07 Авг 1990 год. Юрка Копцік: «Крумкачы» на Кабыляцкай гары
«КРУМКАЧЫ» НА КАБЫЛЯЦКАЙ ГАРЫ
У кастрычніку 1990 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў апублікаваны вялікі артыкул карэспандэнта газеты «Ленінскі прызыў» Юрыя Копціка «Крумкачы» на Кабыляцкай гары». Гэты артыкул — вынік вялікай працы журналіста па расследаванні злачынстваў камуністычнай улады. На падставе сведчанняў, ён знайшоў мясціны ў ваколіцах Оршы, дзе ў 30-я гады знішчалі рэпрэсаваных грамадзян. Копцік паспеў запісаць успаміны сведак жудасных падзей сталінскага перыяду.
Расказвае Юрый Копцік:
Я захапіўся даследаваннямі рэпрэсій у Аршанскім раёне ў канцы 80-х гадоў. Вельмі дапамагла Галіна Урублеўская. Яна дала копію Акта абследавання камісіяй месца пахавання растраляных людзей. Гэты дакумент складзены ў 1982 годзе. У ім зафіксавана, што на Кабыляцкай гары знаходзіцца пахаванне расстраляных людзей у 30-я гады. Дзякуючы таму, што я працаваў у газеце, мог збіраць і распаўсюджваць матэрыялы на гэтую тэму.
Яшчэ быў СССР, але ўжо тады пачалі думаць пра ўстаноўку помніка на гэтым месцы. Пасля правядзення «Дзядоў» у Менску ў 1988 годзе Юрый Санько сказаў, што калі ў Оршы ёсць свае Курапаты, то трэба гэта данесці да грамадскасці. Першае ўскладанне кветак на Кабыляцкай гары арганізаваў Віктар Сцяпанаў ў 1989 годзе. Шэсце суправаджала міліцыя. На месцы ўскладання кветак яны з КДБ ўсё ачапілі. Але нікога не затрымлівалі.
У 1990 годзе ад месца збору да месца пахавання ўжо ішла калона чалавек 40-50. Алесь Сярожкін нёс крыж, які быў усталяваны на тым месцы. Палітыка была усім па барабану, людзі думалі пра сваіх родных, якія там маглі знаходзіцца.
Тэма сталінскіх рэпрэсій дэ-факта сёння забароненая ў Беларусі без якіх-небудзь юрыдычных падстаў: няма ні ўказа, ні дэкрэта, які б забараняў ёю займацца, але чыноўнікі сядзяць і разважаюць, што ж падумаюць там наверсе?
Таму мы вырашылі зноў змясціць артыкул “Крумкачы” на Кабыляцкай гары” для новага пакалення чытачоў.
Юрка Копцік, 1990
Так, не адны курапацкія сосны жалобна шумяць над пакутніцкімі магіламі. Не толькі рзквіем магілёўскіх кар’ераў гучыць над Беларуссю. Есць і ў Оршы свае Курапаты. Ды хіба толькі ў Оршы? Нават па даваенных мерках Орша не належала да буйных гарадоў. На пачатак вайны тут жыло 65 тысяч чалавек.
Лес Кабыляцкай гары, што ўзвышаецца над паўночнай ускраінай Оршы, карыстаецца у мясцовых жыхароў нядобрай славай. Менавіта гэтае месца стала для Оршы тым, чым для Мінска сталі Курапаты. Першая хваля тэрору, узведзенага ў ранг дзяржаўнай палітыкі, пакінула на Кабыляцкіх узгорках свой першы крывавы ўраджай яшчэ ў самым пачатку трыццатых. Менавіта ў трыццатым годзе аршанская раённая газета “Змычка” паведамляла пра выязныя сесіі Вярхоўнага Суда ў Оршы. Абвінавачванні па 69 артыкуле крымінальнага кодэксу – эканамічная контррэвалюцыя, ці, прасцей кажучы, шкодніцтва. Да гэтага прыклаліся пагромы “беларускага нацыянал-дэмакратызму” і разгортванне татальнай калектывізацыі. Наступствы апошняй перакрылі па сваіх памерах першыя дзве разам узятыя. Каго ж раскулачвалі? Паслухаем відавочцаў.
Марыя Карпаўна Ляховіч, жыхарка вёскі Лучыншчына Барздоўскага сельсавета:
— Жылі мы тады на сваім хутары, мелі 11 гектараў зямлі, 2 кані, 2 каровы, ну і сям’я значная — 11 душ. Побач быў хутар Дзям’яна Харкевіча. У яго было 20 гектараў, 2 кані і трымаў ён пяць кароў. Дык ён жыў з гэтых кароў, бо здароўе ў яго было не надта. Каму трэба было на вяселле або хрэсьбіны, бралі заўсёды ў яго тварог ды смятану. Таму і сеяў ён у асноўным канюшыну. Была ў яго і жнейка.
Раз прыйшоў ён да бацькі: можа, твае сыны памогуць скасіць канюшыну, палягла, каб яе, жнейка не бярэ. Браты пайшлі, скасілі. Ён за гэта потым нам бочку агуркоў даў.
I што ты думаеш — раскулачылі! Калі іх забралі, паглядзела я: божа мой, божа, кашуля ў яго жонкі лапленая-пералапленая! Дзе ж тых кулакоў знайшлі?
