19 Июн Дачка вярнула бацьку і брата са ссылкі
Аб ім няма звестак а ні ў кнізе «Памяць» Воршы і Аршанскага раёна, а ні ў спісах «Мемарыялу». Аднак памяць пра яго захоўваюць яго нашчадкі. Ілля Андрэеў, даследчык і рэканструктар узгадвае пра свайго рэпрэсаванага прадзеда: «Барташэвіч Парфен Паўлавіч, мой прадзед, нарадзіўся ў 1882 годзе ў в.Гарбацэвічы (зараз у складзе Тарчылава). Чалавек быў працавіты, заможны, пісьменны. У маладосці, гэта яшчэ да першай сусветнай, працаваў купцом дзесьці ў Расіі, сплаўляў лес. Купец, гэта быў такі стан, як зараз індывідуальны прадпрымальнік, яго таксама трэба было афармляць і плаціць падатак.
Калі вярнуўся, набыў зямлю пад Хімінічамі (гэта каля Барані) і розныя прылады сельскагаспадарчыя, малацілку і інш. У 1924 годзе, у пасведчанні аб нараджэнні маей бабусі Волі, у графе «чым займаецца» пазначана — хлебароб. У канцы 20-х, калі яшчэ кулакоў не растрэльвалі і не высылалі вагонамі, быў раскулачаны, як казалі за выкарыстанне наёмнай працы. Быў высланы без сям’і, толькі са старэйшым сынам Рыгорам. Але дачка Парфена Паўлавіча — Маруся, была замужам за «красным камандзірам» (так і казалі) і здолела вярнуць бацьку і брата, адна ўмова была, каб падпісаў паперу, што прэтэнзій не мае. У архівах КДБ справу не знайшоў, паперы аршанскага архіва, як вядома, згарэлі падчас Другой сусветнай.
На здымку: Справа дачка Парфена Паўлавіча — Маруся, якая дапамагла вярнуцца яму з высылкі. А злева — служанка. Савецкі час
Але памяць захавалася. З хутара ўсё вывезлі, і паставілі калхоз у Хімінічах. Парфен Паўлавіч перажыў вайну, але загінуў з-за няшчаснага выпадку ў верасні 1945 года. Казалі, што не сам загінуў, а талкнулі яго пад колы цягніка, бо нешта ведаў ці то пра паліцаеў, ці то пра партызан. Цёмная гісторыя, і распытаць ужо няма каго».