1989 год: Каровы звар’яцелі, натрапіўшы на расстрэльныя яміны на ўскрайку Оршы

Цяпер шмат пішуць пра гады сталінскіх рэпрэсій, пра жудасныя злачынствы той пары. Злавесным сімвалам гэтага сталі вядомыя ўсяму свету Курапаты. Але не адны Курапаты расцвілі крывавымі кветкамі на нашай зямлі. Свае “курапаты” былі і на ўскрайку нашага горада. У канцы сакавіка ветэран вайны і працы, наш зямляк Г.Бялянка, які жыве цяпер у Харкаве, дзяліўся на старонках нашай газеты свамімі ўспамінамі пра расстрэлы аршанцаў у раёне Кабылякоў. Успаміны яго усхвалялі многх сведкаў тых падзей. Наш няштатны карэспандэнт Юрый Копцік запісаў расказ старажыла Оршы Віктара Андрэевіча Баско:

“Жылі мы да вайны на самым ускрайку горада, апошнія дамы на вуліцы Леніна знаходзіліся якраз на тым месцы, дзя цяпер размяшчаецца СПТВ-110. Далей ніякіх будынкаў не было, пачыналася поле. Таму многія жыхары прыватных дамоў трымалі жывёлу, нават коней і кароў.

З сярэдзіны трыццатых гадоў па горадзе папаўзлі цьмяныя чуткі пра шкоднікаў і ворагаў народа, якіх выкрываюць на прадпрыемствах і ў розных арганізацыях. Па начах з боку Кабыляцкай гары сталі даносіцца стрэлы, а часам, калі пільна прыслухацца, можна было пачуць і невыразныя крыкі.

Тады я быў яшчэ хлапчуком-падлеткам і многага не разумеў. Штодзень мы з суседскімі хлапчукамі па чарзе звычайна ганялі пасвіць кароў. Аднойчы загналі свой статак у хмызняк, што знаходзіўся на захад ад цяперашняй аўтазаправачнай станцыі. Тады на тым месцы быў яр, парослы рэдкім алешнікам. Адразу кінулася ў вочы, што зямля ў многіх месцах перакапана, бо глеба там пясчаная і свежы пясок яшчэ не прасох як след. Нас, хлопцаў, гэта вельмі зацікавіла: хто тут што шукаў?

Толькі раздумваць над гэтым не давялося – каровы быццам звар’яцелі. Вочы наліліся крывёю, яны пачалі раўці, рыць капытамі і рагамі гэты жвір. Нас ахапіў сапраўдны жах.
Адразу ўспоўніліся стрэлы па начах – значыць тут былі закапаныя людзі. Ды, відаць, не глыбока, і каровы пачулі свежую кроў.

З крыкамі і слязамі мы ледзьве адагналі бізунамі кароў з гэтага яра, і больш ніколі не прыганялі іх на гэтае жахлівае месца. І зусім па-іншаму ўслухоўваўся я з таго часу ў начныя стрэлы.
Шмат гадоў прайшло з тае пары, шмат падзей мінула. Але ніколі не забываў я шалёны рык кароў, іх дзікія вочы і пену на пашчы.

Доўгі час я маўчаў пра гэта, але цяпер, у наш час галоснасці, маўчаць не магу. Няхай усе ведаюць, што адбывалася ў тыя гады на паўночнай ускраіне горада”.

На жаль, гэта апошняе, што паспеў расказаць Віктар Андрэевіч. Добры чалавек і сумленны працаўнік, ён і пасля выхаду на пенсію да самага апошняга дня працаваў слесарам у аздараўленча-лазневай службе. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ён пражыў нялёгкае жыцце. Нядаўна яго ня стала. Але ўспаміны яго засталіся, і мы палічылі магчымым не пакінуць іх неапублікаванымі.

Газета “Ленінскі прызыў” 28 ліпеня 1989 года №119

Tags: