
09 Ноя ДЗЯДЫ. Здароў, польскі шпіён!
Па-сапраўднаму святкаваў Дзяды толькі ў дзяцінстве. Мая баба Ганна Пруская была вельмі набожная і не прапускала ніводныя памінкі продкаў.
Любіў мясны стол пасля лазні з абавязковай бутэлькай віна, спаборніцтвы на ранішняе прачынанне, каб першаму выпіць пакінутую Дзядам чарку. У 90-х аднойчы ўдзельнічаў у шэсці на Дзяды ад Маскоўскіх могілак да Курапатаў. Вось і ўсе мае ўспаміны пра Дзяды. Не збіраўся іх адзначаць і сёлета.
Але раптам атрымаў допіс ад незнаёмага мне аршанца Ігара Казмерчака: “Ведаю, што вы былі на гэтым месцы, можа, і яшчэ раз наведаеце, але каб разам з іншымі. І мне стала сорамна, што я забыўся на свайго гаротнага дзеда Тарэнту Шушкевіча, якога застрэлілі бальшавікі на Кабыляцкай гары.
Ездзіў-ездіў да яго і раптам перастаў. Нават рэпартажы адтуль пісаў: “Дань памяти убиенным на Кобыляцкой горе” і “ТЕРРОР. Хроника одного года одной деревни”. Адпісаў Ігару: “Буду” і абвясціў родных, што еду да дзеда на Дзяды. Паехаць са мной захацеў мой малодшы сын і праўнук Тарэнты — Алег.
Прыехалі ў Воршу а сёмай раніцы. Паснедалі на вакзале. Двойчы быў на Кабыляцкай гары, а зблытаўся. Але мэты дасягнулі. Здароў, польскі шпіён дзед Тарэнта! Знішчылі цябе бальшавікі тады, а цяпер над тваёй эпітафіяй здекуюцца іх выхаванцы.
Добры чалавек нагадаў мне аб табе. Дзякуючы яго згадцы я тут. Прабач, што пачаў забывацца на цябе.
Затое не адзін я. Праўнука твайго прывёз.
І эпітафія твайму суседу па зямліцы сырой добра захоўваецца.
І да галоўнай эпітафіі бальшавіцкія рукі не асмельваюцца дакранацца. Адгніюць яны ім, калі на тое рашацца.
Глядзі, дзед Тарэнта, як добра стасуюцца тры сведчанні злачынства будаўнікоў камунізму.
Свядомыя людзі сюды збяруцца апоўдні. А пакуль мы прыроду навакольную пабачым. Такія ўжо мы няправільныя з пункту гледжання тваіх забойцаў – усё прыгожае нам цікава.
Кожны лапік зямлі, што цябе прыняла, нам дарагі і мілы.
Мы ведалі, што прыйдзем на Воршыцу, горад утварыўшую, які стаў тваім катам.
Але рака тут ні пры чым. ГАды ўсюды знойдуць сабе прыстанішча.
Ты, вядома, Воршыцу не бачыў і нават не чуў пра такую з глухой лепельскай вёскі Верабкі, у якой паскуднікі залічылі цябе ў польскія шпіёны.
А няўрымслівая Воршыца разбягаецца на два рукавы, каб значнасць сваю засведчыць у наваколлі аршанскім.
Зайздроснае месца выбралі сабе дачнікі аршанскія. Думаю, не псуюць яны Воршыцу, а даглядаюць ды чысцяць для сябе плацдарм адпачынку на ёй.
На тым баку аршанскія наваколлі абследаваць бы, але часу не стае.
Іншым разам абурыўся б пераездам на рэчцы, але ўстрымаюся. Нічога ж не застаецца – мост ніхто не змайструе, каб цябе не паскаудзілі прамасленыя жываты трактароў і машын.
Твой спачын, дзед Тарэнта, ведаем, дзе знаходзіцца, хоць сцежку да яго і згубілі.
Пакуль час Дзядоў не надышоў, пакажам ушанаванні ахвяраў камунізму. Я свядома не кажу “сталінізму”, паколькі гэты кат ёсць параджэнне дурной крывавай сістэмы.
Яшчэ адны ўнукі тут пабылі — забітага Пятра Гіля. Не мінула гэтае месца і Аб’яднаная грамадзянская партыя Беларусі.
Пад навакольныя дрэвы вянкі пастаўленыя.
Няма тут толькі і не будзе нашых кіраўнікоў і праваднікоў ва ўтапічную светлую будучыню. Усе старшыні райвыканкамаў Беларусі і іх намеснікі ў гэты час (7 лістапада ж сёння) кладуць вянкі пад ногі галоўнаму ідыёлагу і натхняльніку смерці на Кабыляцкай гары – майму цёзку Леніну. А ў гэты час працягвае правальвацца зямля па меры згнівання чалавечых целаў, абы як пакіданых у брацкія магілы.