Соф’я Харытонаўна Кандраценка, жыхарка вёскі Бабінічы Панізоўскага сельсавета:
– У нашай вёсцы тады раскулачылі двух гаспадароў – Шавельчанку Захара і Алесенку Якіма. У Алесенкі было 2 кані і 2 каровы, дык ён і спаў у суткі 3-4 гадзіны, а так усё юшыўся на гаспадарцы. А ў Шавельчанкі жыла дзяўчынка, дачка яго сястры. Тая нарадзіла яе ў дзеўках. Гэта цяпер ніхто не зважае на гэга, а тады — ого! Сястра яго потым замуж выйшла, а дзяўчынку пакінула ў брата. Так яна ў яго і жыла. Дык яму паставілі гэта ў віну, сказалі, што ён трымае ў сябе парабчанку. І раскулачылі. А жа быў бедны з бедных, у іх елі не заўсёды дасыту.
Уладзімір Мікалаевіч Шкураценка, жыхар вёскі Міцькаўшчына Андрэеўшчынскага сельсавета:
– Нарадзіўся я ў вёсцы Солаўе, тут непадалек. Жыў у нас тады такі Каплун Васіль. Было ў яго 3 каровы, кабыла белая і меў ён малатарню, машыну такую. Яе яшчэ бацька яго купіў некалі.
У трыццатым годзе пачалі арганізоўваць калгас. Былі тут у нас да гэтага дзве камуны: у Міцькаўшчыне і ў Чарнякове – адны гультаі сабраліся. Бывала, паедзе хто на базар ці так куды што павязуць, дык яны падпільнуюць ды адбяруць мяшок які збожжа, і так было. Таму асабліва ніхто ў калгас дужа не ішоў. Тады ноччу і забралі Каплуна як кулака, а ў яго не то 6, не то 7 дзяцей было.
І гэтак было паўсюдна. Такія метады калектывізацыі выклікалі натуральны пратэст у сялян, і тут у дзеянне ўступала рэпрэсіўная машына АДПУ. Яна патрабавала новых ахвяр, і іх знаходзілі.
У. Шкураценка:
– У Солаўі царква была. Дзячком быў Мамыка, а папа прозвішча было Розаў. Забралі іх у 32-ім годзе, а царкву скасавалі і крыжы з яе паздымалі.
3 трыццатага года я працаваў у камяніцы — гэта такі кар’ер быў пад Кабыляцкай гарой, здабывалі там пясок ды гравій. Дык у 33-ім годзе адкапалі мы з пяску папа, відаць, не так даўно расстралялі яго тут. Зялёнае паліто на ім было, крыж. Што зрабілі? Укінулі ў вагон разам з пяском. Так і паехаў.
У 35-ым годзе тут жа, у камяніцы, адкапаў расстралянага Фёдар Канстанцінавіч Крузо, жыхар вёскі Пашына Крапівенскага сельсавета. Па яго сведчанні, закапаны ён быў неглыбока, на паўметра.
Факт расстрэлаў у гэтым месцы пад Кабыляцкай гарой у першай палове трыццатых пацвердзіў і жыхар Оршы Віктар Андрэевіч Баско:
– Жылі мы тады на паўночнай ускраіне Оршы, шмат хто з жыхароў трымалі кароў і нават коней. Мы, падлеткі, ганялі жывёлу пасвіць.
Памятаю, аднойчы загналі мы кароў пад Кабыляцкую гару. Там былі ў той час равы такія, парослыя хмызняком. Якраз на гэтым месцы цяпер “чармет” знаходзіцца.
Гляджу я, а зямля там уся пакапаная, як быццам бы шукалі што. Тут раптам з каровамі пачало тварыцца нешта няладнае, яны як звар’яцелі: вочы наліліся крывёй, з пашчаў сліна цячэ, равуць, зямлю капытамІ і рагамі рыюць.
Тут да мяне дайшло, што тут закапаны расстраляныя людзі, ды, відаць, неглыбока, бо каровы і пачулі свежую кроў. Напалалохаўшыся, мы кінуліся выганяць адтуль кароў. І больш на гэтае месца ніколі ўжо не ганялі. Тады я зразумеў, што за страляніна чулася вечарамі з гэтых мясцін.
Не адна Кабыпяцкая гара стала апошнім прытулкам ахвяр генацыду. Лес абапал шашы Орша-Магілёў, адразу за паўднёвай ускраінай горада таксама быў месцам расстрэлаў.
Шмат хто яшчэ думае, што рэпрэсіі пачаліся з 1937 года. Але ж са сведчанняў вымалёўваецца іншая карціна: рэпрэсіі пачаліся з 1930 года і практычна не спыняліся да самай вайны. Цяжка ўспамінаць людзям тое, што не хочацца ўспамінаць, што хацелася б выкрасліць з памяці як цяжкі, пакутлівы сон.
Жыхар вёскі Андрэеўшчына Ігнат Фёдаравіч Мядзвецкі успамінае:
– Тое, што папоў расстрэльвалі пад гарой, я добра помню, аб гэтым тады ўсе гаварылі. Хаця дакладна, у якім годзе гэта было, сказаць не магу. Недзе ў прамежак з трыццатага па трыццаць другі год. Але затое добра помню наступны выпадак.
Было гэта летам 36-га года. Я тады працаваць хадзіў у Оршу на цэментавы завод. К таму часу расстрэльвалі ўжо ў лесе і на Кабыляцкай гары. Але рабілі тое вечарам ці ноччу. А гэта здарылася раніцай, таму мне і запомнілася.
Ідзём мы праз лес на працу, як заўсёды – мы заўжды так хадзілі напрасткі. Раптам гляджу – конная міліцьія, увесь лес ачэплены. Сюды нельга, кажуць, давай у абыход. Дык спознімся ж, кажу, на працу, тады з гэтым строга было. А міліцыянер мне: а вы скажыце там, каб пазванілі куды трэба, там ім пацвердзяць усё пра гэта.
