26 Авг Дзеткі, свайго бацьку вы больш не пабачыце…
Франц Адамавіч Шаблоўскі паляк па нацыянальнасці нарадзіўся ў 1881 годзе на хутары Валоўшчына, што ў межах Заслаўскага раёну. Паходзіў ён з сялянаў і меў няскончаную пачатковую адукацыю.
«Хутар Валоўшчына належаў маёй бабулі, — распавядае унук Франца Вадзім Паўлоўскі, — але пасля шлюбу яна пераехала да дзеда на хутар у Крыжоўку. Калі арганізоўвалі калгас, усіх хутаран сагналі ў Валоушчыну(малую). Усе ў калгасе былі шляхцюкі і каталікі. У суседніх вёсак іх абразліва называлі «Валоўскія шэршні», за незалежныя паводзіны і вялізарную ганарлівасць».
Упершыню Франца Адамавіча арыштавалі ў 1929 ці 1930 годзе і прысудзілі 5 гадоў папраўчых прац. Франц Адамавіч быў сасланы ў Цемнікоўскі папраўча-працоўны лагер (Цемлагу) Мардоўскай АССР, дзе мусіў працаваць на лесанарыхтоўках. Пасля адбыцця тэрміну 30 снежня 1934 года Шаблоўскі прыехаў у Беларусь. Аднак чамусьці пасяліўся не на родным хутары, а ў Горках, дзе ўладкаваўся цесляром. Яго жонка Казіміра з дочкамі Леакадзіяй (Людмілай), Вікторыяй і сынам Томашам (Фёдарам) па-ранейшаму жылі на Заслаўшчыне.
«Мая бабуля збіралася пераехаць у Горкі да мужа, — узгадвае Вадзім Паўлоўскі. — Яшчэ ведаю , што дзед прыходзіў нелегальна і пешшу, бо ўжо ад Ратамкі пачыналася памежная зона. А выязджаць з Горак, яму забаранялася».
Аднойчы Франц Адамавіч зноў вырашыў патаемна праведаць сваякоў і скіраваўся ў родную Валоўшчыну, што была побач з савецка-польскім памежжам. Сустрэча цягнулася ўсяго некалькі гадзінаў. Раніцай бацька мусіў вяртацца ў Горкі. Гэта было яго апошняе спатканне з блізкімі. Праз некаторы час яго арыштавалі. Адбылося гэта 6 жніўня 1937 года.
Вадзім Паўлоўскі распавядае: «Гэта мой дзед — Франц Адамавіч Шаблоўскі. Ён паляк па нацыянальнасці. Мая маці яго амаль не ведала, таму што на пачатку 30-х гадоў яго забралі. Ён сядзеў у Горках Магілёўскай вобласці. І так здарылася, што за месяц да яго расстрэла ён нелегальна прыехаў да самай граніцы з Польшчай, гэта каля Заслаўя, каб пабачыцца за роднымі. Маці першы раз у жыцці яго ўбачыла. Гэта быў 37-мы год. Гэта быў жнівень месяц. Ён там прабыў некалькі гадзін. Раніцой сышоў. Праз дзве гадзіны прыехаў чорны варанок за ім. Відаць, недзе па дарозе яго схапілі. Па дакументах яго расстралялі 29 верасня 37-га года. Цікава, што родныя ня ведалі, што з ім здарылася. Маёй бабцы параілі, каб яна падала заяву на аліменты, каб даведацца, што з ім здарылася. Прыйшло паведамленне, што яму далі 10 год без права перапіскі. Бабушка дагадалася, што ён не вернецца. Яна сказала, больш свайго бацьку вы не пабачыце. Больш нічога асабістага я не ведаю, бо не капаўся ў архівах«.
15 верасня «тройка» абвінаваціла Франца Шаблоўскага ў антысавецкай агітацыі і па артыкуле 72 Крымінальнага кодэкса БССР прыгаварыла да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу.
З даведкі, якую яго дачка атрымала ў 1995 годзе з Камітэту дзяржбяспекі Беларусі, вынікае, што Франц Шаблоўскі быў расстраляны 29 верасня 1937 года ў Воршы. У той жа дзень былі расстраляныя яшчэ мінімум 20 чалавек. Шаблоўскі быў рэабілітаваны пракуратурай Магілёўскай вобласці 23 траўня 1989 года, а яго дзеці Людміла Францаўна Паўлоўская і сын Фёдар Францавіч Шаблоўскі згодна з пастановай Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь ад 1994 года былі прызнаныя пацярпелымі ад палітычных рэпрэсіяў. Справа Франца Шаблоўскага знаходзіцца ў архіве УКДБ па Магілёўскай вобласці (10230-СН).
Вядома таксама, што 2 красавіка 1932 годзе быў арыштаваны і яго малодшы брат Шаблоўскі Антон Адамавіч (1889 г.н.). Як сябра контррэвалюцыйнай групоўкі за антысавецкую дзейнасць ён быў асуджаны да 5 гадоў папраўчых лагераў. Паводле сямейных паданняў, Антон Шаблоўскі пазней таксама быў расстраляны. Аднак звестак пра ягоны лёс пасля лагераў знайсці не ўдалося.