Бацька расстралянага ў Менску паэта Васіля Каваля расстраляны ў Воршы

Паэту Васілю Пятровічу Кавалёву (Кавалю) было ўсяго 30, калі ў шэрагу іншых маладых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў яго расстралялі ў Менску. Гэта адбылося 29 кастрычніка 1937 года. Ў 2019 годзе ў роднай вёсцы Васіля Каваля – Сава Горацкага раёну быў адчынены мемарыяльны знак. Аднак сёння варта ўзгадаць не толькі Васіля Каваля, але й ягонага бацьку Пятра Клімавіча Кавалёва.

Пётр Кавалёў нарадзіўся ў 1885 годзе ў той жа вёсцы Сава. Тут ён ажаніўся з Ульянай Пiменаўнай з вёскі Халмы Горацкага раёну. Тут у іх нарадзілася трое дзяцей. Васіль быў старэйшым – з 1907 года. Фадзей нарадзіўся ў 1911-м, а малодшая дачка Марыя – у 1913-м.

Марыя таксама жыла ў вёсцы Сава да самай смерці. Яна ўспамінала: «Бацька, Петр Клiменцьевiч, родам з вёскі Сава. Працаваў на зямлі, потым некаторы час служыў у царскай палiцыi. Пасля 1917 году працаваў у мясцовай кааперацыі, у канторы Шарыпскага iльнозаводу. У 1931 годзе быў арыштаваны першы раз i асуджаны на 5 гадоў зняволення за »вредительство«, »развал колхозного строя«. Тады ўсю нашу сям’ю выключылi з калгаса i мы ледзь не загiнулi з голаду. Добра, што дапамаглi родныя».

З афіцыйных звестак вядома, што Пётр Клімавіч меў сялянаскае паходжанне і працаваў кладаўшчыком на Ліхачоўскім ільнозаводзе. Яго арыштавалі 1 студзеня 1934 года і абвінавацілі паводле артыкулаў 69, 72, 76 Крымінальнага кодэксу БССР. «Тройка» асудзіла яго 19 лютага на 5 гадоў папраўчых прац у лагерах.

Верагодна, пасля адбыцця тэрміну Пётр Кавалёў вярнуўся ў родную вёску да сям’і. Але праз некаторы час яго ізноў арыштавалі і судзілі. Гэтым разам вырак быў вельмі жорсткім – вышэйшая мера пакарання – расстрэл. З кнігі «Памяць. Горацкі раён» вынікае, што расстралялі Пятра Клімавіча ў лістападзе 1937-га. Зусім няшмат ён перажыў свайго сына. Верагоднае месца расстрэлу – Орша.

Пятра Клімавіча раэбілітавалі двойчы: 11 снежня 1956 года і ў 1989 годзе. Ягоная справа №11074-с знаходзіцца ў архіве КДБ.