Ладна, ідзём з мальцамі пад вечер дамоў. Вырашылі забегчы паглядзець туды, дзе расстрэльвалі. Гляджу — яма вялікая закапана, а па свежай зямлі насенне лёну раскідана: гэта, значыцца, каб месца гэтае хутчэй пазарастала. Мне выпадак гэты добра заломніўся.
Пётр Ціханавіч Каліноўскі, жыхар вёскі Міцькаўшчына Андрэеўшчынскага сельсавета:
– Нарадзіўся я ў вёсцы Пашына ў 1923 годзе, там і рос. У сярэдзіне трыццатых пачалі расстрэльваць на Кабыляцкай гары, з левага боку ад дарогі на Віцебск. Там якраз пачалі капаць камяні для будоўлі льнокамбіната. Месца парослае хмызняком, зручнае, во ў гэтых ямках іх і расстрэльвалі. Ну, а з іншымі хлапчукамі бегаў туды збіраць стрэляныя гільзы. Гільзы былі доўгія такія, ад вінтовак.
Прывозілі звычайна апоўнаўчы – у дванаццаць, у гадзіну, калі і раней. Чуў і стрэлы, і машыну бачыў, як выязджала. Бачыў, зразумела, і свежьія магілы. Даводзілася бачыць, як зямля на гэтых ямках дыхала, варушылася. А цяпер гэтае месца забудавалі ўсё, МПМК-56 там і яшчэ нешта.
Наўрад ці здагадваюцца нашыя будаўнікі, дарожнікі, транспартнікі ды іншыя, на якім жахлівым месцы ім даводзіцца працаваць. Наўрад ці адчуваюць яны, як стогне ад болю ў іх пад нагамі зямля. I гэта ці не страшней нават за тое, што адбывалася на гэтым месцы паўстагоддзя таму.
Успамінае жыхарка Оршы Ніна Міхайлаўна Сядлецкая:
– Я і да вайны жыла на гэтай жа вуліцы Красіна. Усё добра помню, усё адбывалася на маіх вачах. Забіралі без разбору, і начальнікаў, і простых чыгуначнікаў, і стаханаўцаў, і нічым не вызначаўшыхся, грэблі ўсіх без разбору.
Некалькі разоў была ля турмы на Смаленскай вуліцы. Што там тварылася. Народ стаяў ля варот і дзень і ноч, усё родныя арыштаваных.
Ад станцыі падганялі таварныя вагоны. Да іх з турмы выводзілі арыштаваных. Народ разганялі канваіры з сабакамі. Столькі сабак ніколі ў жыцці не бачыла. У падагнаныя вагоны заганялі арыштаваных, дзверы добра зачынялі і на кожным вагоне на дзвярах пісалі вялікімі літарамі: «ВРАГИ НАРОДА». Вагоны гэтыя тут жа адпраўлялі.
На станцыях да гэтых вагонаў людзі нават блізка не падыходзілі, ніхто не мог даць гэтым няшчасным людзям кавалак хлеба ці глыток вады. Мо таму шмат хто з асуджаных нават не даязджаў да месцаў пазбаўлення волі. Іх невядомымі магіламі адзначаны ўсе маршруты ГУЛАГа.
У Оршы другой паловы трыццатых часам пусцелі цэлыя вуліцы пасля чарговай хвалі абвастрэння класавай барацьбы. Адладжаная машына АДПУ, пазней пераўтвораная ў НКУС, працавала без збояў, перамолваючы нават вінцікі ўласнага механізму, якія па нейкіх прычынах перашкаджалі яму.
Гаўрыла Сямёнавіч Кухарэнка, жыхар вёскі Андрэеўшчына:
– Ведаў я да вайны аднаго хпопца, звалі яго Мікалай Акулаў. Ён служыў у Ленінградзе, а недзе ў сярэдзіне трыццатых яго перавялі ў ДПУ ў Воршу. Быў ён тут шафёрам на гэтых машьінах, што вазілі людзей на расстрэл.
Ен колькі разоў распавядаў, як возіць людзей па начах на Кабыляцкую гару, і як там іх забіваюць, дык іншы раз аж плакаў. Казаў, людзі плачуць, равуць, што звяры, у машыне, калі іх вязеш. Не магу больш, кажа. Стаў прасіць, каб перавялі яго на іншую машыну. А, кажуць там, дык ты іх шкадуеш! Праз які час даведаўся, што і яго расстралялі.
Сведкай трагічных падзей у невялікім ляску абапал шашы Орша—Магілёў на паўднёвай ускраіне горада стаў і жыхар Оршы Георгій Харытонавіч Пішчалаў:
– Я тады жыў у вёсцы Бабінічы. Магу засведчыць, што ў лесе, які пачынаецца за цяперашнім лясгасам, ужо ў 1930 годзе пачалі расстрэльваць людзей. Расстрэльвалі па абодва бакі ад дарогі. У гэтым месцы тады былі спецыяльна зроблены тры з’езды, каб машыне было адразу з магістралі завярнуць у лес.
Па правым баку (калі ехаць з Оршы) расстрэльвалі святароў і, як іх тады звалі, кулакоў, Гэта, бачна, былі ўсё мясцовыя, аршанскія людзі, бо сваякі ўсё ж нейкім чынам даведваліся, дзе ляжаць іх родныя, і ставілі на магілы свечкі. А па левы бок свечак не было. Там былі брацкія магілы людзей, у якіх сваякоў блізка не было, чужых, прывезеных аднекуль з іншых мясцін.
