пасмяротна адноўленыя ў кампартыі
У газеце «Ленінскі прызыў» за 30 кастрычніка 1990 год была змешчана кароткая нататка пад назвай «Рэабілітаваныя».
«Бюро абкама КПБ (Камуністычнай партыі Беларусі), разгледзеўшы прапанову камісіі партыйнага кантролю, аднавіла некаторыя асобы ў КПСС (Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу) з ліку тых, хто быў выключаны з партыі і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па палітычных матывах у 1937-1939 гадах.
Сярод рэабілітаваных пасмяротна Касцюкевіч Аляксандр Ананьевіч, былы загадчык Аршанскага райземаддзела, і Шульгоўскі Георгій Несцеравіч, былы дырэктар торфазавода »Асінторф« у тыя гады Аршанскага раёна».
У нашых спісах ёсць звесткі пра гэтых людзей.
Так, вядома, што беларус Аляксандр Ананьевіч Касцюкевіч нарадзіўся ў 1903 годзе ў вёсцы Новая Мотча Барысаўскага раёна, паходзіў з сялянскай сям’і. Да арышты пражываў у Воршы па вуліцы Леніна, 9, кв. 8. Яго арыштавалі 8 верасня 1937 года. «Тройка» абвінаваціла яго ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і прысудзіла яму вышэйшую меру пакарання – расстрэл. Аляксандр Касцюкевіч быў расстраляны ў Воршы 21 снежня 1937 года. Яго пасмяротна рэабілітаваў Віцебскі абласны суд у 1961 годзе.
Рускі па нацыянальнасці Шульгоўскі Георгій Несцеравіч нарадзіўся ў Мсціслаўі, паходзіў з сямʼі служачых. Напярэдадні арышту працаваў дырэктарам торфазавода «Асінторф». Быў кандыдатам у сябры УКП (б) (Усерасейскай камуністычнай партыі бальшавікоў). Яго арыштавалі 1 верасня 1937 года. Камісія НКУС СССР і пракурора СССР асудзіла як польскага шпіёна да расстрэлу. НКУС расстраляў яго 16 студзеня 1938 года ў Воршы. Георгія Шульгоўскага рэабілітавала Вайсковая калегія Вярхоўнага суда СССР яшчэ ў 1957 годзе.
Тое, што абодвух аднавілі ў кампартыі толькі ў 1990 годзе, сведчыць, як самі камуністы станоўча ставіліся да сталінскіх рэпрэсій і баяліся тых, каго яны нараклі на смерць, нават праз паўвеку пасля сваіх злачынстваў.