17 Сен Оскерко
Я ўжо была спакаваўшы валізкі, калі атрымала адказ з Віцебскага КДБ: прасіла даць пазнаёміцца са справай майго прадзеда. Справы, пішуць, не маем, толькі дакументы па рэабілітацыі. І ласкава выслалі копіі.
Яно ўвогуле вельмі моцнае пачуццё — чытаць дакумент 1956 года, уласнаруч напісаны тваім прадзедам, які яшчэ паўгода таму быў толькі імем, без твару і характару. А ў нас з ім, аказваецца, подпісы вельмі падобныя, а почырк у яго роўна як у майго бацькі. Але адна фраза была для мяне асабліва важнай:
“Мяне пазбавілі нават маёй нацыянальнасці. Я нарадзіўся, вырас, вучыўся і працаваў у Беларусі, у Оршы. Жыву тут і цяпер. Бацька, маці і шэсць чалавек маіх братоў і сёстраў і два мае сыны — беларусы. Ніякай іншай мовай апроч рускай і беларускай мы не валодаем. Да арышту і па пашпарце і па ўсіх іншых прыкметах , па якіх вызначаецца нацыянальнасць, я быў беларус, а пасля вызвалення з зняволення ў мяне ў пашпарце напісана “паляк”.”
Пазбавілі нават нацыянальнасці… Прычым нават калі ён быў паляк — адно гэта было злачынным, як бачым.
Але калі Беларусь стане ўрэшце вольнай і паспяховай — у мяне вунь які козыр, так што адразу ў міністаркі бярыце, калі ласка)