I па левы бок, і па правы магілы пачыналіся недалёка ад шашы, метраў за сорак, іншыя эа сто. Памеры магіл розныя, у сярэднім метры 4 на 2. Побач вёска Паддубцы, дык там ледзь не кожны вечар а 23-й гадзіне з лесу чуліся стрэлы.
Летам трыццаць першага быў такі выпадак: ішоў гэты «чорны крумкач», везлі некага ка расстрэл. А трэба сказаць, што машына ў тыя часы была рэдкасцю на вёсцы, і кожная звяртала на сябе ўвагу, асабліва дзяцей. I хлапчукі падчапіліся на заднюю падножку гэтай машыны, пакатацца ўздумалі. Як яны ўскоквалі, дык іх не заўважылі, а калі машына пачала зварочваць у лес і хлапчукі саскочылі з падножкі, іх заўважылі і адкрылі страляніну па іх. Думалі, мусіць, што прысуджаныя ўцякаюць.
А пасля магілы былі па ўсім гэтым лесе, дзе былі праезды для машын. Рабілі іх без усялякай сістэмьі: то ў сярэдзіне, то ў пачатку, то на краі. Расстрэлы доўжыліся круглы год, нават зімой. Каля свежых магіл на ствалах дрэў, на лісці часта можна было ўбачыць распырсканую кроў і мазгі – стралялі, відаць, толькі ў галаву. Ямкі закопваліся абы-як, часам з зямлі тырчалі ногі ці рукі, над якімі віліся мухі. Цяжкае відовішча, проста немагчыма было глядзець на гэта. Я нават прыходзіў з рыдлёўкай і прысыпаў усё гэтае вар’яцтва зямлёй.
Аднойчы я нават стаў нявольным сведкай аднаго арышту. Гэта якраз было вясной трыццаць сёмага года, на вялікдзень. Быў я тады яшчэ малады малец і, як усе хадзіў на танцы ў саўгас “Бабінічы”. Аднаго разу ішлі мы адтуль у 5 гадзін раніцы.
Раптам насустрач легкавая машына. У машыне трое ў чорнай форме. Легкавушка спынілася ля мяне, адзін, высунуўшыся, пытаецца:
– Дзе дырэктар саўгаса Бабашынскі жыве, ведаеш?
– Ведаю, – кажу.
– Садзіся, паедзеш з намі, пакажаш.
Пад’ехалі мы да дому, зайшлі. I тут я стаў сведкай сустрэчы двух старых баявых сяброў. Аказалася, што Бабашынскі і старшы з легкавушкі ваявалі разам пад Кахоўкай. Пачаліся ўспаміны.
Але хутка прагучала непазбежнае пытанне, і тут характар размовы рэзка змяніўся.
– Сядай – загадалі дырэктару. Яго пасадзілі на табурэтку пасярод хатьі і пачалі вобыск. Я даведаўся, што Бабашынскі быў афіцэрам царскай арміі, які перайшоў на бок рэвалюцыі. Бачыў канфіскаваныя бінокль і імянную шашку, якія ўручаў Бабашынскаму ў Першай коннай Будзённы.
Затым усе селі ў машыну, а мне на развітанне сказалі:
– Калі даведаемся, што камусьці пра тое, што бачыў і чуў, нешта сказаў – 10 год без суда і следства. Бабашынскага пасля гэтага ўжо ніхто не бачыў больш, а праз месяц-два ў горадзе арыштавалі і яго жонку.
Яшчэ адно сведчанне, якое датычыць гэтага месца – лесу ля вёскі Паддубцы. Гаворыць згаданая ўжо мною С. Кандраценка:
– Вясной трыццаць сёмага года ішла я са сваячаніцай Марфай Пішчалавай у Воршу на базар. Выйшлі раненька з Бабініч, яшчэ цёмна было. Калі падыходзілі да горада, світала ўжо. Раптам бачым – сядзіць проста на дарозе чалавек. Падышлі да яго. Малады, у бялізне, увесь у зямлі і плача, дапамогі просіць. Плячо ў яго было прастрэлена. Вылез, бедалага, з ямкі, дзе яго закапалі разам з іншымі расстралянымі.
Ну, дапамаглі мы яму, чым змаглі, есці далі. Пайшлі далей мы, адышлі трошкі, а насустрач машына гэтая. Глядзім – падышла яна да яго, з машыны выйшлі, пасадзілі яго ў машыну, і машына гэтая пайшла назад, у горад. Знаць, нехта ўжо паведаміў
Пра лес гэты я ўжо ведала, яшчэ вясной трыццаць пятага года быў такі выпадак.
Хадзілі мы з дваюраднай сястрой Ганнай Васкрасенскай у Воршу. Каб раней трапіць у горад, выйшлі ў 2 гадзіны ночы. Непадалёк ад горада сустрэлі машыну, «крумкач» з двума ліхтарамі на будцы. Яна ішла насустрач і непадалек ад нас звярнула ў лес на левы бок.
Мы гэтае месца запомнілі. Недзе праз тыдзень ішлі з Аняй з горада. Пайшлі, кажу, зойдзем, паглядзім, куды машына з’язджала – там яшчэ з’езд з шашы добры быў.
Зайшлі мьі ў лес. Бачым – сядзіць дзяўчынка маленькая, магілка свежая, сядзіць ля яе бабка старая. На магілцы стаіць стограмовая пляшачка гарэлкі, каша ячная ў місачцы – канун называецца. Павіталіся мы. Бабка кажа:
– Садзіцеся, памяніце нябожчыка.
– А хто тут пахаваны? — пытаемся.
