
10 Июн Біце іхных курэй, гэта куры ворагаў народу!
Гісторыя майго прадзеда, чырвонаармейца і старшыні калгаса, які ў 1937-м нечакана апынуўся “польскім шпіёнам”…
Частка маёй радні па мацінай бабулі паходзіць з Віцебскай вобласці, а дакладней — з Вушаччыны. Звычайныя сяляне жылі сваім жыццём, на заробкі да рэвалюцыі ездзілі ў Пецярбург, мужчыны ўзімку каталі валёнкі ды займаліся іншымі промысламі.
Усё змяніла Першая Сусветная вайна ды рэвалюцыя. Мой прадзед, Язэп Кварцёнак, разам з братам Іванам, паводле сямейнай легенды, трапілі ў атрады Чапаева. Паводле той жа легенды, адзін з іх меў наградную зброю ды быў знаёмы з Фурманавым.
Па заканчэнні Грамадзянскай вайны браты вярнуліся ў родныя мясціны, але… вёска Гарані, скуль яны паходзілі, апынулася па польскі бок мяжы. Таму Язэп ажаніўся ды застаўся у вёсцы Цялічына, брат Іван — у вёсцы побач, але ўжо на тэрыторыі Саюзу.
Язэп Кварцёнак неўзабаве стаў старшынём калгасу ім. “Сака і Ванцэці”, у яго нарадзілася дзве дачкі: Ніна (1925) ды Іра (1930). Іван працаваў звычайным калгаснікам, жыў грамадзянскім шлюбам, дзяцей не меў.
Увосень 1937-га, акурат на 20-годдзе рэвалюцыі, Язэп быў запрошаны на паседжанне ў Полацк, пасля чаго — арыштаваны. Тады ж быў арыштаваны і ягоны брат. Нагода для абвінавачвання ў шпіянажы на карысць Польшчы аказалася банальная: паходжанне ды радня па польскі бок мяжы — у в.Гарані.
Мая стрыечная бабуля, Ірына Іосіфаўна (Язэпаўна), якая зараз мае 86 год, памятае тыя падзеі:
“Бацька з Полацку заўжды прывозіў падарункі. Памятаю, як прывёз мне баціначкі, з якіх я вельмі цешылася… А тут — не вярнуўся з нарады. Памятаю, іду вуліцай дахаты, сцягі чырвоныя вісяць, а бацькі — няма. І дзядзька стаіць на раздарожжы, нібы выглядае кагосці… А пасля ўжо суседзі казалі: “Біце іхных курэй, гэта куры ворагаў народу!”
Ніякіх звестак пра лёсы Язэпа ды Івана не было. Толькі ў 1950-я, яго старэйшая дачка, Ніна Кварцёнак (Кіркевіч па мужу) падала запыт. У адказ прыйшла рэабілітацыя са звычайнай для таго часу фармулёўкай: “…за адсутнасцю складу злачынства”. Датай смерці быў пазначаны 1943 год, прычына: “запаленне лёгкіх”. На брата Івана, як аказалася, запытаў наогул ніхто не падаваў: прамых родных не было.
Ужо ў наш час атрымалася знайсці інфармацыю аб лёсе прадзеда ды яго брата з дапамогай сайту “Мемарыялу”:
Квартенак Иван Степанович
(варианты фамилии: Квартенок)) Родился в 1896 г., д. Горани Прозорокской вол. Виленской губ.; белорус; образование начальное; колхозник, Колхоз «Сакко-Ванцетти». Проживал: Витебская обл., Ушачский р-н, д. Теличино. Арестован 12 ноября 1937 г. Приговорен: Комиссия НКВД СССР и Прокурора СССР 20 ноября 1937 г., обв.: 68, 71, 76 УК БССР — Агент польской разведки. Приговор: ВМН Расстрелян 19 декабря 1937 г. Место захоронения Орша. Реабилитирован 22 октября 1959 г. Военный трибунал БВО. Источник: Белорусский «Мемориал».
Квартенок Иван Степанович
Родился 06.1888, д. Гарини Дисненского уезда Виленской губ.; белорус; образование н/начальное; КОЛХОЗНИК, КОЛХОЗ «КОММУНАР». Проживал: Витебская обл., Ушачский р-н, д. Новое Село. Арестован 13 ноября 1937 г. Приговорен: «тройка» 20 ноября 1937 г., обв.: 68, 71, 76 УК БССР шпионская деятельность. Приговор: ВМН Расстрелян 19 декабря 1937 г. Место захоронения Орша. Реабилитирован 13 октября 1989 г. Прокуратура БВО. Источник: Белорусский «Мемориал».
Нягледзячы на блытаніну з імёнамі (абодвух братоў назвалі “іванамі”) ды геаграфічнымі назвамі (Гарані-Гарыні), інфармацыя акзалася каштоўнай. Пацвердзілася версія пра “шпіянаж”, дадалася інфармацыя пра дату арышту ды растрэлу: братоў і арыштоўвалі, і растрэльвалі ў адзін дзень… Такім чынам, версія пра “запаленне лёгкіх” і “смерць у 1943-м” – не больш, чым дадумка?..
Ёсць зараз, у рэшце рэшт, і месца пахавання – Орша. Там, на Кабыляцкай гары, падчас пракладкі дарогі, сталі масава знаходзіць парэшткі людзей. Аказалася – рэпрэсаваных у 1930-50-я, у тым ліку вязняў Аршанскай турмы. Зараз на Кабыляцкай гары народны мемарыял. Будуць на ім, з часам, і крыжы па маім прадзедзе ды яго браце.
У рамках Практычнай школы пошуку інфармацыі аб рэпрэсаваных мы працягваем публікацыю артыкулаў вядомых беларусаў, чые сем’і прайшлі праз рэпрэсіі. Сваёй гісторыяй падзяліўся былы палітычны зняволены, у мінулым адзін з лідэраў «Маладога Фронту», а цяпер журналіст і пісьменнік Алесь Кіркевіч.
https://bydc.info/bdts-v-arkhivakh/479-bitse-ikhnykh-kurej-geta-kury-voraga-narodu