12 Авг МАЦІ – ПОМНІК У ЦЭНТРЫ ГОРАДУ, БАЦЬКУ – ЯМА Ў ЛЕСЕ
Зінаіда Пашкевіч, дачка стваральніцы арнаменту на дзяржаўным сцягу, упершыню трапіла на Кабыляцкую гару – месца сталінскіх расстрэлаў пад Воршай у жніўні 2018 году. Годам раней сваякі даведаліся, што недзе тут у 1937-м быў забіты і яе бацька. Родныя паставілі яму помнік і вырашылі сабраць у жалобным месцы ўсю сям’ю.
Ушанаваць памяць рэпрэсаванага «за антысавецкую агітацыю» Аляксея Маркевіча сабраліся ягоныя нашчадкі з Беларусі і Італіі. Дачка расстралянага, спадарыня Зінаіда, з усіх найстарэйшая. Яна марыла трапіць у гэтыя мясціны ўжо паўтара года – з той пары, як сваякі высветлілі, што самае імавернае месца расстрэлу бацькі – на Кабыляцкай гары. Аднак першая спроба трапіць сюды ў лютым 2017 году была безвыніковай: пажылую жанчыну не наважыліся весці па слізкай лясной сцежцы, заваленай веццем.
З тае пары тут замянілася няшмат. Падыйсці да вялікага каменя, якім адзначана месца трагедыі, па-ранейшаму цяжка – нягледзячы на тое, што Дзіна Кацар, дачка спадарыні Зінаіды, звярталася ў Аршанскі райвыканкам з просьбай навесці парадак на месцы трагедыі. Яна апелявала да таго, што Матрона Маркевіч – вядомая на ўсю Беларусь майстрыха, аўтарка арнаменту, які стаў аздобаю дзяржаўнага сцяга, але родныя ня могуць трапіць на месца, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсій быў бязвінна расстраляны яе муж. Аршанскія ўлады адрэагавалі: вакол мемарыяльнага каменя пакасілі траву і з аднаго боку прыбралі паваленыя дрэвы. Гэтым і абмежаваліся.
Помнік расстралянаму «за антысавецкую агітацыю» Аляксею Маркевічу з’явіўся дзякуючы клопату ягоных унучак Дзіне і Наталлі. Убачыўшы на помніку партрэт бацькі, 95-гадовая дачка Зінаіда Пашкевіч ня стрымлівала слёз.
«Калі па яго прыйшлі, ён хацеў уцячы — залезці на дах праз комін і саскочыць. Але ж НКВДшнікі стаялі вакол хаты. Ну, і забралі. А мы бяжым за ім следам. Ён кажа: „Дзеткі, не бяжыце“. А яны яго — у плечы, у плечы. Потым прывязалі да сядла і змусілі бегчы следам, за канём. І стралялі ўгару, каб нас напалохаць», — згадвае Зінаіда Пашкевіч.
Успаміны пра бацьку — гэта самае каштоўнае, чым найстарэйшая ў сям’і можа падзяліцца з маладзейшымі сваякамі. Нашчадкаў у гэтага роду шмат. Вераніка Кацар, прапраўнучка Аляксея і Матроны Маркевічаў, прыехала на Віцебшчыну з Італіі. Жалобную мясціну яна наведала разам з мужам Антоніё Віёлі, ягонай маці і наймалодшай прадстаўніцай сямейнага клану — Вікторыяй-Марыяй. Спадар Антоніё ўражаны: ён ніколі ня бачыў нічога падобнага — каб надмагільныя крыжы і помнікі стаялі проста ў лесе. Яго жонка Вераніка Кацар, прапраўнучка расстралянага Аляксея Маркевіча, перакладае: «Я ўсхваляваны гэтай сустрэчай. Дзякуй вялікі бабулі Зінаідзе за тое, што яна трымае ўсю сям’ю разам сваімі ўспамінамі. Гэта вельмі важна ня толькі для сям’і, але і для гісторыі, для будучыні — каб не забываць і не паўтараць трагічнае мінулае».
Ушанаваньне памяці дзеда стала прынцыповай справай для Дзіны Кацар. Яна далучылася да ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», якая яднае сваякоў рэпрэсаваных.
Помнік з імем яе расстралянага дзеда Аляксея Маркевіча з’явіўся тут нядаўна і стаў чарговым у шэрагу іншых памятных знакаў, усталяваных сваякамі рэпрэсаваных у Воршы. «Цяжка сказаць, колькі людзей тут пахавана! Я хачу да кожнага крыжа пакласьці кветкі, бо веру: калі мы будзем помніць пра тую трагедыю, то будзем жыць годна і справядліва», — сказала Дзіна Кацар, прыйшоўшы на Кабыляцкую гару з вялізным букетам жывых кветак.
Гісторыю сваёй сям’і Дзіна Пракопаўна дазнавалася не ад старэйшых сваякоў, але з падручнікаў і архіваў КДБ. Да 1990-х гадоў яна не падазравала, што яе бабуля — нікому не вядомая сялянка з Сенненшчыны — аўтарка арнаменту на дзяржаўным сцягу БССР, а з 1995 году — і новым дзяржаўным сцягу Беларусі. Пра тое, як арнамент яе бабулі трапіў на дзяржаўны сьцяг БССР, Дзіна Пракопаўна прачытала ў газетах. Усё гэта адбылося дзякуючы Міхаілу Кацару. Ён быў этнографам, яшчэ ў 1930-я збіраў узоры народнай вышыўкі для Беларускага прамысловага савету. На падставе сабраных ім матэрыялаў выдаваліся альбомы арнаментаў. Альбомы передавалі на прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці, каб там рабілі тканіну з народным матывамі.