Яны сагналі да бронзава-стальных балванаў сваіх паднявольных васалаў, а гэтую 90-гадовую бабу, прыхажанку ўніяцкай царквы, ніхто сюда не дасылаў. Сама прыйшла і ўзялася парадак наводзіць перад Дзядамі.
Вось і сыходзяцца людзі, якім неабыякавы лёс будучыні сваіх нашчадкаў. Яны нясуць вянкі і кветкі сюды, а не пад ідала, усім светам асуджанага, апрача адзінкавых адшчапенцаў ад свету гэтага.
Гэтых людзей ніхто не прымушаў суботнік рабіць на Кабыляцы. З сабой прынеслі і граблі, і венікі.
Ужо з іншага боку дзядоўшчыкі насоўваюцца.
У кожнага ёсць, што сказаць. Вось гэтая паэтка Яўгенія Казлова, аўтарка слоў самай мілагучнай песні пра Воршу, мяне настолькі кранула сваім разуменнем сёняшняй сітуацыі, што (забягу наперад) на развітанне з ёй цалаваўся, а пры выпадковай сустрэчы ўвечары ў Оршы зноў кінуўся абдымаць яе. Свая ж, мая, нашая!
Каля яе – завадатар на Дзядах Юры Нагорны, былы мэр горада-спадарожніка Воршы – Барані, старшыня Аршанскага аддзялення Таварыства беларускай мовы, былы дырэктар школы, у якой вучыўся Павел Севярынец. Юрась дае слова і мне.
Чытаю дакумент, які сведчыць пра забойства Тарэнты на Кабыляцкай гары.
Я і сам не задумваўся, што такая сімвалічная повязь ёсць у майго сына з Тарэнтам. Алег падлічыў, што прадзеда бальшавікі забілі ў 43-гадовым узросце. Алегу цяпер 37 гадоў. Тарэнтавай жонкай была Шушкевіч Ганна Міхайлаўна (На здымку сын Тарэнты і мой бацька Косця са сваёй маці і жонкай Тарэнты — Анэтай).
Алегава жонка – таксама Шушкевіч Ганна Міхайлаўна. Ён баіцца, каб лёс прадзеда і яго Анэты не напаткаў сям’ю праўнука.
А гэта можа здарыцца, калі забудзецца злачынства бальшавікоў, калі і надалей галоўныя кіраўнікі мясцовых уладаў будуць ушаноўваць крывавы дзень з’яўлення ў гісторыі аршанскай Кабыляцкай гары, мінскіх Курапатаў, лепельскага саду “Дынама”…
Журналіст, намеснік старшыні аршанскай моладзевай арганізацыі “Звяз” Ігар Казмерчак распавёў, як энтузіясты даводзілі да ладу сімвал памяці аб забітых.
З ім побач стаіць тая прыхажанка ўніяцкай царквы, якая першай з венікам прыйшла на Кабыляку. Прапаную звярнуць увагу на царкву, што натхніла жанчыну сталага веку на высакародную справу.
Старшыня Аршанскага аддзялення Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Беларускага народнага фронту Юрый Конышка прапанаваў перайменаваць Кабыляцкую гару ў гару Памяці. Я публічна не пагадзіўся. Навошта ўпадабляцца тым, хто крэмзаў народныя назвы населеных пунктаў, з мінскага Койданава зрабіў Дзяржынск, з магілёўскага Прапойска – Слаўгарад, з лепельскіх Аўгустова і Іван-Бора – Звязду і Красный Октябр. Кабыляка, Курапаты – гэта быццам удар кувалдай па галаве: стой, тут смерць. Здаецца, мяне зразумелі.
Мітынг закончыўся. Пачалося ўскладанне кветак шматпакутным Дзядам.
Я ў чарговы раз пашкадаваў, што маю зычны барытон, але не маю музычнага слыху – людзі без усялякай каманды ўзяліся спяваць малітву за Беларусь “Магутны божа”, якая ў свой час нават прэтэндавала быць гімнам Беларусі. На жаль, перамог Савецкі Саюз.
Бывайце, нашыя новыя сябры-аршанцы! Спаткаемся, калі не раней, то на наступныя восеньскія Дзяды абавязкова. Прывязём новую эпітафію нашаму дзеду і прадзеду Тарэнту.
Спіце спакойна, калгаснікі і іншыя будаўнікі сацыялізму. За што змагаліся, на тое і напароліся.
Уладар Шушкевіч