Каб пакланіцца праху бацькі ды яго брата…

Паважаныя таварышы… Звяртаецца да вас ваш зямляк, ураджэнец Ушацкага раёна на Віцібшчыне. Вырас я ў вёсцы Наваселле, прыкладна за 35 кіламетраў ад Лепеля.

У 1937 годзе, у лістападзе, у гэтый вёсцы быў арыштаваны май бацька — калгаснік, які працаваў заатэхнікам. Разам з ім быў арыштаваны і яго брат, каваль. Імя бацькі  Антон Пятровіч Багаткевіч, дзядзькі — Апанас Пятровіч. Абодва былі рэабілітаваны ў 1959 годзе.

Пасля доўгіх пошукаў я атрымаў сёлета дакладныя звесткі пра лёс бацькі і яго брата: за «шпіянаж на карысць буржуазнай Польшчы» па прысуду «тройкі» яны былі расстраляны 16 снежня ў Оршы (Апанас Багаткевіч расстраляны 19 снежня — рэд.).

Значыцца, у вашым горадзе былі свае Курапаты. Калі рэдакцыя мае хоць якія звесткі пра месца, дзе расстрэльвалі і хавалі бязвінных, або зробіць спробу гэтае месца ўстанавіць, вельмі прашу паведаміць мне пра гэта. Можа быць, ў гэтым дапамогуць чытачы газеты, хаця наўрад ці застаўся хто са сведкаў жывы.

Але я не страчваю надзеі, што з вашай дапамогай знайду месца пахавання родных і змагу яшчэ прыехаць пакланіцца праху бацькі. Трэба спяшацца, бо мне самому ўжо 58 год. Пра сябе паведамляю: юрыст па адукацыі, член КПСС з 1958 года. Часова жыву і працую ў Мангольскай Народнай Рэспубліцы.

Віктар Багаткевіч

Гэты ліст быў спачатку надрукаваны ў газеце «Ленінскі прызыў» №203 за 1989 год, а потым перадрукаваны ў газеце  «Літаратура і мастацтва» ад 12.10.1990 побач з артыкулам журналіста Юркі Копціка «Крумкачы на Кабыляцкай гары».

На жаль, не вядома, ці прыязджаў тады Віктар Багаткевіч у Воршу, каб пакланіцца праху бацькі на верагодных месцах расстрэлаў свайго бацькі і ягонага брата.

З архіву Юркі Копціка