– Мой сыночак, дзетухны, – кажа старая, – святаром ён быў, расстралялі яго тут. А гэта мая унучка, – показала яна на дзяўчынку.
Паглядзела я, а там не адна гэтая магілка. Навокал усюды зямля была ўскапаная. Іншыя магілы нават добра не закапаны, зямля на іх правалілася.
Бабка гэта незнаёмая была, хаця нашага святара з Бабініч таксама недзе ў гэты час забралі, Валюжынец яго прозвішча было. 3 царквы тады ж крыжы паздымалі, іконы пабілі і павыкідвалі. Некалькі бабы ўратавалі, забралі дамоў, а кнігі з царквы ўсе парвалі. Яны яшчэ доўга потым размяклыя пад дажджом ляжалі, пакуль дзеці не парасцягвалі іх. А царкву неўзабаве разабралі і школу ў Панізоў’і’ з яе пабудавалі.
Асобнай ўвагі заслугоўвае тое, якім чынам рыхтавалася глеба для даносчыкаў, гадаваліся паўлікі марозавы, паслугамі якіх так ахвотна карысталіся кампетэнтныя органы, намаганнямі якіх у карагод смерці траплялі новыя сотні ахвяр. Для мяне нечаканым адкрыццём стала тое, што грамадскую думку ў гэтым кірунку самым актыўным чынам фарміраваў мясцовы друк, прычым не так рэспубліканскі, колькі абласны і раённы. Яшчэ ў кастрычніку 1925 года аршанская акруговая газета «Камуністычны шлях» апублікавала невялічкую нататку «Укрыватели» (на рускай мове), якая па сутнасці з’яўляецца прымітыўным даносам. Падпісана яна не менш сімвалічна – “селькор № 3105”. У далейшым «нумарныя» карэспандэнты сталі на старонках газеты звычайнай з’явай. А крыху пазней, калі жыццё чалавека стала каштаваць роўна столькі, колькі каштаваў аркуш паперы, на якім пісаўся данос, шмат якія рабселькоры з нумарам станавіліся сакрэтнымі супрацоўнікамі карнай машыны.
Спачатку гэтыя нататкі насілі характар крытычнага сігналу і мала чым адрозніваліся ад іншага крытычнага матэрыялу на старонцы. Але паступова тон іх станавіўся ўсё больш нецярпімы, з лёгкасцю перасякалася мяжа прыстойнасці, у іх усё часцей сустракаліся такія словы, як «класавы вораг», «абяззброіць», «выкрыць», «ізаляваць», «ачысціць», і да таго падобныя. Аўтары як быццам спаборнічалі між сабою ў рэзкасці і непрымірымасці да «выкрываемых» імі замаскіраваных ворагаў і сваёй рэвалюцыйнай пільнасці. А ў масавую свядомасць паступова ўкаранялася натуральнасць такога ладу жыцця. Чытаючы гэтыя нататкі і артыкулы, кожны савецкі чалавек мусіў усвядоміць. што і яму не толькі трэба, але і належыць рабіць гэтак жа ў адпаведных выпадках.
I трэба сказаць, што такая апрацоўка не праходзіла бясследна. Чалавек губляўся ў нелагічнасці арыштаў і не ведаў, хто будзе наступны, ён паступова даходзіў да такога стану, што садзіўся і пісаў данос на суседа, мяркуючы такім чынам застрахавацца ад даносу на сябе. Напрыклад, давялося пачуць аповяд, як супрацоўнік аршанскай міліцыі (прозвішчы па зразумелых прычынах я апускаю) заявіў на свайго суседа, з якім быў у дрэнных адносінах. Прычына: апярэдзіць суседа, каб самому не трапіць пад яго «заяву».
Ды цалкам безсістэмнымі арышты назваць нельга: забіралі ў першую чаргу тых, у каго нешта было ў мінулым, на каго меўся нейкі кампрамат. Ім магла стаць любая, на цяперашні погляд, нязначная рэч: дэталь біяграфіі, сваяцкая сувязь, сацыяльнае паходжанне.
Здаралася, родныя арыштаванага, маючы падазрэнне на пэўнага чалавека ў даносе, плацілі той жа манетай. Іншы раз гэта выклікала ланцуговую рэакцыю арыштаў і даводзіла амаль да поўнага вынішчэння «варожых кланаў». Але такія выпадкі былі рэдкія. Людзі ўсведамлялі недарэчнасць і жахлівасць таго, што адбывалася. Ды вось аматары даносаў былі. Адзін з такіх аматараў пэўны час працаваў разам з маёй маці — да вайны ён жыў у Віцебскім раёне. Аднаго разу ён прызнаўся, што па яго даносах забралі 17 чалавек. Ніводны з іх не вярнуўся.
Як ні дзіка гэта гучыць, але даводзілася чуць і такія тлумачэнні масавага знішчэння народа: Сталін рыхтаваўся да вайны. З расстраляных 20—30 чалавек хоць адзін ды быў сапраўдны вораг, і тым самым рэпрэсіі можна калі не апраўдаць, дык хоць неяк растлумачыць. Але вось сведчанні відавочцаў аб пачатку вайны.
У першыя ж дні вайны адбыўся вялікі налёт нямецкай авіяцыі на горад і чыгуначны вузел Оршы. У час налёту ў небе было аж светла ад ракет. Аб супрацьпаветранай абароне тады яшчэ і гаворкі не магло быць. Ракеты запускалі сапраўдныя шпіёны і дыверсанты фашысцкай разведкі, каб наводзіць самалёты на цэлі. Прамым пападаннем бомбаў быў знішчаны тады стратэгічны вайсковы вузел сувязі ў раёне станцыі Орша-Цэнтральная, будынак ваенкамата ў цэнтры горада, застрэлены ў пад’ездах сваіх дамоў ваенны камісар горада і іншыя афіцэры ваенкамата.
