Хацелася б расказаць….

Апошнім часам шмат гаворыцца і, што радуе, робіцца па ўвекавечванню абаронцаў айчыны і ахвяр беспадстаўных рэпрэсій. Вось і мне, сыну мнагадзетнай, няпростага лёсу сям’і, захацелася расказаць пра цяжкую і супярэчлівую яе гісторыю.

Бацька мой, Кучынскі Захар Патапавіч, 1886 года нараджэння, быў актыўным прыхільнікам калгаснага ладу. «Вольная праца» — такую назву атрымаў створаны ў 1931 годзе ў в.Панізоўе (у той час Роска-Сялецкага, цяпер — Задроўеўскага сельсавета) калгас. Арганізатарам першым кіраўніком яго быў мой бацька.

У той час я быў зусім маленькім. Але дзіцячая памяць захавала ўспаміны пра тое, з якім патрыятызмам жылі і працавалі людзі.

Цяпер у гэта нават цяжка паверыць, але ў дні рэвалюцыйных святаў у вёсках Савета праходзілі святочныя шэсці. З чырвонымі сцягамі і песнямі сяльчане праходзілі праз усю вёску і збіраліся каля сельсавета на мітынг.

Аднак, як цяпер памятаю і падзеі зусім іншага характару.

…Глыбокай ночу 19 верасня 1937 года на вясковай вуліцы пачуўся шум аўтамабіля. У той час такое было ледзь не цудам, і я, дзесяцігадовы хлопчык, саскочыў з ложка і кінуўся да акна.

Машына спынілася каля дома нашых суседзяў. І тут я ўбачыў, як уздоўж плоту, адзін за адным, са зброяй напагатове, прыгнуўшыся, перабежкамі — як у баі — у напрамку нашага дома рухаецца група людзей. Як высветлілася, такім чынам яны блакіравалі наш дом, каб узяць «ворага народу». Не стану апісваць, як уся наша сям’я сядзела пад арыштам, а гэтыя, з дазволу сказаць, «абаронцы» савецкага народу перавярнулі дагары нагамі ўсё, што маглі, і ўсюды, дзе маглі — у доме, на гарышчы, у хлеве.

Бацьку павезлі з сабой. У тую ж ноч з гэтай вёскі ўзялі П.Шульгіна, інваліда, і С.Пахомчыка, людзей, якія нават уяўлення не мелі пра палітыку і, зразумела, не былі «ворагамі народу».

Ніколі не забуду таго пачуцця сораму і горычы, калі раніцой падыходзіў да школы. У той час была яна вялікая, і мне здавалася, што ўсе яе вокны, дзверы крычалі: вось ён, сын ворага народу!

Пра лёс бацькі мы нічога не ведалі аж да паслясталінскіх год. Цяпер устаноўлена, што пасля арышту 19 верасня, ўжо 24-га адбылося рашэнне «тройкі», а 10 кастрычніка прагавор быў прыведзены ў выкананне.

А каты з той ды іншых «троек», магчыма спакойны адпачываюць, атрымліваюць добрыя пенсіі і не адчуваюць дакораў сумлення за бязвінна загубленых людзей, якім прыпісалі ўсе магчымыя злачынствы. Бацьку, да пракладу, абвінавацілі ў агітацыі супраць савецкай улады і калгаснага ладу.

А цяпер два словы пра тое, як склаўся далейшы лёс сям’і «ворага народу». Нас у сям’і было шасцёра сыноў. Трое загінулі ў Вялікую Айчынную. Дваіх вайна зрабіла інвалідамі. Цяпер застаўся я адзін. А з немцамі змагаліся ўсе — хто на фронце, хто ў партызанах. Любоў да радзімы аказалася ўсё ж мацней за ўсё…

У.Кучынскі, ветэран вайны і працы. Газета “Ленінскі прызыў”, 1989 г.

Даведка: 

Захар Патапавіч Кучынскі быў арыштаваны 19 верясня 1937 года, праз пяць дзён, 24 верасня, «тройка» абвінаваціла яго ў антысавецкай агітацыі і прыгаварыла па артыкуле 72 Крымінальнага кодэксу БССР да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстралялі яго ўжо 12 кастрычніка 37-га  ў Воршы разам з некалькімі дзесяткамі іншых людзей. 10 лютага 1958 г. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР прызнала яго неабгрунтавана рэпрэсаваным і вынесла пастанову аб яго рэабілітацыі.

На жаль, звестак пра згаданых П.Шульгіна і С.Пахомчака ні ў нашай бадзе дадзеных, ні ў іншых крыніцах мы не знайшлі. Аднак знайшлі звесткі пра іншых жыхароў вёскі Панізоўе, якія таксама трапілі пад сталінскі каток рэпрэсій. Узгадаем іх.

Раней за ўсіх у жорнавы рэпрэсій трапіў жыхар Панізоўя Шачыкаў Павел Макаравіч (1898). 2 красавіка 1933 г.  «тройка» абвінаваціла яго ў шкодніцтве, а 9 траўня вынесла прысуд: 3 гады папраўча-працоўных лагераў умоўна.

Савіцкі Іосіф Адамавіч (1907). Яму больш за ўсіх пашчасціля. Ў кнізе «Памяць» Воршы і Аршанскага раёна пра яго напісана, што 11 чэрвеня 1938 г. яго асудзілі за антысавецкую агітацыю, аднак пастановай ДТА НКУС Заходняй чыгункі ад 25 кастрычніка 1938 года яго справа была прыпынена. Рэабілітаваны ў 1990-м годзе.

Кучкоўскі Ерафей Сяргеевіч (1892) быў арыштаваны 18 лістапада 1937 года, абвінавачваўся «тройкай» ў антысавецкая агітацыі, расстраляны ў Воршы 21 снежня 1937 года. Ў той жа дзень расстраляна мінімум 120 чалавек. Рэабілітаваны 7 жніўня 1965 г.

Сакалоўскі Цімафей Федасеевіч (1880) арыштаваны 19 лістапада 1937 года, абвінавачваўся «тройкай» ў антысавецкая агітацыі, таксама расстраляны ў Воршы 21 снежня 1937 года. Рэабілітаваны ў 1989 годзе. 

Юрэвіч Станіслаў Казіміравіч (1884) арыштаваны 1 лістапада 1937 года, Камісія НКУС СССР ды Прокурора СССР абвінаваціла яго ў шпіянажы на карысць Польшчы. Яго і яшчэ некалькі дзесяткаў чалавек расстралялі ў Воршы  17 снежня 1937 г. Рэабілітаваны 23 кастрычніка 1989 г.