30 Авг ЗАСТУПНІТЦВА НАДЗЕІ КРУПСКАЙ НЕ ЎРАТАВАЛА БАЦЬКУ АД РАССТРЭЛУ
З успамінаў Сазонавай (Цяліца) Марыі Іосіфаўны: «Бацьку (Цяліцу Іосіфа Францавіча) забіралі двойчы. Першы раз забралі яшчэ ў 1933 годзе. Спачатку паслалі яго працаваць на будаўніцтва аэрадрома ў вёсцы Дражна, адбываў так званы гужтруд. Там і схапілі як быццам за тое, што брат Франок жыў у Заходняй Беларусі. Без суда арыштавалі і завезлі на будаўніцтва Беламора-Балтыйскага каналу. Капалі, стоячы па калена ў вадзе. Кармілі дрэнна, і калі бацька зусім злёг, дык яго занеслі ў вагон і скіравалі дамоў паміраць. У Лепелі з цягніка звялі людзі, а далей ісці не мог. Добра, што знаёмыя праходзілі, дык завялі яго да сябе. Накармілі, далі нават вопратку і галёшы, а назаўтра адвезлі дахаты. Памятаю, што мы вячэралі, маці зварыла дзевяць бульбін, на кожнага па адной, а тут бацьку прывезлі, худога, хворага. Я зманіла, што не хачу есці, і яшчэ дзве сястры адмовіліся ад сваіх бульбін, каб накарміць бацьку.
Нас сямёра дзяцей было. Усе збіралі бацьку зёлкі на лекі і з цягам часу вылекавалі.
З кожным годам жыццё наладжвалася, абзавяліся каровай і іншай жывёлай. Бацька працаваў конюхам, рамантаваў конскую збрую. Але ж камусьці не хацелася, каб людзі жылі па-чалавечы. Арыштавалі бацьку энкэвэдысты, не паглядзелі на беднасць, дзяцей. Абвінавацілі ў шкодніцтве калгасу, як быццам забіваў цвікі ў хамуты і калечыў калгасных коней. Трымалі бедака ў Варшанскай турме.
У 1938 годзе ў Воршы была Крупская Надзея Канстанцінаўна і звярнула ўвагу на бацьку. Тады многіх рэабілітавалі і бацьку ў тым ліку, але дамоў не адпусцілі, расстралялі. Апасля праверкі Надзеяй Крупскай, атрымалі ліст, што бацька памёр у Варшанскай турме, невінаваты. Сям’і сплацілі 2000 рублёў. І толькі ў 1983 годзе даслалі рэабілітацыю аб тым, што бацьку расстралялі. А расстралялі на наступны дзень пасля размовы з Крупскай.
Забралі ў 1937 годзе і старэйшую сястру Занько Антосю. Яна працавала ў калгасе, была чальцом сельскага Савету. Абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі, сувязях з замежжам. На самой справе Кубару трэба было забраць дзядзькаву хату, у якой жыла сястра, вось і настрачылі паклёп актывісты.
Яе сыну Мішу было каля трох гадоў, бег за матуляй, плакаў. З цягам часу мамай пачаў зваць бабу Міхаліну. Апасля вайны выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Лепелі. Да канца жыцця памятаў, як бег за маці. Тая, калі бачыла знаёмых, усім наказвала берагчы сына. Дзе забілі сястру, невядома.
У вайну загінуў брат Адолька. Быў ён у брыгадзе Кірпіча кулямётчыкам. Уначы немцы атачылі заставу. Адбіваліся да апошняга патрону, потым кінуліся ўрукапашную…
Вядома, цяжка жылося без бацькі, крыўдзілі нас калгасныя начальнікі і актывісты. Калі сястра Уладзя разбілася, зваліўшыся з арэляў, дык нават не хацелі даваць каня, каб адвезці дзяўчынку ў лякарню. Дровы заўсёды на сабе цягалі. І ніхто ніколі не чуў нашых скаргаў, не бачыў нашых слёзаў, толькі ведалі, што браць, браць, браць. Бралі маёмасць, гвалтам заганяючы ў калгас, бралі жыцці бацькоў, бралі нашу дармовую працу…
Да сеняшняга дня не далі слова праўды сказаць, не далі і волі. Рабамі пражылі свой век, рабамі і памром. Не веру я цяпер нікому і нічому. Засталіся на сэрцы толькі крыўда і гора. Хто мне скажа, дзе я пражыла — на сваёй радзіме альбо на чужыне, а можа ў турме, што ўсё жыццё баялася сказаць слова праўды? Паверу ў справядлівасць толькі тады, калі дзяржава паставіць помнік сваім ахвярам з іх імёнамі і прылюдна рэабілітуе ўсіх загубленых людзей».
http://blukach.lepel.by/post/797