Каго ж столькі гад забівалі на Кабыляцкай гары? Адказ можа быць толькі адзін: структуры АДПУ (НКУС) аказаліся малаэфектыўнымі ў барацьбе з іншаземнымі выведкамі, іх дзейнасць была скіравана зусім у іншы бок.
Забіралі звычайна ноччу. Расказвае ўспомнены ўжо жыхар вёскі Міцькаўшчына У. Шкураценка:
— Ноччу 26 снежня 1937 года ў хату зайшлі трое ў вайсковай форме. Нічога не тлумачачы, эагадалі бацьку збірацца і пачалі вобыск. Знайшлі схаваныя бацькавы зберажэнні, 250 рублёў – забралі. Вялікія грошы па тых часах, карова 50 рублёў каштавала. Забралі таксама ўсе фотакарткі, так што аб бацьку нічога і не засталося, унукі нават і не ведаюць, як дзед выглядае.
Маці раніцай пайшла ў гэтае ГПУ даведацца, за што мужыка забралі, а ёй там і кажуць: нікога нідзе гэтай ноччу яны не забіралі, так што ідзі, цётка.
Роўна праз 52 гады Уладзімір Мікалаевіч Шкураценка атрымаў даведку з абласной пракуратуры аб рэабілітацыі бацькі. 3 яе вынікае, што расстраляны быў 30 снежня (27 студзеня 1938 – ІС.), праз 4 дні пасля арышту. Ні канфіскаваных фотаздымкаў, ні грошай не вярнулі.
Забіралі і днём. Успамінае жыхар вёскі Пашына Крапівенскага сельсавета Фёдар Канстанцінавіч Крузо:
— Добра помню, як у трыццаць сёмым забіралі Івана Іванавіча Слуцкага. Прыехалі днём на машыне, у форме, маладыя такія. Жонка яго стала плакаць: куды вы яго цягнеце, ён жа стары ўжо, хутка сам памрэ. А яны смяюцца – папрасіў падвезці да горада, кажуць. Як павезлі, дык да сёння няма.
А во другога пашынца, Паруса Мартына Іванавіча, у трыццаць восьмым забралі з працы проста. Ён тады ў кар’еры працаваў, пясок яны грузілі. Ды ў нас яшчэ што, вось ў Шуйгайлаве аж чацвярык тады забралі. Трымаю ў руках дакумент аб рэабілітацыі, які перадаў мне сын загінуўшага – Васіль Мартынавіч Парус. Вось што ўяўляе з сябе гэта папера.
“Прокуратура Витебской области.
Справка 13.12.89 № 13/4293-89 о реабилитации.
Парус Мартын Иванович, 1983 года рождения, репрессированный по решению внесудебного органа от 15.06.38, на основании статьи 1 Указа Президиума Верховного Совета СССР от 16 января 1989 года «О дополнительных мерах по восстановлению справедливости в отношении жертв репрессий, имевших место в период 30-40-х и начала 50-х годов», реабилитирован.
Парус Мартын Иванович до ареста 12.04.38 проживал в д.Пашино Оршанского района Витебской области и был рабочим Оршанского камнедробильного завода.
Прокурор области государственный советник юстиции 3 класса Г.А.Молодцов.
– Пайшоў я з гэтай паперай да юрыстаў, – гаворыць Васіль Мартынавіч, – што мне з ёй рабіць, пытаю. А мне і гавораць: звяртайся, маўляў, да адміністрацыі таго прадпрыемства, дзе ён працаваў да арышту, яны вам абавязаны выплаціць кампенсацыю. А куды мне звяртацца цяпер, калі гэты камнедрабільны завод ужо з паўсотні гадоў як не існуе?
Ёсць некалькі сведчанняў, якія дапамагаюць уявіць, як гэта рабілася. Гаворыць Г. Пішчалаў:
– У пачатку шасцідзесятых гадоў я працаваў на будаўніцтве, дзе пазнаёміўся з Ціханам Цітавічам Казімірскім. Неяк у размове высветлілася, што ў трыццатыя гады ён працаваў у цэнтральнай турме забеспячэнцам. Ён пацвердзіў, што быў такі выпадак на магілёўскай шашы, калі з магілы вылез расстраляны чалавек. Ён казаў, што яго не сталі расстрэліваць яшчэ, а некуды адправілі. Але я так думаю, што адправілі яго не далей Кабыляцкае гары. Казімірскі паведаў яшчэ пра тое, што часам асуджаных расстрэльвалі проста ў турме, у падвалах, затым трупы кідалі ў машыны і вывозілі. Па яго словах, турма абслугоўвала ўсю тагачасную Аршанскую акругу. На жаль, Казімірскага няма ўжо ў жывых.
Жыхарка Оршы Акуліна Міхайлаўна Сіўцова распавяла проста надзвычайны выпадак, які адбыўся ля станцыі Орша-Паўночная, на беразе невялікай балоціны:
– Сама я гэтага не бачыла, сведкай была мая знаёмая, былая манашка жаночага Успенскага Куцеінскага манастыра Агаф’я, з яе слоў я і пераказваю. Тады манастыр гэты быў ужо зачынены, манашак павыганялі адтуль. І Агаф’я жыла ў нашым раёне Гразілаўка (тады называлася Гразіўка).
