28 Ноя Мая расстраляная вуліца
Ў жніўні 1937-га толькі на адной невялічкай вуліцы Оршы Варашылава (зараз Караткевіча) цягам некалькі дзён было арыштавана каля 60 чалавек. Сярод іх аршанскі мастак, настаўнік педвучылішча Мікалай Варфаламеевіч Жызнеўскі з жонкай Марыяй. Амаль усе яны былі расстраляныя. Прыводзім успаміны аршанца, суседа гэтых закатаваных людзей і сведкі тых падзеяў Я. Сакалова. Успаміны былі надрукаваныя ў газеце “Літаратура і мастацтва” ў пачатку 1990-х.
Тагачасная вуліца Варашылава ў Оршы (цяпер яна носіць імя беларускага пісьменніка-аршанца У.Караткевіча), на якой я жыў у 30-я гады, здавалася мне адной з самых прыгожых у горадзе. Яна пачыналася ад піўзавода, які захаваўся пасля вайны, і канчалася ля крутога схілу да Дняпра. Вясёлая, чысценькая, патанулая ў садах і кветках была вуліца. Вясной і летам тут пахла бэзам, начнымі фіялкамі, а вечарамі заліваліся салаўі.
Мая вуліца здавалася мне не толькі прыгожай, але і шчаслівай.
Так было да 1937 года, да той самай чорнай ночы на 6 жніўня.
На працягу ліратальна двух сутак мая вуліца, на якой стаяла 26 дамоў, была ачышчана ад “ворагаў народа”. З усіх “ворагаў” самымі блізкімі для мяне былі мой бліжэйшы сусед мастак Мікалай Врафаламеевіч Жызнеўскі і яго жонка, настаўніца Марыя Іванаўна. Яго, сапраўднага інтэлігента, ветлівага чалавека, любілі ўсе – і нашы суседзі, студэнты педінстытута (педвучылішча – І.С), у якім ён выкладаў чарчэнне і маляванне, і школьнікі, якім ён прывіваў любоў да мастацтва. Вучань Шышкіна і Левітана, закончыўшы Строганаўскае вучылішча ў Маскве, ён быў тонкім назіральным пейзажыстам. Свет беларускай прыроды выглядаў на яго карцінах фантастычна цудоўным, рамантычным. Нярэдка ў нядзельныя дні, выпраўляючыся ў лес па грыбы ці ягады, на рыбалку (рака была побач), я бачыў Мікалая Варфаламеевіча на беразе, у лодцы ці ў ценю дрэў за работай з эцюднікам і пэндзлямі ў руках. Ягоная дачушка, як правіла, заўсёды была побач з ім.
Нелюдзі прыйшлі ў яго дом, перавярнулі ў ім усе ў пошуках доказаў “варожай дзейнасці” і, не знайшоўшы нічога, павялі яго ў чым быў, у хатніх тапках на нагах. А на наступны дзень прыйшлі па ягоную жонку і павялі яе, пакінуўшы дома адну асірацелую Ірынку. Колькі ёй, дачцэ “ворага народа”, давялося перажыць! Яна пражыла цяжкае, доўгае жыццё і, акрамя памяці пра бацьку і маці, захавала і гэты фотаздымак быцькі, які я перадаю ў рэдакцыю. Цяпер Ірына Мікалаеўна пенсіянерка, жыве пастаянна ў Маскве разам з дачкой і унучкай. Мне ўдалося сустрэцца з ёй, і мы ўспомнілі тыя дні, якія каменем ляжаць на нашых сэрцах.
Калі ў Оршы будзе пастаўлены абеліск у памяць гараджан – ахвяр сталіншчыны, то я прапаноўваю гарадскім уладам, грамадскім араганізацыям, аддзяленню таварыства “Мартыралог Беларусі” (калі яно ёсць ў горадзе), гарадскому аддзелу КДБ – абавязкова ўключыць у спіс ахвяр усіх, каго я прыводжу ніжэй: Жызнеўскія Н.В. і М.І., муж і жонка Бараноўскія, муж і жонка Франц і Мальвіна Шафранскія, муж і жонка Пашкевічы, муж і жонка Ляховічы, настаўнік Лазоўскі. Ні ў якім разе не павінны быць забыты і тыя 30 чалавек манахаў-евангелістаў, якія жылі ў вялікім доме, займаючыся ўдзень хатнім ткацтвам, а па вечарах – маліліся свайму богу, спявалі релігійныя песні і былі пакараны вечнай ссылкай, з якой ніхто з іх не вярнуўся.
Калі мая вуліца страціла ў тыя жнівеньскія дні 1937 года каля 60 чалавек, а ў Оршы тады было каля 100 вуліц, то можна сабе ўявіць, колькі людзей страціла маленькая Орша. А колькі бязвінных было знішчана ў іншых гарадах рэспублікі, у цэлым па Беларусі! Чаму мы не называем агульную колькасць ахвяр? Каго баімся?
Нас, ветэранаў, сведкаў сталінскіх масавых рэпрэсій, застаецца ўсё меней. Але пакуль мы ёсць, мы можам памагчы мясцовым выканкамам мясцовых Саветаў, грамадскім арганізацыям, органам дзяржбяспекі правесці работу ў кожным горадзе, пасёлку, на кожнай вуліцы скласці спісы ўсіх, каго знішчылі сталінска-яжоўска-берыеўскія каты, а потым – унесці імёны і прозвішчы ахвяр у Кнігі Памяці, высекчы іх залатымі літарамі на абелісках. Ці ж не заслугоўваюць ахвяры таго, каб у іх памяць і ў напамін нашчадкам ва ўсіх гарадах рэспублікі, а не толькі ў Оршы, былі закладзены Паркі Памямц ахвяр сталінізму?
На ўсё гэта не патрабуецца амаль ніякіх сродкаў, патрэбны толькі ініцыятыва мясцовых улад і падтрымка грамадскасці.
Я.Сакалоў, кінааператар, член СК СССР, ветэран вайны і працы.