У архівах Міхаіла Кацара былі эскізы вышыўкі і Матроны Маркевіч (у дзявоцтве Кацар). Але пра тое, што Матрона — ягоная сястра, амаль ніхто ня ведаў. Калегам ён не распавядаў пра сваяцтва з Матронай, а сваякам — пра тое, што скарыстаў сястрын арнамент.
Да 1950-х гадоў усе савецкія рэспублікі мелі амаль ідэнтычныя сцягі: серп і молат з зоркай на чырвоным палотнішчы, а пад ім абрэвіятура накшталт УРСР ці Qazaq SSR/Казахская ССР. Аднак пасля вайны ўлады вырашылі распрацаваць адрозныя сцягі. Пільная патрэба ўзнікла пасля ўключэння Беларускай і Ўкраінскай ССР у склад дзяржаваў-заснавальніц ААН (гэтага дамагалася Масква, каб мець там дадатковыя галасы).
Сцяг БССР быў адзіным савецкім сцягам, які меў нацыянальны арнамент. У 1951 годзе камісія пры Акадэміі навук разглядала ўзоры розных варыянтаў. Іх узялі з даваенных архіваў Беларускага прамысловага савету. Абралі ўзор, які расшыфроўваўся як «узыход сонца». Спыніліся менавіта на тым арнаменце, бо яго было прасцей вышываць пры машыннай вытворчасці. У камісію, якая распрацоўвала сцяг, запрасілі і Міхаіла Кацара.
Дзіна Пракопаўна мяркуе, што Міхаіл Кацар хаваў гісторыю пра сваю сястру, дакладней, я ейнага расстралянага рэпрэсаванага мужа, каб самому ня трапіць пад рэпрэсіі. Кожная згадка пра сваяцтва з жонкай «ворага народу» магла каштаваць Кацару жыцця.
«Міхаіл Сяргеевіч нічога не гаварыў. Ніколі і нідзе, — кажа Дзіна Пракопаўна. — Цуд, што ён выратаваўся. Ён і казаў: „Я ад Сталіна сыйшоў — ад рэпрэсіяў, і ад Гітлера сышоў“. Так шыфраваўся чалавек, што мы ня ведалі нічога».
Пра лёс свайго дзеда Дзіна Кацар даведалася таксама позна — праз 60 год пасьля ягонага арышту. Да 1997 году нашчадкі былі ўпэўненыя, што рэпрэсаванага дзеда Аляксея адправілі ў высылку ў Сыбір.
А потым Аркадзь, родны дзядзка Дзіны Пракопаўны, атрымаў адказ з Віцебскага КДБ. У ім гаварылася, што Аляксея Маркевіча расстралялі ў 1937 годзе ў Воршы. У 1989-м яго пасьмяротна рэабілітавалі.
«Мы думалі, што ён далёка сагнаты, — распавядае Зіна Аляксееўна, дачка Аляксея і Матруны. — І вось мой бацька за свае рукі, за сваю працу загінуў».
Аляксей Маркевіч быў багатым чалавекам на вясковыя меркі. Вырабляў са скуры боты і чамаданы, гнаў дзёгаць. Сям’я мела вялікі дом. Усяму гэтаму зайздросцілі суседзі. «Сусед наш Саўка пісаў даносы на бацьку, — кажа Зіна Аляксееўна. — Людзём было зайздросна. Ляксея такая пабудова добрая, і дзелавы быў на ўсе рукі».
Аляксея Маркевіча арыштавалі 10 кастрычніка 1937 году за антысавецкую агітацыю. Яго асудзіла «тройкай» 15 кастрычніка ў Воршы. Расстраляны 2 лістапада 1937 году.
Пасля арышту бацькі Матрона з дзецмі збегла з дому і хавалася ў сваякоў. Чатыры наступныя гады, пакуль не пачалася вайна, да іх ставіліся як да сям’і «ворага народу». Іх адпраўлялі рыць канавы і прыбірацца ў лесе. За працу нічога не плацілі. Ад голаду памерлі двое з шасьці дзяцей.
Перасьледы Маркевічаў скончыліся толькі пасьля вайны. Суседа Саўку, які пісаў усе даносы, асудзілі. Яму далі 8 гадоў за тое, што рваў каласкі на калгасным полі.
У 2015 годзе ў цэнтры Сянна адкрылі помнік Матруне Маркевіч. У краязнаўчым музэі ёй прысвечаны асобны стэнд. Зусім па-іншаму ўшанаваная памяць іхнага бацькі і дзеда. Хоць у адказе КДБ напісана, што ён расстраляны ў Воршы, ніхто ня ведае, дзе ён пахаваны. Афіцыйна вядома пра два месцы расстрэлаў на ўскраінах гораду — гэта Кабыляцкая гара і лес уздоўж Магілёўскай шашы. Але помніка загінулым няма ні ў водным месцы.
Па матэрыялах RS