На станцыю Паўночная прыгналі таварны цягнік з людзьмі. Ноччу іх выпусцілі з вагонаў, пастроілі і падагналі да берага балоціны побач са станцыяй. На беразе балоціны ўвесь гэты натоўп расстралялі з куляметаў. Тут жа іх і закапалі.
На наступную ноч Агаф’я зхадзіла на гэтае страшнае месца і нават раскапала на адной ямцы зямлю. Людзі, якіх яна адкапала, былі ў чорных расах, святары або манахі нейкія.
3 таго часу я, Агаф’я і яшчэ дзве жанчыны кожны год на вялікдзень хадзілі туды, адпявалі паніхіду і клалі яйкі на магілы. Агаф’я памерла гады тры таму, пражыўшы 105 гадоў. Памерлі і астатнія мае таваркі, цяпер адна я пра гэга і ведаю.
У 1989 годзе на гэтым месцы паставілі абраз.
Куцеінскі Успенскі манастыр быў скасаваны ў сярэдзіне дваццатых гадоў, але манашкі працягвалі жыць пры дзіцячым прытулку, створаным у былым манастыры, і толькі ў сярэдзіне трыццатых іх выгналі адтуль канчаткова. Значыцца прыгаданая падзея адбылася ў другой палове трыццатых гадоў, у разгар рэпрэсій. Зараз на тым месцы вуліца прыватнай забудовы. І ці здагадваліся жыхары 4-га Першамайскага завулка, што за косці трапляліся ім часам на прысядзібных участках?
Гаворыць жыхар вёскі Андрэеўшчына, ляснік Валянцін Міхайлавіч Паўлоўскі:
— 3 пачатку шасцідзесятых у нашым Дняпроўскім лясніцтве пачаў працаваць ляснічым Іван Сямёнавіч Барысенка. Аднаго разу, абыходзячы лес каля Андрэеўшчыны, ён пачаў мне паказваць месцы, дзе расстрэльвалі людзей у трыццатыя гады і да самага пачатку вайны. Ну, а неяк за чаркай расказаў мне, што ў сярэдзіне пяцідзесятых ён, які быў тады ў чыне маёра КДБ, у ліку іншых супрацоўнікаў, звязаных з рэпрэсіямі перыяду культу асобы, быў звольнены з органаў. Якім жа чынам, пытаю, ты быў звязаны? А ён і кажа, што да вайны тут, у Оршы, вазіў расстрэльваць людзей. У яго распараджэнні быў «чорны крумкач» і шафёр. Прыходзіў ён ноччу, браў два пісталеты, насыпаў кішэню патронаў. Машыну падганялі да дзвярэй Саборнага храма і загружалі ў будку 6 чалавек (Саборны храм — былы касцёл трынітарыяў, помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. 3-за перагружанасці цэнтральнай турмы з 1937 года ў Саборным храме пачалі ўтрымліваць арыштаваных. Знаходзіўся на вуліцы Камсамольскай, знесены ў 1958—61 гг. па распараджэнні гарадскіх улад. — Ю. К.).
Унутры будка «чорнага крумкача» была падзелена на 6 асобных аддзяленняў, у кожым памяшчаўся адзін чалавек. Такім чынам, за адзін рэйс забіралі 6 чалавек. У Барысенкі была норма — за ноч зрабіць два рэйсы, гэта значыць, расстраляць 12 чалавек. Загад адзін: жывым нікога не прывозіць.
Прыязджалі мы, расказваў Барысенка, у лес на Кабыляцкай гары, машыну ставілі так, каб фары высвечвалі выкапаную яму. Выводзілі па адным. На кожнага ішло 2-3 патроны. Звычайна я страляў у патыліцу і, калі чалавек валіўся, рабіў яшчэ адзін стрэл у скроню. Першага выводзілі лёгка: сам ішоў. А з астатнімі было цяжэй. Пачуўшы стрэлы і ўсё зразумеўшы, яны пачыналі крычаць, адбівацца і ўсяляк супраціўляцца, не жадаючы выходзіць з машыны. На гэты вьіпадак у нас была прызапашана доўгая такая жалезіна з крукам на канцы, нешта накшталт багра. Вось гэтым крукам выцягвалі чарговую ахвяру з машыны і забівалі. Іншы раз, гаварыў ён, трапляліся асабліва дужыя і ўпартыя, тады прыходзілася прыстрэльваць проста ў машыне. Барысенка яшчэ казаў, што пасля гэтага адчуваў сябе нармальна, а шафёр яго дужа перажываў, есці не мог.
Такім чынам, у начную Барысенка адпрацаваў каля года, а затым быў пераведзены на іншую пасаду. Гаварыць аб гэтым ён не любіў, і калі гаварыў, то толькі за чаркай. Памёр ён у 1973 годзе.
Даставернасць перададзенай Паўлоўскім інфармацыі не выклікае сумненняў. Амаль усе ўказаныя месцы расстрэлаў знайшлі тое ці іншае пацверджанне. Адно з іх – лагчына ля турыстычнага палатачнага гарадка. Высветлілася, што ў мясцовых старажылаў гэтая лагчына мае надзвычай рэдкую для лясных мясцін назву – Стрэльбішча. Другое нечакана знайшло сваё дакументальнае пацверджанне. Лепш за ўсё іншае гэты дакумент скажа сам за сябе.
