27 Июл Адзіны ў Беларусі музей рэпрэсаванага разьбяра адзначыў 30-годдзе
У чэрвені 1992 г., у дні святкавання 926-годдзя Воршы, на вул. Красіна, 26 адчыніўся дом-музей драўлянай скульптуры разьбяра Сямёна Шаўрова. Першых наведнікаў прымаў сам майстар, былы вязень ГУЛАГу, асуджаны за тое, што прымаляваў рогі Іосіфу Сталіну.
Сямён Шаўроў нарадзіўся ў Оршы ў 1916 годзе, але неўзабаве сям’я пераехала ў вёску Шупені Талачынскага раёну, дзе бацьку далі надзел зямлі. З дзяцінства ён любіў маляваць, а таксама спрабаваў выразаць з дрэва розныя фігуркі. Сваякі не дзівіліся: брат ягонай маці лоўка выразаў драўляныя лыжкі ды іншае начынне, а дзед дык і ўвогуле быў вядомы разьбяр, якога пан, паводле сямейных легендаў, нават накіраваў вучыцца ў Італію…
Калі пачалася калектывізацыя, сям’я Шаўровых вярнулася ў Воршу, і Сямён уладкаваўся на чыгунку. Аднойчы, ідучы на працу, ён падняў з зямлі мокрую паперку, на якой была выява ці то жывёліны, ці то чалавека – 21-гадовы хлапчына нават не стаў пільна разглядаць. Проста дамаляваў рогі, як у барана. А калі паперка высахла, то аказалася, што гэта быў партрэт Сталіна. Пра «дыверсію» тут жа данеслі «добразычліўцы», 21 кастрычника жахлівыга 1937-га Сямёна Шаўрова Асобая тройка НКВД асудзіла на 10 год лагераў за антысавецкую агітацыю. Яго саслалі ў Асобны лагерны пункт (АЛП-5) НКУС горада Козлоўка ў Чувашыі.
Як разьбяр прызнаваўся ўжо ў сталым узросце, ад адчаю і там ратавала мастацтва: у вольную хвіліну ён заўжды нешта маляваў ці выразаў з дрэва. Аднойчы гэта заўважыла адміністрацыя, і перад нейкай праверкай Шаўрову замовілі выразаць 6-метровую фігуру «айца народаў», паабяцаўшы за гэта адпусціць да сканчэння тэрміну.
Агромністую драўляную статую, зробленую з двух кавалкаў лістоўніцы, ён назваў «Богатырь». Але на волю Сямёна, вядома ж, не адпусцілі. Тады ён вырашыў збегчы на фронт, і ў 1943г. наважыўся ўцячы з лагеру. Аднак пабег быў няўдалы, хлопца злавілі ў тайзе і асудзілі на 8 гадоў зняволення. Новы тэрмін паглынуў папярэдні.
На радзіму Сямён Шаўроў вярнуўся ў 35-гадовым узросце. З даведкай пра «антысавецкую агітацыю» было вельмі цяжка ўладкавацца на працу, і некалькі год ён перабіваўся разавымі заробкамі, пакуль начальнік аршанскай чыгункі не рызыкнуў узяць яго ў кузню. Тым часам Сямён Сцяпанавіч пазнаёміўся з будучай жонкай Лідзіяй, якая таксама прайшла жахі ГУЛАГу. Абодва былі ўжо сталымі людзьмі з кляймом «ворага народу», і нарадзіць дзяцей не наважыліся.
Нарэшце ў 1969 г. Сямён Шаўроў быў рэабілітаваны, і толькі тады без перашкодаў змог знайсці працу па душы – мастаком-афарміцелем на заводзе «Легмаш», адкуль і пайшоў на пенсію. Практычна адразу ж пасля рэабілітацыі яго сталі запрашаць на выставы па ўсім СССР, яго драўляныя скульптуры набылі мастацкі музей у Мінску, віцебскі краязнаўчы музей, а таксама прыватныя калекцыянеры ў Канадзе, Францыі, Бельгіі, Германіі, Аўстрыі ды іншых краінах.
У 1989 г. тагачасныя ўлады вырашылі, што ў Воршы павінны быць музей Сямёна Шаўрова, і вельмі шмат сваіх прац ён падарыў гораду. Сярод іх – некалькі партрэтаў жонкі, а адзін з іх майстар зрабіў і для надмагільнага помніка Лідзіі Шаўровай… Праз 9 год пасля яе смерці Сямён Сцяпанавіч ажаніўся другі раз, і ўжо Надзея Васільеўна Шаўрова правяла таленавітага разьбяра ў апошні шлях.
У 1989 г., калі на Кабыляцкай гары грамадскасць Воршы ўсталёўвала першы крыж у памяць пра ахвяраў сталінізму, Сямён Шаўроў выступаў з прамовай, згадваючы нешчаслівыя лагерныя гады, якія, па сутнасці, зламалі ягонае жыццё. Адораны чалавек быў вымушаны бязвінна пакутаваць праз бязглуздае абвінавачанне – і ў часы сталінскага тэрору, і шмат гадоў пасля. Сціплую матэрыяльную кампенсацыю, як рэпрэсаваны, ён змог атрымаць толькі ў сярэдзіне 1990-х. На той час гэта быў ужо сталы хворы чалавек, які меў найвялікшае суцяшэнне толькі ў адным – што родны горад напрыканцы жыцця ўсё ж прызнаў ягоны талент, заснаваўшы музей драўлянай скульптуры для нашчадкаў.
Сёння Ворша ганарыцца музеем Сямёна Шаўрова ды яго творамі, аднак узгадваць пра лагерную мінуўшчыну мастака не любяць ні на сайце музею, ні ў дзяржаўнай “Аршанскй газеце”. Не любяць нашыя ўлады гэтую тэму.
Алена Сцяпанава