
23 Фев Улады Воршы абяцалі абеліск на другім месцы расстрэлаў
Але гэта было ў 1990-годзе, калі рынуў Савецкі Саюз, камуністычная партыя страціла сваю кіраўнічую ролю, тысячы бязвінна рэпрэсаваных у сталінскія і пост-сталінскія часы былі рэабілітаваныя, а КДБ пад ціскам грамадства пачаў адчыняць дзверы сваіх архіваў. Была надзея на пакаянне з боку дзяржавы. На жаль, неўзабаве надзеі зніклі. Але ў тагачасных газетах засталіся сляды тых спадзеваў.
У 1990 годзе неўзабаве пасля адкрыцця помніка на Кабыляцкай гары, які ўлады адчынілі, нібыта саромеючыся, вельмі хутка, без шырокага запрашэння грамадзянаў і нашчадкаў рэпрэсаваных, у газеце Аршанскага райкама і гаркама КПБ, раённага і гарадскога Совета народных дэпутатаў «Ленінскі прызыў» з’явілася нататка пад загалоўкам «Памяці ахвярам рэпрэсій». З яе вынікала, што гарадскія ўлады думалі аб адкрыцці «абеліска» на другім месцы расстрэлаў пад Воршай – у лесе на Магілёўскай шашы.
Вось тэкст гэтага паведамлення.
«Хотелось бы всех поименно назвать.
Но отняли список, и негде узнать».
Гэтыя радкі Анны Ахматавай высечаны на абеліску, што ўстаноўлены на месцы расстрэлу невінаватых людзей – ахвяр сталіншчыны – у ране вёскі Андрэеўшчына.
Абеліск устаноўлены па рашэнню гарадской камісіі па аказанню садзейнічання ў забеспячэнні правоў і інтарэсаў рэабілітаваных і ўвекавечванні памяці ахвяр рэпрэсій у перыяд 30-40-х і пачатку 50-х гадоў. Яго ўстаноўка была прымеркавана да Дня палітзняволеных, які адзначаны ў краіне 30 кастрычніка.
Шэфства над магілай узялі вучні Андрэеўскай сярэдняй школы.
Магчыма, будзе ўстаноўлены абеліск на месцы яшчэ аднаго мяркуемага расстрэлу рэпрэсаваных па Магілёўскай шашы. Канчатковае рашэнне камісія прыме пасля дадатковага вывучэння пытання.
А.Рабушаў
Старшыня камісіі, дэпутат гарсавету.