Праўда, трэба сказаць, што ў паўднёва-заходняй частцы лесу ёсць і брацкая магіла, дзе пахаваны ўдзельнікі партыйна-патрыятычнага падполля, расстраляным немцамі ў час акупацыі. Тут 7-8 лістапада 1942 года адбыліся масавыя расстрэлы вязняў аршанскай турмы СД. Гэта засведчыла ўжо знаёмая нам А Сіўцова, удзельніца партызанскага руху на Аршаншчыне, сувязная атрада «Знішчальнік» першай Заслонаўскай брыгады. Восенню сорак другога яна была арыштавана і толькі цудам не была расстраляна разам з астатнімі вязнямі турмы. Пра гэтую магілу добра ведаў летапісец і даследчык аршанскага падполля Я. Крашаніннікаў. Што перашкодзіла ўшанаваць гэтае месца гібелі падпольшччыкаў? Тлумачэнне тут можа быць толькі адно: суседства гэтае магілы з магіламі ахвяр ГУЛАГа, на адно згадванне якога накладзена строгае табу.
Хацелася б сказаць яшчэ вось аб чым. Размаўляючы са сведкамі тых далёкіх ужо падзей, колькі разоў даводзілася бачыць, як у немаладых, пажыўшых і пабачыўшых шмат чаго людзей пры адным слове «Кабыляцкая гара», «расстрэлы» бялеюць твары і шклянеюнь вочы. Многія наогул адмаўляліся аб гэтым гаварыць. Страх, непазбыўны, падсвядомы страх жыве ў тых, хто хоць аднойчы сутыкнуўся з гэтым, убачыў і перажыў. I гэты страх, гэтае рэха Кабыляцкай гары будзе жыць у людзях да скону. Адзін васьмідзесяцігадовы селянін так проста і сказаў:
– Ты, хлопец, там дзе-небудзь нешта напішаш, а нам потым капец.
Людзі не вераць, што ўсё гэтае канула ў нябыт, што ўсё прайшло беззваротна і заўтра зноў не паўторыцца. Рэха Кабыляцкай гары я бачу ў пасіўнасці людзей, іх нявер’і ў тое, што хоць нешта можна змяніць да лепшага. Курапацкі сіндром паразіў увесь наш народ, і складанасць нашага сённяшняга стану – яскравае гэтаму пацверджанне.
Бурныя падзеі апошняга часу зацянілі тэму сталіншчыны. Аднак карані сённяшняй грамадска-палітычнай сітуацыі ў рэспубліцы менавіта там, у трыццатых. Народ маўчыць. Нельга ж лічыць якіх-небудзь 50—70 тысяч на стадыёне сапраўдным голасам народа, давайце цвяроза глядзець на рэчы. I нельга сказаць, што людзі нічога не бачаць, не разумеюць.
Першы камуніст раёна рвецца да дэпутацкага мандата, парушаючы ўсе пісаныя і няпісаныя законы. Людзі бачаць гэта і маўчаць. А калі і звяртаюцца куды, дык не ў раённую і нават не ў цэнтральную выбарчую камісію, не, а да арэхаўскага святара Віктара Радамысльскага, спадзеючыся толькі на яго. Ці не чуецца тут рэха Кабыляцкай гары?
Да таго часу, пакуль пра злачынствы той пары не будзе сказана ўсё, да таго часу, пакуль архівы КДБ паўвяковай даўнасці будуць за сям’ю замкамі, пакуль не будуць названы ўсе імёны і лічбы ахвяр сталінскага фашызму, да той пары будзе існаваць небяспека паўтарэння гэтага.
А складваецца ўражанне, што праўды пра Кабыляцкую гару ўпарта не жадаюць ведаць. Створаная пры Аршанскім гарвыканкоме камісія па рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій абмяжоўваецца паўмерамі. Але нават пры гэтым, абапіраючыся на ўказаны акт 1982 года, яна робіць запыт у абласную пракуратуру з просьбай перадаць у яе распараджэнне матэрыялы аб рэпрэсіях у Оршы. І, як восем год назад, атрымлівае адпіску, дзе паведамляецца, што пракуратура такіх матэрыялаў не мае. Тая самая пракуратура, якая выдае дакументы аб рэабілітацыі рэпрэсіраваных. Дзіўна.
У канцы кастрычніка мінулага года моладзь горада, сваякі рэпрэсіраваных прыйшлі на Кабыляцкую гару, каб ускласці кветкі на месцы расстрэлаў, ушанаваць памяць загінуўшых.
I што яны ўбачылі? Узмоцненыя нарады міліцыі з машынамі. Некаму спатрэбілася ствараць штучнае напружанне, канфрантацыю, запалохаць людзей. Каму?
У апошні час у савецкія органы горада звяртаюцца жыхары Прыбалтыкі. У даведках аб рэабілітацыі іх родных указваецца месца расстрэлу – Орша. Яны прыязджаюць у горад з надзеяй пакланіцца праху бацькоў, узяць зямлю з іх магілы. Што ім могуць паказаць? Нават астанкі тых, каго знайшлі ў 1982 годзе, не перазахаваны. а перазакапаны, і месца гэтае зараз знайсці не так проста. Не можа быць поўнай рэабілітацыі загінуўшых да той пары, пакуль не вызначаны ўсе месцы іх пахаванняў. Не можа быць рэабілітацыі, пакуль косці гэтых няшчасных выварочваюць экскаватары і бульдозеры. І ў літаральным сэнсе слова на касцях будуюцца дамы і цэхі. Калі мы – людзі, то такога быць не павінна. Зрэшты, відавочна, што неабходна стварыць кампетэнтную камісію па вызначэнні месц расстрэлаў і пахаванняў ахвяр фашызму ўсіх кшталтаў, стварэнні там помнікаў і памятных знакаў. А, магчыма, і па ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту масавых забойстваў. Падставы для гэтага ёсць.