Мама, заўтра мяне расстраляюць….

Бальшавіцкія расстрэлы адбываліся ў Воршы ня толькі ў 1930-х гадах. Яны пачаліся неўзабаве пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года. У гэты час у Воршы было неспакойна. У 1918 годзе горад быў падзелены на часткі. Адна з іх была занятая чырвоным войскам, а другая – кайзераўскім. Само мястэчка з уліку на памежнае становішча пераўтварылася ў сталіцу кантрабандыстаў з крадзяжамі, забойствамі.
У наступным, 1919-м, да Воршы хутка набліжаўся польска-савецкі фронт. Перадавая была каля Барысава. У гэты час бальшавікі актыўна мабілізавалі ў войска мясцовых мужчынаў. А тых, хто не хацеў станавіцца пад чырвоныя сцягі, садзілі ў аршанскую турму, а потым расстрэльвалі ў турме альбо на Кабыляцкай гары. Аднаго з нешчасліўцаў звалі Дзяніс Купава. На момант арышту яму было якіх 18-19 год.

Знакаміты беларускі мастак Мікола Купава (на здымку) распавядае, што Кабыляцкую гару ён добра ведае з ранняга дзяцінства – маленькім пастухом ганяў сюды коз. Тады яшчэ жыла яго баба Ганна. Яна памерла, калі хлопчыку было гады чатыры. Але тое, што яна распавядала сваім дзецям, назаўжды адклалася ў сямейнай памяці ды самага Міколы. «Баба Ганна расказвала, што сына яе, Дзяніса Купаву, расстралялі на Кабыляцкай гары», – кажа мастак.
«Баба Ганна расказвала, што Дзяніса забралі бальшавікі і трымалі там у турме. Яна хадзіла да яго. Ён сказаў: «Мама, заўтра мяне расстраляюць!» Бацьку майму тады было 10 гадоў, а ён (Дзяніс) родам прыблізна з 1901-га. Дзянісу гадоў 18-19 было ў 1919-м годзе. Ён адмовіўся ісці з бальшавікамі ў Чырвоную армію. Ён не хацеў з імі нічога мець супольнага. Яго такім чынам пакаралі», – кажа Мікола Купава.
Паводле старэйшых сваякоў, пасля апошняга спаткання баба Ганна на наступны дзень прыйшла да аршанскай турмы. «Яе сына Дзяніса Купаву расстралялі ў яе на вачах», – распавядае мастак і дадае, што недзе тут, на Кабыляцкай гары, спачываюць косці Дзяніса.

Мікола Купава расказвае, што яго продкі паходзілі з вёскі Селішча, што ў Аршанскім раёне. У 1930-я гады ў гэтай вёсцы было рэпрэасавана восем чалавек з прозвішчам Купава. Большасць з іх як сябры антысавецкіх суполак атрымала ў 1932 і 1935 годах па 3-5 год папраўчых прац у савецкіх лагерах, а адзін, Купава Архіп Маркавіч, быў расстраляны нібыта за антысавецкую агітацыю 13 кастрычніка 1937 года ў Воршы.